15:45 03.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сённяшнія дзяржаўныя сімвалы не адлюстроўваюць гісторыю беларускага народа
...19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў новае імя нашай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацвердзіў дзяржаўную сімволіку — герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. З гэтага дня пачалася новая гісторыя нашай краіны — пад новай назвай і з новымі нацыянальнымі сімваламі. Узор Сцяга і Герба стварылі вядомыя беларускія мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава.
На жаль, з-за няведання сапраўднай гісторыі сваёй радзімы шматлікія нашыя грамадзяне не маюць уяўлення аб каранях нашых нацыянальных сімвалаў, а таму ставяцца да іх нярэдка абыякава. Але ж герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг прарастаюць з сівой даўніны нашага Вялікага Княства Літоўскага, яны засталіся нам у спадчыну ад прадзедаў. Іх прыдумаў наш народ, і мы павінны берагчы свае святыні.
Сонечны герб
Ярыла — бог вясновага сонца. У старажытных славян ён быў таксама богам урадлівасці, размнажэння і кахання. Нашы продкі ўяўлялі яго юным, прыгожым мужчынам, палкім закаханым жаніхом, які сядзіць на белым кані. З тых часоў малюнак такога вершніка азначаў прыналежнасць да плямёнаў нашых продкаў — крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў, аб’яднаных блізкасцю моў, рэлігіі і культуры. Можна сказаць, што гэты знак і быў правобразам герба нашага народа.
З цягам часу, зблізіўшыся з іншымі еўрапейскімі народамі і прыняўшы хрысціянства, нашы продкі ўнеслі змены і ў свой герб. Цяпер юнак быў апрануты ўжо ў сталёвы панцыр і шалом. У правай руцэ ён трымаў меч, а ў левай — шчыт, на якім быў намаляваны шасціканцовы крыж, які сімвалізіраваў дабро і цёплае Сонца-Ярылу. Вершнік не проста скача, а сваім баявым заклікам “Пагоня!” заклікае паўстаць на абарону роднай зямлі ад ворагаў.
Нашы прадзеды асацыявалі выяву вершніка са святым вялікапакутнікам Юрыем (Георгіем) Пераможцам, зрабіўшы яго глыбока ўшанаваным абаронцам нашай зямлі. Герб сімвалізуе векавое змаганне супраць цемрашальства: вершнік скача на захад, насустрач цемры, не даючы ёй апанаваць наш край.
Чаму ж так спадабаўся святы Юры нашым продкам, што яны вырашылі абраць яго сваім заступнікам? Вялікапакутнік Георгій (а ў славянскім чытанні гэта імя — Юры) падчас уладарання рымскага імператара Дыяклетыяна ўвайшоў у гісторыю як абаронца хрысціян. Імператар хацеў адрадзіць у Рымскай імперыі язычніцтва і быў заўзятым ганіцелем хрысціян. Ваявода Юры прыйшоў да Дыяклетыяна, каб абвінаваціць яго ў жорсткасці і пераканаць у несправядлівасці пераследу прыхільнікаў новай рэлігіі. Імператар, нягледзячы на тое, што Юры быў яго ўлюбёнцам, загадаў падвергнуць славутага ваяра катаванням. Юрыя то закоўвалі ў кайданы і кідалі на зямлю, паклаўшы на грудзі цяжкі камень, то збівалі, кідаючы ў непагашаную вапну, то прымушалі бегчы ў ботах з вострымі цвікамі ўсярэдзіне. Але Юры трываў і толькі ўслаўляў Госпада. У выніку імператар загадаў адсекчы яму галаву.
Менавіта за духоўную перамогу над катамі, якія не змаглі прымусіць яго адмовіцца ад хрысціянства, а таксама за дапамогу людзям у небяспецы, і завуць яго Пераможцам. Яго мошчы былі змешчаныя ў палесцінскім горадзе Ліда (ці не праўда, сімвалічна, што і ў Беларусі ёсць горад Ліда?) у храме, які носіць яго імя, а галава захоўвалася ў Рыме ў храме, таксама прысвечаным яму. На абразах святы Юры адлюстроўваецца на белым кані, забіваючы дзідай змея.
Герб наш занатаваны ў шматлікіх старажытных кнігах, некаторыя з якіх былі ў ліку першых надрукаваных у Еўропе. Першыя сведчанні аб тым, што наш герб быў этнічным і дзяржаўным сімвалам нашых прадзедаў, належаць да другой паловы ХІІІ стагоддзя. Лічыцца, што спачатку ён быў гербам Полацка і Наваградка. З пачатку ХV стагоддзя на шчыце “Пагоні” ўжо сустракаецца шасціканцовы крыж з карацейшым верхнім ашэсткам. Такія крыжы былі тыповымі хрысціянскімі знакамі на нашым абсягу ў ХІ—ХІI стагоддзях. Менавіта так выглядала наша нацыянальная рэліквія — крыж Святой Еўфрасінні Полацкай.
Сцяг мужнасці
У кожнага народа ёсць улюбёныя колеры, адлюстраваныя ў дзяржаўных сімвалах. Белы і чырвоны здаўна выкарыстоўваліся продкамі беларусаў у нацыянальных арнаментах. Адначасова чырвонае на белым сімвалізуе кроў Хрыста на плашчаніцы. Менавіта гэтыя колеры ўшанаваныя на шматлікіх нашых найстаражытных абразах-выявах.
Наш сцяг вельмі добра ўспрымаецца — ён светлы і лёгкі, а калі яго калыхае вецер, ён нібы ляціць, бы пяшчотнае светлае воблака ў небе. Белы колер у геральдыцы азначае чысціню, волю і спакой. Чаму белы? Паглядзіце на наша нацыянальнае адзенне. Адвеку нашы продкі вырошчвалі лён, з якога шылі светлую адзежу, а таксама ткалі сукно з воўны. Чырвоны колер (у геральдыцы яго яшчэ завуць “червлёный”) сімвалізуе мужнасць і адвагу. Крывічы, дрыгавічы і радзімічы жылі вельмі дружна ў цеснай сувязі паміж сабою, а колер крыві — чырвоны — і быў гэтай кроўнай сувяззю. У традыцыйнай вопратцы любой часткі нашай краіны мы сустракаем два галоўныя колеры — белы і чырвоны. Тыя ж колеры прысутнічаюць на гербе і сцягу. А разам яны ўвасабляюць нашу беларускую душу.
А пра нараджэнне нашага сцяга ёсць адна легенда. І яго гісторыя сыходзіць у тыя ж далёкія часы, што і гісторыя нашага нацыянальнага герба.
Калісьці жыў у гэтым краі мужны князь, якога народ любіў, а ворагі баяліся. Аднойчы ў бітве князю рассеклі лоб. Рыцары вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі галаву белай хусткай. Але ваяры, застаўшыся без правадыра, сталі адыходзіць. Тады паранены князь зняў з сябе павязку і разгарнуў над галавою. Рыцары ўспрынялі белую павязку з чырвонай паласой пасярэдзіне як сцяг і пайшлі за сваім князем у бой, у якім і перамаглі. Менавіта з тых часоў нашы рыцары заўсёды змагаліся пад бел-чырвона-белым сцягам, які сімвалізаваў мужнасць, справядлівасць і моц роднай зямлі.
Найбольш ранняя выява нашага сцяга захавалася на карціне, прысвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскавітамі пад Оршай (1514 год).
Шматлікія ворагі жадалі і дагэтуль жадаюць, каб мы не ведалі сваю гісторыю, яны спрабавалі і спрабуюць навязаць нам чужыя сімвалы. Але кожны раз беларус уставаў пад бел-чырвона-белы сцяг і абараняў сваю Айчыну.
Любая нацыянальная сімволіка павінна несці ў сабе памяць і душу народа. І наш герб і сцяг таксама нагадваюць нам, нашчадкам колішніх літвінаў, што мы, беларусы, старажытны народ з тысячагадовай гісторыяй.
Герб, сцяг і мова дадзеныя нам ад Бога. Але камусьці здалося, што ён вышэй за Бога, і ён стаў змяняць усталяваныя стагоддзямі правілы...
Гісторыя злачынства
Адраджэнне нацыянальнай сімволікі доўжылася ўсяго чатыры гады. 14 мая 1995 года А.Лукашэнка правёў рэферэндум па пытаннях дзяржаўнай сімволікі і дзяржаўнага статусу рускай мовы. Менавіта на гэтым рэферэндуме была адноўлена савецкая, толькі нязначна пераробленая, сімволіка нашай краіны, цяпер ужо суверэннай Рэспублікі Беларусь. Гістарычныя сімвалы вольнай Беларусі былі пазбаўленыя статусу дзяржаўных і патрапілі пад забарону, якая доўжыцца дагэтуль. Між тым ніводная з еўрапейскіх краін, ды і былых рэспублік СССР не зракалася сваіх нацыянальных сімвалаў...
Аўтар гэтых радкоў асабіста ўспрыняў такі ўчынак прэзідэнта і яго асяроддзя вельмі балюча і як юрыст, і як усе беларусы, якія ганарацца сваёй гісторыяй. Бо той рэферэндум прайшоў з вялікімі парушэннямі Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства. Гэта быў плявок у нашу гісторыю, у нашых бацькоў і дзядоў, якія на працягу шматлікіх стагоддзяў неслі бел-чырвона-белы сцяг як сімвал незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы.
Я скажу адкрыта: мы цяпер маем фальшывы сцяг. Фальшывую гісторыю нашай краіны. Сённяшнія дзяржаўныя сімвалы не адлюстроўваюць гісторыю і менталітэт беларускага народа. На гэтым сцягу шмат зялёнага колеру, хоць колер гэты больш характэрны для нацыянальных сцягоў мусульманскіх краін, ды і то не ўсіх.
Праект “новай” сімволікі стварыў экс-глава Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын. Вось што сам ён сведчыць на гэты конт у кнізе Аляксандра Фядуты “Лукашэнка: Палітычная біяграфія”: “Сеў і намаляваў. Хоць я і не мастак. А потым ужо мастак аформіў у фарбах... Наладзілі своеасаблівы конкурс. Хтосьці прыносіў з буслам, хтосьці яшчэ нешта прыносіў, не памятаю. Але калі выставілі ўсё, Лукашэнка прыняў мае эскізы як асноўныя: “Вось гэта — наша”. Таму ад аўтарства мне тут нікуды не падзецца”.
Вось так усё проста: малаадукаваны чалавек, які не з’яўляецца ні мастаком, ні гісторыкам, не валодае ведамі ў галіне геральдыкі, стварыў нацыянальныя сімвалы за некалькі дзён. Як гэта магчыма так падыходзіць да сваёй гісторыі? Як так можна ставіцца да памяці нашых продкаў? Я лічу, што гэта самае сапраўднае злачынства супраць уласнага народа.
...Сёння за ўзняты гістарычна-нацыянальны сцяг могуць пасадзіць у турму, могуць збіць альбо аштрафаваць за тое, што ты пранёс яго ў руках. Жывём мы дрэнна таму, што здрадзілі сваім бацькам, дазволіўшы ўладзе цынічна растаптаць гістарычную сімволіку нашай нацыі.
Для любой дзяржавы ёсць тры найважнейшыя каштоўнасці — незалежнасць, мова і нацыянальная сімволіка. І наша нацыя не выключэнне. Менавіта гэтыя каштоўнасці павінны быць для нас святымі. Барацьба за ўзнаўленне нацыянальных сімвалаў і ёсць адна з галоўных задач усёй нацыі.
Заслужаны юрыст, экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў з нагоды рэферэндуму аб мове і змене сімволікі заявіў, што дадзеныя пытанні наогул не павінны былі выносіцца на рэферэндум, паколькі дзеючае заканадаўства не дазваляла звяртацца да выбаршчыкаў па пытаннях дзяржаўнай сімволікі. Ён падкрэсліў, што пры парушэннях заканадаўства, якія тады мелі месца, такія вынікі губляюць сваю прававую сілу і не нясуць за сабою ніякіх прававых наступстваў: “Іх проста трэба забыцца і аднавіць ранейшае становішча”.
Уладзімір Крукоўскі — адзін з мастакоў, якія прымалі ўдзел у стварэнні нацыянальнай сімволікі ў 1991 годзе, ацэньвае рэферэндум 1995 года як недарэчны і лічыць яго гістарычным казусам, дадаючы: “Трэба быць гістарычным аптымістам і верыць у лепшае”.
Як бы афіцыйныя ідэолагі ні ўсхвалялі свае прыдуманыя “дзяржаўныя” знакі, герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг застаюцца адзінымі сапраўднымі нацыянальнымі сімваламі Беларусі.
На мой погляд, калі будзе абраны незалежны парламент краіны, першым абавязкам дэпутатаў павінна быць пастаўлена пытанне аб узнаўленні нацыянальнай сімволікі і стварэнні годных умоў для развіцця беларускай мовы. 19 верасня павінна стаць для кожнага грамадзяніна Днём нацыянальных сімвалаў Беларусі. Бо змаганне за сцяг, герб і беларускую мову — гэта і ёсць змаганне за волю, за беларускую нацыю.
Мы павінны аб’яднацца са сваёй гісторыяй, каб убачыць будучыню.
Алег ВОЛЧАК, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў, Украіна).
"Народная Воля" ()
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме