09:02 15.04.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Уладзімір Някляеў: «Не выключаю свайго ўдзелу ў выбарах». Размова з былым лідарам «Гавары Праўду» (Відэа)
Былы кандыдат у прэзідэнты патлумачыў belsat.eu чаму з апазіцыяй «кашы не зварыш» і які прэзідэнт патрэбны Беларусі.
З апазіцыйнымі структурамі кашы не зварыш
Я не магу сыходзіць з палітыкі ў тым сэнсе, што не магу проста сесці ў хаце, хоць і хацеў бы гэта зрабіць, і проста пісаць кнігі. Я сышоў з апазіцыйных структураў, з якімі, ну, проста не здолеў зварыць кашы. Я вырашыў, што гэта абсалютна бесперспектыўна. Але плявацца цераз плячо таксама не збіраюся – не мой від спорту.
Як «зляпілі» ГОП і чым сапраўды трэба займацца?
Я прыкладу ўсе намаганні да таго, каб змагацца з небяспекай, якая сёння стала рэальнай – страта незалежнасці і дзяржаўнасці. Я не кажу адназначна, што не буду балатавацца на пасаду прэзідэнта, але для гэтага патрэбная структура, а з чаго яе ствараць? Як паказвае досвед, стварэнне ўсіх новых апазіцыйных рухаў гэта значыць, што трэба збіраць актывістаў з адной структуры трохі, з другой структуры трохі. Так было і з «Гавары праўду», а да гэтага з «Рухам за свабоду». Апазіцыя стварыла сабе такі імідж, што чалавек сто разоў падумае перш чым падацца ў змагары. Але я ніколі не зачыняю дзверы ў якія можна ўвайсці.
Унутраны боль непазбежнай паразы, або чаму апазіцыя не ў стане дамаўляцца
Я не ведаю як апазіцыянеры вытрымалі столькі гадоў. Апазіцыя перажывае паразу за паразай. Няма перамогаў, вакол якіх можна гуртавацца, якія натхняюць. Мне 5 гадоў хапіла. Не абышлося без спецслужбаў, якія ўжо 20 гадоў прапісаныя ў апазіцыі. Так было не толькі ў нас, Народны Фронт Латвіі наагул ствараўся ў нетрах спецслужбаў. Для мяне асабіста гэта было істотнай праблемай. Калі ты не тое, што падазраеш кагосьці, а проста ведаеш, але не гэта галоўнае. Апазіцыя склала лапкі, усе пачалі здавацца. Яны баяцца перамагчы, бо ніхто не будзе ведаць, што рабіць далей. Мне гэтая сітуацыя не падабаецца.
Улюбёная самота Лукашэнкі і традыцыйны канфлікт амбіцый «змагароў»
На гэтых выбарах Лукашэнка можа перамагчы ў самоце, без іншых кандыдатаў, калі не лічыць Гайдукевіча, магчыма высунуць прадстаўнікоў «Белай Русі», БРСМ, якія танчаць пад яго дудку. А з апазіцыі ў чарговы раз зробяць пасмешышча. А можа і ўпершыню наагул не будзе кандыдатаў ад апазіцыі. Пры агульнай слабасці апазіцыйных структураў нікому не выгадна, каб нехта высунуўся наперад, тым больш на ўзроўні лідара. Таму і няма адзінага. Гэтая сітуацыя не ўнікальная. Калі ва Украіне Януковіч прапанаваў Яцэнюку, Клічко і Цягнібоку пасаду прэм’ера, я тады прыехаў у Кіеў, кажу: хутка бяжыце і пагаджайцеся на прапанову, гэта магло б уратаваць краіну ад таго шляху, па якім яна пайшла. Тады яны не змаглі дамовіцца.
Пра капец, адзіноту і гіпноз
Я б можа і рвануў рубаху на грудзі і пабег на перад адзін, але ведаючы сітуацыю ў апазіцыі – гэта вар’яцтва. Не таму вар’яцтва, што мне тады капец, а таму што мэта не будзе дасягнута. Цяпер недастаткова зыходных дадзеных, каб зрабіць гэты крок. У апазіцыі мне гавораць: Пракопыч, ты што нам кажаш, яму Міжнародны валютны фонд гатовы даць $ 3 млрд., ён абкладзецца грашыма, што ты нам тут распавядаеш. Мне здаецца, што ўсе жывуць у стане нейкага гіпнозу. Еўропа бачыць Пуціна як кобру з поўным ротам атруты. Усе баяцца і рукой паварушыць. Лукашэнка зачараваў гэтую апазіцыю і народ, а д’ябл яму падкідвае козыры. Я бачу як гіне мая Беларусь.
«Я не збіраюся сядзець, схаваўшыся за печ»
На мінулых выбарах адным з з маіх мэседжаў быў такі: Аляксандр Рыгоравіч, сыдзі ты! Ідуць цяжкія часы. Перачакай. Хай нехта ўляпаецца, а пасля цябе на руках прынясуць і пасадзяць на трон. У цяперашніх умовах перш чым браць удзел у выбарах трэба падумаць тры разы. Бо ў выпадку перамогі ты становішся адказным за ўсё, што здарыцца з тваёй краінай. Лукашэнка кажа ледзь не кожны дзень: ня бойцеся ўсё будзе добра, бо разумее, што яму няма як бараніцца супраць «рускага свету». Гэты «свет» ужо ўнутры нас. Адзінае, што мы можам сёння зрабіць – згуртавацца і паказаць, што мы гатовыя на ўсё, каб бараніць Беларусь. Я асабіста не збіраюся сядзець, схаваўшыся за печ.
«Я за моцнага прэзідэнта»
Калі б нашая эканоміка магла накарміць наш народ, на што яна не здольная, калі б мы маглі ўзброіцца, выбудаваць армію, я быў рукамі і нагамі за такога моцнага прэзідэнта. Дзе гэта ўсё ёсць? Лукашэнка слабы. Нельга сябе пацяшаць там, што ён нейкі гарант і можа нас абараніць.
Нашым войскам і сілавымі структурамі кіруюць расейцы
Пуцін у любы момант можа зрабіць з намі ўсё што заўгодна. І прэтэкст для вайны можна знайсці любы, гэта не мусіць быць перамога апазіцыі на выбарах. Лаяльнасць сілавых структураў і войска дзе расейскія генералы, значна большая да Пуціна, чым да Лукашэнкі. Калі Пуцін аддасць загад, гэтыя структуры яго выканаюць.
Я б паехаў у Швецыю, але жонка не дае
На сямейным савеце мы вырашылі, што калі і адправім куды-небудзь, то толькі котку. Мы ў такой сітуацыі не маем права з’яжджаць. Я лічу, што гэта была б здрада.
Размаўляла Вольга Швед і Якуб Бернат, belsat.eu
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме