12:31 03.11.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Уладзімір Някляеў: “Мяне хочуць адправіць на той свет…”
Уладзімір Някляеў: “Мяне хочуць адправіць на той свет…”
Некаторыя вострыя пытанні “Народная Воля” задала самому Уладзіміру Някляеву – гэтымі днямі ён яшчэ на волі.
Фота: БелаПАН
– Уладзімір Пракопавіч, як думаеце, чаму вам далі не штраф – няхай нават і самы вялікі, не папярэджанне, а менавіта 10 сутак?
– У мяне сёння ноччу зноў здарыўся гіпертанічны крыз. Як ні трымай нервы ў кулаку, але, калі бачыш, з якім цынізмам выносяцца такія прысуды, арганізм не вытрымлівае…
Чатыры экспертызы паважаных арганізацый – ПЭН-цэнтра, Беларускага саюза пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, адказ самых вядомых праваабарончых арганізацый! Усе выказаліся, што ў маіх словах не было ніякага закліку, але беларуская Феміда прыняла іншае рашэнне, абвяргаючы відавочнае.
Няма ніякіх прычын для таго, каб пасадзіць мяне на 10 сутак за тое, чаго я не рабіў і чаго не казаў.
– Ці ёсць у вас адказ на пытанне, хто “заказаў” Някляева?
– Я не буду называць канкрэтных імёнаў і прозвішчаў. Раскажу толькі такі выпадак, які адбыўся падчас суда.
Амаль на кожным маім судзе бывае прадстаўнік КДБ. І ў мяне складваецца ўражанне, што менавіта гэты супрацоўнік кіруе ўсім судовым працэсам, бо, як я заўважыў, суддзя рэагуе нават на ягоную міміку. Такі чалавек быў і на апошнім працэсе. І як толькі суддзя абвясціла вырак, ён адразу выйшаў з залы, але ўслед за ім пайшоў і адзін з маіх таварышаў, якому я параіў прыгледзіцца да паводзін спецслужбіста. Прадстаўнік спецслужбы зрабіў некаму кароткі званок і прамовіў: “Приговор озвучен”.
Я лічу, што гэта не выпадковасць.
– Чаму вас адразу з залы суда не павезлі адбываць прызначанае пакаранне?
– Па законе я маю права абскардзіць рашэнне раённага суда. У дадзеным выпадку гэта, канешне, абсалютна бессэнсоўная справа, але магчымасць ёсць. Гэтым і тлумачыцца тое, што мяне адразу не забралі. Я маю дзесяць дзён на тое, каб падаць скаргу. Вось зараз якраз думаю, ці варта гэтым займацца і паліць нервы.
– А вы казалі суддзі, што ў вас часта здараюцца гіпертанічныя крызы і кожны з іх можа быць, барані Божа, апошнім?
– Яна ведае. Але гэта не мае ніякага значэння. На мінулым судзе я прадаставіў дакумент, які сведчыў пра тое, што я насамрэч хворы і што ў гэты дзень і гэты час павінен быць у доктара, але суддзя не звярнула на яго ніякай увагі, проста прыхавала.
А што тычыцца здароўя, дык мне і сёння прапанавалі шпіталізацыю, але я адмовіўся, бо трэба ж вырашаць пытанні з гэтым судом.
– Вас не ўпершыню фактычна нізашто кідаюць за краты, у ізаляцыю, у нечалавечыя ўмовы, дзе ўсяляк прыніжаюць, не даюць лекі і адбіраюць нават аловак. Складваецца ўражанне, што Някляева нехта проста хоча звесці з гэтага свету. Каму выгадна, каб вы, прабачце, склеілі ласты?
– Так, калі скласці ўсё адно да аднаго, то разумееш, што ўсё невыпадкова. Прычым здзекуюцца наўмысна. У інструкцыі, якая ўтрымлівае правілы паводзін у ізаляцыі, чорным па белым напісана, на што мае права зняволены. Сярод іншага – права на гадзіннік, на паперу, на адваката, на юрыдычную дапамогу. А насамрэч нічога гэтага няма! І калі я прашу даць магчымасць мне пісаць, то чую ў адказ: “А раптам вы возьмеце і выкалеце сабе глаз гэтай ручкай, а потым на нас зваліце!” Вось і ўсе размовы. І ім усё роўна, што са мной здарыцца – інсульт ці інфаркт. Яны адкрытым тэкстам пра гэта кажуць.
Я не аматар усякіх канспіралагічных сюжэтаў, але калі кожны раз цябе арыштоўваюць так, быццам хочуць забіць альбо быццам затрымліваюць буйнога злачынцу, – усё гэта робіцца, каб стварыць невыносную атмасферу, каб напружыць…
Калі ты ў ізаляцыі, а яны ствараюць атмасферу ціску на сям’ю – ты таксама перажываеш, што там і як.
Калі прывозяць у турму і не даюць лекаў – чакаюць, што з табой будзе.
Калі ў цябе гіпертанічны крыз, яны не выклікаюць “хуткую дапамогу”.
І гэта тройчы паўтарылася ўжо! І зараз, відаць, гэтаксама будзе. Дык што гэта такое? Відавочна тэндэнцыя да таго, каб мяне звесці з белага свету. Бо гэта паўтараецца раз за разам.
– Але ўсё роўна не разумею, каму выгадна, каб Някляеў аддаў Богу душу. Прабачце, канешне, за цынізм, але, як ні круці, мінусаў у гэтым больш, чым плюсаў.
– Я даўно жыву на свеце і добра ведаю псіхалогію людзей. Магчыма, ва ўладзе ці сілавых структурах, спецслужбах ёсць нехта, хто хоча зрабіць хуткую кар’еру. І нічым не грэбуе.
Канешне, калі задавацца пытаннем, ці выгадна гэта ўладам, то адказ не такі і просты…
– Улады пакуль не адказалі за гучныя знікненні Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Многія памятаюць і пра дзіўную смерць Генадзя Карпенкі, які рэдка скардзіўся на здароўе…
– Магчыма, калі мяне давядуць да краю, хтосьці і раззлуецца. Альбо зробіць від, што раззлаваўся. Але ўнутрана, можа, і выдыхне…
– Уладзімір Пракопавіч, а вас не крыўдзіць, што вашы калегі-палітыкі так слаба рэагуюць на тое, што адбылося? У судзе не было бачна кіраўнікоў усіх палітычных партый, ніхто не ініцыяваў пікеты каля суда, не чуваць галасоў і выразна акрэсленай пазіцыі вашых былых калег з кампаніі “Гавары праўду!”. Хаця па вялікім рахунку гаворка ідзе пра жыццё чалавека! Дэфіцыт салідарнасці? Ці ўсім напляваць?
– Я не дзіця, каб крыўдаваць, усё разумею. А чаму так адбываецца – лепей у іх саміх спытаць…
Ведаю, што ў той жа дзень, калі мяне судзілі, мае былыя калегі з “Гавары праўду!” сустракаліся з прадстаўніком Міністэрства абароны – размаўлялі пра дзедаўшчыну.
Думаю, усе разумеюць, што быў заказ на Някляева. І калі будзеш катэгарычна пратэставаць, значыць, ты пратэстуеш супраць таго, хто аддаў загад паляваць на Някляева. Гэта небяспечна.
На Еўранэсце я вельмі рэзка выступаў, гаварыў пра Статкевіча, пра рэпрэсіі – у нас жа апошнім часам ні дня без суда не абыходзіцца! Але маё выступленне мікшыравалася іншымі выступоўцамі – маўляў, прагрэс пераважае. Па сутнасці, сёння толькі Беларускі нацыянальны кангрэс займаецца акцыямі пратэсту і барацьбой з несправядлівасцю. Астатняя апазіцыя перайшла ў офісны рэжым, і найперш мая былая кампанія, якая імітуе нейкі дыялог з уладай. У іх стратэгічная мэта – неяк уладкавацца ў гэтую уладу, таму яны не могуць выступаць супраць яе, абараняючы Уладзіміра Някляева. Гэта не ў іх інтарэсах.
Але я не здаюся. Улада мяне цісне, а мая задача – выстаяць.
– І выжыць!
– Так, калі Бог дасць выжыць, то будзем стаяць…
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме