23:15 08.05.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

“УСХОДНЯЕ ПАРТНЭРСТВА”: СРОДАК УМАЦАВАНЬНЯ РЭЖЫМУ ЦІ ЧЫНЬНІК ПЕРАМЕНАЎ?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 8-га траўня.

7 траўня ў Празе адбыўся ўстаноўчы саміт праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Ці можна лічыць уключэньне Беларусі ў гэтую праграму гістарычным паваротам у лёсе краіны? Ці стане “Ўсходняе партнэрства” чыньнікам дэмакратычных пераменаў? Чаму Лукашэнка не паехаў на саміт?

Удзельнікі: палітычны аналітык нашага радыё з Прагі і старшыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства зь Менску.

Гістарычны паварот у лёсе краіны?

Валер Карбалевіч: “Праграма „Ўсходняе партнэрства“ афіцыйна запушчана ў дзеяньне. На праскім саміце краіны ЭЗ і шэсьць краінаў Усходняй Эўропы і Закаўказьзя, якія ўключаныя ў гэты праект, падпісалі Ўстаноўчую дэклярацыю. Як ацаніць гэтую падзею? Гэта гістарычны паварот у лёсе Беларусі і іншых краін-удзельніц праграмы — або рутынная бюракратычная працэдура на чарговай палітычнай тусоўцы?”

Юры Дракахруст: “Я б сказаў, што гэта гістарычная падзея ў форме рутыннай бюракратычнай працэдуры. Сама дэклярацыя ня мае лёсавызначальнага значэньня. Паводзіны беларускай дэлегацыі на саміце былі асьцярожныя, маўклівыя. Гэта ня сьведчыць пра тое, што Беларусь адкрылася Эўропе.

Але ўсё спазнаецца ў параўнаньні. Трэба нагадаць, што на працягу амаль паўтара дзесяцігодзьдзя Беларусь знаходзілася ў стане, так бы мовіць, “сувэрэннай халоднай вайны” з Эўропай. Яна ня мела з ЭЗ ня толькі тых адносінаў, якія мела, скажам, Украіна. Але яна ня мела такіх адносінаў, якія мела Расея, ці Казахстан, ці Азэрбайджан. І мы памятаем фразу: “Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду”.

І вось цяпер “халодная вайна” сканчаецца. І па-свойму гэта гістарычная падзея. А вось напаўненьне новага этапу дачыненьняў, так бы мовіць, “мірным зьместам” — гэта справа будучыні“.

Ігар Лялькоў: “Гэтая падзея мае гістарычнае значэньне. Гэта пачатак рэальнага шляху па вяртаньні Беларусі ў Эўропу. Уключэньне Беларусі ў праграму „Ўсходняе партнэрства“ прадугледжвае, што ў пэрспэктыве будзе падпісана пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Нагадаю, што шлях нашых заходніх суседзяў у ЭЗ таксама пачынаўся з падпісаньня такога пагадненьня аб асацыяцыі. Шлях Беларусі ў Эўропу будзе доўгім і цяжкім. Але пачатак пакладзены праскім самітам”.

Чые спадзяваньні спраўдзяцца?

Карбалевіч: “Розныя палітычныя сілы ўскладаюць на праграму „Ўсходняе партнэрства“ розныя спадзяваньні. Эўропа імкнецца з дапамогай гэтага праекту выцягнуць постсавецкія краіны з геапалітычнага поля Расеі. Беларускія ўлады бачаць ва „Ўсходнім партнэрстве“ сродак умацаваньня рэжыму. А апазыцыя імкнецца выкарыстаць гэтую праграму дзеля разбурэньня рэжыму, бачыць яе як чыньнік дэмакратычных зьменаў. Чым жа насамрэч зьяўляецца праграма „Ўсходняе партнэрства“?”

Дракахруст: “Гэтага насамрэч ня ведае ніхто. Бо тое, што ёсьць цяпер у праграме “Ўсходняе партнэрства”, — гэта абавязак правядзеньня раз на два гады самітаў у фармаце 27+6 (27 сябраў ЭЗ плюс 6 партнэраў гэтай праграмы). Таксама раз на год будуць сустракацца міністры замежных спраў. І ўсё. А ўсё астатняе будзе распрацоўвацца пазьней, потым, на двухбаковай аснове паміж ЭЗ і кожнай краінай-партнэрам.

Вось сп. Лялькоў казаў пра рэальны шлях Беларусі ў Эўропу. Але я б сказаў, што пакуль размова ідзе пра сымбалічны шлях, пра спыненьне “халоднай вайны”.

Што тычыцца аналёгіяй з шляхам у ЭЗ краінаў Усходняй Эўропы, то ёсьць значная розьніца. У выпадку з гэтымі краінамі, з аднаго боку, яны хацелі ўступіць у Эўрапейскі зьвяз. А зь іншага боку, ЭЗ выстаўляў ім прыз: магчымасьць уступленьня ў Эўразьвяз”.

Наступствы непрадказальныя

Дракахруст: “А цяпер ЭЗ падкрэсьлівае, што праграма “Ўсходняе партнэрства” ніяк не зьвязаная зь сяброўствам у Эўразьвязе. Брусэль кажа: вы можаце да нас набліжацца, але праблема ўступленьня ў ЭЗ — гэта асобнае пытаньне. І цікавы момант. Падчас працы над устаноўчай дэклярацыяй пункты наконт лібэралізацыі візавага рэжыму, і так вельмі няпэўныя, рабіліся яшчэ менш пэўнымі.

Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка нядаўна ў інтэрвію агенцтву Ройтэр чарговым разам паўтарыў, што мы не зьбіраемся ўступаць у ЭЗ. Беларускія ўлады маюць намер выкарыстоўваць уключэньне ў праграму “Ўсходняе партнэрства” дзеля большай устойлівасьці, каб з Масквой было лепей разьбірацца.

Што тычыцца апазыцыі, то яна не знайшла свайго месца ў гэтай праграме і таксама ня ведае, як напоўніць прыгожую формулу рэальным зьместам. Вось, напрыклад, клясна гучыць: “удзел грамадзянскай супольнасьці ва “Ўсходнім партнэрстве”. А гэта як? Мы бачылі цягам апошніх месяцаў, як прадстаўнікі палітычнай грамадзянскай супольнасьці (апазыцыі) езьдзілі па розных брусэльскіх кабінэтах, ім паціскалі рукі, казалі “так”. А самі эўрапейскія палітыкі рабілі так, як лічылі патрэбным, нібыта гэтых размоваў і не было.

Наступствы праграмы “Ўсходняе партнэрства” могуць быць самымі рознымі. Але яны непрадказальныя. Працэс узаемадзеяньня Беларусі з ЭЗ можа прывесьці да зьменаў, якіх сьвядома, мэтанакіравана не чакае ні ўлада, ні апазыцыя, ні Эўропа”.

Лялькоў: “Гэта доўгатэрміновы праект”

Лялькоў: “Наконт сымбалізму і рэалізму гэтага шляху. Усе мы ведаем, што напачатку было слова. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а беларускі народ застаецца. І чым далей прасунецца гэтая супраца Беларусі з ЭЗ нават пры Лукашэнку, тым лягчэй будзе ягоным наступнікам далей прасоўваць працэс інтэграцыі.

Праграма “Ўсходняе партнэрства” не скіравана на атрыманьне вынікаў у кароткачасовай пэрспэктыве. Гэта доўгатэрміновы праект. Ён зарыентаваны на паступовае ўцягваньне постсавецкіх краінаў у сфэру ўплыву ЭЗ, каб зрабіць іх часткаю агульнаэўрапейскай прасторы.

Думаю, гэта будзе рознахуткасны працэс. Усё будзе залежаць ад палітычнай волі саміх краінаў-партнэраў ЭЗ. Хто захоча рухацца хутчэй, атрымае такую магчымасьць. Беларусь сёньня найменш далучаная да эўрапейскіх працэсаў. Але сам пачатак уваходжаньня Беларусі ў гравітацыйнае поле ЭЗ — гэта добра. Прынамсі, горш ад гэтага ня будзе”.

Чаму Лукашэнка не паехаў на саміт?

Карбалевіч: “Беларускую дэлегацыю ўзначаліў віце-прэм’ер Сямашка, яна мела сустрэчы з кіраўніцтвам ЭЗ. Лукашэнка не паехаў на саміт, а замест гэтага прыняў расейскага амбасадара Сурыкава. Гэта дэманстрацыя стаўленьня да праграмы „Ўсходняе партнэрства“? Ці ён проста пабаяўся скандалу ў Празе? Вось апазыцыя абвясьціла пра сваю маральную перамогу”.

Дракахруст: “Было некалькі чыньнікаў, празь якія Лукашэнка не паехаў у Прагу. Адзін зь іх — гэта сапраўды магчымы скандал. Ня тое каб ён баяўся скандалу. Але калі людзі зьбіраюцца супрацоўнічаць, а супрацоўніцтва пачынаецца з скандалу, то супраца можа пайсьці нехлямяжа.

Другі момант — дачыненьні з Расеяй. Вы зьвярнулі ўвагу на сустрэчу Лукашэнкі з Сурыкавым. Здаецца, Лукашэнка апошнія месяцы адыгрывае ролю, так бы мовіць, заклінальніка зьмеяў ці заклінальніка расейскага мядзьведзя, каб той не рабіў лішніх рухаў ад таго, што, як лічаць у Маскве, Беларусь зьбягае з сфэры расейскага геапалітычнага ўплыву. Крэмль раздражняе сам факт, што скончылася ізаляцыя Беларусі, што ідзе нейкі працэс з ЭЗ і няведама, да чаго ён прывядзе. Тое, што Лукашэнка застаўся ў Менску і нават сустрэўся з Сурыкавым, — гэта працяг заспакаеньня Расеі.

Падчас саміту я асабіста запытаў прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанку, ці не шкадуе ён, што ў Празе не было Лукашэнкі. Ён сказаў, што шкадуе. Кантэкст саміту атрымаўся такім, што непрыезд Лукашэнкі набыў меншую значнасьць. Бо не прыехаў ня толькі беларускі прэзыдэнт. Не прыехалі Сарказі, Бэрлюсконі, Сапатэра, Браўн. І ў гэтым сэнсе непрыезд Лукашэнкі не выглядае такой аплявухай яму”.

Лялькоў: “Першым і галоўным чыньнікам было тое, што Лукашэнка хацеў задэманстраваць ЭЗ, што ён годны даверу, дамоваздольны партнэр. Шмат казалі пра існаваньне джэнтэльмэнскага пагадненьня паміж Менскам і Брусэлем. Сэнс яго ў тым, што Беларусь уключаецца ў праграму, запрашэньне накіроўваецца Лукашэнку, але ён ня едзе на саміт. І беларускі кіраўнік паказаў, што здольны выконваць такія джэнтэльмэнскія пагадненьні. Хаця, пэўна, існавалі і псыхалягічныя чыньнікі, боязь скандалу ад заяваў прэзыдэнта Чэхіі Клаўса ці прэм’ера Нідэрляндаў”.
08.05.2009 20:13

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме