13:30 26.11.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
У Магілёве стартавала інфармацыйная кампанія “Утульны горад”
Яе ініцыятарамі выступілі аргкамітэт партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і грамадзянская ініцыятыва “Грамадскі магістрат”.
У межах кампаніі плануецца вырашэнне мясцовых праблем, якія звязаны з добраўпарадкаваннем гарадскіх тэрыторый, якім патрэбны якасныя змены ў самы бліжэйшы час.
- Мы ведаме, што праблема нумар адзін з добраўпарадкаваннем у горадзе - гэта дваравыя тэрыторыі. Па-першае, пераважная большасць іх знаходзіцца далёка не ў самым лепшым стане і патрабуе рамонту, а па-другое, у некаторых выпадках касметычнага рамонту ўжо недастаткова – трэба капітальнае перапланаванне двароў з улікам колькасці прыватнага аўтатранспарта, а таксама вызначэнні дадатковых зон для дзіцячых пляцовак, бо месца ў нашым горадзе выкарыстоўваецца далёка не рацыянальна, - кажа каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД у Магілёве Алег Аксёнаў.
Актывісты ўжо вызначылі шэраг двароў, якім патрэбна добраўпарадкаванне ў самы бліжэйшы час.
- Ужо створаны аргкамітэты з ліку грамадзян, якія будуць займацца вырашэннем сваіх лакальных праблем. Адметнасць у тым, што мы аказваем людзям толькі інфармацыйна-арганізацыйную падтрымку, а праблемы, якія трэба ім вырашаць, яны вызначаюць самі, як і арганізоўваюць калектыўны збор подпісаў у мясцовыя органы ўлады, - кажа сябра Прэзідыума БСДП Ігар Барысаў.
Дэмакратычныя актывісты адзначаюць, што ў межах кампаніі плануецца ўзаемадзеянне з мясцовымі чыноўнікамі і дэпутатамі.
- Мы ставім перад сабой мэту дастукацца да нашай улады. Мы хочам, каб у нас адбыўся дыялог, каб чыноўнікі пачулі, якія праблемы турбуюць звычайных грамадзян і якія шляхі і механізмы іх вырашэння яны здольныя нам прапанаваць. Мы хочам, каб быў выпрацаваны план і вызначаны тэрмін, калі двары Магілёва будуць прыведзены ў належны стан, - кажа актывіст “Грамадскага магістрата” Зміцер Салаўёў.
Трэба адзначыць, што найбольшыя праблемы і з інфраструктурай адчувае на сабе Кастрычніцкі раён Магілёва. Менавіта ў гэтым раёне дэмакратычныя актывісты плануюць сканцэнтраваць свае намаганні па прыцягненні ўвагі да існуючых праблем і іх вырашэнні.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме