19:49 06.08.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
“Сёння яна прапанавала ўсім сябрам камісіі добраахвотна пайсці ў турму"
Назіральнікі за выбарамі кажуць пра дзясяткі парушэнняў, але ў ЦВК скаргі амаль не прыходзяць — чаму?
У сацсетках людзі перыядычна скардзяцца на парушэнні ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў у прэзідэнты выбарчага заканадаўства. То нехта нібыта адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўвае падчас збору подпісаў, нехта невядома за якія грошы майкі ды плакаты друкуе. Але ці пішуць людзі скаргі ў Цэнтрвыбаркам і колькі іх ужо?
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына спачатку кажа, што вось менавіта сёння, 6 жніўня, атрымалі адну такую скаргу ад праваабаронцы з Магілёва Аляксея Паўлоўскага.
Лідзія Ярмошына: “Cкардзіцца на дзеянні ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі ў горадзе Магілёве. Дадзеная скарга накіраваная на разгляд у Магілёўскую абласную камісію. Бо, у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі, тэрытарыяльныя камісіі ажыццяўляюць кантроль за законнасцю працы ініцыятыўных на адпаведнай тэрыторыі”.
Тут адна заўвага не зашкодзіць: рашэнне, каго ўключаць у склад узгаданай камісіі, усяго некалькі тыдняў таму прымалі мясцовыя выканкамаўскія чыноўнікі і дэпутаты. І ад апазіцыі ў складзе менавіта гэтай камісіі няма нікога: па адным прадстаўніку ад КПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і па 1 — ад “Белай Русі”, БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў, Аб’яднання ветэранаў ды “іншых грамадскіх аб’яднанняў”.
Еўрарадыё нагадвае пра скаргу актывісткі АГП Аляксандры Васілевіч на сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка. Нагадаю, Лазавік заявіў, што там “апазіцыя паспрабавала дыскрэдытаваць выбарчы працэс – прапанавала ў склад камісій людзей "з судзімасцю". Але ж пра судзімасць можна казаць толькі ў дачыненні да тых, хто здзейсніў крымінальнае злачынства — штрафы і “суткі” такім не лічацца. У адказ Лідзія Ярмошына распавядае журналісту Еўрарадыё анекдот:
Лідзія Ярмошына: “Яна скардзіцца на тое, што крымінальнай судзімасці ў яе няма, а ёсць два прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Але прозвішча Лазавік ніякага не называў! Таму, мне гэта нагадвае стары анекдот, памятаеце: “Пасунься, рыбанька!”, дзе далей жаночая логіка даходзіць да “сабакі жаночага роду”. Бо “рыбанька” — гэта жывёла і гэтак далей. Думаю, тут трэба сыходзіць з юрыдычных фактаў: ніякай знявагі асабістай на адрас гэтай грамадзянкі не было”.
Як яшчэ адзін анекдот расказвае старшыня ЦВК пра скаргі яшчэ адной жанчыны на адмову Цэнтрвыбаркама рэгістраваць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча. Маўляў, прыйшло на адрас Цэнтральнай камісіі ад яе лістоў 8 з гэтай нагоды. “Сёння яна ўвогуле прапанавала ўсім сябрам камісіі альбо добраахвотна пайсці ў турму, альбо чакаць, пакуль іх арыштуюць — з ёй спыненая перапіска”.
І ўсё! Еўрарадыё цікавіцца, ці лічыцца парушэннем калі на партрэтах прэтэндэнтаў у прэзідэнты, што ёсць у зборшчыкаў подпісаў на пікетах, няма выходных дадзеных? Што асобныя штабы апранаюць сваіх зборшчыкаў у майкі з выявай прэтэндэнтаў, а на якія грошы тыя майкі вырабленыя невядома — іх выбарчыя фонды амаль пустыя? Але старшыня ЦВК не бачыць тут ніякіх парушэнняў.
Лідзія Ярмошына: “А можа, яны ў доўг тыя майкі зрабілі, а потым расплацяцца, калі спонсары грошай дадуць! А пра выходныя дадзеныя, яны патрабуюцца для тых плакатаў, якія выкарыстоўваюцца як перадвыбарчая агітацыйная прадукцыя. На дадзены момант гэта — інфармацыйны матэрыял, які знаходзіцца толькі на гэтых пікетах. Таму патрабаванняў да іх спецыяльных няма”.
Ці сапраўды парушэнняў пакуль практычна няма, пытаюся ў прадстаўніка кампаніі назірання за выбарамі “Права выбару” Ігара Барысава. Па яго словах, у іх ужо назбіралася больш за дзясятак сведчанняў, выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Чаму ж у ЦВК няма скаргаў?
“Людзі баяцца. Калі б знайшліся такія прынцыповыя грамадзяне, якія, убачыўшы такія факты, зрабілі б фота ці відэа альбо заяву ў пракуратуру. А так, мы пакуль маем выключна “народную інфармацыю”, тое, што пачулі ў размовах”, — прызнае Ігар Барысаў.
Фота: Змітра Лукашука
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме