11:32 17.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
УЛАДА ПАВІННА БЫЦЬ АДКАЗНАЮ ПЕРАД ГРАМАДЗЯНАМІ. ЗАЯВА ЦЭНТРАЛЬНАГА КАМІТЭТА БСДП
Заява Цэнтральнага Камітэта БСДП
Калі свет уступаў у паласу глабальнага эканамічнага крызісу, урад Беларусі неаднаразова запэўніваў грамадзян, што праблемы, якія ахапілі Захад, не датычаць Беларусі і гэтак званай беларускай эканамічнай мадэлі, а калі й датычаць, то ў мінімальнай ступені. Мала таго, урад абяцаў грамадзянам стабільнасць фінансавай сістэмы і на працягу некалькіх месяцаў настойліва праводзіў кампанію па прыцягненню сродкаў насельніцтва ў банкі. Тым часам кошт амерыканскага долара няўхільна рос. Дасведчаныя эканамісты прадказвалі дэвальвацыю рубля на 20 працэнтаў. Калі за адзін долар пачалі даваць 2200 рублёў, кіраўнік выканаўчай улады сказаў: “Усё, нельга больш”. 18 снежня 2008 года ён прылюдна заявіў, што на пачатку 2009 года курс беларускага рубля ўпадзе не больш чым на 5 адсоткаў. І большасць грамадзян чарговы раз паверылі абяцанням улады.
Што здарылася на пачатку новага года, ведае кожны: спраўдзіўся прагноз незалежных эканамістаў, замест абяцаных 5 адсоткаў беларускі рубель дэвальваваны адразу на 20,5 працэнта.
З міфам пра нейкую асаблівую беларускую эканамічную мадэль, якой не датычаць праблемы сусветнай эканомікі, можна развітацца. Народная гаспадарка Беларусі ў значнай ступені залежыць ад імпарту і экспарту, і фінансавыя праблемы, якія пачаліся ў далёкім і блізкім замежжы, не маглі не закрануць грамадзян Беларусі і рэальны сектар беларускай эканомікі.
Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) канстатуе, што ў краіне пачаўся эканамічны крызіс, які ахапіў усе галіны народнай гаспадаркі і ўжо закрануў амаль кожную сям’ю.
Істотна абвастрылася праблема экспарту. У сувязі з гэтым расце схаванае беспрацоўе. Мноства прадпрыемстваў перайшло на няпоўны рабочы тыдзень або на скарочаную зменнасць працы, а на перыяд ад 25 снежня 2008 года да 12 студзеня 2009 года наогул прыпыніла вытворчаць.
Можна было б спадзявацца, што дэвальвацыя рубля будзе спрыяць экспарту беларускай прадукцыі, ажыўленню вытворчасці. Але з 2 студзеня выраслі цэны на імпартныя тавары, у тым ліку на патрэбныя прамысловасці сыравіну і паўфабрыкаты. У бліжэйшы час гэта прывядзе да росту цэн на вырабы беларускіх прадпрыемстваў.
Падаюць і будуць падаць рэальныя заробкі большасці насельніцтва. Грамадзяне, якія назапашвалі грошы для куплі жылля і рэчаў працяглага карыстання і захоўвалі свае зберажэнні ў беларускіх рублях, цяпер падлічваюць страты. У дадатак да гэтага ўрад на 12–20 працэнтаў (у залежнасці ад віду паслуг) падняў кошты на жыллёва-камунальныя паслугі. Павялічаны і працэнтныя стаўкі жыллёвага крэдытавання, а шэраг банкаў, у тым ліку “Беларусбанк”, наогул прыпынілі выдачу жыллёвых крэдытаў. Для тысяч сем’яў, якія жывуць у камунальных кватэрах, інтэрнатах і бараках, зноў аддаляецца перспектыва набыцця паўнацэннага жылля.
Урад Беларусі вырашыў перакласці цяжар фінансавых праблем на плечы простых грамадзян – пенсіянераў, рабочых і педагогаў, медыкаў і сялян. Калі ж узяць пад увагу праведзенае уладай раней пазбаўленне мільёнаў людзей ільгот, відавочным становіцца, што Беларусь – насуперак Канстытуцыі – цяжка назваць сацыяльнаю дзяржаваю.
Улада сама разбурае дэклараваную ёю сацыяльную раўнавагу. У той час як падаюць вытворчасць і заробкі людзей наёмнай працы, як павышаюцца кошты жыллёва-камунальных паслуг і стаўкі жыллёвага крэдытавання, растуць паборы са студэнтаў і пацыентаў медыцынскіх устаноў, у дадатак уводзіцца адзіная стаўка падаходнага падатку – 12 працэнтаў. Такім чынам ліквідуецца адна з выдатных заваёў у барацьбе за сацыяльную дзяржаву – прагрэсіўны падатак.
Адзіная стаўка падаходнага падатку ўведзена ў інтарэсах наваспечаных багацеяў. Калі ж узяць пад увагу тое, што паспяховымі капіталістамі ў Беларусі могуць стаць толькі тыя, каму гэта дазваляе ўлада, новы закон аб падаходным падатку ўлада ўвяла ў сваіх інтарэсах. Пасля гэтага зразумела, чаму ўлада так і не ўвяла яшчэ адзін падатак, прыняты ва ўсіх сацыяльных дзяржавах, – падатак на маёмасць. Атрымліваецца, што ўладальнікі асабнякоў з саўнамі, гаражамі і пазалочанымі ўнітазамі нясуць тыя ж фінансавыя абавязкі перад грамадствам, што і насельнікі пакояў у інтэрнатах і бараках. Гэта пярэчыць прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.
Каб выйсці з цяжкой фінансавай сітуацыі і дапасаваць Беларусь да сусветнай эканомікі, урад вырашыў распрадаць агульнанародную маёмасць. Зацверджаны спіс з 519 дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ў бліжэйшыя два гады падлягаюць прыватызацыі.
Сацыял-дэмакратыя па сваёй прыродзе не лічыць прыватызацыю адзіным выйсцем са складанай эканамічнай сітуацыі, тым больш яна не можа вітаць прыватызацыю дзеля прыватызацыі. Асабліва сацыял-дэмакраты звяртаюць увагу на тое, што ў запланаванай прыватызацыі найбольш прыбытковых прадпрыемстваў удзел працоўных не прадугледжаны. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўрад стаў на шлях стварэння ў Беларусі алігархічнага капіталізму.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) усведамляе, што ў Беларусі павінны прайсці эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні. Але гэтыя пераўтварэнні не могуць праводзіцца ў адрыве ад палітычных перамен. Рэформаў патрабуе ўся канструкцыя дзяржаўных органаў, якія не маюць цяпер зваротнай сувязі з грамадзянамі, адгарадзіліся ад іх пастамі міліцыі, турнікетамі і “рагаткамі”. Улада – як цэнтральная, так і мясцовая – павінна быць адказнаю перад грамадзянамі, У першую чаргу ўлада павінна быць сацыяльна адказнаю.
Беларуская сацыял-дэмакратыя не прымае перакладвання цяжкасцяў эканамічнага крызісу на плечы людзей наёмнай працы. Больш за тое, сацыял-дэмакраты не лічаць, што час эканамічнага крызісу – самы спрыяльны час для правядзення эканамічных пераўтварэнняў, бо ёсць пагроза, што пад выглядам барацьбы з крызісам ў краіне можа ўсталявацца плутакратыя. І ўсё ж калі ўлада не адмовіцца ад сваіх намераў, яна павінна ўзяць на сябе сацыяльныя абавязацельствы і прытрымлівацца наступных мінімальных сацыяльных арыенціраў:
1. У інтарэсах грамадзян – і перш за ўсё людзей наёмнай працы, моладзі і пенсіянераў – неадкладна прыняць закон аб парадку правядзення дэвальвацыі беларускага рубля.
2. Увесці прагрэсіўны падатак на даходы грамадзян і падатак на маёмасць.
3. Не павышаць (у пераліку на долары або еўра) узровень тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі на перыяд 2009–2010 гг.; на гэты перыяд за кошт бюджэтных датацый знізіць плацяжы за паслугі ЖКГ малазабяспечаным грамадзянам, у першую чаргу пенсіянерам, інвалідам і шматдзетным сем’ям.
4. Для папярэджання росту беспрацоўя прыняць пастанову ўрада аб спецыяльным ліміце – абмежаванні скарачэння рабочых месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах у 2009–2010 гг.
5. Павысіць першасную – на працягу 3 месяцаў – дапамогу па беспрацоўю да 30% ад заробку на апошнім месцы працы; у наступныя месяцы выплачваць дапамогу паводле дзеючых цяпер нарматываў.
6. Дзеля росту занятасці:
– стымуляваць дзяржаўныя прадпрыемствы дзеля стварэння імі новых рабочых месцаў, у тым ліку шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў з беларускімі прыватнымі фірмамі;
– спрасціць да мінімуму працэдуру рэгістрацыі новай прыватнай фірмы з тым, каб яна магла быць зарэгістравана за адны суткі; скасаваць усе віды ліцэнзавання за выключэннем ліцэнзавання тых відаў дзейнасці, што звязаны з аховай здароўя і фізічнай бяспекай людзей.
7. Знізіць цэны харчавання студэнтаў і вучняў у студэнцкіх і школьных сталоўках за кошт бюджэтных датацый.
8. У сувязі са зніжэннем сусветных цэнаў на нафту ў тры разы аднаразова у І квартале знізіць кошт бензіну 2 разы; у далейшым рэгуляваць кошт бензіну ў адпаведнасці з цэнамі на нафту на сусветным рынку.
9. Спыніць далейшую камерцыялізацыю дзяржаўных навучальных і медыцынскіх устаноў.
10. Унесці змяненні ў працоўнае і прафсаюзнае заканадаўства:
– адмяніць заключэнне працоўных кантрактаў у цяперашняй форме пры найме работнікаў па працу; захаваць працоўныя кантракты толькі для кіраўнікоў буйных вытворчых падраздзяленняў (начальнік змены, цэха), вядучых і галоўных спецыялістаў;
– вярнуць прафсаюзам правы пры вырашэнні пытання аб звальненні наёмнага работніка;
– вярнуцца да паўнацэннай трыпартысцкай сістэмы, якая прадугледжвае заключэнне калектыўных дагавораў, тарыфных і генеральных пагадненняў з удзелам усіх прафсаюзных аб’яднанняў;
– вярнуць у Працоўны кодэкс раздзел аб саветах працоўных калектываў.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) адкрыта для абмеркавання палітычных, сацыяльных і эканамічных праблем з усімі органамі ўлады, партыямі, інстытутамі грамадзянскай супольнасці, у першую чаргу з прафсаюзамі. Сацыял-дэмакраты ўпэўненыя, што толькі шляхам шырокага абмену думкамі можна знайсці адэкватныя адказы на выклікі часу.
9 студзеня 2009 г.
г. Мінск
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме