14:15 13.08.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
У Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры
Расказвае Валянціна Болбат, навуковы супрацоўнік музея імя І. Чэрскага, кіраўнік віцебскіх сацыял-дэмакратаў:
--Расіца--святое месца для жыхароў нашага раёна. Менавіта ў Расіцкім касцёле, падчас карнай аперацы "Зімовыя чары" у 1943 годзе, разам са святарамі-- Антоніем Ляшчэвічам і Юрыем Кашырам было спалена каля паўтары тысячы чалавек. Вячаслаў Пялінак, які некалі служыў у Расіцкім касцёле і распачаў працу па яго аднаўленню, выдаў кнігу "Росіцкія святыя", у якой распавёў пра жыццёвы шлях двух простых людзей, якія дзеля людзей пайшлі на смерць. І кожны жнівень, у яго першы тыдзень, Расіца становіцца месцам паломніцтва пілігрымаў, вернікаў...
А напярэдадні гэта падзеі я ўнесла прапанову ад правядзенні дзеннай валанцёрскай акцыі па добраўпарадкаванню тэрыторыі Расіцкага касцёла. Дванаццаць валанцёраў працавалі на праполцы кветнікаў, добраўпарадкаванні "Дарогі памяці" да мясцовых могілак, падрыхтоўцы памяшкання да прыёму пілігрымаў.
Па матэрыялах мясцовага друку:
" У жніўні ў Росіцы адзначаюцца ўгодкі кананізацыі пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. І хаця духоўныя сустрэчы штогод маюць адну тэму, яны заўсёды непаўторныя. Як новымі фарбамі ззяюць ля касцёла каскады кветак, так людзі, што збіраюцца ў Росіцу з розных куткоў свету, па-новаму адкрываюць для сябе каштоўнасці веры. У малітоўным роздуме, у словах пастыраў, у асэнсаванні росіцкіх падзей, у самой атмасферы гэтага святога месца крыецца бездань духоўнага пажытку для чалавека.
Сёлета Росіца зноў сустракала сотні гасцей і пілігрымаў з Беларусі і замежжа. Каля 250 чалавек прыйшлі сюды пешшу з Барысава, Друі і Полацка. Прыбыла таксама веласіпедная пілігрымка з 40 чалавек. На аўтобусах прыехалі вернікі з Мінска, Барысава, Жодзіна, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Верхнядзвінска, іншых мясцін. Сярод замежных пілігрымаў былі госці з Расіі, Польшчы і Германіі.
Удзел ва ўрачыстасцях прымалі Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі біскуп Францішак Кісель, дэлегат ордэна Марыянаў Польскай правінцыі Тадэвуш Бычкоўскі, візітатар Апостальскі грэка-католікаў Сяргей Гаек, іншыя духоўныя асобы.Свецкую ўладу на ўрачыстасцях прадстаўлялі супрацоўнікі райвыканкама на чале з намеснікам старшыні Т.В.Сявалкінай.
Святыня як заўсёды сустракала гасцей прыгожым і велічным выглядам. Пробашч касцёла Часлаў Курэчка стараецца, каб усё на гэтым асобым месцы было адметным і запамінальным. Навокал Храма добраўпарадкавана тэрыторыя, пераліваецца вясёлкавымі фарбамі мора кветак, зелянее і іскрыцца барвянымі кропелькамі барбарысу жывая Алея Памяці, у возеры і штучных сажалках уражваюць незвычайныя белыя, ружовыя і чырвоныя гарлачыкі. Святар з падтрымкай раённай і сельскай улады атрымлівае дапамогу працоўных калектываў, у Росіцу прыязджаюць валанцёры, школьнікі і моладзь.
На працягу двух дзён доўжылася праграма ўрачыстасці. Вернікі маліліся за ўмацаванне духоўнасці на роднай зямлі і ва ўсім свеце; сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — любові, дабрыні, ахвярнасці, міласэрнасці, чысціні; усталяванне міру і ўзаемаразумення паміж людзьмі. Усе, хто прыходзіць у святыню, маюць і свае просьбы і маленні да Бога — аб здароўі, цвярозасці, згодзе ў сем’ях і многія іншыя. І як сцвярджаюць наведвальнікі Храма, Росіца чыніць цуды! Шматпакутнае і намоленае месца мае сілу пазбаўляць ад злога, рассейваць расчараванні і дарыць надзею. Для гэтага трэба толькі адкрыць сэрца да Бога і даверыць Яму свае шчырыя памкненні.
Аб гэтым гаварыў у звароце да вернікаў айцец Тадэвуш Бычкоўскі. Ён нагадаў вялікі сэнс подзвігу росіцкіх святароў, якія добраахвотна прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваю паству ў час выпрабаванняў. Тым самым яны паказалі прыклад вернасці свайму святарскаму абавязку, трываласці ў вызнаванні веры, вялікай ахвярнасці і любові.
Пасля начной Літургіі ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі ў Працэсіі святла да месца пакутніцкай смерці ахвяр вайны.
Упрыгажэннем малітоўнай праграмы стаў канцэрт духоўнай і класічнай музыкі Беларускай філармоніі.
Айцец Часлаў запрасіў усіх, хто прагне духоўнага ўзбагачэння і падтрымкі, часцей наведваць Росіцкі Храм і маліцца да Благаслаўлёных пакутнікаў, якія з’яўляюцца моцнымі заступнікамі нашай зямлі.
С. Аляксандрава.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме