09:30 25.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
“ТОЛЬКІ ПАСЬЛЯ СУМЛЕННЫХ ВЫБАРАЎ МОЖА БЫЦЬ ВЫПІСВАНЬНЕ ЧЭКАЎ. НІЯКІХ ЧЭКАЎ ДА ВЫБАРАЎ!”
У Вашынгтоне адбылася прэзэнтацыя дакладу “Democratic Change in Belarus: A Framework for Action” (“Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі: Рамкавая праграма дзеяньня”).
Гэты супольна падрыхтавалі экспэрты і арганізацыі . Даклад зьмяшчае рэкамэндацыі як заходнім палітыкам, так і беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, што рабіць і як рабіць дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Аўтары дакладу зыходзяць з таго, што пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі на сёньняшні дзень найслабейшыя і найбольш уразьлівыя, чым калі раней. Аналітыкі і экспэрты падкрэсьліваюць важнасьць скаардынаваных дзеяньняў Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу для рыхтаваньня беларускай будучыні без Лукашэнкі.
Даклад “Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі” адыходзіць ад многіх ранейшых праграм, якія разглядалі палітыку Захаду ў адносінах да Беларусі ў прывязцы да расейскага фактару.
“Завершаныя няўдачаю захады Эўразьвязу напярэдадні мінулых выбараў у Беларусі даводзяць, што Лукашэнка ня здатны весьці сваю краіну ў Эўропу, – заявіў віцэ-прэзыдэнт Атлянтычнай рады Дэйман Уілсан. – Ён ня будзе тым лідэрам, зь якім Злучаныя Штаты і Эўропа могуць працаваць для рэалізацыі рэформаў у Беларусі. Гэта безнадзейна. І, па-другое, даклад умацоўвае ў перакананьні, што нам сапраўды патрэбна палітыка ў адносінах да Беларусі, не такая палітыка, якая зьяўляецца адно нечым залежным ад нашай палітыкі ў адносінах з Расеяй. Я спадзяюся, што Вашынгтон і Брусэль ня трапяць у пастку – ня вырашаць не чыніць ціску на Менск, баючыся, што такі ціск будзе выштурхоўваць Беларусь у маскоўскія рукі”.
Рэгіянальны погляд на беларускую сытуацыю падаў у часе пятнічнай прэзэнтацыі дакладу намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі. Паводле яго словаў, у выпадку Беларусі як дыктатуры, што мяжуе з НАТО і краінамі Эўразьвязу, эўрапейская заангажаванасьць матывуецца каштоўнасьцямі і аспэктам агульнай бясьпекі:
“Першая прычына – каштоўнасьці. Каштоўнасьці, якія мы адстойваем, каштоўнасьці, якія так важныя для ЗША і для Эўропы і асабліва для такіх краінаў, як Польшча. Яшчэ адна прычына, – на працягу дзесяцігодзьдзяў мы лічылі, што нашая бясьпека зьвязаная з танкамі, з салдатамі ў амуніцыі, з ракетамі. Пазьней мы пачалі разумець, што бясьпека зьвязаная таксама з эканомікаю, асабліва летась мы пачалі лепш разумець, што нашая бясьпека наўпрост зьвязаная з тым, як кіруюцца краіны, з магчымасьцю людзей вырашаць свой лёс”.
Паводле Станоўскага, Польшча як краіна, што старшынюе цяпер у Эўразьвязе, чакае ад Беларусі “вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх апазыцыйнікаў, пачатку перамоваў паміж афіцыйнымі асобамі і лідэрамі апазыцыі, а затым правядзеньня выбараў”:
“І толькі пасьля сумленных выбараў можа быць выпісваньне чэкаў, ніякіх чэкаў да выбараў. Ніякіх перамоваў – да амністыі і рэабілітацыі. Гэта павінны быць асноўныя правілы”.
Заклік ніякім спосабам не падтрымліваць Лукашэнкавага рэжыму фінансава знайшоў падтрымку ўва ўсіх выступоўцаў у часе прэзэнтацыі дакладу. Аўтары дакумэнту лічаць, што ні пры якіх абставінах МВФ не павінен даваць беларускім уладам новых крэдытаў. Прамоўцы ў Вашынгтоне таксама гаварылі пра неабходнасьць перашкодзіць Лукашэнку ў продажы актываў буйных беларускіх прадпрыемстваў для здабыцьця грошай на падтрыманьне жыцьцядзейнасьці рэжыму.
“Для нас сёньня важна ўпэўніцца, што Лукашэнка ня мае магчымасьці дарэшты разрабаваць сваю краіну і завесьці ў даўгавую яму, – адзначыў супрацоўнік Інстытуту Пэтэрсана, экспэрт у пытаньнях посткамуністычных краінаў зь пераходнай эканомікаю Андэрс Аслунд. – Што для гэтага мы можам зрабіць? Увесьці санкцыі ў дачыненьні да гэтых прадпрыемстваў. Калі будуць уведзеныя санкцыі, цана прадпрыемстваў зьнізіцца і Лукашэнка ня будзе зацікаўлены ў іх продажы”.
Падчас прэзэнтацыі гучалі пытаньні аб тым, што як прымусіць “апошняга дыктатара Эўропы” пакінуць сваю пасаду. Аўтарамі стратэгіі сыходу Лукашэнкі маюць быць самі беларусы, адзначыў у сваім выступе прэзыдэнт няўрадавай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр:
“Канчатковая роля тут належыць народу Беларусі, але ёсьць і тая роля, якую мае адыграць Захад, і цяпер, я думаю, ёсьць унікальная магчымасьць. Я маю на ўвазе, што Беларусь ніколі дасюль не сутыкалася з такім эканамічным крызісам, а гэта значыць, што Лукашэнка больш уразьлівы сёньня, чым калі раней. Я думаю, гэта відаць зь яго дзеяньняў і паводзінаў. Думаю, надышоў час працягваць чыніць ціск, не зьмякчаць пазыцыі, бо пры далейшым ціску людзі ўнутры рэжыму могуць вырашыць: “Даволі, нельга далей ісьці гэтай дарогаю”. І я думаю, найбольш праўдападобны сцэнар, калі людзі ўнутры рэжыму скажуць, што такі шлях непрымальны, што ён ня можа доўжыцца, што нам патрэбныя перамены. Няпростым, але відавочным рашэньнем, каб паслабіць ціск, будзе для Лукашэнкі сыход. Куды ён сыдзе? Гэта яго праблема”.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме