15:06 21.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

УЛАДА, АПАЗЫЦЫЯ І ГОСЬЦІ

Адразу дзьве парлямэнцкія дэлегацыі – з Фінляндыі ды Чэхіі знаходзяцца цяпер у Менску. Мэта ў іх аднолькавая – маніторынг сытуацыі ў Беларусі.

Сёньня Ян Касал і Ян Ядлічка з Чэхіі - краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, сустрэліся з апазыцыйнымі палітыкамі і прадстаўнікамі грамадзкай супольнасьці. Яны падкрэсьлілі, што беларускае пытаньне зьяўляецца пытаньнем агульнаэўрапейскім. І таму Эўропе так важна ведаць, што зьмяняецца ў краіне.

Фінская дэлегацыя, якую ачольвае Эркі Туоміё, больш прадстаўнічая – шэсьць дэпутатаў. Учора ўвечары яны таксама сустракаліся з палітыкамі, праваабаронцамі, журналістамі. Парлямэнтары паведамілі, што па вяртаньні яны выкладуць свае прапановы для парлямэнту і ўраду, па якіх кірунках можна супрацоўнічаць з Беларусьсю.

Беларускі бок лічыць, што ў краіне пачаліся кропкавыя перамены. Але дагэтуль яны не сталі сыстэмнымі. З гэтага і трэба сыходзіць пры ацэнцы сытуацыі.

Абедзьве дэлегацыі таксама сустракаліся з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі. І чэхі, і фіны пагадзіліся з прапановай апазыцыі – надалей праводзіць такія сустрэчы не паасобку, а ў фармаце “круглага стала” – улада, апазыцыя і госьці.
      21.01.2009 12:31

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме