01:00 21.12.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Тры гады пасьля Плошчы

Відавочна, той трагічны дзень стаў пунктам адліку для новага этапу ў гісторыі Беларусі. Думаю, будучыя гісторыкі менавіта з гэтага моманту будуць адлічваць пэрыяд, калі лукашэнкаўская сацыяльная мадэль прайшла вышэйшую кропку свайго разьвіцьця і ўступіла ў пэрыяд крызісу. Хацеў бы адзначыць толькі некалькі момантаў, якія значна зьмянілі палітычны ляндшафт Беларусі.

1. 19 сьнежня прыпыніла, а магчыма, і ўвогуле перакрэсьліла (сёньня яшчэ рана рабіць канчатковыя высновы) спробы самарэфармаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Лукашэнка, зважаючы на адмову Расеі субсыдыяваць беларускую эканоміку, абвясьціў курс на эканамічную лібэралізацыю. Была пастаўлена задача, каб Беларусь увайшла ў 30 лепшых краін сьвету па ўзроўні спрыяльнага бізнэс-клімату. Афіцыйны Менск паразумеўся з МВФ і атрымаў ад яго немалы крэдыт пад прэзыдэнцкую кампанію. Па інэрцыі яшчэ 31 сьнежня 2010 году была падпісана дырэктыва аб эканамічнай лібэралізацыі.

Плянаваўся паступовы пераход на расейскую мадэль «кіраванай дэмакратыі». Ярмошына гаварыла пра пераход да прапарцыйнай ці зьмяшанай выбарчай сыстэмы. Пад яе рыхтавалася «Белая Русь».

Пачалася нармалізацыя адносін з ЭЗ. Лукашэнка пачаў езьдзіць па эўрапейскіх краінах (Італія, Літва), і яму гэта спадабалася.

19 сьнежня прыпыніла ўсе гэтыя працэсы, пачаўся рух у адваротным кірунку. Расея вярнулася да палітыкі субсыдыяў, і патрэба ў эканамічнай лібэралізацыі зьнікла. Лукашэнка ўпэўніўся, што Плошча стала вынікам палітычнай адлігі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і паўтараць гэты экспэрымэнт ня хоча. Адносіны з Захадам моцна сапсаваліся, і пакуль няма парадку дня для новай размарозкі.

2. Крызісныя зьявы ў эканоміцы зрабіліся пэрманэнтнымі. Усё насельніцтва краіны жыве чаканьнем дэвальвацыі. Лукашэнка публічна ставіць задачу не дапусьціць эканамічнага абвалу (заява на «Кераміне»).

3. Рэзка павялічылася залежнасьць Беларусі ад замежнай эканамічнай дапамогі. Толькі каб захаваць эканамічнае статус-кво, вонкавых субсыдыяў з кожным годам трэба ўсё больш. Праблема пошуку новых крэдытаў стала пытаньнем выжываньня беларускай эканомікі і галоўнай задачай замежнай палітыкі. Рэзка вырасла працоўная эміграцыя. А замежныя спонсары (і Расея, і МВФ), зразумела, ставяць умовы выдзяленьня дапамогі. І пачынаюць дыктаваць эканамічную палітыку краіны.

4. Беларусь уступае ў пэрыяд крызісу кіраванасьці, дысфункцыі дзяржаўных інстытутаў. Ня будзем нават узгадваць разгубленасьць уладаў, неадэкватнасьць іхніх дзеяньняў падчас эканамічнага катаклізму 2011 году. Падзеі гэтага году даюць падставу казаць пра дэградацыю кіраўнічых функцыяў дзяржавы. Дзеля вырашэньня элемэнтарных праблемаў даводзіцца рабіць вялізарныя намаганьні, прычым безь вялікіх вынікаў. Каб навесьці парадак у будаўніцтве, давялося ствараць надзвычайную камісію з надзвычайнымі паўнамоцтвамі на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Андрэем Кабяковым.

Яшчэ прыклад. Дзеля мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў давялося: а) Лукашэнку самому некалькі разоў наведаць іх; б) прыняць дэкрэт аб «прыгонным праве» ў галіне; в) завесьці некалькі крымінальных спраў, г) пазвальняць кіраўніка Менскай вобласьці, кіраўніка канцэрну (двойчы), дырэктараў заводаў. Вынік: зь дзевяці прадпрыемстваў завяршыць мадэрнізацыю ўдалося толькі на адным.


5. Рэзка павялічылася незалежнасьць рэжыму ад грамадзтва, якое перарасло ўладу і ў значна большай ступені гатовае да пераменаў. І гэта разьвязвае рэжыму рукі. Таму можна ўводзіць «прыгоннае права» ў дрэваапрацоўцы, пачынаць будаўніцтва АЭС, якое падтрымлівае меншасьць насельніцтва, уводзіць падатак на аўтамабіль, пужаць падаткам на непрацуючых, падаткам на выезд за мяжу і інш. Невыпадкова спатрэбілася ліквідаваць парог яўкі на выбары. Маўляў, ня трэба нас любіць, толькі сядзіце ціха.

6. Зьнікла дзяржаўная ідэалёгія як чыньнік уплыву на грамадзтва. Бо разваліўся той ідэалягічны канструкт, на якім яна грунтавалася. Цяжка ў сёньняшніх сацыяльна-эканамічных умовах даводзіць перавагі беларускай сацыяльнай мадэлі. Як і разважаць пра стабільнасьць. Бо калі беларусы пачынаюць дзень з інфармацыі пра абменны курс рубля, у развагах, ці ўжо бегчы здымаць дэпазыты, ці яшчэ трохі пачакаць, пра стабільнасьць казаць неяк няёмка. Плюс разбурэньне інфармацыйнай манаполіі ўладаў дзякуючы бурнаму разьвіцьцю інфармацыйных тэхналёгіяў.

7. Апазыцыя перастала быць фактарам альтэрнатывы. Пасьля 19 сьнежня рэйтынгі апазыцыйных структураў і асобных палітыкаў упалі прыкладна ўдвая. І адзінага кандыдата на выбары 2015 году трэба шукаць у іншым месцы.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме