04:46 13.08.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сур’ёзнае і незапозненае папярэджанне
Даўно ведаю А.Сідарэвіча як чалавека, дасведчанасць якога ў пытаннях філасофіі, грамадазнаўства, гісторыі літаратуры заслугоўвае даверу. Вось чаму з цікавасцю ўзяўся чытаць яго артыкул “” (“НВ” за 3 жніўня). А.Сідарэвіч заўсёды мне быў дадушы тым, што ў друку ён гаворыць удумліва, разважліва і спакойна (не прытупваючы ад збытку эмоцый ножкай). Гэтак напісаны ім і названы вышэй артыкул. Гэта — сур’ёзнае і незапозненае папярэджанне. І, зразумела, сур’ёзнае запрашэнне чытачоў да размовы. Занадта важны, складаны і выбухова-небяспечны прадмет вынесены на абмеркаванне, каб шырокія колы грамадскасці дазволілі сабе ад яго ўхіліцца. Ухілімся — вынік можа быць трагічны для беларускай нацыі, — і ў маіх словах няма перабольшання.
Безліч разоў вялікія людзі навукі і мастацтва сказалі: аблічча нацыі вызначаюць перш за ўсё мова і культура. Пры гэтым не прыніжалася роля эканомікі і іншых больш “інтэрнацыянальных” фактараў. Значыць, з гэтага і трэба зыходзіць пры вырашэнні ўсіх пытанняў, якія датычаць адукацыі і выхавання, школьнага і універсітэцкага навучання, усемагчымай культасветработы. Ці ўваходзіць у кола пытанняў гэтага роду школьнае духоўнае выхаванне? Бясспрэчна. Наша школа заўсёды надавала першаступеннае значэнне духоўнаму выхаванню маладога чалавека. “Ляпіць душу” дзіцяці чыстай, прыгожай, высакароднай — заўсёды было свяшчэнным абавязкам школы. Сёння перад спецыяльнымі ўрокамі “духоўнай адукацыі” ставіцца задача нейкая іншая? Калі іншая — дык якая? І якая роля застаецца за традыцыйным вывучэннем літаратуры і мастацтва ў школе? Ужо не духоўнага выхавання, а, прабачце, бездухоўнага? Як усё гэта зразумець? Якая насамрэч ставіцца перад школай задача асветнікамі, якія наважылі зрабіць стаўку на абавязковыя спецыяльныя ўрокі “духоўнай адукацыі” школьнікаў?
А.Сідарэвіч агаляе сапраўдны сэнс завуаляванай формулы сп.Рыгора Даўгялы — не духоўнае, а рэлігійнае, царкоўна-праваслаўнае выхаванне маецца на ўвазе. Навошта ж хітрыць? На каго разлічана гэтая “ненаўмысна” заблытаная тэрміналогія? Узнікае ж практычны бок справы: вось школьная праграма, вось падручнік. І вось настаўнік. Пытанне: на якой мове будуць праводзіцца ў школах Беларусі ўрокі рэлігійна-праваслаўнай адукацыі і выхавання? Калі не на мове нашай зямлі і нашага народа — дык што за выхаванне будзе? Якая духоўнасць будзе ўсяляцца ў свядомасць, у душы і сэрцы беларускіх дзетак? Духоўнасць без нацыянальна-патрыятычнага грунту? Ці гэта будзе грунт без нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі? Духоўнасць — у адрыве ад духу нашай зямлі, нашай адвечнай і вечнай прыроды, сярод якой фарміруецца душа чалавека? У адрыве ад духу нашай гісторыі? (Ці ў нас сваёй гісторыі няма, як упэўнены гэтак званыя “единонародцы”?)
Для ўсіх нераўнадушных да лёсу Беларусі жыхароў рэспублікі самае галоўнае сёння — пашырэнне і ўмацаванне нацыянальнай ідэі, забеспячэнне беларускай мове рэальнага дзяржаўнага становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, абарона і развіццё беларускай культуры (адукацыі, літаратуры і мастацтва, кнігадрукавання, СМІ). Чаму гэта самае галоўнае? Таму што народ, пазбаўлены нацыянальнага аблічча, ператвараецца... у што? У шматмільённую масу спажыўцоў чужога — чужой духоўнай ежы. Чужой, бо — нічога свайго ўласнага, напрацаванага больш чым за тысячагоддзе ў кантактаванні з прыродай і з Богам мець не будзем, усё наша — уласнае, непаўторна самабытнае і таму надзвычай каштоўнае — поўнасцю заменіцца нянашым. КАМУ І НАШТО ГЭТА ТРЭБА?
А.Сідарэвіч слушна нагадвае: па законе краіны царква аддзелена ад дзяржавы, а школа ад царквы. Школа мае і павінна мець свецкі характар. Далучэнне ж дзіцяці да рэлігійнага выхавання (любой традыцыйнай канфесіі) — гэта воля і справа бацькоў і толькі бацькоў. І для гэтага ёсць магчымасці і спосабы індывідуальнага парадку. А.Сідарэвіч іх называе і спасылаецца на канкрэтныя прыклады. Ну і на здароўе! Карыстайцеся створанымі магчымасцямі. Што ж яшчэ болей трэба? Ах, камусьці трэба болей? Каму? Баюся, што не самым удумлівым грамадзянам краіны. Праблема, паўтараю, выбухова-небяспечная.
Ніл ГІЛЕВІЧ I , аўторак 10 жніўня 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |