19:00 01.11.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Уладзімір Някляеў: я зраблю ўсё, каб у Беларусі запанавала праўда
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў распавёў інтэрнэт-газеце Naviny.by, на чым базуецца крэатыў яго каманды, якімі павінны быць прынцыпы вылучэння адзінага кандыдата, а таксама — пра розніцу паміж паэтам і прэзідэнтам.
— Уладзімір Пракопавіч, Вы сабралі больш за 200 тысяч подпісаў. Ці чакалі, што атрымаеце падтрымку такой колькасці грамадзян?
— У нас гэта атрымалася, дзякуючы добра арганізаванай працы каманды. Бо людзі сапраўды працуюць, а не займаюцца толькі дэманстрацыяй працы.
— А што, іншыя прэтэндэнты займаюцца дэманстрацыяй працы, а не працай?
— Не ўсе прэтэндэнты, якія адрапартавалі, што сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў, рэальна іх сабралі.
— То бок, Вы не асабліва радасна глядзіце на такую вялікую колькасць падпісантаў у іншых прэтэндэнтаў?
— З аднаго боку, гэта можа быць станоўчым паказальнікам, бо дэманструе, што грамадства больш актыўна ўдзельнічае ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі. А з іншага боку, падаецца, што апазіцыя падалася на манок Лукашэнкі, які дэклараваў дапамогу апазіцыі ў зборы подпісаў. У выніку мы бачым, што маргінальная ўлада ўсё ж дамаглася некаторых поспехаў у стварэнні маргінальнай апазіцыі. Ці, калі заўгодна, той апазіцыі, якую называе яна канструктыўнай.
— Што ўсё ж прывяло паэта на прэзідэнцкія выбары?
— Я ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях 2001 і 2006 гадоў. І прыйшоў да высновы, што апазіцыя вырашыць праблему палітычна-эканамічнай сітуацыі Беларусі не ў стане. Па-першае, яна страціла аўтарытэт праз татальную прапаганду, па-другое, яна не мела сур’ёзных перамог з 90-х гадоў. Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя незалежнымі экспертамі напрыканцы мінулага і напачатку гэтага года, пераканалі мяне: тое, пра што я меркаваў, гэта факт, а не мая прыдумка. І тады паўстала пытанне: што ж рабіць? Можа, чакаць, пакуль яно ўсё — я маю на ўвазе цяперашні палітычны рэжым — само па сабе скончыцца? Але, прыкінуўшы, колькі часу гэта зойме, я зразумеў, што магу і не дачакацца. Таму вырашыў паспрабаваць паскорыць працэс, прыцягнуўшы на свой бок тую частку насельніцтва, якая не з’яўляецца ні электаратам Лукашэнкі, ні электаратам апазіцыі. Праз сацыяльныя акцыі мы сталі працаваць з пасіўнай часткай грамадства, якая на выбарах заўсёды вызначалася толькі ў апошні дзень, альбо наогул не хадзіла на выбары.
— Як адрэагавала ваша сям’я, калі даведалася пра намер удзельнічаць у выбарах?
— Спачатку вельмі негатыўна. У першую чаргу праз небяспеку, якая ва ўяўленні родных людзей нават больш за рэальную. І для гэтага ёсць падставы: зніклыя, загінулыя людзі, а таксама пэўныя дзеянні ўлады ў дачыненні тых, хто, па яе меркаванні, з’яўляецца ворагам. Але паколькі я за свае жыццё ўсё ж навучыўся людзей угаворваць, растлумачыў родным, што гэта трэба рабіць — інакш нельга. Сёння я дасягнуў кансенсусу на гэты конт і з жонкай, і з дзецьмі.
— Напэўна, чулі, што пра Вас кажуць: маўляў, добры паэт, але ў прэзідэнцтве гэта не дапаможа...
— А што дапаможа ў прэзідэнцтве?.. Якая папярэдняя прафесія? Кэгэбіста? Дырэктара саўгаса?.. Я перавучваўся з паэта на палітыка на хаду, на колах. Было няпроста, але, калі мяркаваць па першых выніках — паспяхова праведзенай прадвыбарнай кампаніі — гэта ўдалося зрабіць. Хоць бы з большага. Што будзе далей? Усе мае канкрэтныя дзеянні сведчаць, што я маю намер змагацца за інтарэсы Беларусі. Толькі за гэта. І я зраблю ўсё, каб у ёй знікла мана, якая стала дзяржаўнай ідэалогіяй, і запанавала праўда.
Кампанія «Гавары праўду!», з якой прыйшоў я ў палітыку, не эпізадычная, не выпадковая з’ява. Яна не знікне і пасля нашай перамогі, бо па сутнасці гэта — стратэгія дзеянняў. Фармальна яна можа змяніцца (скажам, стаць Беларускай народнай партыяй, фракцыяй у парламенце), але сутнасць застанецца нязменнай. Жыві па праўдзе — і табе дапамогуць і людзі, і Бог.
— Сярод людзей існуе меркаванне, што не патрэбныя гэтыя выбары, бо вынікі ўсё роўна загадзя вядомыя...
— Вынікі не вядомыя. І людзям трэба даводзіць праўду: Лукашэнку падтрымлівае далёка не дзве траціны насельніцтва, што ён вызначыў сам для сябе і пра што будзёра рапартуе афіцыйная прапаганда. Сёння на ягоным баку каля 35%. Гэта па рэгіёнах. А ў Мінску яго падтрымлівае ўсяго 21% выбаршчыкаў. Таму й адміністрацыйны ціск пачаўся, каб ягоная ініцыятыўная група набрала як мага болей подпісаў. Паўсюль збіралі. На працы, у забароненых для гэтага месцах. Навошта ж так завіхацца, калі ўсё ў парадку? Бо ў парадку далёка не ўсё. Нават візуальна відаць: кампанія Лукашэнкі пачынаецца правальна, да ягоных пікетаў амаль ніхто не падыходзіў. І калі пад ціскам за яго збяруць мільён подпісаў, дык у апазіцыйных кандыдатаў таксама мільён. Прычым, без ніякага ціску. Выходзіць, у лепшым для Лукашэнкі выпадку, тое на тое… Дык скуль жа возьмуцца 75% для чарговай «элегантнай» перамогі?
— Значыць, вы яшчэ не страцілі веру у магчымасць сапраўдных выбараў?
— Для гэтага трэба працаваць. Зараз я займаюся тым, што распаўсюджваю па краіне празрыстыя скрыні для галасавання. Дэманструю тым самым, што найперш за ўсё нам неабходныя свабодныя і справядлівыя выбары. І справа не толькі ў тым, што апазіцыя такім чынам можа перамагчы. Гэта закід наперад — калі будуць такія выбары, то будзе прызнанне Беларусі як краіны, якая можа справіцца з тымі ўмовамі, якія ёй ставіць Еўразвяз і ўся дэмакратычная супольнасць. Калі фальсіфікацыямі пераможа Лукашэнка, і выбары будуць непрызнаныя ні Еўразвязам, ні Расіяй, нас чакаюць вялікія выпрабаванні, якіх Беларусь яшчэ не ведала. Вось тады можа ўзнікнуць Плошча. І зусім не апазіцыя будзе ў тым вінаватая, у чым ужо цяпер, загадзя, спрабуе абвінаваціць яе ўлада. Калі людзі будуць бачыць, ведаць, што выбары прайшлі справядліва, што ў іх не скралі перамогу, чаго ім на плошчу ісці?..
— Ці падтрымліваеце вы ідэю вылучэння адзінага кандыдата?
— Падтрымліваю і буду адтрымліваць, пакуль лічу, што гэта магчыма. Але ўсё больш такая магчымасць набывае тэарэтычны характар. Асабліва шмат пытанняў з’явілася пасля таго, як зняўся Гайдукевіч. Гэта азначае, што ўладай знойдзены іншы тэхнічны кандыдат, а можа, і не адзін. І вось уявіце сабе: якія у такім выпадку могуць могуць быць перамовы пра адзінства?..
— Вы таксама лічыце, што Вы павінны быць адзіным?
— Я не адмаўляю у такім жа праве іншым прэтэндэнтам. Давайце глядзець… Ёсць аб’ектыўныя паказальнікі, зыходзячы з якіх мы павінны абраць кандыдатуру: колькасць каманды, колькасць подпісаў, колькасць праведзеных акцый, сацыялагічны рэйтынг.
— Калі адзінага не будзе, якая стратэгія павінна быць у апазіцыі?
— Трэба ва ўяўленні выбаршчыкаў стварыць гэтага адзінага кандыдата. Нават пры наяўнасці двух-трох сапраўдных апазіцыйных кандыдатаў, усе намаганні трэба будзе кінуць на тое, каб нехта адзін быў у свядомасці людзей тым, хто прадстаўляе іх жыццёвыя інтарэсы.
— Ваша кампанія самая крэатыўная ў параўнанні з кампаніямі іншых прэтэндэнтаў. Напэўна, дастаткова грошаў на яе пайшло...
— Нас з такім імпэтам абвінавачваюць у тым, што мы ў святую апазіцыйную справу ўмяшалі грошы, нібы з нас гэта пачалося. Не з нас… Палітыка — занятак, які толькі ў рамантычны перыяд амаль нічога не каштуе.
У нас розныя крыніцы фінансавання. Найперш — гэта грошы бізнэсоўцаў. Мы іх знайшлі, пераканалі ў апраўданасці рызыкі. Але адна задача — грошы знайсці. Няпростая задача. Ды не прасцейшая — і нават больш важная — скарыстаць грошы менавіта на справу. Не даць іх расцягаць, раскрасці. Мы здолелі вырашыць абедзьве задачы. Адгэтуль эфектыўнасць нашай кампаніі. Канечне, дае эфект крэатыўнасць, энергетыка, з якой мы праводзім кампанію. Але, калі ўсё спрасціць, дык поспех менавіта ў цалкам мэтавым і эфектыўным скарыстанні сродкаў.
— У тэзісах сваёй перадвыбарнай праграмы Вы абяцаеце, што Беларусь пазбавіцца характарыстыкі апошняй дыктатуры Еўропы. Якім жа чынам?
— Перамогай дэмакратыі над дыктатурай, як жа яшчэ?.. Хоць, зразумела, рэформы, якія прыйдзецца праводзіць напачатку прэзідэнцкага тэрміну, могуць запатрабаваць рашэнняў і дзеянняў зусім не паблажлівых. Таму, можа, нехта і закрычыць, што Беларусь займела яшчэ аднаго дыктатара. Але гэта будуць толькі неабходныя захады, каб утрымаць краіну ад эканамічнага калапса і сацыяльнага выбуху.
— А што плануеце зрабіць з прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі?
— Першы пункт палітычнай рэформы — пераход ад прэзідэнцкай рэспублікі да парламенцка-прэзідэнцкай з наданнем ўсё большых паўнамоцтваў парламенту. Каб не было нават тэарэтычнай магчымасці вяртання да дыктатарскага рэжыму.
— Вы самі сабе завеце праеўрапейскім кандыдатам, які нават нарадзіўся ў месцы, дзе была падпісана першая еўрапейская ўнія... У той жа час Вы выступаеце за развіццё адносінаў з Расіяй, праз што многія лічаць вас кандытам прарасійскім…
— Я — прабеларускі кандыдат. І для Беларусі я гатовы супрацоўнічаць і з Захадам, і з Усходам, і з Поўднем, і з Поўначчу. Трэба памятаць, што падчас ВКЛ, самай моцнай еўрапейскай дзяржавы, мы знаходзіліся на скрыжаванні шляхоў з усходу на захад і з поўдня на поўнач. Трэба і сёння выкарыстоўваць усе магчымасці свайго геапалітычнага становішча.
Тое, што мы павінны супрацоўнічаць з Расіяй — безумоўна. Так, наша гісторыя ўтрымлівае не толькі сяброўства, ёсць і крывавыя старонкі. Але згадкі пра тое, хто і колькі крыві праліў — не стымул для развіцця. Мінуўшчына, якой бы легендарнай яна ні была, не ёсць рэальнасць.
А рэальнасць такая: вось Захад — добраўпарадкаваны, чысты, Усход — недагледжаны, у параўнанні з Захадам нават дзікаваты. Але адкуль у нас сродкі на жыццё? З чаго мы на хлеб зарабляем, калі не з Усходу?..
— Вы, як і большасць іншых прэтэндэнтаў, негатыўна ставіцеся да будаўніцтва АЭС у Беларусі?
— Няма ўва мне адназначна негатыўнага стаўлення. Я лічу, што гэтая праблема ў нас не вывучана так, яна павінна быць вывучана для прыняцця такога сур’ёзнага рашэння. Па-першае, нельга не улічваць фактар Чарнобыльскай аварыі ў свядомасці нашых людзей, якія дагэтуль пакутуюць і баяцца паўтору катастрофы. Па-другое, трэба дакладна пралічыць колькасць той энергіі, якую мы сёння вырабляем і той, якая нам патрэбна. Магчыма, мы ўбачым, што нам хапае энергіі, якую вырабляем і без новай АЭС. Асабліва з пераходам на новыя, менш энергазатратныя тэхналогіі. Але калі выявіцца, што для развіцця дзяржавы энергіі не стае і неабходна АЭС, давядзецца будаваць.
— Вы дэкларуеце, што будзеце рэфармаваць эканоміку праз развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, павышэнне энергаэфектыўнасці. Што яшчэ ў планах?
— У прамысловасці трэба вызначыцца з тым, якія галіны для нас бесперспектыўныя — паступова іх скарачаць і развіваць новыя. У сельскай гаспадарцы, намаганні ў развіцці якой па савецкаму тыпу неэфектыўныя, мяняць прынцыпы гаспадарання. Пераадольваючы савецкія рефлексіі, уводзіць уласнасць на зямлю. Каб інвестары былі перакананыя, што іх праекты ніхто не зліквідуе знянацку. Каб ставалі на ногі гаспадары. Карацей, рабіць тое, што даўно робіцца ва ўсім свеце, дзе грамадства развіваецца не па нечых прыдумках, а па законах. Адных для ўсіх.
— Тэзісы Вашай праграмы маюць загаловак «Годна жыць!». Як Вы ўяўляеце годнае жыццё чалавека і годнае жыццё краіны?
— Годнае жыццё чалавека — гэта годнае жытло, годная праца і годная адукацыя. А годнае жыццё краіны, дзяржавы — гэта яе грамадзяне, якія, выехаўшы за мяжу, будуць казаць пра тое, адкуль яны і хто яны ёсць, не з сорамам, а з гонарам.
Даслоўна:
«— Я вельмі хачу, каб мая Беларусь змянілася. Я не магу быць нікому не патрэбным паэтам. Хадзіць у школы, чытаць вершы на беларускай мове і бачыць, што мяне ніхто не разумее, што я нібы чужаземец. І праз тое ў самога сябе пытаць: «Як жа жыць у краіне, якая сама сабе не разумее?» І пераканаўшыся, што паэзіяй сітуацыю не змяніць, я вырашыў змяніць яе палітыкай. Таму прыняў рашэнне ісці на выбары. Бо адно — слухаць паэта, іншае — слухаць прэзідэнта. Мне ёсць што вам сказаць…»
«— У мяне няма прэтэнзій да тых кіраўнікоў, якія займаюцца прамысловасцю ці сельскай гаспадаркай — яны робяць тую працу, якую павінны рабіць пры любых умовах. Але з тых, хто ідэалагічна абслуговае цяперашні рэжым, разумеючы, ведаючы, чым яны займаюцца, давядзецца спытаць. Зрэшты,ці не ўсім нам трэба будзе пакаяцца, бо ці не ўсе моўчкі, альбо ківаючы галовамі, дапамагалі ім існаваць.»
Уладзімір Пракопавіч Някляеў. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі, на філалагічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута, на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве.
Працаваў па спецыяльнасці сувязіста ва Уладзівастоку, Тайшэце, Нарыльску. Таксама паспеў папрацаваць радыёмеханікам ў менскім тэлевізійным атэлье, літаратурным супрацоўнікам рэдакцыі газеты «Знамя юности», рэдактарам бюлетэня «Тэатральны Мінск», старэйшы рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання.
У 1987-1998 — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»). У 1996-1999 — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1978 — сябар Саюза пісьменнікаў СССР.
З'яўляўся членам Савета творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, членам Беларускага тэатральнага аб'яднання. 1998-2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999 эміграваў па палітычных матывах. Жыў у Польшчы і Фінляндыі. Вярнуўся ў Мінск у 2003 годзе.
З 2005 па 2009 — старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. З 2010 — лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».
Узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола за кнігу «Вынаходцы вятроў», ордэнам «Знак Пашаны» за ўклад у літаратуру, дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (у галіне літаратуры) за кнігу вершаў і паэм «Прошча». Лаўрэат першай прэміі I Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі «Спяваючыя пісьмёны».
Першы раз ажаніўся ў 19 гадоў. Жонка Людміла была на 5 гадоў старэйшая. З ёй Някляеў пражыў 35 год. Акрамя дачкі Людмілы — Ілоны, у іх ёсць таксама агульная дачка Ева. Другая жонка Вольга на 20 гадоў маладзейшая за Уладзіміра Някляева.
Вольга ПРУДНІКАВА
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |