20:15 15.08.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Трусаў: Дзякуй ангельскай мове за тое, што зьнішчыць расейскую
«Навучаньне на ангельскай мове ў Беларусі пашыраецца і будзе вельмі хутка пашырацца. У гэтым ёсьць вялікая патрэба. Бязь добрага веданьня ангельскай мовы пэрспэктываў для навучаньня цяпер няма. Глябалізацыя дае пра сябе знаць», — заявіў сёньня міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, адказваючы на пытаньне пра цяжкасьці беларускамоўнай адукацыі.
Сяргей Маскевіч сказаў, што цяжкасьці беларускамоўнай адукацыі «зьвязаны з нашым часам. У нечым наша сытуацыя нават нагадвае сытуацыю ў Літве ці Польшчы, дзе моладзь хоча навучацца на той мове, якая дае магчымасьць вялікай пэрспэктывы. Для Беларусі на наш час гэта расейская мова». Але міністар выказаў меркаваньне аб імклівым і значным пашырэньні ўвядзеньня ангельскай мовы ў сыстэму беларускай адукацыі.
Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў так пракамэнтаваў "Свабодзе" сёньняшнія выказваньні міністра:
"З аднаго боку, дзякуй ангельскай мове за тое, што яна зьнішчыць расейскую. Бо для нас расейская мова – гэта сьмерць. Ангельская мова для нас пакуль ня страшная. Але будзе страшная. Калі трапім у Эўразьвяз. Так што на дадзеным этапе замену расейскай мовы на ангельскую я толькі вітаю. Лепей мець дзьве дзяржаўныя мовы – беларускую і ангельскую, чым беларускую і расейскую. Тады і наша эканоміка стане лепшай, і беларуская мова захаваецца".
Алег Трусаў пацьвердзіў, што працэс пашырэньня ангельскай мовы ў школах Беларусі сапраўды пачаўся:
"Я лічбы скажу. Самая папулярная мова ў Менску зараз ангельская. Яна ўжо абагнала расейскую на 30 ці 40 пунктаў. Тут міністар мае рацыю поўнасьцю. І ў дадзеным выпадку я яго падтрымліваю. Але ангельскую трэба ўводзіць не за кошт беларускай, а за кошт расейскай. То бок трэба зьмяншаць вывучэньне ў школах расейскай мовы, а павялічваць – беларускай і ангельскай у роўных адсотках. І тады ўсім будзе добра".
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме