18:45 18.12.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Суд Маладзечанскага раёна часткова задаволіў скаргу Алеся Абрамовіча

ПАДВОЙНАЕ ЗАТРЫМАННЕ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТА ПЕРАД АПАЗІЦЫЙНАЙ АКЦЫЯЙ 21 КАСТРЫЧНІКА АБЯРНУЛАСЯ КАНФУЗАМ ДЛЯ МІЛІЦЫЯНТАЎ?

18 снежня бягучага года суддзя суда Маладзечанскага раёна Вольга Дубовік часткова задаволіла скаргу старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алеся Абрамовіча на пастанову начальніка Дзяржаўнай аўтаінспекцыі Малаладзечанскага раённага аддзела ўнутраных справаў Дзмітрыя Юркевіча ад 4 лістапада 2017 года і пастанавіла адмяніць яе, накіраваўшы адміністрацыйную справу на новае расьсьледаваньне. На судовае паседжанне пад старшынствам спадарыні Дубовік ніхто з выкліканых па судовай позве супрацоўнікаў ДАІ Маладзечанскага РАУС не з'явіўся. Адсутнічала ў матэрыялах судовай справы і відэазапіс правапарушэння, якое Юркевіч інкрымінаваў Абрамовічу.

Як вынікала з тэкста міліцэйскай пастановы, лідар сацыял-дэмакратаў Міншчыны быў аштафаваны паводле ч. 2 арт. 18.23 КоАП РБ на 3 базавыя вялічыні ці 69 рублёў за тое, што быццам бы раніцай 21 кастрычніка перайшоў дарогу ў горадзе Маладзечна ў неналежным месцы. Тады Абрамовіча адвезлі ў Маладзечанскі псіханеўралагічны інтэрнат, каб праверыць, ці не знаходзіцца ён у стане алкагольнага ап'янення. Ад агляду на наяўнасць алкаголю ў крыві ён адмовіўся, палічыўшы дадзеную працэдуру зневажальнай для сябе.

Апазіцыянера і аўтара гэтых радкоў нават двойчы затрымлівалі 21 кастрычніка ў Маладзечна мясцовыя міліцыянты ў агульнай складанасці амаль на шэсць гадзін. Рабілася гэта з мэтай перашкодзіць сацыял-дэмакрату патрапіць у той дзень на апазіцыйную акцыю Беларускага нацыянальнага кангрэса, якая праводзілася на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску з 14 гадзін.

Аб першым затрыманні напісалі амаль усе незалежныя беларускія інтэрнэт-сайты, напрыклад, па спасылцы . Пра другое затрыманне апазіцыянер зрабіў пост у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук": «У 8 гадзін 30 хвілін 21 кастрычніка я быў затрыманы ў Маладзечне міліцыяй, калі збіраўся ехаць на менскую апазіцыйную акцыю Беларускага нацыянальнага кангрэса "Марш раззлаваных беларусаў 2.0". Нібыта парушыў правілы дарожнага руху. Пратрымаўшы мяне тры гадзіны ў міліцэйскім памяшканні і склаўшы адміністрацыйны пратакол, намеснік начальніка Маладзечанскага раённага аддзела міліцыі і начальнік міліцыі грамадскай бяспекі гэтага райаддзела падпалкоўнік Яўген Жылінскі на гэтым не супакоіўся. І ў фактычна прымусовым парадку прывёў мяне на размову ў свой кабінет з мэтай пратрымаць даўжэй у сябе і сарваць такім чынам маю паездку на згаданую акцыю апазіцыі. Я ў адказ запатрабаваў Кнігу заўваг і прапановаў раённага аддзела ўнутранных спраў Маладзечанскага райвыканкама, у якой напісаў грунтоўную скаргу, зарэгістраваную пад нумарам 19, з просьбай да мілыцэйскага кіраўніцтва і пракуратуры Маладзечанскага раёна прыцягнуць да адказнасці Яўгена Жылінскага за яго супрацьзаконныя дзеянні па майму паўторнаму, на працягу аднаго дня, затрыманню і перавышэнню ім службовых паўнамоцтваў. Толькі ў 14 гадзін 10 хвілін гэты міліцэйскі начальнік зрабіў ласку адпусціць мяне са свайго кабінета».

Дарэчы, па выніках унутранай праверкі ў Маладзечанскім РАУС паводле згаданай скаргі ў Кніге заўваг і прапановаў міліцэйскае кіраўніцтва сцвярджае, што быццам бы скаржнік сам пажадаў паразмаўляць 21 кастрычніка са спадаром Жылінскім у яго кабінеце. Маўляў, ніякага прымусу не было.

Аляксандр АБРАМОВІЧ, старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСДП.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме