15:15 11.03.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
„Убачаным у Чэрыкаўскім ізалятары я быў шакаваны“
Дзьмітры Іваноў, 43 гады, прадпрымальнік, Чэрыкаў:
„Да мінулага году я лічыў сябе апалітычным чалавекам, аднак пагаршэньне жыцьцёвага ўзроўню і адсутнасьць адэкватных захадаў улады ў вырашэньні праблемаў простага чалавека прымусілі зацікавіцца праграмамі канкурэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы. Зь ягоных выступаў вынікала, што мы будзем і далей таптацца на месцы.
Для насельніцтва невялікіх, як наш райцэнтар, паселішчаў такая пэрспэктыва азначала яшчэ большае зьбядненьне, адсутнасьць працы з годным заробкам ды прыгнечанае страхам жыцьцё.
Да гэтага ўсяго дадаюцца праблемы з каранавірусам. Тутэйшыя выяжджалі на заробак у Расею, і гэта дазваляла выжываць іхным сем’ям. Цяпер мяжа закрытая, і мне як таксоўцу было відаць, наколькі зьменшыўся ў людзей дастатак. Іншым разам у размове працаздольныя мужчыны з зайздрасьцю гавораць пра старых, якія атрымліваюць пэнсію...
9 жніўня я ўжо ведаў, за каго галасаваць. На ўчастку, як і прапаноўвалася на плятформе «Голас», сфатаграфаваў бюлетэнь, склаў яго гармонікам ды дэманстратыўна кінуў ува урну.
Калі зачыніліся ўчасткі, зь дзясятак актывістаў сабраліся на прыпынку непадалёк ад райвыканкаму. Мы абураліся тым, як праводзіліся выбары. Зьвярнулі ўвагу, што ля будынка раённай адміністрацыі стаяла шмат службовых машын. На наш погляд, яны зьехаліся з выбарчых участкаў раёну, і нас зьдзівіла, што так хутка былі падведзеныя вынікі галасаваньня. У той вечар нас ніхто не чапаў. Пастаяўшы зь дзьве гадзіны, мы разышліся.
У наступныя тры дні, калі быў адключаны інтэрнэт, кожны з нас са сваіх каналаў даведваўся пра гвалт, затрыманьні, страляніну ў Менску.
13 жніўня мы зноў сабраліся каля райвыканкаму, каб выказаць пратэст супраць вынікаў выбараў ды гвалту сілавікоў пасьля іх. Чалавек пятнаццаць выстраілася ўздоўж праезнай часткі без пратэставай атрыбутыкі.
На наступны дзень нас пабольшала, да трох дзясяткаў. 16 жніўня на пікет прыйшло пад 200 чалавек. Мы стаялі са сьцяжкамі, шарыкамі белых і чырвоных колераў, гучала музыка. Сыгналячы, нас віталі з машын. Супрацоўнікі ДАІ, якія стаялі наводдаль, штрафавалі кіроўцаў за такія праявы салідарнасьці. Апэратыўнікі з РАУС здымалі пікетоўцаў на відэа ды фатаграфавалі.
Быў інцыдэнт з жанчынай нападпітку, якая стаяла на праезнай частцы і абражала нас. Міліцыя на яе не зьвяртала ўвагі, хоць мы і гаварылі супрацоўнікам аб правакацыйных паводзінах грамадзянкі. Уздоўж пікету праяжджалі, паказваючы кукішы, нядобразычліўцы. Мы жывём у невялікім горадзе і ведаем, хто гэтак дэманстраваў сваю пазыцыю. У праўладных сацыяльных сетках удзельнікаў пратэстаў палівалі гразьзю. Мы не давалі ім спуску і адказвалі.
Пратэставая актыўнасьць у Чэрыкаве трывала да 19 жніўня. На наступны дзень актывістаў, якія сабраліся на звыклым месцы, міліцыя стала палохаць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьцю, штрафамі. Людзі разышліся і больш грамадою не зьбіраліся.
20 жніўня ў Магілёве мяне аштрафавалі за тое, што праехаў праз увесь цэнтар гораду з пратэставай музыкай і са сьцягамі на баках машыны. У той жа дзень у Крычаве затрымалі «за дробнае хуліганства». У міліцыі сказалі, што я перашкаджаю сваёй музыкай грамадзянам адпачываць. Арыштавалі машыну, склалі пратакол і адпусьцілі ў 20 гадзін, без дакумэнтаў і грошай. Вярнуцца ў Чэрыкаў дапамог калега.
Ня маючы машыны, я заставаўся бяз працы больш за 15 дзён. Машыну адмовіліся аддаваць нават пасьля суду, які пакараў мяне штрафам у 54 рублі. Увесь гэты час па Чэрыкаве я езьдзіў на ровары зь бел-чырвона-белым сьцягам ды ладзіў адзіночныя пікеты. Адзін раз за іх аштрафавалі на 27 рублёў. Потым каралі адміністрацыйным арыштам. У Чэрыкаўскім ізалятары агулам я адседзеў 13 дзён.
Асуджаных у ім трымаюць у паўпадвальных памяшканьнях. Першыя тры дні я сядзеў адзін. Сьцены маёй камэры былі атынкаваныя «шубай» з вострымі «варсінкамі». Жалезныя ложкі без належнага дагляду праржавелі. Матрацаў, падушак, коўдраў з камэры не забіралі, таму яны ўвабралі ў сябе яе пахі. Фарба на драўлянай падлозе вышмаргалася. Унітаз быў закарэлым, а ўмывальнік з адбітай эмальлю. Гарачай вады не было. Да ўсёй гэтай антысанітарыі дадаваліся клапы. Ежу давалі альбо крыху падагрэтую, альбо наагул халодную. Адсутнасьць прагулак ахоўнікі тлумачылі нібыта няспраўным прагулачным дворыкам.
Наступны дзесяцідзённы арышт за групавы фатаздымак на фоне дарожнага знаку «Чэрыкаў» я правёў з сукамэрнікамі, асуджанымі за сямейныя скандалы нападпітку. Зьняволеным землякам я тлумачыў, чаму ня згодны з палітыкай цяперашняй улады і пратэстую супраць гвалту. Сумняваюся, каб мая асьвета мела на іх хоць нейкае ўзьдзеяньне, але ўсё ж спадзяюся, што некалі маю лекцыю яны ўспомняць.
Супрацоўнікі ізалятару выкарыстоўвалі асуджаных як дармавую сілу. Наколькі я зразумеў, міліцыі даведзены плян здачы макулятуры, дык нявольнікаў прымушалі рваць на шматкі старыя дакумэнты. У нас не пыталіся, ці хочам займацца такой справаю. Выводзілі з камэры, нічога ня кажучы, і на некалькі гадзінаў пакідалі ў кабінэце аднаго з начальнікаў РАУС.
Па вызваленьні я паскардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, але адказу ня маю дагэтуль, хоць мінула больш за тры месяцы. За фота пад знакам асудзілі ня толькі мяне. Іншых удзельнікаў «пікету» аштрафавалі і правялі прафіляктычную гутарку.
Апошні раз мяне затрымалі ў Крычаве 20 лютага. Падчас агляду машыны знайшлі дэкаратыўны бел-чырвона-белы сьцяжок пад лабавым шклом, а таксама невялікі партрэт Сьвятланы Ціханоўскай. Гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць мяне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У маім доме ў Чэрыкаве апэратыўнікі правялі ператрус. Дазволу на яго мне не паказалі. Забралі тры сьцягі, тэлевізар у заклад аплаты штрафу, калі яго прысудзяць, ды тэлефоны.
Крычаўскі суд пакараў мяне 12 днямі арышту. Іх я адбыў у мясцовым ізалятары. Умовы ў ім былі значна лепшыя, чым у Чэрыкаве, бо паўтара года таму там зрабілі рамонт. У камэрах не было скразьнякоў і была гарачая вада. На прагулкі не выводзілі. Каб дайшла перадача, сястру прымусілі аплаціць наперад маё ўтрыманьне, што, на маю думку, незаконна.
Па вызваленьні аддалі машыну, тэлефон ды тэлевізар. Калі вяртаўся ў Чэрыкаў, аштрафавалі на 14,5 рубля за бел-чырвона-белую паласу на капоце.
Раней крычаўская міліцыя мяне падазравала ў тым, што я адзін зь мясцовых «партызанаў», якія размалёўваюць горад палітычнымі графіці і вывешваюць сьцягі. Тады таксама арыштоўвалі былі машыну. Празь дзесяць дзён яе аддалі, але правёўшы агляд. Крыміналу ў ёй ня выявілі.
Прызнаюся, убачаным у ізалятарах я быў шакаваны. Дагэтуль мне не даводзілася там бываць. Для ХХІ стагодзьдзя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных у Чэрыкаўскім ІЧУ параўнальныя хіба з канцлягерам. Так ставіцца да людзей антыгуманна. Вядома ж, тыя, хто трапляе ў ізалятар, са сваёй доляю мірацца, як і з тым, што адбываецца зь імі ў жыцьці. Большасьць зь іх ня ведае, як жыць іначай, і шукае паратунак у алькаголі. Нямала жыхароў райцэнтру, ідучы вуліцай, не падымаюць вачэй, і гэта шмат пра што сьведчыць...“
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме