17:45 06.04.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Старшыня БСДП Ігар Барысаў: «ЕГУ істотна пашырыў мае далягляды»
Ігар Барысаў — выпускнік магістарскай праграмы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць» 2008 года, які нядаўна заняў пасадў Старшыні (Грамады). У спецыяльным інтэрвію ЕГУ Ігар Барысаў падзяліўся поглядам на стан актыўнай грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама распавёў пра досвед навучання ў ЕГУ.
Віншуем з абраннем Старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)! Якія змены плануе прынесці ў партыю новы малады кіраўнік?
Я паспрабую зрабіць так, каб нашая партыя стала больш вядомай, пазнаваемай і заўважнай на палітычным поле Беларусі. Каб грамадзяне верылі ў нас і на выбарах аддавалі за БСДП свае галасы. Таксама перагледзем некаторыя пытанні партыйнага мэнэджмента. У нас сфармавалася добрая і надзейная каманда, і з такімі людзьмі можна дасягнуць значна лепшых вынікаў, галоўнае іх матываваць і правільна ставіць мэты і задачы.
Чаму Вы для сябе абралі менавіта сацыял-дэмакратычную ідэалогію? Аляксандр Лукашэнка неяк казаў, што ў Беларусі «рынкавы сацыялізм». Ці мае ён рацыю?
Я ўступіў у Грамаду, бо мне было цікава што гэта за партыя. Менавіта ад сябраў БСДП я ўпершыню ў Магілёве пачуў беларускую мову і гэта мяне не толькі здзівіла, аднак і прывабіла. У пачатку нулявых у БСДП уступала шмат моладзі, і я паследаваў прыкладу сваіх сяброў. З тых часоў шмат каго асабіста прывёў у партыю, лічыць можна дзясяткамі. Ужо ў працэсе я зразумеў, што я там, дзе трэба і сацыял-дэмакратыя – тая ідэалогія, якая мне пасуе, а маё пралетарскае паходжанне, бо сам з сям’і рабочых, з’яўляецца добрым біяграфічным дадаткам.
Адносна «рынкавага сацыялізму» скажу, што там дзе няма свабоды – там няма і рынку. Мы, як сацыял-дэмакраты, выступаем за сацыяльную шматукладную экалагічную рынкавую эканоміку, дзе ёсць месца ўсім формам уласнасці, як дзяржаўнай, так калектыўнай і прыватнай, і свабоднае прадпрымальніцтва спалучаецца з пэўным (у межах нацыянальнай неабходнасці) рэгуляваннем на макраўзроўні, а гэта, пагадзіцеся, крышку адрозніваецца ад «рынкавага сацыялізму», дзе рынак кіруецца ў ручным рэжыме, што толькі стрымлівае развіццё краіны. Скажу больш – мы не супраць манаполій, якія склаліся натуральным чынам.
Беларускую апазіцыю нярэдка папракаюць у тым, што там адны і тыя ж твары. Што перашкаджае апазіцыі займець новых лідараў?
Праблема не ў апазіцыі – праблема ў адсутнасці рэальнага палітычнага працэсу. Ні адна з дэмакратычных партый Беларусі не можа пахваліцца тым, што прадстаўлена ў парламенце значнай колькасцю сваіх прадстаўнікоў, ёсць парламенцкія фракцыі, ёсць адкрытыя, галосныя, свабодныя і справядлівыя выбары.
Палітычная сістэма краіны фактычна закансерваваная, і дэмакраты знаходзяцца ў палітычным гета. Калі казаць шчыра, то рэжым іх не баіцца, аднак ідэі дэмакратыі, якія яны рэтранслююць, і ўжо не толькі на ўзроўні лозунгаў, з’яўляюцца небяспечнымі для рэжыма. Сама наяўнасць апазіцыі ў аўтарытарным грамадстве ўжо патэнцыйна сведчыць пра тое, што ўлада можа быць змененая. Таму рэжым страхуецца і фальсіфікуе вынікі выбараў. Наш палітычны рэжым з’яўляецца персаналістычным рэжымам аўтарытарнага тыпу.
Тое, што адны і тыя ж твары – пытанне да чальцоў партый і арганізацый. Значыць, яны давяраюць курсу свайго кіраўніцтва, і не бачаць патрэбы мяняць старога лідэра на новага, тым больш, што гэта фактычна ніяк не паўплывае ні на сітуацыю ў краіне, ні на сітуацыю ў партыі. У некаторых выпадках усё толькі можа пагоршыцца, бо стары лідэр мае магчымасць забяспечыць утрыманне і функцыяванне партыі, а вось ці здолее гэта зрабіць новы – вялікае пытанне. У нас партыі не фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, і гэта таксама адна з прычын, чаму дэмакратам вельмі складана выбірацца з маргінэзу.
Што сфармавала Вашую актыўную грамадзянскую пазіцыю? Якая ў гэтым роля ЕГУ?
Грамадзянскую пазіцыю сфармавала і ўмацавала сяброўства як у маладзёжнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі «Маладая Грамада», так і ў партыі. Чым больш я камунікаваў з іншымі сябрамі і ўдзельнічаў у арганізацыйным жыцці, тым больш разумеў, што на правільным шляху. ЕГУ істотна пашырыў мае далягляды, бо па першай адукацыі я — інжынер і мне не хапала сістэмнасці ў гуманітарных ведах. Менавіта ў ЕГУ я гэта атрымаў. Шмат якія з маіх міфаў і ўстановак былі развеяны і на іх месца прыйшлі новыя больш абгрунтаваныя і ўстойлівыя пазіцыі. У ЕГУ быў выдатны склад выкладчыкаў. Маім навуковым кіраўніком быў Уладзімір Роўда і я вельмі гэтым ганаруся, бо гэты чалавек займае важнае месца ў беларускай навуцы.
Раскажыце пра свой кар’ерны шлях. Чаму Вы вырашылі звязаць жыцце менавіта з палітыкай?
Заўсёды ў жыцці ўсё атрымліваецца не дзякуючы нечаму, а насуперак чамусці. Мяне двойчы звальнялі з працы за палітыку, і я вырашыў больш не наступаць на гэтыя граблі. Хаця афіцыйна было ўсё абстаўлена зусім па-іншаму, нібы не было ні прэсінгу з боку кіраўніцтва і сустрэч з супрацоўнікам, які быў такім сакрэтным, што баяўся называць сваё прозвішча. Магчыма, калі б мяне не чапалі, то я бы і працаваў надалей дзе-небудзь на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе інжынерам, як гэта было, аднак мне не пакінулі выбару, і з таго часу пачалося маё «падзенне ўгору».
Калі мяне звальнялі з заводу, то адзін з кіраўнікоў, які добра ведаў майго бацьку, сказаў мне, што я дасягну значна большага, чым мне можа даць гэты завод, аднак пытанне ў тым – ці патрэбна мне гэта, і ці ў правільным напрамку я рухаюся.
Я часта ўзгадваю гэта і кожны раз даю сабе крытычную ацэнку, ці ў правільным напрамку я рухаюся, і пакуль што мне ўнутрана нешта падказвае, што так, іду куды трэба, хоць некаторым мой жыццёвы шлях не зусім і падабаваецца, але я нічога не магу з сабой зрабіць – я такі.
Таму і на пасадзе старшыні я апынуўся не ад таго, што я туды ірваўся, а ад таго, што стаў часткай каманды, якая мне прапанавала ўзначаліць партыю. Выпадковым людзям такое не прапаноўваюць, як і не прапаноўваюць такое ненадзейным таварышам. У мяне не было іншага выхаду, і я прыняў прапанову. Дрэнны той жаўнер, які не хоча стаць генералам.
Як досвед, атрыманы ў ЕГУ, дапамагае Вам на цяперашняй пасадзе?
Ён мяне стрымлівае ад папулізму. Я заўсёды спрабую рэальна ацэньваць сітуацыю, як ў беларускай палітыцы, так і ўнутры беларускай апазіцыі і нашай партыі.
Недзе чытаў, што людзі, якія не маюць адукацыі, часам не маюць ніякіх унутраных стрымак. Менавіта веды, якія я атрымаў у ЕГУ, даюць мне магчымасць ацэньваць сітуацыю не толькі з пункту погляду палітыка, аднак і палітолага адначасова. Часам лішні піяр не дае станоўчых вынікаў, а вось рэальная праца і пазіцыя – гэта тое, чаго чакае грамадства.
Ці плануеце балатавацца ў прэзідэнты?
Пакуль у планах удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі. Я лічу, што здолеў бы годна прадстаўляць інтарэсы як грамадзян, так і сваіх партыйцаў у парламенце. Але тут патрэбныя рэальныя выбары. У іх адсутнасці мы можам казаць толькі пра ўдзел у выбарчай кампаніі, куды наша партыя ідзе выключна для ўнутранай мабілізацыі, працы з грамадзянамі, павелічэнні сваёй пазнаваемасці і данясенні агульнага партыйнага мэсаджа для сваіх выбаршчыкаў. Ужо хутка пачынаем працу па падрыхтоўцы да чарговай выбарчай кампаніі.
Адносна ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі – паглядзім. Усё залежыць ад шмат якіх знешніх і ўнутраных чыннікаў. Я чалавек каманды. Калі будзе такая прапанова ад партыйцаў, то я буду думаць, што з ёю рабіць. Тым часам скажу адкрыта – сябры БСДП хочуць бачаць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Усе маральна стаміліся ад працы на іншых кандыдатаў.
Што б Вы пажадалі супольнасці ЕГУ з нагоды 100-годдзя БНР?
100 гадоў таму БНР абвесцілі фактычна сябры Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якіх было большасць у Радзе БНР, чыімі паслядоўнікамі з’яўляецца сучасная БСДП. Трэцяю Устаўную грамату, дзе абвяшчалася незалежнасць БНР, пісалася сацыялістам Антонам Луцкевічам, а бел-чырвона-белы сцяг прыдумаў сацыял-дэмакрат Клаўдзій Душ-Душэўскі. Першы ўрад БНР быў сацыялістычным на чале з сацыял-дэмакратам Язэпам Варонкай. Без БНР не было бы ні ССРБ, ні БССР, бо шмат хто з тагачасных выхадцаў з Грамады прымалі ўдзел у рэалізацыі і гэтых праектаў.
27 год таму, калі адраджалася сучасная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), у склад яе заснавальнікаў увайшлі навукоўцы, дзеячы культуры і мастацтва, скульптары і выкладчыкі. Гэта была партыя вучоных, якая мелася стаць маральным аўтарытэтам у беларускім грамадстве.
Заклікаю студэнтаў ЕГУ далучацца да палітычнай працы ў цяперашняй Грамадзе, каб нашым папярэднікам не было сорамна за сваіх паслядоўнікаў, і Беларусь адзначыла не толькі 100 год БНР, а захавалася як дзяржава на тысячагоддзі.
Дзякуй за інтэрвію.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме