19:00 28.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Уладзімір Колас: Палітычныя лузеры павінны займацца тым, што ў іх лепш атрымліваецца
Беларуская апазіцыя збіралася склікаць у красавіку гэтага года Усебеларускі кангрэс, на якім маглі б абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары-2015. Наколькі рэальнымі сёння падаюцца выбары адзінага кандыдата? Што гэтаму перашкаджае? І ці павінны старыя лідары апазіцыі даць дарогу маладым? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыць са старшынём Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімірам Коласам.
Яшчэ ў снежні мінулага года сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец распавядаў: «Я за тое, каб адзіны кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі з'явіўся як мага раней, і кангрэс трэба правесці ў красавіку 2014 года”.
Уладзімір Колас: Пытанне “Ці зможа апазіцыя выйсці на “адзінага”? вельмі цяжкае. У нашай Радзе з гэтай нагоды ёсць меркаванне, што не трэба цешыць сябе на гэты конт ілюзіямі. За папярэднія памылкі людзям трэба адказваць. І тыя, хто доўгі час паказваў сваю няздольнасць да дзеянняў, якія прыводзяць да кансалідацыі, паказваў прыхільнасць да сваіх асабістых амбіцый і інтарэсаў, то спадзявацца на тое, што адбудзецца суд і раптам гэтыя людзі пераменяцца, не выпадае. Але, калі яны ўсё ж-такі зразумелі, што неабходны адзіны кандыдат, то ім лепш наогул адысці ў бок ад спраў і даць магчымасць рабіць гэта тым, хто сапраўды здольны гэта зрабіць. Палітычныя лузеры павінны займацца тым, што ў іх лепш атрымліваецца.
РР: Хто, на ваш погляд, сёння мог бы стаць лідарам беларускай апазіцыі, у якога б паверылі людзі?
Уладзімір Колас: Лідар – справа калектыўная, бо чакаць, пакуль такі чалавек сам прыйдзе, - гэта наступаць на тыя ж самыя граблі, што і раней. Перадусім павінна стварыцца каманда, якая дэлегуе пэўныя паўнамоцтвы таму, каго яна абярэ і каму дапаможа стаць лідарам. Людзі не павінны весціся на нейкую новую хвалю папулізму, пад якім бы соусам яна не падавалася (нацыянальнае адраджэнне, дэмакратычныя рэформы і г.д.). Гэтая рыторыка таксама можа быць абсалютна папулістычнай. А кампетэнтнай камандзе, якая заслужыла давер, варта даваць дарогу. Такія людзі ў нас ёсць і кандыдатаў на такое лідарства таксама хапае. Галоўнае, каб была добрая воля і згода ахвяраваць сваім асабістым дзеля агульнай справы.
РР: Можа быць, старым лідарам апазіцыі ўжо варта саступаць дарогу маладым?
Уладзімір Колас: Я думаю, што так. І маладым, і тым, хто яшчэ не зайграўся сур’ёзна палітыкай, але ў каго атрымоўваецца. Ведаеце, чаму капіталістычны лад больш эфектыўны, чым камандная эканоміка? Пры капіталізме таксама пануе страх за страты. Бо калі ты памыляешся, то губляеш. А ў нас людзі дзесяцігоддзямі памыляюцца і нічога не губляюць, а працягваюць існаваць за кошт дэмакратычнай рыторыкі. Такога не павінна быць. Памыліўся – ідзі ў адстаўку.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме