18:30 06.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Скажыце, а хто перамог?
Немцы ў Маскве не раздражняюць. Прыехалі-паехалі, не відаць іх. Раздражняюць расейцы ў Бэрліне. Глядзяць з выклікам, але не вітаюцца, але міжсобку – на тон вышэй, і – мат-перамат, пераможцы.
Што яны там робяць? Жывуць.
Масква, як адным вялікім Матросавым, целамі свайго і сабою захопленых народаў заткнула амбразуру нямецкага доту. Фізычна затрамбавала кратэр вулькану людзьмі.
Балюча казаць, але не было там перамогі ані сыстэмы (якая пасьля развалілася ад міру), ані ідэалёгіі (калі сёньня можна сьвяткаваць тую пабеду імпэрскімі чорна-жоўтымі стужкамі), ані народа (у большасьці героі дажылі й дажываюць у несвабодзе, жабрацтве й забыцьці).
Хтосьці сьвяткуе, хтосьці смуткуе...
Два параноікі, два ўсеўладныя брэйвікі са сваімі нязбытнымі ідэямі залілі Эўропу крывёю. Увесь сьвет наваліўся і задушыў аднаго. Другі, выходзіць, перамог? Вось вам і ўся вайна.
Можа, фанфары 9 траўня так натужна равуць, каб заглушыць тэктанічны гул з-пад зямлі, дзе бяскрайняе гарматнае мяса пераварочваецца ў труне ад таго, што ну не за тое яны ваявалі і гінулі. А за тое пэўна б ня сталі. Устала б усё гэтае мяса, ды проста ашалела б хто ад зруйнаванага куміра Сталіна, хто ад таго, што зрабілася з дарагім камунізмам (вакол – алігархі, баксы ды папы з кадзіламі), хто ад руінаў савецкай родзіны... А галоўнае – ад таго, як жыве немец, і як жывем мы, і хто да каго падсяляецца.
Цэлыя орды пераможцаў пераяжджаюць на жыхарства да пераможаных, бо там элемэнтарна лепей жыць. Адваротнага працэсу проста няма. Выходзіць, параза зрабіла немцаў лепшымі? А перамога расейцаў – не? Але што ёсьць перамога, як не паляпшэньне, і што ёсьць параза, як не пагаршэньне? І ў чыстай рэшце – хто ж перамог?
І ці не азначае гэта, што калі б капітуляваў Савецкі Саюз, цяпер бы сюды імкнуліся жыць і немцы, і нарвэгі, і італьянцы, і японцы? І амэрыканцы гулялі б у грын-кард...
Ёсьць такі аптымістычны беларускі анэкдот. Гаспадар выходзіць з хаты і бачыць, што пуня згарэла. Аёй-аёй... Але ж і мышэй ляснула!
Гаспадар як бы сьвяткуе перамогу. Толькі вось мышы ў гэтай гісторыі – гэта мы з вамі. Проста людзі.
Хтосьці сьвяткуе, хтосьці смуткуе...
Сьвяткаваць можна выратаваньне. Напрыклад, вызваленьне габрэяў з канцлягераў. Але на тле шасьці мільёнаў нявыратаваных гэтае выратаваньне зусім не выглядае сьвятам.
А якую перамогу сьвяткуюць беларусы? Спачатку папуляцыя страціла кожнага трэцяга на ўсходніх «франтах», пасьля кожнага трэцяга – на заходніх, нарэшце згубіла сам сэнс свайго існаваньня, які даецца папуляцыям у выглядзе нацыі. Выходзіць, мы па ўсіх парамэтрах пераможаныя. І фізычна, бо кожны год нас становіцца меней на Баранавічы, і маральна, бо ўжо ня самі нешта сабой уяўляем, а – «те же русские». Ці гэта і ёсьць тое, што мы сьвяткуем парадамі, салютамі і ўсімі тэлеканаламі?
На тым фронце загінуў мой родны дзед. Баба засталася з васьмю дзецьмі адна. (З днём пабеды, бабушка!) Непісьменная сялянка ўсіх паставіла на ногі. Скуль нам было ведаць, як яна смуткавала. Не сьвяткавала – дакладна. Пасьля вайны яе жыцьцё стала непараўнальна горшым, чым было да.
Ясна, што я ніколі ня бачыў свайго дзеда. Што мне тут сьвяткаваць? Тое, што бацька вярнуўся з фронту жывы, шмат разоў не загінуўшы цудам? Але тое цуд, лёс, Бог, а не чыясьці зямная воля ці розум ці перамога. Зямная – якраз штурхала яго ў сьмерць.
Можа быць, пераможцамі пачуваюцца беластоцкія і віленскія беларусы? Але іх колькасьць так імкліва тае, што хутка спытацца пра гэта ня будзе ў каго. Я ўжо не кажу пра патрыятычную моладзь, якая вырасла пад акупацыяй, каб зь перамогаю адправіцца ў ГУЛАГ.
Хтосьці сьвяткуе, хтосьці смуткуе...
А пры тым яшчэ вось што.
Ва ўсіх апытанках на тэму, «у якую краіну вы хацелі б пераехаць?», ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі нязьменна перамагае Нямеччына.
Але немцы нічога не сьвяткуюць.
Сяргей Дубавец
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме