19:00 11.04.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ТАК ПАМІРАЎ ЗМІЦЕР ЖЫЛУНОВІЧ (карэспандэнту "Нашага Магілёва" Ігару Барысаву адказвае гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч)
На пытанні карэспандэнта "Нашага Магілёва"Ігара Барысава адказвае гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч.
-- 11 красавіка спаўняецца 75 год з дня смерці старшыні першага савецкага ўрада Беларусі Дзмітрыя Фёдаравіча Жылуновіча. Дзмітрый - імя царкоўнае, пашпартнае, афіцыйнае, а сам ён падпісваўся як Зміцер і Змітро. Як у пісьменніка і публіцыста, у яго было шмат псеўданімаў, але найбольш ён вядомы як Цішка Гартны. 75 год таму ён скончыў жыццё самагубствам у Пячэрскай псіханеўралагічнай бальніцы пад Магілёвам. Нядаўна вы апублікавалі спіс знакамітых людзей, якія жылі і працавалі ў Беларусі і сталі ахвярамі Вялікага тэрору 1937-1938 гадоў. Гэты спіс пачынаецца з Жылуновіча-Гартнага. Ці правамерна адносіць Жылуновіча-Гартнага да ахвяраў Вялікага тэрору?
-- Пытанне цікавае, але перш скажу, што версія самазабойства Жылуновіча-Гартнага не пацвярджаецца. А тое, што Вялікі тэрор датуецца 1937-м і 1938-м годам, тлумачыцца проста: на гэты час прыпала самая вялікая колькасць арыштаў, расстрэлаў і проста забойстваў па палітычных матывах у СССР. Ды ўсё ж першы так званы маскоўскі працэс адбыўся ў жніўні 1936-га. У студзені 1937-га Сталін інсцэнізаваў другі працэс. І толькі пасля гэтага быў праведзены лютаўска-сакавіцкі пленум, з якога ў Савецкім Саюзе і пачалася вакханалія смерці. Яе пікам быў трэці маскоўскі працэс у сакавіку 1938-га. Ніхто не будзе спрачацца, што ўсе тры працэсы - падзеі аднаго парадку, бо на іх галоўнымі абвінавачанымі сталі паплечнікі Леніна. Калі б Сталіну не ўдаліся першы і другі працэсы, наўрад ці быў магчымы масавы тэрор 1937 і 1938 гадоў. Жылуновіча арыштавалі 15 лістапада 1936 года.
-- У чым яго вінавацілі?
-- Абвінавачанне даволі стандартнае, у духу таго часу. Літаратуразнаўца Лідзія Савік, якой удалося пазнаёміцца са следчай справай Жылуновіча, кажа, што старшыню першага савецкага ўрада Беларусі вінавіцілі ў імкненні адарваць БССР ад Савецкага Саюза і ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. Нагадаю, што тэрарызм інкрымінаваўся і фігурантам маскоўскіх працэсаў.
-- Жылуновіч сам "рыхтаваў" тэракты ці ў суполцы?
-- Жылуновіч-Гартны быў схоплены ў той час, як вялося новае паляванне на беларускіх пісьменнікаў.
-- Новае? А калі былі папярэднія?
-- Першы хапун адбыўся ў 1930-м у рамках так званай справы "Саюза вызвалення Беларусі". Другі хапун быў праведзены ў 1933-м - у рамках надуманых справаў "Беларускага нацыянальнага цэнтру" і "Беларускай народнай грамады". Паводле няпоўных падлікаў, тады за краты трапілі 44 пісьменнікі. Кагосьці арыштоўвалі і ў 1934-м, і ў 1935-м, і на пачатку 1936-га, але самы вялікі хапун пісьменнікаў пачаўся ў канцы жніўня 1936-га. Да канца года было, паводле маіх падлікаў, схоплена было як мінімум 43 чалавекі. Не менш як двух арыштавалі ў студзені 1937-га.
-- Такім чынам, з канца жніўня 1936-га па люты 1937-га за кратамі апынулася не менш як 45 беларускіх пісьменнікаў - амаль столькі, колькі ў 1930-м і 1933-м. Сярод арыштаваных і Цішка Гартны.
-- Так. Арыштаваныя былі пераважна ва ўзросце да 35 год. Трыццаці пяці з іх у 1917-м споўнілася сама больш 13 год. Яны выраслі пры савецкай уладзе. Самымі "старымі" сярод арыштантаў былі 40-гадовы Міхась Чарот, 41-гадовы Васіль Сташэўскі, 45-гадовы прафесар Міхайла Піятуховіч і 49-гадовыя Анатоль Дзяркач і Цішка Гартны. Бальшавікі мелі намер сачыніць чарговую справу і паставіць іх на чале прыдуманай арганізацыі. Што ні кажы, Анатоль Дзяркач быў да бальшавіцкага перавароту сацыялістам-рэвалюцыянерам, Жылуновіч да кастрычніка 1918-га уваходзіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, Васіль Сташэўскі і Міхась Чарот належалі ў 1920 годзе да Беларускай камуністычнай арганізацыі, якую ўзначальваў "вораг народа" і першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, а Міхайлу Піятуховічу маглі "шыць" прыналежнасць да канстытуцыйных дэмакратаў. І вось пад уплыў гэтых людзей трапіла літаратурная моладзь... На чале прыдуманай антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі бальшавікі хацелі паставіць Цішку Гартнага.
-- У "арганізацыю", як я зразумеў, трапілі выключна літаратары.
-- І гэтаму ёсць тлумачэнне. Па-першае людзі яны маладыя і, што называецца, баяздольныя. Па-другое, ішло планамернае вынішчэнне беларускіх пісьменнікаў як носьбітаў нацыянальнай ідэі, нацыянальнага духу.
-- Гэта даволі сур'ёзнае сцвярджэнне.
-- Яно належыць не мне. Вось факт. У чэрвені 1938-га Масква прызначыла першым сакратаром кампартыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнку, а ўжо ў кастрычніку народны камісар унутраных спраў БССР паклаў яму на стол кампрамат на Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Кандрата Крапіву, Петруся Броўку, Аркадзя Куляшова... І Панамарэнка раіцца са Сталіным: ці не арыштаваць нам і гэтых? Уявім сабе, што задума здзейніслася...
-- Сапраўды, што засталося б тады ад беларускай літаратуры? Але вернемся да Жылуновіча-Гартнага. Ён турме...
-- З яго (і не толькі з яго) выбіваюць паказанні пра тое, існаваў план адрыву БССР ад Савецкага Саюза, што задумваліся тэракты. Жылуновіч упарта адмаўляе ўсе абвінавачанні.
З канца 1920-х гадоў Жылуновіч няспынна падвяргаўся маральна-псіхалагічнаму тэрору. Адчуваючы, што атмасфера вакол яго стала небяспечнай, ён яшчэ да арышту адправіў жонку і дачку-студэнтку да жончыных сваякоў у Ленінград. Аднаго разу да допыце яму паказалі паперку з ленінградскмі адрасамі жонкі і дачкі ды папярэдзілі: калі ён, Жылуновіч, не возьме на сябе віну, і жонка, і дачка будуць арыштаваныя. І Зміцер Хведаравіч падпісаў самаагавор.
-- Жонку і дачку сапраўды не кранулі?
-- Якое там! Надзею Сцяпанаўну адправілі ў ссылку як члена сям'і "ворага народа" і саўдзельніцу ў "злачыннай дзейнасці", а дачку - за неданясенне аб "злачыннай дзейнасці" бацькоў. Лёс жонкі невядомы, а Галіна Дзмітрыеўна перажыла гэтыя выпрабаванні.
-- Можна сказаць, што што фальшывыя прызнанні з Жылуновіча выцягнулі падманным шляхам.
-- Згодны з вамі. Паўтараю: з чэрвеня 1929 года Жылуновіч жыў у пастаянным псіхічным напружанні, да таго ж турма была перапоўненая... Жылуновіч не вытрымаў псіхалагічных нагрузак. Вядома, што ён грукаў у дзверы камеры і крычаў: "Сталін - вар'ят!".
-- І яго адправілі ў псіхіятрычную бальніцу...
-- Я не магу зразумець, навошта спратрэбілася адпраўляць яго з Менску пад Магілёў. Вызваліўшыся са зняволення, паэт Мікола Хведаровіч зацікавіўся апошнімі днямі свайго земляка і знайшоў доктарку, якая была сведкаю смерці Цішкі Гартнага. Яе адрас Мікола Хведаровіч даў свайму малодшаму калегу Сяргею Панізніку. Далей я буду цытаваць на мове арыгіналу ліст доктара Агнесы Героднік да Сяргея Сямёнавіча. Вось што яна пісала 26 лютага 1982 года:
Цішка Гартны "поступил в Могилевскую психоневрологическую больницу из места заключения с диагнозом "реактивный психоз". Контакт с ним был сильно затруднен. (…) Умер он там же вскоре после поступления . Я сама проводила вскрытие и могу сообщить, что причиной его смерти было тяжелое хроническое заболевание - кистозное перерождение обеих почек. Вместо почечной лоханки были пузырьки, наполненные жидкостью, как виноградные кисти".
-- Хіба энкавэдысты не ведалі, што ў Жылуновіча цяжкое хранічнае захворванне і што зняволенне толькі паскорыць ягоны сыход?
-- Вы ж ведаеце, як ставяцца да хворых арыштантаў і вязняў наступнікі энкавэдыстаў у Рэспубліцы Беларусь. А што казаць пра той час? Усё дыктавалася палітычнай мэтазгоднасцю. Мэтазгодна было фізічна знішчыць Зміцера Жылуновіча, перад гэтым дамогшыся, каб ён сам узвёў на сябе паклёп.
-- Не разумею. У 1931 годзе Зміцера Жылуновіча выключылі з бальшавіцкай партыі, ён трапіў на перавыхаванне на менскі завод імя Варашылава, ён не займаў прыкметных пасад...
-- Але ён быў беларускім пісьменнікам Цішкам Гартным. Гэта раз. Па-другое, ён быў жывым сведкам і гісторыкам. Ён напісаў шэраг прац, у якіх паказаў, як нараджалася БССР. І ягоны паказ увайшоў у супярэчнасць з афіцыйнай гістарыяграфіяй, якая з канца 1920-х пачала сцвярджаць, што ў бальшавіцкай партыі ледзь не з першага дня яе існавання меўся план стварэння БССР, што стваральнікамі БССР былі Ленін і Сталін (чым далей, тым больш узрастала роля Сталіна). Менавіта за працы з гісторыі БССР і беларускага нацыянальнага руху і пачаўся пераслед Жылуновіча ў чэрвені 1929 года. У той час выключэнне з партыі было прэлюдыяй да выключэння з жыцця. У шырокім сэнсе гэтага слова.
-- Дзякуй за гутарку. Мажліва, да 125-годдзя з дня нараджэння Зміцера Жылуновіча (Цішку Гартнага), якое будзем адзначаць у лістападзе сёлета, з'явяцца новыя матэрыялы пра яго і мы вернемся да размовы пра гэтага выдатнага дзеяча беларускага руху.
ДАВЕДКА.
Жылуновіч Зміцер Хведаравіч (Цішка Гартны; 23.10(4.11).1887-11.04.1937). Нарадзіўся ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Менскай губерні ў беднай сялянскай сям'і. Скончыў двухкласнае народнае вучылішча. Спрабаваў паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але не меў пасведчання аб добранадзейнасці. Усё жыццё займаўся самаадукацыяй. Працаваў гарбаром у Капылі, Бабруйску, Магілёве ды іншых гарадах. З 1913 года фрэзероўшчык на заводзе "Вулкан" у С.-Пецярбургу.
У 1904 г. уступіў у Капыльскую арганізацыю Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. прымыкаў да меншавіцкага крыла партыі.
Да беларускага руху далучыўся з 1908 г. У 1909 г. наведаў рэдакцыю газеты "Наша Ніва", дзе асабіста пазнаёміўся з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі. Працуючы ў С.-Пецярбургу, зблізіўся з гуртком студэнтаў-беларусаў, які знаходзіўся пад уплывам Браніслава Эпімаха-Шыпілы і Вацлава Іваноўскага і даў неаднаго віднага дзеяча беларускага руху. У 1916 г. выдаваў газету "Дзянніца" (выйшла 7 нумароў).
У пачатку 1917 г. уступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Стаў яе відным дзеячам, прадстаўніком левага крыла партыі. Сябар Беларускага нацыянальнага камітэта (сакавік-ліпень 1917 г.), потым Прэзідыума Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Удзельнік Усебеларускага з'езду. У лютым - снежні 1918 г. працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце (БНК) пры народным камісрыяце нацыянальнасцей Расіі. Рэдагаваў газету БНК "Дзянніца". У кастрычніку 1918 г. уступіў у бальшавіцую партыю.
Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублікі. З 1 студзеня па 2 лютага 1919 г. старшыня Часовага работніча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. На пачатку лютага 1919 года на кароткі час быў арыштаваны і кінуты ў Менску ў турму. У Быў палітработнікам на Паўднёвым фронце.
У 1920-х гг. Зміцер Жылуновіч працаваў пачаргова рэдактарам газеты "Савецкая Беларусь" і часопіса "Полымя", кіраўніком Цэнтральнага архіву БССР і Дзяржаўнага выдавецтва, намеснікам народнага камісара асветы і кіраўніком Галоўмастацтва БССР. У Інстытуце беларускай культуры (ІБК), правадзейным членам якога ён быў, займаў пасаду навуковага сакратара камісіі па вывучэнні гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Пасля ператварэння ІБК у Акадэмію навук (канец 1928 г.) стаў акадэмікам. На працягу 1920-1931 гг. быў членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР.
З чэрвеня 1929 г. пачаўся пераслед Зм. Жылуновіча па палітычных матывах. Штуршком стала публікацыя яго артыкула "Беларускія секцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі", а таксама ўспамінаў "Дваццаць гадоў назад", у якіх ён пазітыўна пісаў пра дзеячоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У 1931 г. выключаны з бальшавіцкай партыі. Другі раз арыштаваны 15 лістапада 1936 г. Памёр 11 красавіка 1937 г.
Пад рознымі псеўданімамі Зм. Жылуновіч выступаў як паэт, празаік, драматург, літаратурны крытык і публіцыст. Найбольш вядомы літаратурны псеўданім - Цішка Гартны. Пісаў па-беларуску і па-расійску. Выпусціў кнігі паэзіі "Песні" (1913), "Песні працы і змагання" (1922) і "Урачыстаць" (1925), зборнікі апавяданняў "Трэскі на хвалях" (1924) і "Прысады" (1927, 1930). Аўтар рамана "Сокі цаліны" і некалькіх п'ес, зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў "Узгоркі і нізіны". Творы Зм. Жылуновіча-гісторыка асобным выданнем не выходзілі.
Імем Зм. Жылуновіча названыя вуліцы ў Менску і Капылі. У Капылі захаваўся дом, у якім ён нарадзіўся. У Магілёве на выяўленым месцы пахавання Зм. Жылуновіча ў 1989 г. пастаўлены мемарыяльны знак.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |