08:45 26.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Улада ўжо наталіла сваю прагу помсты»
Ці можна і варта рабіць нейкія глыбокія высновы з факту вызваленьня Ірыны Халіп і Ўладзімера Някляева? На фоне вынікаў нядаўняга візыту Ўладзімера Макея ў Брусэль як можна прагназаваць паводзіны ўладаў у пытаньні вызваленьня астатніх палітвязьняў? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
— Ці можна і варта рабіць нейкія глыбокія высновы з факту вызваленьня Ірыны Халіп і Ўладзімера Някляева? Як вядома, у Някляева, напрыклад, былі пэўныя парушэньні, і ўлады фармальна мелі права прыняць і іншае рашэньне. Тое, што ён быў хутка завочна вызвалены — што гэта азначае?
— Гэта азначае, што на дадзены момант улады дзейнічаюць рацыянальна. Рашэньні ўвогуле чаканыя. Тэарэтычна можна было падвесіць гэтым самым статусам Някляева яшчэ на тэрмін ад 6 да 12 месяцаў. Але — нашто? Заўважце, і Някляеў і Халіп прыкладна аднолькава сказалі, што «мы проста перайшлі ў агульную камэру, пакуль у Беларусі гэты рэжым, нельга адчуваць сябе спакойным».
Сапраўды, па-першае, улада ўжо наталіла сваю прагу помсты і пасьля Плошчы дамаглася таго, што ў грамадзтве быў пасеяны страх, былі расьцярушаныя ці аслабленыя многія апазыцыйныя структуры. Па-другое, сёньня пачынае ўсё мацней дзейнічаць чыньнік гульні з Эўропай. Таму — нашто тую ж Эўропу раздражняць? Тым болей зараз няма ніякай электаральнай кампаніі. А на фоне гульні з Эўропай гэта плюсікі для таго ж Уладзімера Макея, які нядаўна быў у Брусэлі.
— На думку многіх, тое, што Ўладзімер Макей зноў стаў выязным — непасрэдна зьвязана з тэмай вызваленьня палітвязьняў. З гэтага пункту гледжаньня, што паказаў нядаўні візыт Макея ў Брусэль? Ці можна цяпер прагназаваць паводзіны ўладаў у пытаньні вызваленьня астатніх палітвязьняў?
— Так, некаторыя аглядальнікі ўжо зьедліва назвалі Макея «паштальёнам» . І калі ўжываць гэтую мэтафару — то пошта прысьвечаная адной тэматыцы, вызваленьню палітвязьняў.
Цяпер абодва бакі цемняць — і афіцыйны Менск, і Брусэль. Бо на «галоснасьці» апякліся ўжо ў 2011 годзе пасьля місіі міністра замежных справаў Младэнава, калі зьліў інфармацыі раззлаваў беларускае кіраўніцтва і ўвесь працэс пайшоў кату пад хвост.
Дык вось, цяпер абодва бакі баяцца сурочыць. І мяркуючы па некаторых ускосных выказваньнях, напрыклад, літоўскіх дыпляматаў, ці эўракамісара Фюле (які асьцярожна сказаў, што нават мае надзею ўбачыць празь нейкі кароткі час Алеся Бяляцкага ў Брусэлі) — гэта сьведчыць пра тое, што бакі ва ўсякім разе не пасварыліся (гэта ўжо плюс) і што працягваецца пошук кампрамісу.
Я думаю, можна сказаць, што зараз падвысіліся шанцы на тое, што ў агляднай пэрспэктыве вязьні выйдуць на волю. Але тут няўдзячная справа даваць болей канкрэтны прагноз. Бо зразумела — рашэньне цалкам залежыць ад Лукашэнкі. А якія ў ягонай галаве суадносіны чыньнікаў за ці супраць вызваленьня — ня можа сказаць ніхто.
Віталь ЦыганкоўИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме