15:30 08.09.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ТЫМАКРАТЫ І ЛЕВЫЯ ДЭМАКРАТЫ. Прыватныя нататкі Анатоля Сідарэвіча з прычыны апошняга з’езду Партыі БНФ
АСАЦЫЯЛЬНАСЦЬ
Чалавек, які заклікае кіравацца нацыянальнай ідэалогіяй, не можа выклікаць даверу. Бо нацыянальнай ідэалогіі не існуе. Існуюць некалькі нацыянальных пастулатаў (патрабаванняў), лозунгаў: незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, дэмакратыя, прававая сацыяльная дзяржава. А ўжо далей пачынаецца ўласна ідэалогія, бо кожная палітычная плынь, кожная палітычная партыя мае свае ўяўленні пра тое, як лепш рэалізаваць пастулаты незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і г. д.
Кожная нармальная дзяржава – поліідэалагічная. Беларусь – ненармальная дзяржава. Таму ёй спрабуюць навязаць адну-адзіную ідэалогію. Вось і Аляксандр Мілінкевіч на месца “дзяржаўнай ідэалогіі”, якою забіваюць мазгі нашай моладзі, прапануе нейкую “нацыянальную ідэалогію”.
Мілінкевіч спрабуе даказаць, што ён выказвае інтарэсы ўсяе нацыі, стаіць над і па-за класамі і сацыяльнымі групамі, над і па-за класавымі і сацыяльнымі інтарэсамі, над і па-за партыямі.
Гэта хлусня. І гэтую хлусню трэба выкрываць штодзённа.
Паказальны факт: большасць дэлегатаў апошняга з’езду Партыі БНФ – прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча – адмовіліся абмяркоўваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю краіны, а засяродзіліся на барацьбе за пасады ў партыі. Дакладней, не на барацьбе. Пасады былі размеркаваныя да з’езду.
КАРУМПАВАНАСЦЬ
Карупцыя глыбока прасякнула апазіцыю. З’езд Партыі БНФ паказаў гэта з усёй нагляднасцю.
Я пісаў пра тое, што Мілінкевіч на грошы сваіх заходніх і незаходніх спонсараў купляе сябраў Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сацыял-дэмакратаў. Большасць тых дэлегатаў з’езду Партыі БНФ, якія галасавалі за новае кіраўніцтва, менш за ўсё кіраваліся нейкімі ідэальнымі памкненнямі. Яны адпрацоўвалі грошы, атрыманыя ад галоўнага пакупца. Асаблівую ролю на з’ездзе адыгралі яшчэ ўчора беспартыйныя людзі, актывісты “трэцяга сектару”, які знаходзіцца пад кантролем Мілінкевіча. У часе падрыхтоўкі да з’езду яны тэрмінова ўступалі ў Партыю БНФ, каб памяняць раскладку сілаў на гэтым форуме. Паўтарылася тое, што адбылося на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, калі Мілінкевіч васьмю галасамі перамог Анатоля Лябедзьку.
Сам купец прысутнічаў у зале з’езду і выступіў з прамоваю, скіраванай у сваёй сутнасці супраць Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія якраз і займаюцца тым, каб напоўніць канкрэтным зместам нацыянальныя пастулаты. Зместам, які б задавальняў і нацыянал-дэмакратаў, і сацыялістаў, і камуністаў, і лібералаў.
“Наша Ніва” спрабуе нас пераканаць, што на з’ездзе ПБНФ перамаглі маладыя. Гэта Рыгор Костусеў і Ігар Лялькоў маладыя? У ПБНФ, калі называць рэчы сваімі імёнамі, усталявалася тымакратыя – улада карыслівых людзей. На наша шчасце, яны не будуць кіраваць Беларуссю і тым самым ганьбіць дэмакратыю. Беларуссю ўжо кіруюць іншыя тымакраты.
ГЛЯНЬЦЕ, ХТО ПРЫЙШОЎ!
Сышлі яшчэ нестарыя палітыкі, якія стаялі ля вытокаў БНФ. Калі яны ўваходзілі ў палітыку, на дварэ быў камунізм, апошнія гады Леаніда Брэжнева, непрацяглыя ляжанні ў шпіталях Юрыя Андропава, Канстанціна Чарненкі...
Прыйшлі кіраваць Партыяй БНФ не тыя, хто праславіўся вулічнымі акцыямі ў шэрагах “Маладога Фронту”, хто сядзеў у турмах, працаваў на “хіміі” і г. д. Тыя ўжо даўно змагаюцца за легалізацыю Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Прыйшлі ціхмяныя. Шырока вядомыя ў вузкіх колах. Якія не ствараюць ні матэрыяльных, ні духоўных каштоўнасцяў. Ня вельмі пісьменныя (іх беларуская – гэта нейкае, кажучы словам Джорджа Оруэла, навамоўе). Адзін з іх нідзе ніколі не працаваў. Другі вядомы адпартыйцам як сябар Бахуса. А трэці – самы тыповы. Пра яго кажуць гэтак: ён ходзіць пад Васільковым (ёсць такі ціхмяны ў Магілёве, рэсурсы размяркоўвае), Васількоў – пад Мілінкевічам, Мілінкевіч – пад Казанэцкім (гэта ўжо Варшава), а Казанэцкі – пад Патоцкім (гэта ўжо Штаты).
ЯК ДОЎГА?
Як доўга пратрымаюцца на сваіх пасадах людзі, якія ходзяць “пад Мілінкевічам” і кормяцца з ягоных рук?
Думаю, гады два. Адбудзецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Цалкам карумпаваны, падвіслы “на кручку” уладаў, якія, не сумняваюся, маюць на яго тамы кампрамату, спарынг-партнёр Лукашэнкі правядзе на тэлебачанні два чарговыя вечары адказаў і пытанняў, дапаможа Лукашэнку атрымаць “элегантную перамогу”, зноў звядзе на нішто акцыі пратэсту і знікне ў смузе. Ужо й гады падышлі. Дый хваробы даймаюць. Пара, адпрацаваўшы сваё, адпачыць. База для адпачынку падрыхтавана. Сродкаў хопіць да канца жыцця. А каманда? Кожны павінен думаць пра сябе. Ён, Мілінкевіч, даўно падумаў.
Мяркую, нестарыя ветэраны БНФ занялі правільную пазіцыю: не замінаць новым правадырам БНФ весці партыю туды, куды яны хочуць яе весці. Праз два гады тыя, хто галасаваў за новых кіраўнікоў з ідэальных памкненняў або па дурасці, пераканаюцца ў няслушнасці свайго выбару.
Я б раіў “старым” адно: заняцца зараз навучаннем моладзі. Бо ўзровень агульнай і палітычнай адукаванасці моладзі жахлівы. Гэта датычыць не толькі ПБНФ. Але ў ПБНФ ёсць каму вучыць, выкладаць. Наступнае пакаленне кіраўнікоў БНФ павінна быць адукаванейшым.
КАНЕЦ АДС?
Не здолеўшы дамагчыся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года прызнання яго “агульнанацыянальным лідэрам”, Мілінкевіч пры падтрымцы сваіх спонсараў узяў курс на развал Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. (Яшчэ пытанне, ці не дапамагаюць тут “отбеливателю М.» дзяржаўныя структуры Беларусі.)
Ёсць два спосабы разваліць АДС. Першы спосаб зводзіцца да банальнай куплі сябраў тых партый, якія ўваходзяць у АДС, другі – да непасрэдных атакаў на гэтую структуру. У другім выпадку ўпор робіцца на антыкамунізм і “еўрапейскі выбар”: маўляў, камуністы і некаторыя ішыя арганізацыі, што ўваходзяць у АДС, не хочуць, каб Беларусь стала сябрам еўрапейскай супольнасці, займаюць прарасійскую пазіцыю.
Тое, што ў АДС апынуліся камуністы, – недарэчнасць. Камуніст, а тым больш бальшавік, які пакланяецца стоду Леніна, млее пры ўспаміне пра СССР і памірае без абдымкаў пуцінскай Расіі, не можа быць дэмакратам па вызначэнні. Аднак гэтая недарэчнасць – вынік еўрапейскае палітыкі, бо менавіта заходнееўрапейскія дабрадзеі навязалі дэмакратычым партыям Беларусі такі альянс.
Такім чынам, антыкамунізм і “еўрапейскі выбар” Мілінкевіча і новых правадыроў ПБНФ не вельмі ўзгадняюцца між сабою. Выступаць супраць камуністаў – гэта значыць выступаць супраць таго, што так старанна выбудоўвалі паны Вік, Вінкельман і цэлая чарада заходнееўрапейскіх дабрадзеяў.
Мілінкевіч і кампанія антыкамуністы роўна настолькі, наколькі камуністы супраць ягонай кандыдатуры на пасаду прэзідэнта. Калі б, уявім, камуністы раптам заклікалі ўсе апазіцыйныя партыі падтрымаць Мілінкевіча, ягоны антыкамунізм выпарыўся б, як вада.
Няцяжка прадказаць, што новае кіраўніцтва ПБНФ, як некалі “правадыр” сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, пойдзе на развал АДС. Статкевіч рабіў гэта за нямецкія грошы. За чые грошы будуць рабіць гэта Мілінкевіч і ягоныя сябры з кіраўнцітва ПБНФ?
ПРА ЛЕВУЮ ДЭМАКРАТЫЧНУЮ АЛЬТЭРНАТЫВУ
Чалавек, які спрабуе даказаць, што ён выказвае інтарэсы ўсяе нацыі, стаіць над і па-за класамі і сацыяльнымі групамі, над і па-за класавымі і сацыяльнымі інтарэсамі, над і па-за партыямі, не можа выклікаць даверу ў кожнага дэмакрата. Тым больш Мілінкевіч не можа выклікаць даверу ў левага дэмакрата.
Левы дэмакрат належыць да тае большасці, якая працуе па найму ў цэхах і майстэрнях, выкладае ў школах і ВНУ, лечыць людзей, жыве на мізэрныя пенсіі і атрымлівае смешныя стыпендыі. Тае большасці, у якой самы нізкі ў Еўропе мінімальны заробак, у якой дзяржава адбірае 70 капеек з заробленага рубля. Мілінкевіча і новае кіраўніцтва ПБНФ, як паказаў з’езд гэтае партыі, такія праблемы не цікавяць. Яны нічога нам не кажуць, як зрабіць так, каб доля заработнай платы ў цане адзінкі прадукцыі хоць трохі наблізілася на сярэднееўрапейскіх паказчыкаў. Яны нічога не кажуць нам пра сацыяльную дзяржаву.
У тых варунках, калі АДС асуджаны на смерць, неабходна думаць пра левую альтэрнатыву тымакратам. Кандыдату тымакратаў трэба супрацьпаставіць чалавека левых перакананняў.
Левых дэмакратычных партыяў у нас адна – БСДП. Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада з яе Сазонавымі, Хільмановічамі ды Астапенкамі – сацыял-дэмакратычная толькі паводле назвы. Ёсць яшчэ чатыры аргкамітэты – Партыі працы, Партыі жанчын, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады) і Партыі “Свабода”. Ніводная з гэтых груповак не можа вылучыць ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта свайго чалавека, дастаткова вядомага ў краіне і за яе межамі. Найбольш вядомыя перакрочылі 70-гадовы парог. Сярод маладзейшых няма такога, хто мог бы дараўнаць у палітычнай вазе Мечаславу Грыбу і намінальнаму сацыял-дэмакрату Станіславу Шушкевічу. Аляксандр Буховостаў – латэнтны камуніст. Мікалай Статкевіч мае рэпутацыю раскольніка. Сяргей Скрабец пайшоў па яго слядах. Абмяркоўваць іншыя кандыдатуры таксама не даводзіцца.
Асобна стаіць пытанне пра камуністаў. Падтрымка камуністычнага прэтэндэнта была б ганьбаю для левых дэмакратаў. Калі сярод камуністаў ёсць небальшавікі, людзі, блізкія да еўрапейскіх левых, яны маглі б далучыцца да магчымага левага дэмакратычнага альянсу.
Відавочна, што левым дэмакратам трэба шукаць патэнцыйнага кандыдата сярод вядомых сваімі сацыял-дэмакратычнымі поглядамі беспартыйных. А для гэтага трэба пераадолець не толькі асабістыя амбіцыі, але й вузкагрупавы, сектанцкі падыход да праблемы.
І усё ж найперш левыя дэмакраты павінны вырашыць адну праблему: ці ўдзельнічаць у прэзідэнціх выбарах наогул? А калі ўдзельнічаць, дык на якіх умовах? Быць, як Мілінкевіч, спарынг-партнёрам Лукашэнкі, леваму дэмакрату непрыстойна.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме