10:00 27.05.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ТРЫ ХВАЛІ, ЧАТЫРЫ ШЛЯХІ (Уводзіны да выдання «Матывацыя супраціву. Кніга апытанняў»)
Ідэя гэтага праекта прыйшла мне ў галаву адразу пасля падзей сакавіка 2006 года ў Мінску. Выбух грамадзянскай актыўнасці на прэзідэнцкіх выбарах, які застаўся ў гісторыі як «Плошча» і які я калісьці наіўна акрэсліў як пачатак рэвалюцыі духу ў беларускім грамадстве, на нейкі час выглядаў як прарыў з раўнавагі лукашэнкаўскай аўтарытарнай сістэмы. Выглядала, яна навечна скансалідавала тую самую «стабільнасць», на якую моляцца прыхільнікі цяперашняй улады і якую клянуцца абараніць, не шкадуючы жывата свайго, яе бенефіцыяры. Маральны супраціў, які справакавалі шалёныя рэпрэсіі амаль па другім законе Ньютана, здавалася б, быў адказам на пытанне, якім чынам дамагацца зменаў у Беларусі. Не праз стратэгічную каардынацыю знешніх гульцоў, не праз дробнае палітыканства і паляванне за медыянным выбаршчыкам на бессэнсоўных выбарах, а праз пабудову маральных барыкад, выразных ліній супрацьстаяння паміж дабром і злом, і актывацыю чалавечага сумлення. Каб яно стала падмуркам таго змагарскага духу, які так і не змог растаптаць АМАП і спецназ. Нас тады было мала, але мы верылі, што зможам дамагчыся многага – абы не згас той абуджаны дух.
Але за святам (нават часамі крывавым) маральнага супраціву вельмі хутка прыйшлі сумныя будні. Запал актывістаў хутка сышоў на нішто, энергія і бадзёрасць змяніліся апатыяй і руцінізаванай безнадзейнасцю, багата хто з’ехаў у эміграцыю знешнюю, яшчэ больш сышлі ў эміграцыю ўнутраную. Палітыкі ж павялі сябе так, што лінію дабра і зла ўжо час быў праводзіць паміж імі самімі. Стала зразумела, што Плошча, выбуховыя палітычныя падзеі – гэта толькі кульмінацыя пэўных грамадскіх працэсаў, якія ствараюць падмуркі для рэвалюцыі духу, але ніяк не іх каталізатар. Ужо ў сярэдзіне 2006 года навідавоку стаў рэзкі спад грамадзянскай актыўнасці, фактычнае замарожванне альтэрнатыўнага жыцця. Яно стала пакрысе прабуджацца толькі з пачаткам апошняй квазілібералізацыі і аслабленнем дзяржаўнага прэсінгу на незалежнае грамадства.
Для мяне было відавочна, што калі грамадскае жыццё будзе падпарадкоўвацца жыццю палітычнаму і працякаць, як трапна заўважыў Алесь Анціпенка, ад выбараў да выбараў, то на такія трох- ці чатырохгадовыя правалы мы асуджаны яшчэ на дзесяцігоддзі і лукашэнкаўская сістэма будзе хутка прыходзіць у раўнавагу пасля кароткачасовых узрушэнняў. Зразумела і іншае – людзям, якія прыходзяць да грамадзянскай дзейнасці, патрэбныя нейкія новыя, іншыя сэнсы і мэты, акрамя таго, каб чатыры-пяць год рыхтавацца да новай Плошчы (гэтыя радкі я пішу акурат 19 снежня 2010 года, калі вось-вось выбухне новая Плошча).
Але аб усім па парадку. Гэтаксама як звужэнне грамадзянскай актыўнасці да палітычнай не давала адказаў на пытанне, як падтрымаць агеньчык грамадскага жыцця і маральнага супраціву, заводзіла ў тупік і засяроджванне на праблематыцы няўрадавых арганізацый як цэнтральнага пункта грамадзянскай супольнасці. Мае калегі і сябры, якіх можна назваць прафесійнымі НДАшнікамі (без усялякіх адмоўных канатацый), з Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый, Адукацыйнага цэнтра «Пост» правялі шмат даследаванняў з мэтай падвышэння прафесійнасці і выніковасці дзейнасці грамадзянскага сектара, успрымання яго грамадствам, магчымых варыянтаў дзяржаўна грамадскага супрацоўніцтва. Я сам браў удзел у гэтых даследаваннях. Сектар НДА, паводле звестак даследаванняў, што я апрацоўваў, апынуўся паміж дзвюма парадыгмамі, прычым багата арганізацый імкнуліся следаваць абедзвюм. Адну парадыгму – умоўна назавём «змагарскай» (пратэсныя НДА, жорстка арыентаваныя на змену «крывавага рэжыму»). Другая парадыгма – «сабесаўская» (НДА, якія імкнуцца прадастаўляць нейкія паслугі мэтавым групам, часцяком павышаючы спажывецкія і ўтрыманскія настроі ў грамадстве). Вельмі няшмат было арганізацый, якія, як гэта ні парадаксальна гучыць, ставілі б не вялікія і альтруістычныя мэты, а больш лакальныя, зразумелыя. Чаму НДА мусіць быць абавязкова прафесійнай і ўпакаванай па апошняй модзе ўсімі рэсурсамі і штатам? Чаму грамадзянская дзейнасць мусіць быць прафесіяй, а не хобі? Чаму яны мусяць служыць іншым, а не сабе ды сваім сябрам? Гэтыя пытанні накладаліся на ўспаміны пра пэўныя кніжныя веды, асабліва пра тое, як паўставалі масавыя пратэсныя і нацыянальныя рухі па ўсім свеце. Іх цэнтрамі былі не прафесійныя НДА, а маленькія асацыяцыі добраахвотнікаў, якія выконвалі простыя задачы дзеля сваіх сяброў. Колькі нацыянальных рухаў паўстала з харавых гурткоў і таварыстваў аховы помнікаў! Колькі паспяховых палітычных партый – са спартовых таварыстваў! Колькі сацыяльных плыняў – з простых таварыстваў узаемадапамогі! А колькі – і таго, і другога, і трэцяга – гуртавалася першапачаткова вакол маленькіх царкоўных суполак!
Базавая адзінка грамадзянскай супольнасці – не НДА, а чалавек! Чалавек з яго патрэбамі, якія не зводзяцца да матэрыяльных праблем, а ўключаюць самарэалізацыю, пашырэнне далягляду, набыццё новага досведу, імкненне пабачыць свет, атрымаць адукацыю і г.д. Гэтаксама як мэты грамадзянскага актывіста могуць быць нашмат шырэйшымі і больш разнастайнымі, чым звяржэнне «злачыннага рэжыму». І каб вызначыць, ці адпавядае грамадзянскі сектар патрэбам сваіх чальцоў, перш-наперш трэба адказаць на пытанне – а што гэта за патрэбы? Што матывуе людзей быць актыўнымі, заангажаванымі, неабыякавымі? Якія найбольш тыповыя шляхі прыходу да грамадзянскай актыўнасці?
Гэта было першае кола пытанняў, праз якія паўстаў праект «Матывацыя супраціву». Праект быў рэалізаваны цягам 2010 года пад навуковым кіраўніцтвам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і пры саўдзеле Мінскай аналітычнай групы, часопіса «ARCHE» і газеты «Наша Ніва». Структура праекта простая – намі было праведзена больш за тры дзясяткі інтэрв’ю з найбольш тыповымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Маленькая выбарка не прэтэндуе на рэпрэзентатыўнасць, а адказы на пытанні ў разгорнутых інтэрв’ю – на статыстычную валіднасць. Нашай задачай было высветліць найбольш тыповыя матывы і погляды, стаўленні і адчуванні, зразумець найбольш базавыя ўзаемасувязі паміж выхаваннем, адукацыяй, жыццёвым досведам і грамадзянскай актыўнасцю і, у сваю чаргу, паміж ёй і іншымі аспектамі прыватнага, грамадскага і прафесійнага жыцця.
Абапіраючыся на гэтую вельмі немудрагелістую метадалогію, мы хацелі кінуць свежы позірк на грамадзянскую супольнасць. Зразумеўшы найбольш тыповыя матывы і ўзаемасувязі, што вядуць чалавека да неабыякавасці, мы імкнемся вызначыць магчымыя перспектыўныя шляхі нарошчвання грамадзянскай субкультуры, шляхі, якія выходзяць за рамкі нашых меркаванняў пра грамадзянскі сектар як тэрыторыю палітычнага змагання, ці, наадварот, адмысловы такі сабес, шляхі, якія ідуць праз мазгі і сэрцы саміх грамадзян, саміх беларусаў.
Ставячы пытанні пра матывацыю і шляхі да супраціву, мы зыходзілі з пэўных гіпотэз. Беларусь успрымаецца даследчыкамі і актывістамі як краіна з крайне нізкім узроўнем «жывых» грамадзянскіх традыцый і палітычнай культуры актыўнага ўдзелу (participatory political culture), як краіна, дзе падпарадкаванне асобы дзяржаве з’яўляецца нормай, а прынцып «мая хата з краю» дамінуе нават сярод прасунутых колаў грамадства. У гэтых умовах грамадзянская супольнасць можа паўставаць толькі праз унутраны пратэст, які вырастае з асэнсавання ўласнай адрознасці ці імкнення стаць адрозным. Да такога пратэсту падштурхоўвае нетыповы для паспалітага грамадзяніна жыццёвы досвед (набыты пры адносінах з пэўнымі людзьмі – такімі ж «белымі варонамі» або дзякуючы камунікацыі з іншымі грамадствамі і культурамі) або, як гэта ні парадаксальна, уласныя традыцыі ў кантэксце карпаратыўнай дзяржавы, дзе была пэўная прастора для так званага «актывізму».
Што ж паказала даследаванне? Ці з’яўляюцца грамадскія актывісты «белымі варонамі»? Ці іх выбар – неабыякавасць, актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці, здольнасць рызыкаваць і ахвяраваць, – ёсць наступствам пэўных асабістых псіхалагічных рыс, пэўных праяў характару, інстынктыўнага жадання «паплыць супраць цячэння»? Ці значыць, што некаму з нас наканавана нарадзіцца актывістам і змагаром, а некаму – цынікам і прыстасаванцам? Ці справа ў тым, што, па словах аднаго з удзельнікаў даследавання, неабыякавасць – «гэта асаблівы склад асобы, псіхатып чалавека»? Адказы грамадзянскіх актывістаў далі падставу меркаваць, што галоўны чыннік, які прыводзіць іх да грамадзянскай актыўнасці, усё ж вонкавы, і такі чыннік працуе нават у грамадстве, дзе традыцый грамадзянскага жыцця не так шмат.
Гэты чыннік адлюстроўвае вынікі больш шырокіх даследаванняў пра фактары фармавання палітычнай культуры, якіх багата праведзена ў сусветнай паліталагічнай і сацыялагічнай традыцыях. Напрыклад, уплывовыя даследаванні пад кіраўніцтвам Рональда Інглегарта выявілі феномен «фарматыўнага ўзросту»: палітычныя (і не толькі) каштоўнасці і погляды і стаўленні да жыцця складаюцца ў чалавека ў перыяд, калі ён пераходзіць з дзіцячага ў дарослы ўзрост, задумваецца пра выбар шляху жыцця, прафесіі, прымае нейкія рашэнні, якія накіроўваюць яго на далейшы шлях у жыцці, які пасля цяжка перамяніць (як пры выбары каляіны на развілцы). Мары, планы, каштоўнасці, густы, эмоцыі, што авалодваюць маладым чалавекам, потым вызначаюць яго выбар, схільнасці, пазіцыю на працягу жыцця. Чалавек можа змяніць свой modus vivendi пад уплывам абставінаў (калі стварае сям’ю, робіць кар’еру, прымае іншыя сацыяльныя абавязкі), але застацца сацыяльна актыўным і неабыякавым.
Віталь Сіліцкі 26 траўня 2011
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
23 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |