13:45 26.11.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Сяргей ТАРАСАЎ: «Беларусь выратуе толькі жанчына-прэзідэнт»



У мінулыя выхадныя кампанія палітыкаў, гісторыкаў і грамадскіх дзеячаў сабралася разам, каб адзначыць 15-годдзе грамадскай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга”. Мерапрыемства прайшло ў адной з аграсядзіб пад Мінскам у цёплай сямейнай атмасферы без аніякага афіцыёзу.
Другі дзень народзінаў


— Калі шчыра, то дзень народзінаў у нас у красавіку, — адразу заўважыла кіраўніца арганізацыі кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская. — Але я ўзгадала, што ў верасні 2006 года мы так паактыўнічалі, што Вярхоўны суд спрабаваў закрыць нашу арганізацыю. І якраз 10 лістапада нашай арганізацыі дазволілі працягнуць дзейнасць. І я падумала: самы што ні на ёсць сапраўдны другі дзень народзінаў!

15 гадоў для грамадскай арганізацыі — гэта зашмат. І першыя пяць год — гэта была амаль эпоха рамантызму. Але калі ўзгадваеш усе гады — працавалі сапраўды ад душы! Не за грошы, не за гранты, а проста таму, што хацелася зрабіць лепшае для краіны, для жанчын. За гэты час шмат арганізацый проста зніклі. А мы, дзякуй Богу, трымаемся...

Шкада, што сёння няма з намі Міколы Віктаравіча Статкевіча — ён заўсёды ад душы падтрымліваў нас і словам, і справай... Побач з намі заўсёды быў і светлай памяці Міхась Чарняўскі, адзін з тых нешматлікіх дзеячаў сацыял-дэмакратыі, які разумеў вялікую ролю жанчыны ў пабудове лепшай будучыні.

Як пажартавала намесніца старшыні БЖЛ Таццяна Язькова, па стрэсавых умовах працы, створаных ў Беларусі для грамадскіх арганізацый, можна смела год залічваць за тры, таму пры такім падыходзе Беларуская жаночая ліга сёння, як у той прымаўцы, “45 гадоў — баба ягадка ізноў”.

Кіраўніца кобрынскага клуба дзелавых жанчын “Бона” Ала Сапяжынская заўважыла, што менавіта дзякуючы Беларускай жаночай лізе “многія беларускія жанчыны сталі іншымі”.

— Яны сталі самадастатковымі, упэўненымі ў сабе, прасунуліся ў шматлікіх пытаннях, — сказала яна.

— А Ніна Стужынская мела магчымасць стаць прыдворным гісторыкам, зрабіць выдатную кар’еру, грэбуючы сваімі думкамі і сваімі пачуццямі, — дадаў адзін са старэйшых сябраў беларускай сацыял-дэмакратыі Уладзімір Харытонавіч Мішура. — Але яна ўславіла нацыянальных герояў, Слуцкі збройны чын, адкрывае Беларусі і ўсяму свету гэтых барцоў за нашу свабоду, за нашу краіну.

— Гэта не мой, а наш, наш юбілей, — час ад часу з усмешкай папраўляла выступоўцаў Ніна Іванаўна, калі тыя з 15-годдзем арганізацыі пачыналі віншаваць менавіта яе. — Гэта наша свята, агульнае.

Дарэчы, свой дзень народзінаў Ніна Стужынская адсвяткуе яшчэ толькі напрыканцы снежня.

Шэршэ ля фам!

Некаторыя палітыкі даволі адказна паставіліся да запрашэння на імпрэзу і падрыхтавалі не толькі букеты з бел-чырвона-белых руж, але нават і міні-лекцыю пра ролю жанчыны ў гісторыі Беларусі. Так, намеснік старшыні “Народнай Грамады” сацыял-дэмакрат Алесь Арастовіч і верш з песняй вывучыў, і экспрэс-экскурс у гісторыю наладзіў.

Дарэчы, у аграсядзібе за адным сталом былі заўважаны прадстаўнікі розных, так бы мовіць, аскепкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. І нічога, ніхто не сварыўся і не перацягваў коўдру на сябе!

— Гісторыкі сведчаць, што ўплыў жанчын на беларускую гісторыю, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя змены адбываўся ў час катаклізмаў — рэвалюцый, войнаў, — нагадаў Алесь Іванавіч. — Першыя згадкі пра жанчын у беларускай гісторыі датычацца часоў Вялікага Княства Літоўскага. Заўважны ўздым палітычнай актыўнасці жанчын назіраўся падчас паўстанняў 1831-га і 1863 гадоў. Жанчыны выконвалі ролю сувязных, інфарматараў, захоўвалі зброю, бралі ўдзел у паўстанцкіх аперацыях. Рэпрэсіўная палітыка царскага ладу фарміравала эмігранцкія асяродкі пасля паразы паўстанняў, спрыяла ўзнікненню і распаўсюджванню новых канспіратыўных формаў палітычнай актыўнасці жанчын. І хоць гісторыю пішуць мужчыны, робяць яе менавіта жанчыны. Адна справа — геройскі пайсці ў бой, а другая — кожны дзень выконваць цяжкую працу, выхоўваць дзяцей, ратаваць параненых мужчын, весці гаспадарку...

Сярод зорак першай велічыні ў беларускай палітыцы Палута Бадунова. Яна адзін з лідараў барацьбы за нацыянальнае дзяржаўнае вызначэнне, адна з нямногіх палітыкаў уладных структур. Дарэчы, Бадунова ўваходзіла ў ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Падчас Другой сусветнай вайны таксама было шмат жанчын, якія зрабілі свой унёсак у перамогу...

Палітык, які ўваходзіць у аргкамітэт па адраджэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, выказаў спадзеў, што ў свой час на будынку дома па вуліцы Карла Маркса ў Мінску, дзе калісьці адбываўся першы з’езд БЖЛ, з’явіцца адпаведная шыльда. І дадаў, што ён, як і сябры БЖЛ, таксама бачыць Беларусь еўрапейскай краінай і выступае за стварэнне роўных умоў для жанчын у кіраванні краінай.

— Так-так, Беларусь выратуе толькі жанчына-прэзідэнт, — падтрымаў Арастовіча вядомы беларускі археолаг, кандыдат навук Сяргей Тарасаў.

Хутка можна і замуж

— Што такое 15 гадоў? — з усмешкай спрабаваў філасофстваваць наконт юбілею арганізацыі кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў. — Гэта вельмі важная мяжа: 16 — гэта ж ужо можна і замуж... Таму я з задавальненнем гляджу на гэтых свабодных, разняволеных жанчын, якія дакладна ведаюць, чаго хочуць і як гэтага дамагчыся.

За музычную частку ў дуэце Андрэя Кіштымава і Сяргея Тарасава адказваў апошні. І, дарэчы, Сяргей Васільевіч так хораша спяваў, што прысутныя нават шчыра параілі на тыя гістарычныя лекцыі і выступленні, якія ён час ад часу ладзіць у розных гарадах Беларусі, абавязкова браць з сабой гітару.

“Ну дык я ж сёння і ўзяў...” — прыемна ўсміхнуўся археолаг, разам з якім госці з задавальненнем хорам праспявалі не адну беларускую песню...

Каб не стралялі арлоў

Шмат прыемных слоў і заслужаных кампліментаў было выказана на адрас Беларускай жаночай лігі і жанчын, якія ствараюць гісторыю. Пад канец вечарыны Сяргей Тарасаў пераказаў філасофскі тост ад пісьменніка Уладзіміра Арлова:

— Жыў-быў арол — птах моцны і ганарлівы. Аднойчы вельмі захацелася яму есці. Як звычайна, падняўся ён высока ў неба, ляціць і бачыць, што ўнізе пасвіцца статак. Спадабаўся арлу казёл. І сабраў ён усю сваю моц, ухапіў гэтага казла і падняў яго высока у нябёсы. А ў гэты час беларускі паляшук, убачыўшы, як арол падымае казла, ускінуў стрэльбу і пацэліў у арла. І той камнем упаў на зямлю. А казёл паляцеў далей.

Дык давайце жа вып’ем за тое, каб на Беларусі не стралялі арлоў і каб казлы не лёталі...

Пяць фактаў пра Беларускую жаночую лігу

•Створана ў красавіку 1998 года, аб’яднала прыхільніц сацыяльнай дэмакратыі, адукаваных жанчын дэмакратычных перакананняў. За час існавання арганізацыя стварыла 23 суполкі ў гарадах і мястэчках Беларусі.

Нацыянальнае адраджэнне, демакратызацыя грамадства і гендэрная роўнасць — асноўныя прыярытэты дзейнасці арганізацыі.

•БЖЛ — адна з ініцыятараў і стваральнікаў Жаночай сеткі Беларусі (2007 год).

•Сярод дасягненняў БЖЛ — стварэнне і кіраўніцтва дзейнасцю Мінскага клуба гісторыкаў (1998—2003 гады), які паклаў пачатак рэспубліканскаму маладзёжнаму аб’яднанню “Historyka”.

•БЖЛ мае багаты досвед реалізацыі праектаў па папулярызацыі новых, альтернатыўных савецкай версіі ведаў. Так, дзякуючы праекту “Беларускі рэзістанс” (2002—2003 гады) былі ўпершыню абнародаваны сакрэтныя матэрыялы са спецархіваў па гісторыі антысавецкага супраціву.

•З мэтай папулярызацыі нацыянальнай гісторыі і пераадолення савецкіх стэрэатыпаў былі здейснены праекты “Гісторыя, якой няма ў падручніках”, “Гісторыя, якая натхняе”. У межах адукацыйных праектаў выдадзены пяць кніг па актуальных праблемах антысавецкага супраціву і палітычных рэпрэсій.

Два асобныя праекты былі прысвечаны “жаночай” гісторыі Беларусі. У адмысловым альбоме былі сабраны фотаздымкі і ілюстрацыі з багатай “жаночай” гісторыі змагання за еўрапейскую дэмакратычную Беларусь.

У гэтым накірунку дзейнасці ў абарону нацыянальнай гісторыі арганізацыя працуе і зараз у межах кампаніі “Нацыянальны Пантэон” — гэта праект, які аб’яднаў людзей, не абыякавых да сваёй гераічнай спадчыны.

“У нас няма выпадковых меркантыльных праектаў. Усё рабілі і робім з вялікай зацікаўленасцю і душой”, — падкрэсліла Ніна Стужынская.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме