16:15 18.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

УЛАДЗІМІР АРЛОЎ: “ЛІСТЫ З-ПАД ШЫБЕНІЦЫ” КАЛІНОЎСКАГА НЕ СТРАЦІЛІ СВАЁЙ АКТУАЛЬНАСЦІ І Ў НАШЫМ СТАГОДДЗІ”

2013 год абвешчаны дэмакратычнай супольнасцю Беларусі Годам Кастуся Каліноўскага. Кім з’яўляецца Каліноўскі для беларусаў? І ці ўсе памятаюць ягонае імя?

Пра гэта мы паразмаўлялі з вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым.

-- На вашу думку, ці можна паставіць Кастуся Каліноўскага на першае месца ў Пантэоне герояў Беларусі?

-- У нацыянальным пантэоне не павінна быць п’едэсталаў з прызавымі прыступкамі, як на спартыўных спаборніцтвах. Бясспрэчна, ёсць крытэрыі, паводле якіх мы далучаем або не далучаем асобу да герояў менавіта нашай гісторыі, але я не ўяўляю, якім чынам могуць вызначацца канкрэтныя месцы.

Дарэчы, калі казаць пра нараджэнне беларускай нацыі, я сам бачу Каліноўскага побач з ідэйнымі бацькамі нашага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя Іванам і Антонам Луцкевічамі, з “неадменным сакратаром Адраджэння” Вацлавам Ластоўскім...

-- Род Каліноўскіх паходзіць з Польшчы. Дык чый ён на самай справе герой -- польскі ці беларускі?

-- Род Каліноўскіх герба “Калінова”, да якога належаць продкі правадыра нашага нацыянальна-вызвольнага паўстання, на маю думку, беларускі не ў меншай, а значна ў большай ступені, чым польскі. Любы дасведчаны ў геральдыцы і генеалогіі чалавек скажа вам, што гэты род быў вельмі разгалінаваны і ягоныя прадстаўнікі, калі казаць пра ХІХ стагоддзе, знаходзіліся ў спісах шляхты Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай, Ковенскай, Валынскай і Падольскай губерняў, а таксама Каралеўства Польскага. Сям’я К.Каліноўскага жыла на беларускай Беласточчыне, на землях, якія ў мінулым належалі да Вялікага Княства Літоўскага. На свет Кастусь з’явіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павета, якая ў выніку шматлікіх “удакладненняў мяжы БССР” толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя апынулася ў складзе Польшчы. Мне здаецца, што зроблена гэта было невыпадкова.

Калі я ў 1970-я быў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ, наш змрочнай памяці прафесар Лаўрэнцій Абэцэдарскі называў Каліноўскага “полячком, который заигрывал с белорусскими мужиками”. Спробы рэанімаваць такую ацэнку робяцца і цяпер. Найлепшы адказ гэтым “адмыслоўцам” -- “Лісты з-пад шыбеніцы”, своеасаблівы запавет Каліноўскага. Яны звернуты да беларусаў. Яны напісаны па-беларуску. Яны прысвечаны будучыні Беларусі. Яны не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашым стагоддзі.

-- Не так даўно Аляксандр Мілінкевіч выказаў такую думку: “Каліноўскі, без сумневу, выбітная асоба ў нашай гісторыі. І асаблівую моц гэты чалавек набірае сёння, калі мы, як гэта адбывалася і ў ягоныя часы, змагаемся за свабоду і за незалежнасць -- і тое, і тое пад пагрозай”. Ці падзяляеце вы думку Мілінкевіча? Ці сапраўды часы цяперашнія і Каліноўскага так моцна падобныя?

-- У адрозненне ад часоў паўстання цяпер мы маем сваю дзяржаву. Але яе будучыня сапраўды пад пагрозай. Асоба Каліноўскага натхняе прыхільнікаў незалежнасці і палохае яе ворагаў -- усіх гэтых “еўраазіятаў”. 150-годдзе паўстання і 175-годдзе з нараджэння ягонага правадыра змушаюць зноў задумацца над тым, чаму ў Мінску няма помніка нашаму нацыянальнаму герою, затое ў школьных падручніках можна прачытаць ухвальныя словы пра ката паўстанцаў Мураўёва-вешальніка.

-- Як думаеце, для маладых беларусаў імя Каліноўскага сёння многа значыць?

-- Наша моладзь, як і ўсё грамадства, -- гэта шматслойны пірог, дзе можно сустрэць і людзей, што апярэджваюць свой час, і пітэкантрапаў. У кожнага свае прыярытэты.

Калісьці на старонках “Народнай Волі” я пісаў пра адначасовае існаванне дзвюх Беларусяў -- у кожнай свая мова, свае сімвалы і ідэалы, свае ўяўленні пра мінулае і мары пра будучыню. Але гістарычную перспектыву для дзяржавы захоўвае якраз тая Беларусь, для якой Каліноўскі -- нацыянальны герой. Мы бачылі гэтую Беларусь на Плошчы ў 2010-м і 2006-м. Памятаеце, як шэсць гадоў таму, на мітынгу каля намётавага мястэчка, у дзень, калі лідара паўстанцаў 1863-га пакаралі смерцю, Кастрычніцкая плошча была перайменавана ў плошчу Каліноўскага? Тысячы рук, што падтрымалі тады гэтую прапанову, належалі якраз маладым беларусам.

-- Ведаю, што вы глыбока вывучалі паходжанне імя Каліноўскага і правялі ў архівах нямала часу... Дык як на самай справе яго завуць: Вікенцій, Кастусь альбо Канстанцін?

-- Грунтоўны адказ на гэтае пытанне вы знойдзеце ў маёй выдадзенай некалькі месяцаў таму кнізе “Пакуль ляціць страла” ў эсэ “Кастусь або Вікенці?”. Так, у Каліноўскага, паводле даўняй традыцыі, што існавала ў шляхецкіх сем’ях, было два імя. Але пераканацца ў тым, як называў сябе сам наш герой, вы зможаце, узяўшы ў рукі том дакументаў і матэрыялаў “Восстание в Литве и Белоруссии 1863--1864 гг.” (М., 1965) і разгарнуўшы яго на старонках 82, 84--88, 159, 160, 167, 271--272 и г.д. Там паўсюль фігуруе Каліноўскі Канстанцін.

Што да імя Кастусь, то бацькі, сваякі і бліжэйшыя сябры, мяркую, маглі называць Каліноўскага менавіта так. Ну, хіба што з нейкімі мадыфікацыямі. Ці, можа, нехта думае, што “Марыська чарнаброва”, нарачоная паўстанцкага важака Марыя Ямант, клікала яго Вікенціем Канстанцінам?

Карыстаючыся момантам, хачу нагадаць пра не тольку прыкрую, але, я сказаў бы, зневажальную для нацыянальнай годнасці памылку. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў мемарыяльная пліта, усталяваная на тым месцы ў Вільні, дзе камандзір нашых інсургентаў зрабіў апошні зямны крок, паведамляе, што Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся ў 1836 годзе, робячы яго старэйшым на цэлыя два гады. Такія “дробязі” беларускую амбасаду, відавочна, не хвалююць. Трэба нарэшце сказаць сваё слова Таварыству беларускай культуры ў Літве.

-- Не так даўно на Радыё Рацыя ў эфір выйшла інтэрв’ю з даследчыкам падзей 1863--1864 гадоў Віктарам Хурсікам. Ён гаворыць: “Каліноўскі быў сацыял-дэмакратам. У яго не было нацыянальнай ідэі. Дарэмна, што зараз яго імкнуцца прадставіць нацыянальным героем Беларусі. Ён быў такім жа героем, як і рэвалюцыянеры 1917 года”. Вы згодны з такім меркаваннем?

-- Абсалютна не згодны і мог бы пункт за пунктам разбіць згаданыя сцвярджэнні. Аднак гэта ўжо бліскуча зрабіў у апошнім нумары “Нашай Нівы” доктар гісторыі Алесь Смалянчук, якога я лічу, калі казаць пра сучаснікаў, адным з найбольш глыбокіх даследчыкаў гісторыі паўстання 1863--1864 гадоў.

-- На апошняй прэс-канферэнцыі А.Лукашэнку запыталі пра супольныя мерапрыемствы з Польшчай да 150-годдзя паўстання Каліноўскага? “Я пра такія мерапрыемствы не ведаю. Калі будзе такое жаданне, то чаму б і не...” На вашу думку, ці павінны такія гучныя гістарычныя даты адзначацца ў Беларусі на больш высокім ўзроўні, з шырокім прыцягненнем увагі грамадскасці?

-- Я перакананы, што прыйдзе час, калі такія даты будуць у нашым дзяржаўным календары.

Марына Коктыш    

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме