01:15 20.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Верхнядзвінску актывісты вырашылі зрабіць узорны двор











Хто з нас не хоча жыць у акружэнні чысціні і прыгажосці? Гаспадары прыватных дамоў рэалізуюць гэта жаданне, нястомна працуючы на сваіх участках і ствараючы новыя і новыя кветнікі і малыя формы. Што да насельнікаў шматкватэрных дамоў, тут сітуацыя больш складаная: рэдка ўбачыш, каб яны самі касілі газоны або садзілі на клумбах кветкі — найчасцей чакаюць такіх паслуг ад камунгаса. А паколькі магчымасці арганізацыі абмежаваныя, не вылучаюцца нашы агульныя двары ўтульнасцю і арыгінальнасцю.

Выправіць гэту недарэчнасць вырашылі ўдзельнікі жаночай суполкі “ІніцыЯ+ТЫва” – пры падтрымцы раённага Савета дэпутатаў і ДРУВП ЖКГ яны ўзяліся за добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі па вуліцы Кабзуна райцэнтра.


Ініцыятары праекта ўпэўнены: «Утульны дворык» можна стварыць самім!

Ідэя прыйшла падчас падрыхтоўкі да святкавання 630-годдзя Верхнядзвінска. Як вядома, да юбілею ажыццяўляюцца розныя праекты, жыхарамі і арганізацыямі рыхтуюцца падарункі гораду. Нераўнадушныя да свайго населенага пункта людзі вырашылі зрабіць тое, што, на іх погляд, найбольш патрэбна ўсім і адпавядае ўласным магчымасцям – добраўпарадкаваць двор па вуліцы Кабзуна, 11. Для атрымання інвестыцый сталі ўдзельнікамі конкурсу, аб’яўленага Міжнароднай асацыяцыяй мясцовых абшчын “ALDA”, згодна якога ініцыятыўная група рыхтуе праект і далучае да работы па яго ажыццяўленні мясцовае насельніцтва. Праект быў напісаны Валянцінай Болбат пры падтрымцы абласной жаночай ініцыятывы “Гармонія” і адобраны арганізатарамі конкурсу. Але пад яго выдзяляюць мінімальную суму – асноўныя работы неабходна праводзіць самастойна.


Ініцыятыўная група звярнулася за дапамогай у раённы Савет дэпутатаў і ДРУВП ЖКГ. Ідэю завадатараў добрай справы падтрымалі. Старшыня райсавета дэпутатаў І. Ф. Козел, якая курыруе правядзенне раённага конкурсу па добраўпарадкаванні, паабяцала садзейнічанне і падтрымку дэпутатаў у арганізацыі работ. Тым больш, што вопыт суседніх раёнаў паказвае рэальную карысць ад удзелу ў міжнародных праектах — гэта дазваляе адкрыць новыя аб’екты добраўпарадкавання.

Верхнядзвінскім ініцыятарам прапанавалі дапамогу ў мабілізацыі людзей, сродкаў, прадастаўленні тэхнікі, саджанцаў, вады для паліву, выкананні іншых работ. Удзельнікі праекта неадкладна прыступілі да справы.

Да пачатку работ двор быў непрыглядным: вытаптаная трава, паўзасохлыя кусты і дрэвы, разваленая пясочніца, бур’ян. Актывісты, у ліку якіх верхнядзвінскія жыхары Тамара Кецкіна, Ніна Вырлан, Алег Шулья, Ігар Пішчулёнак, Кацярына Хоміч, Валянціна Болбат, Людміла Самадумская, Валянціна Шумская, Таццяна Барысава і наваполацкія члены экалагічнай ініцыятывы Таццяна Трафімава, Яўген Вільскі, Генадзь Вазьміцель, Дзмітрый Баравок і Міхаіл Бівончык, выканалі першыя работы: выкарчавалі хмызняк, убралі бур’ян, знялі дзёран, сфарміравалі кветнікі і газоны, пасадзілі зялёныя расліны і кветкі. Работнікі камунгаса дапамагалі вывозіць смецце, раўняць глебу, паліваць саджанцы, ААТ «Бялькоўшчына» даставіла грунт.

Двор прыгажэў на вачах, набываў акуратны і дагледжаны выгляд. Але ў планах “ІніцыЯ+ТЫвы” – не проста навядзенне парадку, а стварэнне ўзорнай грамадскай пляцоўкі, якая ў поўным сэнсе адпавядала б паняццю “Утульны дворык”. Арганізатары плануюць прыгожа размясціць тут казацкі ядловец, туі, плакучыя івы, дэкаратыўны арэшнік, хосты, белую гартэнзію, іншыя расліны. Задумалі аформіць незвычайнага выгляду кветнікі, абвіць зелянінай альтанку, зрабіць крытую пясочніцу. Намецілі выканаць іншыя работы, якія надавалі б тэрыторыі адметны выгляд.

І, як адзначаюць актывісты, вынік працы будзе тым адчувальней, чым больш людзей далучыцца да гэтай ініцыятывы. Працуючы на двары, яны лавілі зацікаўленыя позіркі прахожых, чулі пытанні наконт таго, што плануюць зрабіць. Але ніхто не падключыўся да справы, каб аддаць час і сілы на добраўпарадкаванне тэрыторыі, дзе жывуць самі, дзе гуляюць іх дзеці. Удзельнікі праекта разлічваюць на тое, што жыхары навакольных дамоў падтрымаюць іх ініцыятыву. Мяркуюць таксама абыйсці кватэры, каб сабраць у якасці самаабкладання добраахвотныя ахвяраванні для закупу неабходных матэрыялаў – гэтыя сродкі будуць акумулявацца ў ЖКГ і выкарыстоўвацца на добраўпарадкаванне і догляд двара.

Усе, хто жадае зрабіць асяроддзе свайго пражывання больш камфортным, могуць звяртацца па тэлефонах (33)6122362 і (33)6958501 і заяўляць аб сваіх формах удзелу ў добраўпарадкаванні.

Прыклад ініцыятараў праекта варты пераймання і іншымі насельнікамі шматкватэрных дамоў – толькі ад нас саміх залежыць, наколькі ўтульнымі і прыемнымі сэрцу будуць нашы агульныя дворыкі. Арганізатары ж раённага конкурсу па добраўпарадкаванні абавязкова ацэняць намаганні мясцовых ініцыятыў пры падвядзенні вынікаў конкурсу.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме