11:00 02.04.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Германіі для многіх Украіна і Беларусь па-ранейшаму не існуюць

«Ці можна зразумець дзеянні Расіі ў Крыме, ці апраўдана Расія прэтэндуе на паўвостраў?» — задаецца пытаннем Ральф Нойкірх на старонках нямецкага часопіса Der Spiegel.

Ужо некалькі тыдняў гэтая тэма як ні адна іншая хвалюе немцаў. Загалоўкі нямецкіх часопісаў і газет, шматлікія ток-шоу прысвечаны крымскаму крызісу, інтэрнэт-форумы сталі месцам бурных дыскусій на гэтую тэму. Адны бачаць у далучэнні Крыму да Расіі разумную рэакцыю Масквы на пашырэнне НАТА на ўсход, іншыя кажуць не інакш як пра анэксію, якая супярэчыць міжнароднаму праву і не заслугоўвае ніякай спагады.

Многія немцы адрэагавалі на «экспансіянізм» Расіі з вялікай паблажлівасцю. Крымскі крызіс выявіў у Германіі нямала тых, хто ставіцца да расійскай пазіцыі з разуменнем.

У абарону Масквы і з асуджэннем Захаду выступілі шматлікія нямецкія палітыкі і публіцысты. Прычына таму — цесныя гістарычныя сувязі з Расіяй, шырока распаўсюджаны антыамерыканізм, а таксама любоў да рускай культуры.

Напрыклад, былы канцлер Германіі Гельмут Шміт адкрыта заявіў, што «на месцы Пуціна зрэагаваў бы гэтак жа ў дачыненні да Крыма». Яшчэ адзін экс-канцлер — Герхард Шродэр — таксама прызнаўся, што сам не заўсёды прытрымліваўся нормаў міжнароднага права.

Кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага саюза ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія Армін Ланшэт перасцерагае немцаў ад аднабаковай крытыкі ў адрас Пуціна. Такім чынам, Расіі спачуваюць многія: ад хрысціян-дэмакратаў да левых і кансерватараў.

Як мяркуе Нойкірх, «мяккасардэчнае стаўленне немцаў да жорсткай рукі Масквы» тлумачыцца цэлым шэрагам прычын: гістарычных, ідэалістычных і матэрыяльных.

«Самая відавочная — інтарэсы нямецкай эканомікі, якая хоча працягваць бізнэс з Расіяй і таму выступае супраць санкцый. Іншыя матывы — страх перад халоднай ці сапраўднай вайной, а таксама цесная гістарычная сувязь з Расіяй і шырока распаўсюджаны ва ўсім свеце антыамерыканізм», — гаворыцца ў артыкуле. Існуе і яшчэ адно тлумачэнне гэтай з'яве, а менавіта — рамантычнае. «Усе ведаюць пра тое, што Расія — радзіма Талстога і Дастаеўскага, а вось ніводнага ўкраінскага пісьменніка ці паэта ў Германіі не ведаюць».

Дзяячка феміністычнага руху Эліс Шварцар, напрыклад, апублікавала артыкул пад загалоўкам «Чаму я, нягледзячы ні на што, разумею Пуціна», у якой яна выказвае сваё абурэнне аднабаковай пазіцыяй заходніх СМІ пры асвятленні сітуацыі ў Крыме і абараняе стратэгію Пуціна.

«У канчатковым выніку прайшло не так ужо шмат часу з моманту нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, вынікам якога стала смерць мільёнаў людзей», — піша Шварцар. Такім чынам, нямецкае пачуццё віны за вайну зноў грае на руку Расіі.

Аднак найбольш моцная падтрымка ў дачыненні да былой акупацыйнай сілы адчуваецца на Усходзе Германіі, што нагадвае «стакгольмскі сіндром».

Гэта пачуццё эксплуатуецца кіраўніком фракцыі «Левых» Грэгарам Гізі. Па словах палітыка, Германія і яе саюзнікі паводзяць сябе так жа, як Масква, таму крытыка ў адрас Расіі — ханжаства. Выступаючы ў Бундэстагу, Гізі заявіў, што «НАТА і ЕС зрабілі няправільна ўсё, што можна было зрабіць няправільна».

Таварыш Гізі па партыі Сара Вагенкнехт заклікае прызнаць рэферэндум у Крыме: па яе словах, гэтая сітуацыя стала вынікам правальнай палітыкі ўрада ў адносінах да Расіі.

Кансерватар Аляксандр Гаўланд сімпатызуе Расіі з пазіцый Бісмарка і дыпламатыі XIX стагоддзя. Расія разам з Германіяй змагалася супраць Напалеона і падтрымала аб'яднанне нямецкіх зямель у 1871 годзе. У той час вялікія дзяржавы дзялілі мір паміж сабой, і з гэтага пункту гледжання далучэнне Крыма з'яўляецца, магчыма, супрацьзаконным, што не азначае яго неправамернасці. Па словах Гаўланда, пасля халоднай вайны Паўночнаатлантычны альянс не стаў ствараць новы светапарадак, а толькі пашыраўся на ўсход.

Таму прэзідэнт Расіі «ўзгадаў старую царскую традыцыю — збіранне рускіх земляў», лічыць Гауланд. А заходнія краіны, якія разважаюць ў фармальных прававых катэгорыях, праяўляюць блізарукасць.

Палітык Клаўс фон Дананні мяркуе, што далучэнне Крыма не было мудрым учынкам — Пуціну лепш было б выкарыстоўваць вынікі рэферэндуму, каб дамагчыся ад Украіны нейтральнай пазіцыі. Тым не менш ён перакананы, што Захаду варта паважаць Расеі. На думку палітыка, корань праблемы — не рускія, а амерыканцы, якія «не маюць ўяўлення аб дыпламатыі і геапалітычных праблемах Еўропы». А бягучая сітуацыя, паводле яго слоў, стала вынікам спробы ўцягнуць Украіну ў НАТА.

Разуменню Пуціна часта спадарожнічае ўпэўненасць у тым, што толькі больш ці менш аўтарытарны кіраўнік здольны правіць Расіяй, не даючы ёй распасціся, адзначае аўтар артыкула. «Хто мог бы кіраваць гэтай складанай краінай інакш, чым Пуцін?», — цытуе ён словы Дананні. На думку палітыка, амерыканцам гэтага не зразумець, і наогул на Захадзе адсутнічае рэалістычны погляд на Расію.

Вынікам жа такога «глыбокага разумення» Расіі становіцца ігнараванне інтарэсаў Усходняй Еўропы. Украіна, Беларусь, краіны Балтыі, часам нават Польшча — у некаторых заходніх колах гэтым краінам па-ранейшаму адмаўляюць у праве на самавызначэнне. Ім прапануюць змірыцца з тым фактам, што яны знаходзяцца ў асаблівай «сферы ўплыву», прама ці ўскосна апраўдваючы экспансіянісцкія настроі Пуціна. Такім чынам, на алтар сімпатыі да Расіі кладзецца лёс цэлых народаў…

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме