23:45 10.02.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ТБМ прапануе годна адзначыць юбілей Васіля Быкава
Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
Кабякову А. У.
Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!
Як Вам, безумоўна, вядома, сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, Героя Сацыялістычнай Працы, франтавіка, народнага дэпутата СССР, Народнага пісьменніка Беларусі, прызнанага майстра сусветнага ўзроўню Васіля Быкава. У многіх краінах свету спачатку ведаюць Васіля Быкава, а пасля Беларусь.
Трэба было спадзявацца, што беларуская дзяржава, якая ў першую чаргу з’яўляецца спадкаемцам таленту і сусветнай славы Васіля Быкава, годна адзначыць юбілей Майстра дзеля ўшанавання яго памяці і падняцця прэстыжу Беларусі ў свеце.
Мы лічым, што асноўныя мерапрыемствы па ўшанаванні Васіля Быкава пройдуць: на Віцебшчыне, дзе ён нарадзіўся; на Гарадзеншчыне, дзе расквітнеў яго талент; у Мінску, дзе ён плённа працаваў і дзе завяршыў свой зямны шлях.
Нядаўна на сайце “Твой стыль” была апублікавана праграма мерапрыемстваў “Гродна - культурная сталіца Беларусі”. Думалася, якое ўдалае супадзенне, у рамках “культурнай сталіцы” можна зрабіць непараўнальна больш для памяці В. Быкава ў Гродна (адкрыць музей, назваць вуліцу, паставіць помнік, павесіць мемарыяльную дошку, правесці шэраг літаратурных і культурных імпрэзаў і г.д.). Аднак у апублікаванай праграме мы знаходзім толькі невялікія чытанні ў верасні месяцы. Ні аднаго сур’ёзнага мерапрыемства, наогул ніякага мерапрыемства ў чэрвені месяцы (дзень нараджэння В. Быкава - 19 чэрвеня) не спланавана. Наогул, нічога на год не спланавана акрамя згаданых чытанняў.
Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!
Мы задаём Вам пытанне, ці па-дзяржаўнаму гэта?
Вакол юбілею Васіля Быкава павінна б круціцца ўся культурная праграма Гродна на гэты год. Сюды дзеля В. Быкава паехалі б тысячы турыстаў. У беларускіх тэатрах Віцебска і Мінска павінны ўвесь год ісці п’есы па Быкаву. У кінатэатрах павінны ісці фільмы па Быкаву.
Мы далёкія ад думкі, што кіраўнік Беларускай Дзяржавы загадаў гродзенцам не святкаваць юбілею В. Быкава, з якім ён быў асабіста добра знаёмы і якога паважаў, і таму пазіцыя гродзенскіх чыноўнікаў нам не зразумелая.
У свой час Міністэрства культуры Беларусі лічыла мэтазгодным адсвяткаваць у нашай краіне юбілей В.Быкава, пра што сведчыць ліст намесніка міністра Т.І Стружэцкага кіраўніку Віцебскай абласной рады ТБМ Іосіфу Навумчыку (дадаецца).
Аднак і ў Віцебску мерапрыемствы па ўшанаванні Васіля Быкава не даведзены да грамадскасці. Не вельмі імкнецца ўшанаваць памяць класіка беларускай літаратуры і мінскі гарвыканкам. І гэта адбываецца ў 70-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў, калі памяць пра франтавіка-пісьменніка павінна быць годна ўшанавана. Было б добра, каб да 9 мая з'явіўся адпаведны Указ Кіраўніка Беларусі аб ушанаванні памяці Васіля Быкава, у якім было б прадугледжана наступнае:
1. Назваць вуліцы імем Васіля Быкава ў Мінску, Гродне, Віцебску і Ушачах.
2. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме ў Мінску (былая вуліца Танкавая), дзе жыў пісьменнік.
3. Выданне мастацкага канверта з партрэтам Васіля Быкава.
4. Стварэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай В.Быкаву, у Нацыянальным гістарычным музеі, Віцебскім і Гродзенскім абласных музеях.
Быкаў - гэта Беларусь!
Беларусь - гэта Быкаў!
Гэтага не змяніць і не замаўчаць.
Са спадзяваннем на разуменне і падтрымку нашых прапаноў,
Старшыня ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” А. Трусаў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме