09:45 15.12.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
У МІНСКІМ ГАРАДСКІМ КАМІТЭЦЕ БСДП
12 снежня пад старшынства Аляксея Сігаева адбылося пасяджэнне Мінскага гарадскога камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
На пасяджэнні разгледжана пытанне аб удзеле партыі ў выбарах у мясцовыя саветы.
Паколькі істотных змяненняў у выбарчае заканадаўства не ўнесена і выбары будуць адбывацца паводле раней апрабаванай схемы, вырашана, што Мінская гарадская арганізацыя возьме ўдзел у гэтых выбарах як у палітычнай кампаніі. Паколькі будзе праводзіцца палітычная кампанія, удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што кожная партыя, якая ўваходзіць у АДС і будзе браць удзел у гэтай кампаніі, павінна вылучыць столькі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, колькі ёй дазваляюць магчымасці.
Удзельнікі пасяджэння Мінскага гарадскога камітэта разгледзелі таксама зварот Прэзідыума БСДП да сябраў партыі “Аб вылучэнні партыйнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і фарміраванні пазітыўнага іміджу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі”.
Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, што партыя павінна ўзяць удзел у маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах і што левыя дэмакраты Беларусі павінны выставіць на гэтых выбарах адзінага кандыдата. З другога боку, удзел БСДП у выбарчай кампаніі не павінен быць безумоўным. Па-першае, усе кандыдаты на пасаду Прэзідэнта павінна мець у выбарчых камісіях усіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у якасці паўпраўных сябраў гэтых камісій; па-другое, назіральнікі ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў павінны мець магчымасць рэальна кантраляваць ход галасавання і падлік галасоў на выбарчых участках і ў тэрытарыяльных выбрчых камісіях.
Што датычыцца фарміравання станоўчага іміджу партыі, то ўдзельнікі пасяджэння выказалі неразуменне таго факту, што Цэнтральны Камітэт, Прэзідыум БСДП і старшыня партыі абыходзяць маўчаннем шмат якія падзеі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця краіны. Удзельнікі пасяджэння заклікалі кіраўніцтва партыі спыніць падобную практыку. Было таксама падкрэслена, што Мінскі гарадскі камітэт партыі павінен заняць актыўную пазіцыю ў жыцці сталіцы.
На пасяджэнні абмеркавана і пастанова ЦК партыі “Аб працы з прафсаюзамі”, прынятая 11 кастрычніка г. г. Мінскі гарадскі камітэт прызначыў адказнымі за сувязь з прафсаюзамі і прафаб’яднаннямі Аляксея Сігаева і намесніка старшыні гарадской арганізацыі Івана Маслюкова.
Мінскі гарадскі камітэт упаўнаважыў таксама Івана Маслюкова і Аляксандру-Вольгу Тыгрыцкую ажыццяўляць сталыя кантакты з гарадскімі арганізацыямі Беларускага таварыства інвалідаў і грамадскімі аб’яднаннямі інвалідаў па зроку і слыху.
У працы Мінскага гарадскога камітэта БСДП узялі ўдзел сябры Цэнтральнага Камітэта партыі Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Алег Трусаў і Валерый Фралоў, а таксама сябар Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі партыі Вольга Тыгрыцкая.Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме