18:45 14.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
УЛАДЗІМЕР ПАДГОЛ: КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗЫДЭНТЫ БРАКУЕ ТЭАТРАЛІЗАВАНАСЬЦІ
У беларускага тэлегледача можа скласьціся ўражаньне, што чацьвёрты Ўсебеларускі сход не заканчваецца ўжо другі тыдзень. Штовечар па БТ ідуць рэпартажы з Палацу Рэспублікі, гучаць фрагмэнты галоўнага дакладу, у кулюарах выступаюць дэлегаты. Пра адну з галоўных прапагандысцкіх імпрэзаў улады напярэдадні выбараў мы гутарым з палітолягам Уладзімерам Падголам.
Міхась Скобла: «Уладзімер, сход прайшоў, як звычайна: дзьве з паловай тысячы чалавек паслухалі колькігадзінны даклад Аляксандра Лукашэнкі, за што трэба прагаласавалі, каго трэба падтрымалі… Але колькі пасьля гэтага сходу зьяўляецца прапагандысцкіх матэрыялаў…»Уладзімер Падгол: «Сход быў усё ж не зусім звычайным. Па-сутнасьці, падчас гэтага казённага чыноўніцкага мерапрыемства адбыўся трагікамічны спэктакль, і тычыўся ён беларушчыны. Што гэта за спэктакль? Беларуска з Эстоніі Ніна Савінава літаральна ўзарвала залю. Да яе выступу ўсе сядзелі напружаныя, хто драмаў, хто самотнічаў. І раптам у залі як быццам узьнік кветнік з душаў: усьмешкі, жвавыя твары. Спадарыня Савінава гаварыла на чысьцюткай беларускай мове, эмацыйна. Яе выступ нагадваў выступы Лукашэнкі — па манэры выяўленьня, па энэргетыцы, але ён быў па-беларуску і па сэнсе — абсалютна супрацьлеглы Лукашэнку. Насьпяваў скандал».
Скобла: «Як аднойчы, калі на адным з падобных сходаў выступіла тагачасная кіраўніца Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава — з крытычнымі закідамі ў бок улады».
Падгол: «Так, але прадстаўніца беларускай дыяспары ў Эстоніі плянавалася як пазытыўная выступоўца, яна мусіла толькі хваласьпеў агучваць. І яна быццам пачала гэта рабіць, але далей пайшлі тонкія кпіны і пад’ялдыкваньні».
Скобла: «Жывая рэакцыя залі была водгукам менавіта на беларускую мову, ці ўсё ж на тое, што на гэтай мове было сказана?»
Падгол: «Савінава пад’ялдыквала ўсіх, хто сядзеў у залі, усё чынавенства. Яна ім, па-сутнасьці, як эмацыйны пракурор ад імя беларушчыны, казала: вы хто, дзікуны, што сядзіце тут і роднай мовы ня ведаеце, не валодаеце ёю, чаму вы ёю пагарджаеце? Але гэта ўсё было сказана тонка, трапна і дасьціпна. Заля была проста шакаваная, яна звыкла арыентавацца на Лукашэнку, удзельнікі сходу чакалі ягонай рэакцыі. І вось — кветнік з усьмешак, раскрытых сэрцаў і душаў, і ўсе глядзяць на Лукашэнку: а што ён? І ён таксама на чысьцюткай беларускай мове пачаў ёй абяцаць, што мы, маўляў, таксама загаворым па-беларуску».
Скобла: «Гэтыя прыхільныя словы Лукашэнкі пра беларускую мову былі вымушаныя?»
Падгол: «Спадарыня Савінава была адзіным выступоўцам на сходзе, якога чатыры разы перапынялі авацыі. Удзельнікі сходу ёй пляскалі за беларускасьць, і Лукашэнка імгненна адчуў: калі заля так рэагуе, то ён мусіць асядлаць гэтую хвалю».
Скобла: «Паслухаем фрагмэнт запісу выступу старшыні беларускай суполкі ў Эстоніі Ніны Савінавай».
Ніна Савінава: «Я — за абарону мовы. Так ужо склалася, так кажуць, што на гэтай мове размаўляюць толькі „адданыя беларусы“. Я хачу заверыць вас, што гэта няпраўда. Ёсьць, канешне, і такія, хто выкарыстоўвае мову ў палітычных, эканамічных і ў розных такіх шкодных мэтах. Але каб ужо беларускі народ на ўсебеларускім сходзе так мала размаўляў на роднай прыгожай беларускай мове!.. Ведаеце, хочацца, каб ужо на пятым усебеларускім зьезьдзе мы з вамі размаўлялі больш па-беларуску. Аляксандар Рыгоравіч, я ведаю, што вы выдатна валодаеце беларускай мовай, бо на нашых першых сустрэчах вы зьвярталіся да нас на беларускай мове. Таму, калі ласка дамаўляемся: вы размаўляеце на беларускай мове, а мы прыяжджаем да вас. Вы — беларус, і мы таксама».
Скобла: «Уладзімер, ведаю, што вы папаўняеце сваю калекцыю выказваньняў Лукашэнкі. Ён падчас свайго выступу рэдка адхіляўся ад напісанага. З чаго я раблю выснову, што ў вашай калекцыі пасьля сходу наўрад ці нешта дадалося».
Падгол: «Акурат не, я запісаў зь дзясятак выказваньняў, якія будуць выкарыстаныя ў новым выданьні цытатніка Лукашэнкі «Народны тэлевізар». Вось адно зь іх: «Нікуды Беларусь я не павяду, як вядомы чалавек, які ў свой час па пустэльні вадзіў. Мы тут аселі. Гасподзь нам сказаў: „Будзьце тут. Тут ваша шчасьце“. Я сьвята буду берагчы гэты запавет Госпада». Лукашэнка атаясаміў сябе з Маісеем, а Маісей, як вядома зь Бібліі, калі выводзіў габрэяў з пустэльні, пэрыядычна размаўляў з Богам, і той яму падказваў, што рабіць, куды ісьці. Дык Лукашэнка сябе паставіў вышэй за Маісея. Увогуле, калі ён гэта сказаў, маё першае ўражаньне было: вось чалавек паразмаўляў з Богам, Бог сказаў яму, і ён нам перадаў. Тут рэлігіёзная тэматыка ў Лукашэнкі ірванула ад душы. А вось вам своеасаблівы верш Лукашэнкі, адзін радок: «Беларусь — гэта цэнтар, гэта душа, гэта сэрца Эўропы.»
Скобла: «У літаратуразнаўстве ён называецца манаверш — верш з аднаго радка».
Падгол: «Так. І вось перад намі на сходзе ўзьнік паэт Лукашэнка».
Скобла: «У дзень адкрыцьця афіцыйнага сходу кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў эфэктна разрэклямаваў свой сход — на Прывакзальнай плошчы. Ці быў гэты някляеўскі сход годным адказам сходу лукашэнкаўскаму?»
Падгол: «Калі б на тым сходзе ля вакзала, апрача сьпеваў, прагучалі новыя вершы, нават лірычныя, не палітычныя, я думаю, што сход прагучаў бы больш магутна. Хай бы якая новая песьня на словы таго ж Някляева прагучала, і яе, напрыклад, выставілі б усе сайты. Гэта надало б сходу ля вакзала большага розгаласу. А так атрымліваецца — працягваецца палітычнае супрацьстаяньне, і гэта зразумела, але калі штодзень адно і тое ж, гэта можа надакучыць людзям. Па сутнасьці, Лукашэнка зрабіў на сваім сходзе працяг тэледэбатаў. Ён адказаў на цэлы шэраг аргумэнтаў, якія прад’явілі яму апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Лукашэнка пачаў іх ацэньваць, гаварыць, што ўсе яны аднолькавыя. Праўда, вылучыў Рыгора Кастусёва ад БНФ як „самага шчырага, самага сумленнага“. Маўляў, Кастусёў ставіць перад сабой бела-чырвона-белы сьцяжок, размаўляе па-беларуску, але яго ніхто не разумее… І гэтыя словы Лукашэнкі выглядалі фантастычным кантрастам у параўнаньні з рэакцыяй залі на выступ Ніны Савінавай».
Скобла: «Вернемся да згаданых вамі тэлевыступаў кандыдатаў. Яны ўжо закончыліся. Хто з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду аказаўся самым яркім і запамінальным?»
Падгол: «Асабіста мне запомніўся Аляксандар Фядута — давераная асоба Някляева. Ён выступаў на радыёдэбатах. Мне запомніўся Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў Раманчука. І вось што цікавае: давераныя асобы кандыдатаў у прэзыдэнты могуць выступаць і прамаўляць значна лепш за саміх кандыдатаў у прэзыдэнты! Я вам прывяду адзін прыклад. Паглядзіце, выступаў Лукашэнка на сходзе — тры гадзіны без паўзаў, без расслабленьня, энэргетыка магутная, адчувалася, што чалавек прагне ўлады, мае сілу. І вось выступае Някляеў. Пасьля пятай хвіліны бярэ шклянку з вадой, і камэра буйна паказвае тую шклянку — Някляеў п’е ваду. Праходзіць яшчэ дзесяць хвілінаў. Някляеў зноў бярэ шклянку з вадой, зноў п’е. Адным словам — вада. Паліталягічна, навукова ўсё складзена правільна, але тая вада, тая прамова не ўзрывае, не прыводзіць да выбуху ў душах, глядач не падскоквае і не кажа: «Мой кандыдат!». Чаго не хапіла кандыдатам у прэзыдэнты, дык гэта пэўнай тэатралізаванасьці. Напрыклад, за сьпіной Някляева на задніку было напісана: «Галасуйце за Някляева». Добра. Рыгор Кастусёў паставіў перад сабой бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Цудоўна. Нават Лукашэнка быў змушаны гэта адзначыць. Але калі пачаліся тэледэбаты, я чакаў, што перад Раманчуком, кандыдатам у прэзыдэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, зьявяцца на трыбунцы невялічкія партрэты Ганчара, Захаранкі, Красоўскага і Завадзкага. Гэтыя партрэты, калі заходзіш у офіс АГП, вісяць там на сьцяне. І ўсе зразумела — партыя памятае. Ідуць тэледэбаты — партрэтаў няма. Няма гэтых партрэтаў і ў Някляева, які пакляўся гаварыць праўду. Не было гэтых партрэтаў і перад Саньнікавым, а Хартыя — адна з тых арганізацый, якія ладзіць 16 чысла кожнага месяца акцыю «Мы помнім». Здавалася б, што тут думаць? Гэтыя людзі змагаліся супраць Лукашэнкі і яны забітыя. Дык запатрабуй адказ, запатрабуй пакараньня, запатрабуй сысьці з пасады прэзыдэнта — за забойствы гэтых людзей! Прадстаўнікі нашай апазыцыі час ад часу ладзяць — некалькі дзясяткаў чалавек стаяць з партрэтамі зьніклых. А калі перад кандыдатамі паставілі сем мільёнаў выбарцаў, тэлегледачоў, ніхто з гэтага чамусьці не скарыстаўся«.
Скобла: «Гэтымі днямі многія беларускія радыёстанцыі круцяць песьню ў выкананьні гурта „Джокер-рокер“ „Саня останется с нами“. Якім вам бачыцца вынік яшчэ і такой агітацыі?»
Падгол: «Недзе глыбока ў падсьвядомасьці пасьля такой агітацыі адзіны вынік, які можа быць, — трэба галасаваць за Саньнікава. І тыя, хто думаў, што гэта агітацыя за Лукашэнку, глыбока памыліліся. А можа, гэта спэцыяльная агітацыя за Саньнікава, бо Саня аніяк не выклікае асацыяцый з Лукашэнкам. Калі б пра „бацьку“ нешта там сьпявалі — іншая справа, асацыяцыя ёсьць. А Саня з Аляксандрам Лукашэнкам — ну аніяк не вяжуцца».
Скобла: «Ці не палова кандыдатаў падчас сваіх радыё- і тэлевыступаў заклікалі людзей 19 сьнежня прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Магчыма, прыйдуць. І вось, скажам, а дзявятай вечара Аляксандар Лукашэнка ў сваёй рэзыдэнцыі адхіне фіранку і пабачыць поўную плошчу народу. І што далей? Плошча ўжо аднойчы зьбіралася…»
Падгол: «Увесь трагізм гэтай перадвыбарчай кампаніі, на мой погляд, у тым, што публічна і акцэнтавана ніводзін палітык не паставіў лёсавызначальных пытаньняў для Беларусі. А менавіта: чаму Лукашэнка падпісвае паперы аб утварэньні саюзнай дзяржавы? Ніякага рэфэрэндуму не было аб саюзнай дзяржаве, і гэта найвялікшая хлусьня. Далей. Ніхто не паставіў публічнае і акцэнтаванае пытаньне пра тое, што мы пачалі жыць у неканстытуцыйным мытным хаўрусе. Гэтае пытаньне ёсьць у праграме Кастусёва, але яно ня стала дамінантай ягонай кампаніі. Кандыдаты не падняліся на дзяржаўніцкі ўзровень. І гэта зьніжае патэнцыял Плошчы. Хіба толькі адзін Саньнікаў сфармуляваў мэту плошчы: „Я перамагу Лукашэнку ў другім туры выбараў“. Тыя, хто за Саньнікава, маюць мэту — ісьці на плошчу і патрабаваць другі тур выбараў, каб Саньнікаў перамог. А што рабіць, напрыклад, на плошчы прадстаўнікам Кастусёва? Што рабіць там прадстаўнікам Рымашэўскага? Абсалютна незразумела. Яны што, выйдуць на плошчу, і кожны будзе заклікаць да сваіх мэтаў? Калі б сёньня быў адзіны кандыдат, пытаньняў не ўзьнікала б. Мы лічым, што ён перамог, і пайшлі… Але, у прынцыпе, я зыходжу з таго, што ў кожны момант жыцьця грамадзкі ці палітычны лідэр можа зрабіць такі крок, правесьці такую акцыю, якая зламае ўсё, паверне гісторыю. І ў гэтыя лічаныя дні, што застаюцца да выбараў, у мяне яшчэ ёсьць спадзеў, што гэта адбудзецца. Маем яскравы прыклад — выступ Ніны Савінавай на заплянаваным уладай сходзе, дзе яна стала звышпапулярнай. Беларуска, нацыяналістка стала больш папулярнай за Лукашэнку».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |