11:30 15.06.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ТАК КАЖА НАДЗЕЯ КАТКАВЕЦ

Чыноўнікаў, бывае, вельмі цікава чытаць і слухаць. Вось, напрыклад, адзін з іх цягам ледзь не дзясятка гадоў хваліўся, што ў Беларусі захаваны калгасна-саўгасны лад і такім чынам выратавана вёска, выратавана сялянства. Адале той самы чыноўнік раптам, ні з пушчы ні з бору, абвясціў праграму адраджэння вёскі. Дык што, вёска ўжо дала дуба ці яшчэ знаходзіцца ў коме?

З чыноўнікаў аграпрымысловага комплексу журналістам найбольш падабалася сваімі выказваннямі Надзея Каткавец. Цяпер яна (чытайце ўважліва) дырэктар дэпартаменту Аграпрамысловага (менавіта так, з вялікай літары!) комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі. Во якая важная шышка! Гутарку з ёю “Звязда” за аўторак 12 чэрвеня надрукавала пад загалоўкам “Надзея Каткавец: “Аб’яднаўшыся, мы зможам дыктаваць сусветныя цэны””. Дрыжыце, Амерыка, Канада, Аўстралія! Вас абяцалі дагнаць і перагнаць яшчэ з 1930-х (калі не памялюся). А цяпер паставяць на калені.

У тэксце тае гутаркі маецца ўрэзка, і буйнымі літарамі ў ёй надрукаваныя такія словы-цытата: “Не трэба звязаваць змены ў беларускай вёсцы з Мытным саюзам і АЭП”. Памры – лепей не скажаш. Калі перакласці гэтае выказванне на мову роднай аселіцы, дык чытаем: ад Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ніякай карысці беларуская вёска не атрымае.

І наступны сказ з тае ж урэзкі: “Мне вельмі хацелася б, каб вёска жыла і развівалася, каб туды прыходзіла цывілізацыя, гарадскія ўмовы жыцця, але гэта мала звязана з тым, што робіць зараз Дэпартамент, які я ўзначальваю ў Маскве”.

Якое каштоўнае прызнанне! Зрэшты, мы і без Надзеі Каткавец ведаем, што наша вёска ледзь жывая, практычна не развіваецца і што ў яе, мякка кажучы, праблемы з цывілізаваным ладам жыцця. Мытны ж саюз і АЭП цывілізацыі ў нашу вёску не прынясуць. У яго, відаць, іншая задача. Так кажа Надзея Каткавец.
Анатоль Сідарэвіч
            15 чэрвеня 2012 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме