18:15 16.05.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Уладзімір Някляеў: Здрада стала прычынай майго расстання з кампаніяй “Гавары праўду”
Мінюст кампанію “Гавары праўду”.
Што пра гэта думае адзін са стваральнікаў кампаніі, колішні яе лідар Уладзімір Някляеў, які пакінуў “Гавары праўду” ў 2015 годзе?
– Паверце: нічога не думаю. Ну зарэгістравалі і зарэгістравалі. Што гэта мяняе ў сутнасці? Прынцыпам, якія закладваліся ў дзейнасць грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” яе заснавальнікамі Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Генадзем Грушавым ды іншымі, цяперашнія кіраўнікі ГП здрадзілі значна раней.
– Выбачайце: хіба сярод заснавальнікаў былі Барадулін, Бураўкін, Грушавы?..
– Так. Рашэнне пайсці на выбары 2010 года я абмяркоўваў з найблізкімі сябрамі – і яны ўвайшлі ў склад заснавальнікаў “Гавары праўду”. Быў яшчэ сярод іх бліскучы шахматыст, грасмайстар Віктар Купрэйчык, які на сходзе, дзе Лукашэнку “выбіралі” прэзідэнтам алімпійскага камітэта, прагаласаваў супраць. Адзін. Падняўся і сказаў, што ён супраць, бо алімпійская хартыя не дазваляе кіраўніку дзяржавы кіраваць алімпійскім камітэтам. Усе астатнія (апроч, па-мойму, гімнасткі Валчэцкай) прамаўчалі. Лукашэнка падышоў пасля: “Віця, чаго ты хочаш?” Маўляў, скажы – і будзеш мець. Купрэйчык адказаў, што нічога. Апроч аднаго: жыць па законе, па сумленні, па праўдзе.
Вось каго і што прадалі зарэгістраваныя гаварыпраўдаўцы. Але гэта, паўтараю, адбылося раней. І менавіта гэтая здрада па вялікім рахунку стала прычынай майго расстання з кампаніяй. Супрацоўніцтва іх са спецслужбамі, з рэжымам я б, можа, і ператрываў. Ці ва ўсякім разе не заяўляў бы пра гэта. Хто толькі і з кім толькі цяпер ні супрацоўнічае! Амаль не засталося тых, хто не.
– Вы маеце на ўвазе сваю заяву на сумеснай са Статкевічам прэсавай канферэнцыі, у якой звінавацілі Дзмітрыева ў супрацоўніцтве з КДБ?
– Так. Такія заявы не ў маім характары.
– Асабістыя кантакты з кімсьці з кіраўніцтва кампаніі ў вас захаваліся?
– Не. Я ўжо калі рву ніткі, дык не звязваю. Тым больш, што сыходзячы, пажадаў усім найлепшага і папрасіў толькі пра адно: не маніць, не махлярыць. Ну хоць бы ў памяць тых жа Барадуліна, Бураўкіна… Ледзь не пакляліся: абяцаем! І што?.. Тут жа сфальсіфікавалі падпісныя лісты на прэзідэнцкіх выбарах! Мне яшчэ ў час выбарчай кампаніі некалькі актывістаў тыя падробныя лісты прыносілі: вось! Таму я і заклікаў Таццяну Караткевіч з выбараў зняцца…
Не пачула. Не захацела пачуць. Ну, што ж… Затое нядаўна, калі я ляжаў у шпіталі ў Брэсце, галоўны берасцейскі ідэолаг па яе даручэнні мне перадачу прынёс…
Дык як такую кампанію не зарэгістраваць?
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме