17:45 13.03.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Менску праходзіць зьезд БСДП «Грамада»












У Менску праходзіць зьезд БСДП «Грамада»: «Гавары праўду» падазраюць у спробах захопу найстарэйшай партыі

Адна з галоўных інтрыгаў цяпершняга зьезду — выбары новага старшыні і яго намесьнікаў. Барацьба будзе ісьці паміж Ірынай Вештард і групай Ігара Маслоўскага.

13.03.2016 12:25

«», — распавёў Свабодзе заснавальнік БСДП «Грамада» Анатоль Сідарэвіч (гл. ніжэй).

Адна з галоўных інтрыгаў цяпершняга зьезду — выбары новага старшыні і яго намесьнікаў. Барацьба будзе ісьці паміж цяперашняй старшынёй Ірынай Вештард і групай Ігара Маслоўскага, якая заявіла свае прэтэнзіі на кіраўнічыя пасады. Групу Маслоўскага ўнутры партыі абвінавачваюць у тым, што яна стварыла «ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы зьезду і рэфармаваньні партыі».

Ігар МаслоўскіІгар Маслоўскі

Сам Ігар Маслоўскі напярэдадні зьезду заявіў, што чакае, што зьезд пройдзе ў канструктыўнай форме.

«Чакаю, што зьезд возьме накірунак на перамены ў партыі і ў краіне, і што ўсё пройдзе добра...Мяне вылучылі дзьве канферэнцыі, я буду вылучацца на пасаду кіраўніка партыя. І нашая праграма- гэта перамены. БСДП павінна быць партыяй дзеяньняў. На жаль, зараз мы гэтага сказаць ня можам. Зараз мы выглядаем у параўнаньні зь іншымі трошачку слаба. У нас няма агульнанацыянальнай кампаніі. У нас у многіх рэгіёнах адсутнічае дзейнасьць. Думаю, што пасьля зьезду будзе больш дзеяньняў», — кажа Маслоўскі.

Ірына ВештардІрына Вештард

Цяперашняя кіраўнічка партыі Ірына Вештард кажа, што чакае «добрага надвор’я і сонечнага настрою. А найперш —дэмакратычныя выбары ў наступную прэзыдэнцкую кампанію».

«Я заўсёды верыла ва ўсё лепшае», — кажа Ірына Вештард. На пытаньне пра магчымыя перамены ў партыі Вештард адказвае ўхільна.

Маслоўскі ж мяркуе, што ніякага расколу ў партыі няма:

«Гэта звычайная ўнутрыпалітычная канферэнцыя і лічу, што гэта нармальна. Гэта прымушае рухацца наперад», — кажа ён.

Напярэдадні зьезду сябра Цэнтральнага Камітэту Грамады, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец так пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю ў партыі:

«У нашай партыі ідзе барацьба са зьявай, якая атрымала нефармальную назву "гопніцтва" — ад "Гавары праўду". Гэта азначае, што ў партыі ёсьць плынь, якую ачольвае спадар Маслоўскі і якая лічыць, што ў сыстэму Лукашэнкі можна ўпісацца, убудавацца і такім чынам атрымаць статус "канструктыўнай апазыцыі".

І ёсьць другая плынь — на шчасьце, пасяджэньне ЦК паказала, што яна ў бальшыні, — якая лічыць, што гэта згубны шлях. Ён можа прывесьці да канчатковага расколу нашай партыі.
Спадзяюся, што зьезд пройдзе бяз гучнага скандалу, але аб’ектыўна мушу прызнаць, што чарвяк «гопніцтва» партыю пахіснуў. І ня толькі нашу.

Сытуацыя складаная. Я асабіста супраць таго, каб партыя ператварылася ў прыдатак структуры Дзьмітрыева — Караткевіч. Спадзяюся, што зьезд пройдзе бяз гучнага скандалу, але аб’ектыўна мушу прызнаць, што чарвяк «гопніцтва» партыю пахіснуў. І ня толькі нашу. Частка людзей, я назваў бы іх палітбізнэсоўцамі, найперш Андрэй Дзьмітрыеў, які да «Гавары праўду» быў адным з кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэтым карыстаюцца і хочуць стаць, мякка кажучы, «памагатымі рэжыму»».

Паводле рэглямэнту зьезд працягнецца да 17 гадзіны.

* * *

Алег Трусаў: Напярэдадні выбараў “Гавары праўду” рыхтуе захоп БСДП

13/03/2016 - 12:23На сходзе дэлегаты павінны абраць кіраўніцтва партыі.

Напярэдадні сходу стала вядома, што па прапанове ЦК партыі на пасаду старшыні партыі зноў будзе вылучана Ірына Вештард. Адначасова, аб сваіх прэтэнзіях на кіруючыя пасады заявіла група сяброў партыі — актывістаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, якія стварылі ў кастрычніку мінулага году „ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы з’езду і рэфармаванні партыі“. Большасць сброў партыі палічыла гэта спробай “рэйдарскага” захопу партыі грамадзянскай кампаніяй “Гавары праўду”.

Дзеючая старшыня партыі Ірына Вештард ухіляецца ад адказу пра пагрозу "рэйдарства".

Вештард:“Мяне ніхто не спрабуе падмяць, яны (актывісты і прадстаўнікі “Гавары праўду” – Еўрарадыё) да мяне не ходзяць. Але на маю думку, я тая жанчына, якая мае пазіцыю, якая прадказальная і паслядоўная”…

Адмаўляе падазрэнні ў спрыянні “рэйдарскаму” захопу партыі і галоўны альтэрнатыўны прэтэндэнт на пасаду старшыні партыі, актывіст “Гавары праўду” Ігар Маслоўскі.

Маслоўскі: “Мяне на пасаду кіраўніка вылучыла Брэсцкая абласная канферэнцыя і Гомельская абласная канферэнцыя. Падтрымалі мяне і на канферэнцыі ў Віцебскай вобласці. Ценявы аргкамітэт – гэта ўмоўная назва, можна было як заўгодна назваць. Мы проста дамовіліся, што ў выпадку нашай перамогі мы будзем праводзіць рэформы, накіраваныя на актывізацыю працы БСДП, на працу з мэтавымі групамі. Гэта галоўная мэта і аргкамітэту і нашай групы, калі яна будзе ў складзе кіраўніцтва партыі. А “Гавары праўду”… Наша партыя была да іх з’яўлення, ёсць сёння і будзе надалей”.

Але сябры партыі Мечыслаў Грыб і Алег Трусаў упэўненыя, што напярэдадні парламенцкіх выбараў “Гавары праўду” было б вельмі карысна займець “кішэнную партыю”.

Грыб: “У нас ёсць афіцыйная шыльда, мы афіцыйна зарэгістраваная партыя. І гэтай шыльды дастаткова, каб праводзіць сваю палітычную дзейнасць. У нас ёсць партыі, якіх фактычна няма, але ў іх ёсць афіцыйная шыльда і яны дзесяцігоддзямі дастаткова паспяхова карыстаюцца гэтай шыльдай. А што з сябе ўяўляе “Гавары праўду”? незарэгістраванае грамадскае аб’ядананне!”

Еўрарадыё: Што не перашкаджае ім з дэпутатамі і міністрамі сустракацца!

Трусаў: Гэта іншая справа. А як ім стаць кандыдатамі ў дэпутаты? Сабраць 1 тысячу подпісаў за вылучэнне. А захопліваюць партыю – а партыі элементарна на сходзе вылучаюць. Таму гэты рэйдарскі захоп і рыхтуецца! А грошы ім ідуць з Расіі – мы ж усё ведаем, адкуль ідзе фінансаванне”.

Па словах Мечыслава Грыба, калі вылучэнцы “ценявога аргкамітэту” сумленна перамогуць падчас галасавання, партыйцы гэта прымуць і будуць працаваць пад іх кіраўніцтвам. Галоўнае, каб не было парушэнняў Статуту партыі.

Дарэчы, па словах Ірыны Вештард БСДП (Грамада) будзе браць удзел у сёлетніх парламенцкіх выбарах. Ужо нібыта нават складзены папярэдні спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Праўда, колькасць не называе. Як і не кажа, ці да канца яны будуць змагацца за дэпутацкія мандаты, ці здымуцца на нейкім этапе.

На з’езд не прыехала сябра БСДП (Грамада), сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч.

Фота Змітра Лукашука

* * *

«У партыю прыйшлі людзі, якія прынцыпова не размаўляюць па-беларуску» — Заснавальнік БСДП «Грамада» Анатоль Сідарэвіч

«Чаму вы не ідзеце на зьезд?» – пытаемся мы ў Анатоля Сідарэвіча. «А мне гэта нецікава», — адказвае ён.

Анатоль Сідарэвіч

13.03.2016 13:25

У нядзелю, 13 сакавіка, у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў праходзіць чарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Анатоль Сідарэвіч, які быў і сябрам цэнтральнага камітэту, намесьнікам старшыні, кіраўніком справаў і нават старшынём партыі (у 2010-2011) сёньня застаецца на пасадзе рэвізора менскай гарадзкой арганізацыі.

«Чаму вы не ідзеце на зьезд?» – пытаемся мы ў Анатоля Сідарэвіча.

«А мне гэта нецікава», – адказвае гісторык, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратыі разам з Міхасём Чарняўскім і Міхасём Ткачовым, які калісьці 26 год публічна абвяшчаў пра стварэньне партыі.

Сідарэвіч публічна заяўляе пра дэградацыю партыі і спробы яе захопу з боку руху «Гавары праўду». Кажа, што такое з партыяй не ўпершыню, і вылучэньне Аляксандра Казуліна ад партыі ў 2006 годзе ў кандыдаты ў прэзыдэнты адбывалася па падобнай жа схеме.

«У нас склалася фракцыя «ГоП», як мы называем, «Гавары праўду» (далей ГП. — РС). Гэта першы намесьнік старшыні партыі Ігар Маслоўскі, намесьнік старшыні партыі Ганна Канюс. Гэта ўсё зь Берасьця. З Полацка – Вільскі, зь Віцебская вобласьці – Болбат. З гомельскай вобласьці – Шабетнік, там жа Лінкевіч і з нядаўна выключаная з партыі Жана Семянтовіч зь Менску.

Гэтыя людзі паставілі задачу, стварылі ценявы, таемны ад партыі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы зьезда. Яны ўжо разьмяркоўвалі, дзе колькі будзе дэлегатаў, каго яны «скінуць»... адным словам, зусім не саромеліся выразаў і рыхтуюць учыніць у партыі пераварот. Паколькі яны ўсе людзі на ўтрыманьні ў Дзьмітрыева (Андрэй Дзьмітрыеў – адзін з лідэраў руху «Гавары праўду». — РС) і адпаведна ў тых, хто стаіць за Дзьмітрыевым, то пераварот накіраваны на тое, каб нашую партыю выкарыстаць для ГП.

Яшчэ ў жніўні месяцы я пачуў з вуснаў Сяргея Вазьняка (адзін з прадстаўнікоў руху «Гавары праўду». – РС), што «Гавары праўду» – гэта партыя. Прыяжджала ў сьнежні дэлегацыя эўрадэпутатаў і гэтая дэлегацыя зрабіла справаздачу, у якой гаворыцца, што ГП мае намер перарасьці ў партыю. А паколькі новыя партыі з 2000-га году ўлада не рэгіструе, то задача ГП, як я разумеў, інфільтравацца ў БСДП. Яны ж хочуць вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты (у парлямэнт – РС)... Але большая імавернасьць, што зарэгіструюць, калі вылучаюцца партыяй. Таму ім трэба авалодаць партыяй нашай, каб сваіх людзей вывесьці на выбарчую кампанію.

У іх ёсьць спадзяваньне, што ўлада «выдасьць» пару-тройку месцаў у «палатцы» ім. Гэта «ружовая мара» была ў 2000-м годзе. Пра гэта марыў Статкевіч, і нічога ў яго не атрымалася. У 2008 годзе пра гэта марыў Ляўковіч (Анатоль Ляўковіч – старшыня БСДП да Аляксандра Казуліна. – РС) і нічога з гэтага ня выйшла. А праз 8 год мараць вось гэтыя хлопцы з ГП і тыя члены нашай партыі, якія працуюць на ГП і хочуць падпарадкаваць нашую партыю гэтай кампаніі.

Справа ідзе пра тое, ці мы адстаім партыю Луцкевічаў як самастойны суб’ект ці яна будзе выкарыстаная для інтарэсаў людзей, якія... проста палітычныя цынікі і палітычныя гандляры.
Што вам не падабаецца ў «Гавары праўду»?

Мне не падабаецца, што там і сацыял-дэмакраты і камуністы і бэнээфаўцы сышліся, забыўшы пра сваю партыйнасьць. Што ў «Гавары праўду» ёсьць такое, чаго няма ў праграме сацыял-дэмакратаў? Але ў ГП ёсьць рэсурсы! Вось і ўсё! У іх агульна-дэмакратычныя праграма, яе можна прышлёпнуць і туды і сюды. І што прывабіла камуніста Вазьняка туды? Рэсурсы! Я ж ня думаю, што ў ГП ёсьць камуністычная ідэя. Адным словам, гэта паліытчны бізнэс. І мне гэты бізнэс не падабаецца.

Пытаем спадара Сідарэвіча, чым жыве партыя па-за спробамі яе захопу?

«Я назіраю дэградацыю партыі. Я быў у ліку трох ініцыятараў адраджэньня сацыял-дэмакратыі – Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў і я. Публічна пра адраджэньне сацыял-дэмакратыі ў лістападзе 1990-га года аб’яўляў я з трыбуны. Проста не засталося ў партыі інтэлектуальных сіл. Адзінкі эканамістаў дасьведчанага клясу. Практычна няма людзей, якія могуць выпрацаваць праграму эканамічных рэформаў. Зусім няма людзей, якія спэцыялісты ў пэнсыйнай справе. Рэфармаваць сыстэму аховы здароўя трэба, але ў нас няма каму распрацаваць. Я ўжо маўчу пра пытаньні адукацыі, культуры і ўсяго такога. Сілы інтэлектуальныя вельмі слабыя. У партыя 1-3 чалавекі, якія могуць нешта фармуляваць, пісьменна скласьці тэкст. Уражвае іншы раз звычайная непісьменнасьць людзей, якія маюць дыплёмы аб вышэйшай адукацыі.

Я згодны з Пётрам Краўчанкам, які сказаў, што партыя маргіналізавалася....

Партыя практычна адмежавалася ад культуры. У партыю прыйшло многа людзей, якія прынцпова не размаўляюць па-беларуску, а некаторыя і зусім хутчэй за ўсё прыхільнікі «русского мира». Вось так. У партыі было нямала пісьменьнікаў. Цяпер, калі браць па прыналежнасьці да Саюза пісьменьнікаў, то, здаецца, два чалавекі засталося – Мікола Папека з Пружанскага раёна і я.
Да ўлады ў партыі ідуць людзі, якія нічога ня ўмеюць, маю на ўвазе групу Маслоўскага, – ня ўмеюць напісаць артыкул, скласьці канцэпцыю не ўмеюць, пісьменна пратакол скласьці не ўмеюць. Людзі, якія, як Маслоўскі і Канюс, нідзе не працуюць. Яны забылі, калі апошні раз афіцыйна атрымлівалі зарплату. Самая страшная бяда, калі ў партыю прыходзяць людзі, якія нічога не ўмеюць і страцілі ці не набылі ніякіх прафэсійных навыкаў. Яны не лекары, не пэдагогі, не будаўнікі, не энэргетыкі, ні кампутаршчыкі. Людзі, якія толькі жывуць на грантах. Ведаю, што ў некаторых партыях з кадрамі лепш.

Я разумею, што авалодаць партыяй Луцкевічаў хочацца многім. Усё ж такі гэта «брэнд». Але мне страшна. Партыя Луцкевічаў партыю анітрошкі не нагадвае.
Элемэнтарная рэч – сёлета спаўняецца 125 год сябру БСДП Аркадзю Смолічу. Постаць Аркадзя Антонавіча прэзэнтаваць ня трэба. Цэнтральныя органы партыі нават і не згадалі, што будзе такі юбілей. Сёлета 125 год з дня нараджэньня сябра Беларускай сацыялістычнай грамады Максіма Багдановіча. У партыі ніхто не згадаў, што такі будзе юбілей. А я ўжо маўчу пра сацыялістаў, якія не сталі сацыял-дэмакратамі, перайшлі ў сацыялісты-рэвалюцыянэра – Лявон Гмыра, Клаўдзій Душ-Душэўскі, Язэп Варонка – ім таксама сёлета 125 год... Вось так партыя адышла ад сваіх традыцый, ад культуры і так далей.

...Я гісторык, гісторык партыі, ведаю тэорыю, пісаў тры праграмы партыі, пісаў статут партыі... Мне няма з кім пагаварыць! Вы разумееце?! Калі быў Ткачоў, Чарняўскі і так далей – было зь кім пагаварыць. Цяпер няма. Мне ніхто ані разу не падказаў прачытаць нейкую кнігу, нейкую публікацыю. У часы Ткачов, Трусава, Чарняўскага такога не было! Мне няма зь кім размаўляць на гэтыя тэмы.

Пытаем, ці такія асобы, як Статкевіч ці Казулін нейкім чынам уплываюць на жыцьцё партыі. Сідэарэвіч каротка адказвае: «Аніякім чынам».

Чым гэта ўсё скончыцца?

«Я не Касандра, прадказваць ня буду. Але ведаю, што ў нас здаровыя сілы калі не перамагалі адразу, то потым бралі рэванш
Канечне, адна з прычынаў – гэта тое, што няма нармальнай палітычнай барацьбы, выбарчай сыстэмы, партыйнага жыцьця. Выбары ў нас адсейвалі б людзей, ня здольных весьці палітычныя кампаніі... Атрымліваецца, што гэта не раўнуючы павукі ў слоіку...

Але нашая партыя ў сэнсе расколаў аперадзіла БНФ. У нас крызыс за крызысам – 1996, 2000, 2005, 2010 і нарэшце ўжо цяпер. Пяты крызыс ужо!»

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме