20:01 31.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сёння ў Брусэлі праходзіць канферэнцыя "Дарожная карта для Беларусі"
Сёння, 31 сакавіка, у Брусэлі праходзіць канферэнцыя "Дарожная карта для Беларусі", якую ініцыявалі тры фракцыі Еўрапарламента. Сярод тэм заяўленых дакладаў — перамены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю.
У сваім выступе лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч зазначыў, што ў Беларусі заўважаюцца змены – у атмасферы і ва ўладзе. Пры гэтым, па меркаванні палітыка, улада баіцца незалежнага грамадства і не бачыць партнёраў у грамадскіх арганізацыях.
Мілінкевіч заўважыў, што рэжым бярэ пазыкі ад Расіі і не робіць мадэрнізацыі эканомікі. Таму пагроза эканамічнай залежнасці ад Расіі паглыбляецца.
Кіраўнічка непрызнанага ўладамі “Саюзу палякаў на Беларусі” Анжаліка Борыс зазначыла, што ўлады працягваюць ціск на актывістаў арганізацыі.“Амаль няма розніцы паміж з’ездамі ў 2005-м і 2009-м годзе. Усё тыя ж пагрозы звальнення з працы, адзінае, што не было рэпрэсій і арыштаў”, - сказала Борыс. На думку кіраўнічкі арганізацыі, улады працягваюць ціск на дзейнасць каталіцкага касцёлу ў Беларусі.
Як заўважыў у сваім выступе лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, перамены ў Беларусі не залежаць ад Брусэля, Масквы ці Вашынгтона, яны залежаць толькі ад Мінску і саміх беларусаў. “Мой прагноз не будзе аптымістычны. Трэба ісці да людзей. Зараз палітычных пераменаў няма, дыялогу няма. Патрэбная перазагрузка”, - лічыць Лябедзька.
На думку палітыка, дыялог без умоваў і пасрэднікаў, які навязаў Еўропе Лукашэнка, з’яўляецца шляхам у тупік.
Лябедзька лічыць заслугай апазіцыі тое, што за апошнія гады 35% беларусаў “ва ўмовах дыктатуры паверылі ў еўрапейскія каштоўнасці”. “Нам трэба арыентавацца на сістэматычныя змены. Мы ў адказе за еўрабеларусаў, якіх мы цягам гэтых год стварылі”, - сказаў палітык.
У канферэнцыі бяруць удзел кіраўнік фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Джозэф Дол, сацыял-дэмакратычнай — Марцін Шульц і ліберальнай — Грэхем Уотсан, старшыня Еўрапарламента Ганс-Герт Петэрынг і кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч.
"Дарожная карта" — гэта схема паступовага развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю. Восенню 2008 года ЕС з 12 рэкамендацый Беларусі выдзеліў пяць прыярытэтных: адсутнасць у краіне палітзняволеных; дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства; забеспячэнне роўных умоў работы СМІ; стварэнне ўмоў для нармальнай дзейнасці палітычных партый і НДА; выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў, якія тычацца крымінальнага пераследу за грамадскую і палітычную дзейнасць.
Антаніна ПАРЫЖСКАЯ 31-03, 17:08
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме