13:45 07.02.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Справаздачны даклад Цэнтральнага камітэта XХІ з’езду БСДП

(даклад падрыхтаваны старшынёй БСДП І.Барысавым)

АГУЛЬНАПАЛІТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ
Ў БЕЛАРУСІ 2020-2021 гг.

Беларусь у акрэслены перыяд апынулася паміж чатырма падзеямі, якія ўплывалі на агульнапалітычную сітуацыю – пандэмія каронавіруса, прэзідэнцкія выбары, контррэвалюцыя і падрыхтоўка да рэферэндуму.

Праз адмаўленне каронавіруса і недавер насельніцтва да афіцыйных звестак па колькасці хворых і памерлых, а таксама непрыняцце своечасовых мер па нераспаўсюдзе пандэміі беларусы пачалі палітызавацца. Паводзіны афіцыйных асоб, у тым ліку заявы кіраўніка дзяржавы адносна гэтай тэмы, не выклікалі даверу. Праз негатоўнасць прамысловасці забяспечыць патрэбы ў масках, пальчатках, а таксама ўсім патрэбным для лячэння каронавіруса медыцынскім абсталяваннем, розныя ініцыятывы грамадзян пачалі рабіць гэта самастойна. Гэта заклала аснову для салідарных дзеянняў, а таксама вывела на перадавую беларускіх медыкаў, якія на бытавым узроўні распавядалі пра сапраўдныя наступствы пандэміі, матэрыяльна-тэхнічны стан медыцынскай базы і з ахвотай прымалі падтрымку грамадзян.

Закрыццё межаў, а таксама абмежаванні для працоўных мігрантаў у краінах Еўропы прымусілі іх ў вялікай колькасці застацца ў Беларусі. Адсутнасць дастойнай аплаты працы, недавер насельніцтва да інфармацыі пра сітуацыю з пандэміяй і пачатак прэзідэнцкай выбарчай кампаніі падштурхнулі беларусаў да актыўнага пошуку альтэрнатыў дзеючай уладзе.

Актыўныя грамадзяне пачалі гуртавацца вакол штаба Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Ціханоўскага. Першыя два з іх мелі ў Беларусі гісторыі поспеху. Гэта спрыяла іх большай пазнавальнасці і прываблівала людзей. Пасля нерэгістрацыі ніводнага з іх у якасці кандыдата ў Прэзідэнты (аднак рэгістрацыі ЦВК Святланы Ціханоўскай) адбылося аб’яднанне трох выбарчых штабоў, што сабрала разам існуючыя чалавечыя і фінансавыя рэсурсы для правядзення маштабнай агітацыйнай выбарчай кампаніі.

Святлана Ціханоўская стала кандыдатам “супраць”. Людзі галасавалі ў яе падтрымку ў асноўны дзень галасавання выбіраючы не яе, а галасуючы супраць дзеючай улады.

Нерэгістрацыя альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, неўключэнне грамадзянак і грамадзян у склад выбарчых камісій, маштабны нядопуск апазіцыі да назірання, а таксама адсутнасць працэдуры адкрытага і галоснага падліку галасоў выбаршчыкаў справакавала небывалыя раней па сваіх маштабах пратэсты, бо існуючая выбарчая сістэма не выклікала даверу ў бальшыні грамадзян.

З 9 жніўня 2020 г. і да гэтага часу Беларусь сутыкнулася з небывалым дагэтуль маштабам палітычных рэпрэсій. Праз адміністрацыйныя арышты прайшло больш за 40 000 чалавек. Фігурантамі крымінальных спраў сталі каля 5 000 чалавек, а амаль 1 000 з іх былі прызнаны праваабаронцамі палітвязнямі. З пратэстамі звязваюць і смерці каля 10 грамадзян. Дзясяткі тысяч беларусаў разам са сваімі сем’ямі былі вымушаны пакінуць краіну, ратуючыся як ад палітычнага пераследу, так і не бачачы ў ёй для сябе далейшай перспектывы.

У 2020 г. улада медыйна прайграла ў асвятленні сітуацыі ў краіне недзяржаўным СМІ і сацыяльным медыя. Небывалае развіццё атрымалі беларускія Тэлеграм-каналы, якія імгненна давалі інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі, а некаторыя з іх давалі інструкцыі аб тым, што, дзе і як рабіць. За гэтымі рэсурсамі стаялі беларускія блогеры, якія не маючы патрэбы ў афіцыйных статусах сталі нефармальнымі каардынатарамі беларускіх пратэстаў. Беларускі феномен змагання супраць аўтарытарнага рэжыму ў свеце ахрысцілі “беларускай тэлеграм-рэвалюцыяй”.

Адсутнасць публічнай палітыкі, дзе палітычныя партыі з’яўляюцца прамоўтарамі ўсіх актуальных ідэй і новых палітычных праграм (спраўджваюць іх актуальнасць і папулярнасць праз свабодныя і справядлівыя выбары) прывяла да гіпертрафіраванасці палітычнага працэсу ў краіне, калі замест палітыкаў і партый палітычны парадак дня пачалі фармаваць нават не журналісты, а блогеры.

Спрабуючы ўзяць пад кантроль недзяржаўнае медыйнае поле ўлада не знайшла нічога лепшага, як зрабіць наступ на недзяржаўныя СМІ – частку зачыніць, а тых, каго зачыніць немагчыма – заблакаваць, іншых– прызнаць экстрэмісцкімі. Змагаючыся з уплывам ТГ-каналаў і чатаў улады прынялі рашэнне аб прызнанні соцень з іх экстрэмісцкімі. Такім чынам любы чалавек, які з’яўляецца падпісаным на гэтыя каналы, альбо рабіў і не выдаліў са сваёй стужкі спасылку на іх, ставіць сябе ў небяспеку і можа быць затрыманы.

2021 г. быў годам стратэгічных памылак з боку ўлады, якія загналі яе яшчэ ў большы кут. Працягваўся ціск на палітычных апанентаў, зачышчалася недзяржаўнае медыя-поле, зачыняліся сотні няўрадавых арганізацый. Чаго толькі была варта падзея з пасадкай самалёта з Пратасевічам, якая прывяла да чарговага вітка эскалацыі паміж Беларуссю і ЕС і пазбавіла “Белавія” магчымасці здзяйсняць палёты не толькі над краінамі ЕС, аднак і над Украінай. Гэта пачало прыводзіць да мільённых страт кампаніі, а таксама адрываць краіну ад авіязлучэння з цывілізаванымі краінамі. Акрамя таго да гэтага часу існуе фактычная забарона на свабодны выезд грамадзян з Беларусі.

Пачынаючы са жніўня 2020 г. пачаў нарастаць дыпламатычны крызіс. Амбасадары дэмакратычных краін адмовіліся ўручаць свае агрыманы Аляксандру Лукашэнку, не прызнаючы яго Прэзідэнтам. Гэта прывяло да таго, што многія амбасады былі вымушаны скараціць сваё прадстаўніцтва да мінімуму, а некаторыя амбасадары пакінуць краіну.

На гэтым фоне спыніліся прамыя інвестыцыі і крэдыты з боку еўрапейскіх краін і арганізацый. Пад беларускія санкцыі патрапілі брэнды “Шкода”, “Нівея”, “Лікуід моллі”, якія адмовіліся выступіць спонсарамі чэмпіянату свету па хакеі, у выпадку калі ён будзе адбывацца ў Беларусі. У выніку Міжнародная Федэрацыя па хакеі прыняла рашэнне перанесці яго ў Латвію. Усё гэта моцна ўдарыла па іміджу Беларусі.

Пасля крызісу легітымнасці Беларусь перастала быць донарам стабільнасці ў рэгіёне, а таксама міжнароднай пляцоўкай па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Украіна катэгарычна адмовілася прымаць далейшы ўдзел у перамовах на тэрыторыі Беларусі ў існуючым раней фармаце.

Улетку 2021 г. Беларусь патрапіла ў чарговы скандал. Міжнародная супольнасць лічыць яе датычнай да стварэння мігранцкага крызісу. Гэта прывяло да таго, што тысячы мігрантаў хлынулі ў краіну, спрабуючы праз яе патрапіць у Нямеччыну і Вялікабрытанію. Спроба прарыву беларуска-польскай мяжы мігрантамі была расцэнена ЕС, як спроба агрэсіі з боку Беларусі.

Такая агрэсіўная ўнутраная і знешняя палітыка беларускай улады здзяйсняецца пад заступніцтвам кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. прызнала Аляксандра Лукашэнка Прэзідэнтам і адразу пачала выкарыстоўваць гэта для прасоўвання далейшай паглыбленай інтэграцыі паміж двума краінамі, што прывяло да падпісання супярэчлівых для нацыянальнай бяспекі краіны дарожных інтэграцыйных мап.

Спрабуючы даказаць сваю баяздольнасць і рашучасць у дзеяннях адны за другімі пачалі адбывацца вайсковыя вучэнні, а сітуацыя з мігрантамі на беларуска-польскай, беларуска-літоўскай, беларуска-латвійскай, а таксама беларуска-украінскай межах прывяла да нарошчвання вайсковага патэнцыялу суседнімі краінамі. Украіна пасля прэзідэнцкіх выбараў і заяў Аляксандра Лукашэнка больш не лічыць Беларусь нейтральнай і сяброўскай краінай у дачыненні да Украіны.

2021 г. увайшоў у гісторыю, як год, калі была разгромлена грамадзянская супольнасць Беларусі і незалежныя СМІ, якія працавалі ў краіне дзесяцігоддзямі. Сотні арганізацый і дзясяткі незалежных СМІ былі пазбаўлены юрыдычнай рэгістрацыі. Асобныя з іх патрапілі ў спіс экстрэмісцкіх. Было зачынена Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Беларускі саюз пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Таварыства беларускай школы і іншыя арганізацыі, якія гуртавалі факол сябе беларускую інтэлігенцыю.

Адбыліся істотныя змены ў беларускім заканадаўстве. Акрамя таго, што са жніўня мінулага года грамадзяне і грамадзянкі сутыкнуліся з новым трэндам з фармулёўкай “не да законаў”, некаторыя з законаў пачалі набываць драконаўскія рысы – вярнулася адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый (у тым ліку пазбаўленых рэгістрацыі), зменены адміністрацыйны і крымінальны кодэкс, уведзена крымінальная адказнасць за заклік да санкцый, знішчаны інстытут незалежнай адвакатуры. Прапрацоўваюцца іншыя ініцыятывы, накіраваныя на яшчэ большае абмежаванне правоў і свабод грамадзянак і грамадзян.

Вынесеныя на рэферэндум змены ў Канстытуцыю не накіраваныя на вырашэнне палітычнага крызісу ў краіне, не ўлічваюць патрабаванні большасці грамадзян. Яны нават не ўлічваюць патрабаванні рэзалюцыі “наменклатурнага” мерапрыемства пад назвай “VI Усебеларускі народны сход” у сферы грамадска-палітычнага развіцця.

ПАЛІТЫЧНАЯ КАМПАНІЯ “ПРЭЗІДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ-2020”

У 2020 г. стартавала кампанія па вылучэнні адзінага прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты ад дэмакратычных сіл – “Праймерыз”. Заснавальнікамі дадзенай ініцыятывы сталі БСДП, Партыя БНФ, АГП, “Рух за Свабоду” і аргкамітэт партыі БХД. Меркавалася, што ў выніку чатырохузроўневай сістэмы (галасаванне па кандыдатах у рэгіёнах, галасаванне па кандыдатах у інтэрнэце, галасаванне па кандыдатах згаданымі вышэй структурамі і галасаванне па кандыдатах на дэмакратычным кангрэсе) будзе абраны прэтэндэнт, у падтрымку якога арганізацыі-удзельнікі кампаніі “Праймерыз” пачнуць збор подпісаў для вылучэння яго кандыдатам у Прэзідэнты. Для ўдзелу ў “Праймерыз” дакументы падалі Мікалай Казлоў (ад АГП), Аляксей Янукевіч (ад Партыі БНФ), Юрый Губарэвіч (ад РЗС), Павел Севярынец (ад аргкамітэту БХД), Вольга Кавалькова (самавылучэнка, аргкамітэт БХД) і Ганна Канапацкая (самавылучэнка, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў).

БСДП пасля ўнутраных кансультацый вырашыла не выстаўляць свайго кандыдата для ўдзелу ў “Праймерыз”, аднак пагадзілася ўзначаліць штаб па вылучэнні адзінага прэтэндэнта ў Прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Штаб узначаліў старшыня БСДП Ігар Барысаў, а ў яго адсутнасць абавязкі в.а. кіраўніка штаба выконваў першы намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў.

У працэсе Ганна Канапацкая не была дапушчана да кампаніі “Праймерыз”, а Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч выйшлі з кампаніі. Праз унутраныя супярэчнасці паміж лідарамі асобных структур і застаўшыміся кандыдатамі, працэдура, якая была распрацавана для вылучэння адзінага прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты, не была выканана. Унёс у гэтую працэдуру свае акалічнасці і з’явіўшыся ў краіне каронавірус. Павел Севярынец заявіў, што спыняе свой удзел у праймерыз менавіта праз пандэмію. Пасля гэтага ў кіраўніцтве кампаніі вырашылі адмовіцца ад паездак па рэгіёнах і сустрэч з жыхарамі, а таксама ад правядзення кангрэса дэмакратычных сіл. Галасаванне ў інтэрнэце за дэмакратычных кандыдатаў – удзельнікаў “Праймерыз” таксама выклікала неадназначную рэакцыю, бо на думку некаторых яго ўдзельнікаў быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс і лічбы не адпавядалі рэчаіснасці. У выніку замест аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты іх стала тры. Кожны з іх (Мікалай Казлоў, Юрый Губарэвіч і Вольга Кавалькова) стварыў свае ініцыятыўныя групы, аднак ніхто не ставіў сабе ўжо за мэту сабраць патрэбную колькасць подпісаў для падачы іх у Цэнтрвыбаркам.

Пасля спынення кампаніі “Праймерыз” аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах заявілі банкір Віктар Бабарыка, былы чыноўнік Валерый Цапкала і блогер Сяргей Ціханоўскі. Паўстаўшы спантанны грамадскі рух для вырашэння праблемы распаўсюду каронавіруса вельмі хутка пераключыўся на выбарчую кампанію і грамадства, якое палітызавалася ў кароткі час, пачало актыўна ўдзельнічаць у зборы подпісаў у падтрымку вышэй агучаных асоб. Частка сябраў БСДП прымала ўдзел у працы каманд Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала. Адзінкі далучыліся да каманд Канапацкай, Дзмітрыева і Чэрачня.

Нягледзячы на адсутнасць свайго прэтэндэнта ў Прэзідэнты, а таксама цэнтралізаванай працы ў адным са штабоў вылучэнцаў у Прэзідэнты, БСДП удзельнічала ў місіі назірання за выбарамі “Права выбару-2020”. Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўпершыню ў гісторыі было вылучана максімальная колькасць сябраў партыі – 224, у тэрытарыяльныя – 16. Усяго – 240 чалавек. У склад камісій ўключылі толькі трох нашых сябраў у Віцебскай вобласці і аднаго ў Брэсцкай. У якасці назіральнікаў на выбарах ад БСДП было вылучана каля 300 чалавек.

Адметна хочацца адзначыць правядзенне мерапрыемства супраць прэтэндэнта ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнка ў адной са сталічных школ, якое арганізавалі мінскія сябры БСДП.

Увечары 9 жніўня 2020 г. пасля закрыцця выбарчых участкаў пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацый. Рэакцыяй на пратэст з боку ўлады стаў жорсткі разгон дэманстрантаў з ужываннем светлашумавых гранат і гумавых куль. Далейшыя выхады дэманстрантаў уключна па 13 жніўня суправаджаліся несуразмерным ужываннем сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў, былі затрыманы тысячы грамадзян. Як рэакцыя на несуразмерны гвалт на вуліцы ў працоўны час пачалі масава выхадзіць працоўныя калектывы ва ўсіх гарадах Беларусі з патрабаваннем спыніць бязмежжа, пачаліся спробы арганізаваць палітычны страйк на некаторых прамысловых прадпрыемствах краіны.

Краіну скалынулі шматтысячныя акцыі пратэстаў ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Толькі ў сталіцы на самым маштабным маршы ўдзельнічала 300-400 тысяч грамадзян. У Гродна і Брэсце выходзіла да 30-40 тысяч чалавек, а мясцовыя дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі сапраўдныя кадры з акцый пратэсту. У Гродна на пэўны час знялі абмежаванні на масавыя мерапрыемствы. Аднак, нягледзячы на маштабы пратэстаў, улада не пачала перамовы з грамадствам, а з кожным тыднем узмацняла рэпрэсіі і пераслед актывістаў.

ПАЛІТЫЧНЫ ПЕРАСЛЕД СЯБРАЎ БСДП

Пачынаючы са жніўня 2020 г. па цяперашні час пад рэпрэсіі з боку дзяржавы за сваю грамадскую пазіцыю патрапіла не менш за 120 сябраў БСДП. Актывісты БСДП зазналі, што такое штрафы, затрыманні, збіцці, зняволенне і знаходжанне ў нечалавечых умовах за кратамі.

На дадзены момант 10 сябраў партыі альбо атрымалі крымінальныя тэрміны зняволення, альбо знаходзяцца пад следствам. Сярод зняволенных – сябра ЦК Пётр Канстанцінаў (2 гады калоніі), Мікола Папека (2 гады “хіміі”), Настасся Герыловіч (2,5 гады хатняй “хіміі”), Юлія Лаптановіч (3 гады хатняй “хіміі”), Алег Кулеш (1,7 гады калоніі), Станіслаў Мачалаў (3 гады калоніі), Уладзімір Севярын (знаходзіцца ў ЦВП), Іван Саўцін (затрыманы ў Калінінградзе), Алег Канавалаў (затрыманы ў Гомелі 4 студзеня 2022 г.), Людміла Волкава (затрымана ў Мінску 19 студзеня 2022 г.).

Не менш за два дзясяткі сябраў БСДП, ратуючыся ад крымінальнага і патэнцыйнага пераследу, былі вымушаны пакінуць краіну.

23 сакавіка 2021 г. праваахоўнікамі быў разгромлены магілёўскі офіс БСДП – канфіскавана ўся партыйная сімволіка і літаратура. Увосень 2020 г. за вывешаны партыйны сцяг аштрафаваны сталічны офіс БСДП.

У чэрвені 2021 г. БСДП афіцыйна атрымала папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі за публікацыі карыкатур Уладзіміра Цэслера ў аналітычным часопісе “Пазіцыя” (№3).

У выніку ідэалагічных чыстак без працы засталіся Валянцін Аскірка, Марына Азаронак, Марыя Рудакоўская, Сафія Варановіч-Саланевіч, Павел Ганчароў і іншыя сябры партыі.

Зазналі, што такое ператрусы, дзясяткі актывістаў БСДП. У снежні 2021 г. паказальны ператрус адбыўся ў магілёўскай актывісткі БСДП Вольгі Кулажынай, калі праваахоўнікі дэманстратыўна разграмілі яе кватэру, не маючы на тое ніякіх законных падставаў.

5 з 14 сябраў Прэзідыума (Ігар Барысаў, Людміла Волкава, Ганна Канюс, Ігар Маслоўскі і Іосіф Палубятка), 12 з 41 сябраў ЦК (Аляксандр Амялюсік, Ігар Барысаў, Людміла Волкава, Дзмітрый Еўстратаў, Павел Знавец, Андрэй Казановіч, Пётр Канстанцінаў, Ганна Канюс, Сяргей Мазан, Ігар Маслоўскі, Марыя Рудакоўская і Іосіф Палубятка), 4 з 7 сябраў ЦРК (Барыс Бабкоў, Леанід Гаравы, Аляксандр Хамратаў і Анатолій Юрэвіч) зазналі на ўласным прыкладзе што такое палітычны пераслед праз затрыманні.

За гэты час не стала сябраў партыі Марыі Аліевай і Рамана Рашэцкага, сэрцы якіх перасталі біцца не вытрымаўшы таго, што адбываецца ў краіне.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

У 2020-2021 гг. у сувязі з пандэміяй каронавіруса было адменена альбо пераведзена ў анлайн фармат вялікая колькасць міжнародных мерапрыемстваў.

У 2021 г. наладжана супрацоўніцтва паміж фракцыяй сацыял-дэмакратаў у Еўрапарламенце. На пасяджэнні камітэта з ліку еўрадэпутатаў сацыял-дэмакратаў запрашаецца старшыня БСДП.

Працягваюцца кантакты са шведскімі і нямецкімі сацыял-дэмакратамі. У 2020 і 2021 гг. шэраг сябраў БСДП прынялі ўдзел у міжнародных адукацыйных сустрэчах, якія адбываліся ў рэжыме анлайн.

Перыядычнымі сталі кансультацыі з літоўскімі, ірландскімі і шведскімі сацыял-дэмакратамі.

У канцы 2021 г. памочніца Міжнароднага сакратара Вольга Ісайкіна прыняла ўдзел у Канферэнцыі па Заходняй Сахары ў гішпанскай Малазе, дзе прадстаўляла БСДП.

У вышэй агучаны перыяд старшыня БСДП меў сустрэчы з амбасадарамі і дыпламатычнымі прадстаўнікамі Швецыі, ЗША, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Украіны і Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь.

З парадку дня не сыходзіць пытанне аб далучэнні БСДП да Партыі еўрапейскіх сацыялістаў.

АРГАНІЗАЦЫЙНАЕ РАЗВІЦЦЁ

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) з’яўляецца класічнай левацэнтрысцкай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Акрамя БСДП, на дэмакратычным полі існуе БСДГ, а таксама аргкамітэт па стварэнні партыі “Народная Грамада”, якія былі заснаваныя тымі, хто адышоў ад нашай партыі і жыве сваім жыццём.

Па стану на 01 студзеня 2022 г. колькасць членаў нашай партыі складае 1169* чалавек. З іх у Брэсцкай вобласці пражываюць – 333, Віцебскай вобласці – 187*, Гомельскай вобласці – 76*, Гродзенскай вобласці – 74*, Мінскай вобласці – 121*, Магілёўскай вобласці – 189, у горадзе Мінску – 189*). Спісы сябраў партыі прыведзены ў належны стан і маюцца ў цэнтральны апараце партыі.(* - звесткі ўдакладняюцца).

Колькасць зарэгістраваных арганізацыйных структур партыі - 44. З іх у Брэсцкай вобласці – 12, Віцебскай вобласці – 10, Гродзенскай вобласці – 4, Мінскай вобласці – 7, Магілёўскай вобласці – 5, горадзе Мінску – 6. За справаздачны перыяд у органах юстыцыі пастаўлена на ўлік Магілёўская гарадская арганізацыя БСДП. Двойчы прадпрымаліся спробы па рэгістрацыі Савецкай, Цэнтральнай і Чыгуначных раённых арганізацый г. Гомеля, аднак па фармальных прычынах і з парушэннем заканадаўства яны не былі зарэгістраваныя.

У 2021 годзе Цэнтральны Камітэт унёс змены ў Статут БСДП. Дадзеныя змены накіраваныя на выкананне патрабаванняў заканадаўства аб палітычных партыях і рэгулююць парадак стварэння і ліквідацыі аргструктур партыі.

Для працы Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай гарадской і Мінскай абласной арганізацый, а таксама Пінскай гарадской арганізацыі БСДП маюцца офісныя памяшканні. Працуе офіс для сябраў партыі ў Гомелі.

За справаздачны перыяд праведзены ўсе пасяджэнні ЦК, Прэзідыума, пададзены ўсе справаздачы ў МЮ і абласныя ўпраўленні юстыцыі. У шасці абласцях і г. Мінску праведзены канферэнцыі, на якіх вылучаны дэлегаты на XХІ з’езд.

У канцы 2020 г. адбылася ў новым фармаце Канферэнцыя з удзелам сябраў Цэнтральнага Камітэта, Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі і Прэзідыума партыі ў рэжыме дыскусійных панэляў. У ёй прыняла ўдзел каля 70 актывістаў.

У сакавіку ў сталіцы адбылася імпрэза, прымеркаваная да 30-годдзя БСДП. У ёй прыняла ўдзел больш за 90 сябраў партыі. Са сваімі спевамі перад ўдзельнікамі выступіў музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

У 2020 і 2021 гг. адбыліся трохдзённыя медыя-трэнінгі, на якіх сябры партыі вучыліся здымаць відэаролікі, акцёрскаму майстэрству і працы ў кадры.

У акрэслены перыяд прайшлі IV і V Сацыял-дэмакратычныя акадэміі, у кожнай з якіх прыняла ўдзел каля 30 сябраў БСДП.

У 2021 г. адбыліся дзве школы партыйнага кандыдата, якія паспяхова прайшлі ў Брэсце і Гомелі. Чакаецца працяг такіх школ у 2022 г. у іншых рэгіёнах Беларусі.

Цягам апошніх двух год старшыня партыі пабываў у Бабруйску, Гродна, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Чэрыкаве, Жлобіне, Гарадку, Жодзіна і Пінску. У некаторых гарадах даводзілася пабываць 2-4 разы.

У канцы 2020 г. праз сустрэчы з актывістамі, незалежнае назіранне і адукацыйныя мерапрыемствы ў рэгіёнах з’явілася магчымасць папаўнення партыйных шэрагаў у пэўных рэгіёнах. Істотна папоўніліся шэрагі партыі ў Брэсце, Гомелі, Жлобіне, Жодзіна, Мінску, Пінску і Пружанах. Агулам, цягам чатырох месяцаў, да БСДП далучылася каля 140 новых чалавек, што істотна ўмацавала людскі патэнцыя арганізацыі.

Працуе Рабочая група “Жанчыны БСДП”, каардынатаркай якой з’яўляецца Марыя Рудакоўская. Перыядычна адбываюцца каардынацыйныя сустрэчы жанчын, адукацыйныя мерапрыемствы, канферэнцыі і гендарныя школы. Мы з’яўляемся адзінай партыяй у Беларусі, якая мае жаночую структуру.

Упершыню была ўручана прэмія імя Міхася Ткачова, заснавальнікам якой стаў Прэзідыум партыі. Яе атрымаў Аляксей Елісееў, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” за кнігу пра Зміцера Жылуновіча “Чырвоны адраджэнец”.

Распрацаваны і зацверджаны ў дадатак да існуючых дызайнерскія лагатыпы партыі, а таксама сувенірная прадукцыя.

У 2020-2021 гг. дзейнасць партыі і яе рэгіянальных аддзяленняў актыўна правярала Міністэрства юстыцыі. Дзякуючы зладжанай працы сябраў Прэзідыума і вядзенні справаводства на добрым узроўні атрымалася вырашыць усе пытанні без наступстваў для арганізацыі.

За гэты час з’явіліся і новыя абласныя кіраўнікі. У Віцебскай абласной арганізацыі БСДП кіраўнічкай стала – Таццяна Гаравая, у Магілёўскай абласной – Юрый Грынявецкі, у Мінскай абласной – Мікалай Усціменка.

Між іншым у некаторых арганізацыйных структурах існуе праблема з нясвоечасовым правядзеннем справаздачна-выбарчых сходаў. Праз гэта яны не маюць свайго кіраўніцтва і іх функцыі выконвае вышэйстаячая арганізацыя. Каб не дапусціць падобнага, варта кіраўнікам пэўных аргструктурбольш адказна падыходзіць да арганізацыйнага жыцця арганізацый.

СУПРАЦА З ІНШЫМІ ПАРТЫЯМІ І АРГАНІЗАЦЫЯМІ,
З ПРАФСАЮЗАМІ

Святкаванне Дня Волі ў 2020 г. было адменена таксама з прычыны каронавіруса. Першапачатковая заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства каля Опернага тэатра была незадаволена ў Мінгарвыканкаме. Ад падачы заяўкі на правядзенне мерапрыемства ў іншае месца было прынята рашэнне адмовіцца. Сярод арганізатараў Дня Волі ў сталіцы выступалі БСДП, “Зялёныя”, РЗС і аргкамітэт партыі БХД.

У 2021 г. БСДП падала заяўку на святкаванне Дня Волі разам з ГА БНФ “Адраджэньне” і ПАГА “Рух “За Свабоду”. Дадзеная заяўка не была не толькі задаволена, аднак напярэдадні Дня Воля быў затрыманы старшыня БСДП Ігар Барысаў і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, нібыта за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. У той жа дзень быў арыштаваны Мікалай Казлоў (старшыня АГП) і Дзяніс Урбановіч (старшыня “Маладога Фронта”).

10 верасня 2020 г. 10 з 15 існуючых палітычных партый (БСДП, “Зялёныя”, АГП, Партыя БНФ, “Справядлівы свет”, БСДГ, Партыя народнай згоды, Сацыяльна-спартыўная партыя , Рэспубліканская партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) на круглым стале падпісалі сумесную рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць гвалт і вызваліць усіх затрыманых пратэстоўцаў, арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл з мэтай арганізаваць цягам 6 месяцаў новыя прэзідэнцкія выбары. Арганізатарам дадзенага круглага стала выступіла БСДП.

Пасля гэтага круглага стала Міністэрства юстыцыі пачаў праверку справаводства ўсіх палітычных партый. У выніку 11 з 15 палітычных партый атрымалі папярэджанні ад Мінюста (БСДП, ЛДП, РППС і КПБ не атрымалі).

7 лютага 2021 г. БСДП сумесна з Беларускай партыяй “Зялёныя”, Беларускай партыяй левых “Справядлівы свет” і Свабодным прафсаюзам металістаў арганізавала і правяла ІІ Форум левых дэмакратычных сіл, на якім былі прыняты сумесныя палітычны і сацыяльны маніфесты. У Форуме прыняла ўдзел каля 200 гасцей і дэлегатаў.

Працягваецца праца БСДП, Партыі БНФ, АГП, “Зялёных” і БКДП у межах праграмы беларуска-шведскага супрацоўніцтва “Паглыблены дыялог”. У межах праграмы адбываюцца сумесныя канферэнцыі, семінары і круглыя сталы. Ідзе праца над праектамі канцэпцый рэформаў для будучай Беларусі.

У 2020 г. БСДП разам з Партыяй БНФ, АГП, РЗС і аргкамітэтам партыі БХД прымала ўдзел у арганізацыі незалежнага назірання ў межах назіральнай місіі“Права выбару-2020”.

БСДП з рэгулярнай перыядычнасцю праводзіць кансультацыі з Беларускім Кангрэсам Дэмакратычных Прафсаюзаў.

ІНФАРМАЦЫЙНЫ НАПРАМАК

У 2020-2021 гг. выйшла два нумары аналітычнага часопіса “Пазіцыя” (№3 і №4), надрукаваны зборнік гістарычных артыкулаў “Запісы” да Луцкевічавых чытанняў, зборнік вешаў мастоцкага сябра БСДП Зміцера Цеслянка “Каля нуля”. З удзелам аўтараў і выдавецкай каманды БСДП выдадзены першы зборнік “Рэанімацыйнага пакета рэформ для Беларусі”.

Працуе сайт bsdp.org. За два гады партыйны сайт наведваўся 31 тыс. разоў.

Наша партыя, а таксама частка яе рэгіянальных арганізацый, прадстаўлена ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Вконтакте, Одноклассники, Інстаграм. У 2019 годзе быў створаны партыйны тэлеграм-канал, які меў каля 250 падпісчыкаў, але ў студзені г.г. пры затрыманні скарбніка партыі Волкавай Людмілы, якая была адным з адміністратараў каналу, сілавікі выдалілі ўсіх падпісчыкаў і спрабавалі партыйную сімволіку замяніць на дзяржаўны герб. У выніку гэтага трэба наноўку актывізаваць працу па прасоўванні каналу.

У 2020 г. быў створаны свой партыйны YouTube-канал, які знаходзіцца ў стадыі напаўнення.

Пасля прызнання шэрагу недзяржаўных СМІ экстрэмісцкімі, была зроблена рэвізія сайта і ўсіх сацыяльных сетак, з якіх былі выдалены тысячы спасылак на інфармацыю гэтых СМІ пра БСДП.

У лютым 2021 года партыя панесла вялікую страту — ад каронавірусу памёр прэс-сакратар БСДП Лявон Дзейка. Цэнтральнаму Камітэту БСДП трэба актывізаваць пошук сярод партыйцаў чалавека, адказнага за інфармацыйны напрамак.

ІДЭАЛАГІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ

Пачынаючы з 22 кастрычніка 2017 г., калі ЦК БСДП прыняў Праграму дзеянняў, эксперты і аналітыкі партыі працуюць над раскрыццём праграмных тэзісаў. Гэтая праца працягваецца і на дадзены момант са 120 тэзісаў шырока раскрыта больш за 80. Усе яны прадстаўлены на старонках аналітычнага часопіса БСДП “Пазіцыя”.

Праграма дзеянняў БСДП штогод актуалізуецца і дапрацоўваецца. Над ёй перыядычна працуюць эксперты, а яе напрацоўкі фіксуюцца. Плануецца, што абноўленая праграма дзеянняў будзе зацверджана ЦК БСДП напярэдадні наступнай парламенцкай выбарчай кампаніі.

Акрамя таго, экспертна-аналітычнай камісіяй пры ЦК БСДП пад кіраўніцтвам Міхаіла Пастухова ідзе распрацоўка праектаў канцэпцый і законаў. За апошнія два гады прыняты ЦК і выдадзены ў выглядзе брашур:

- праект закона “Аб упаўнаважаным па правах чалавека”;

- праект канцэпцыі рэформы праваахоўных органаў;

- праект закона “Аб палітычных партыях”;

- праект закона “Аб грамадскіх абмеркаваннях праектаў рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама органамі кіравання і самакіравання”;

- праект канцэпцыі рэфармавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь;

- праект закона “Аб судзе прысяжных”;

Прынята ЦК і хутка будуць выдадзены ў выглядзе брашур праекты законаў “Аб участковых суддзях” і “Аб судовым парадку прыняцця рашэнняў аб заключэнні пад варту асоб, якія падазраюцца (абвінавачаных) у здзяйсненні злачынства, а таксама аб прадаўжэнні тэрміна знаходжання пад вартай”

Ідзе актыўная праца над праектам канцэпцыі пенсійнай рэформы.

Для новых актывістаў у рэгіёнах былі арганізаваны азнаямляльныя семінары пра дзейнасць і каштоўнасці БСДП.

У дзяржаўныя органы быў накіраваны праект Канстытуцыйных пераўтварэнняў, распрацаваны пад кіраўніцтвам кіраўніка экспертна-аналітычнай камісіі БСДП Міхаіла Пастухова, але напрацоўкі партыі былі праігнараваны дзяржорганамі пры падрыхтоўцы зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

ПАЗІЦЫЯВАННЕ БСДП

БСДП афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя. Гэта абставіна накладае на нас пэўныя абавязацельствы: працаваць у адпаведнасці са Статутам і Праграмай партыі, законамі Рэспублікі Беларусь, аднак мы ўсе бачым, што пасля жніўня 2020 г. “не да законаў”.

Мы апынуліся ў сітуацыі, калі немагчыма весці публічна сваю грамадска-палітычную дзейнасць: немагчыма правесці ні вулічнае мерапрыемства, ні канферэнцыю ці семінар у публічных месцах.

Доступ да традыцыйных недзяржаўныя СМІ абмежаваны, шэраг каналаў і груп у сацыяльных сетках прызнаны экстрэмісцкімі. Недзяржаўныя газеты таксама спынілі свой выпуск. Адсутнасць інструментаў для выхаду на мэтавыя групы сацыял-дэмакратаў істотна скарацілася.

Партыя перайшла з пратаколу “дэкларацыі каштоўнасцяў”, да пратаколу “самазахавання”. Пра пратакол “актыўны ўдзел” гутарка пакуль не вядзецца.

У 2020 г. наш партыйны сцяг разглядаўся для многіх новых актывістаў магчымасцю для легальнай працы, аднак, фактычна, і ён апынуўся пад забаронай. Дастаткова ўзгадаць што Анатоль Юрэвіч і прыхільнік БСДП Васілій Дарафей правялі па 15 сутак пад адміністрацыйным арыштам за выкарыстанне афіцыйна зарэгістраванай сімволікі партыі.

Але нягледзячы на ўсе складанасці мы выстаялі і працягваем сваю працу.

Дзякуй вам за ўвагу!

Жыве Беларусь!

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме