11:45 19.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Сяргей Навумчык: У АВАЛЬНУЮ ЗАЛЮ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ УНЕСЛА ГАЛІНА СЯМДЗЯНАВА

Радкі ў памяць Галіны Сямдзянавай я пішу ў дзень, калі адзначаецца 20-годзьдзе прыняцьця бел-чырвона-белага сьцяга і гербу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Дакладней – павінна было б адзначацца, калі б краіна была такой, як Галіна пра яе марыла і дзеля якой працавала.

У такой краіне ў гэты дзень яе імя было б на першым месцы – бо менавіта Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг.

Відаць, мне трэба было б  прыгадаць, якім чалавекам была Галіна, расказаць  нейкія па-за палітычныя эпізоды, і так бы зрабіў – зноў  жа, пры іншых абставінах, калі б кожны школьнік ці студэнт ведаў бы пра тых, хто здабыў краіне Незалежнасьць. У Беларусі -- інакш.  Прозьвішчы гэтых людзей выцертыя з афіцыйнай гісторыі. Таму сёньня скажу пра Галіну як пра палітыка і колішняга калегу па Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. 

Паводзіны Галіны Сямдзянавай у Вярхоўным Савеце 12 –га скліканьня можна  назваць толькі адным словам – гераічныя.

Бачу яе ў дні красавіцкіх страйкаў 1991-га, калі яна ўвайшла ў залю, дзе ішло паседжаньне Прэзыдыюму ВС, і перадала ўльтыматум Аршанскіх рабочых: “Калі праз 7 хвілінаў ня будзе адказу, людзі лягуць на рэйкі”.. Рэплікі раззлаваных дэпутатаў-камуністаў яна выслухала з усьмешкай. Міністар унутраных спраў і старшыня КДБ не абмежаваўся рэплікамі; на Сямдзянаву прамовы генэралаў не падзейнічалі.

Прыгадваю яе выступ 13 чэрвеня 1991 году, калі дэпутаты БНФ дамагаліся праўды пра Чарнобыль (відэазапіс таго выступу, на шчасьце,  захаваўся,.. глядзець на ).

У дні путчу 19-21 жніўня Галіна сярод першых падпісала заяву Апазыцыі БНФ , у якой путчысты былі названыя злачынцамі.

Дні 24-25 жніўня 1991-га, калі надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савета абвясьціла Незалежнасьць,  ўпісалі імя Галіны Сямдзянавай у беларускую гісторыю назаўсёды.

Гэта менавіта Галіна Сямдзянава на просьбу Пазьняка ўнесла перад пачаткам сэсіі ў прэзыдыюм Авальнай залі  Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (нарэшце знайшоўся здымак, і спадзяюся, што цяпер “вэрсіі” легенды з удзелам дырэктара саўгасу ці касманаўта зьнікнуць).

А потым, калі на трыбуну пайшоў 1-шы сакратар ЦК КПБ, Сямдзянава стала паміж ім і мікрафонам – і колішні ўладар рэспублікі быў вымушаны паплесьціся на месца. Менавіта гэта псыхалягічна зламала пракамуністычную дэпутацкую большасьць, і мы дамагліся Незалежнасьці.

У пачатку верасьня 1991-га Галіна Сямдзянава курыравала стварэньне “вайсковага блёку” законапраектаў, якія Апазыцыя БНФ падрыхтавала на 6-ю нечарговую сэсію – гэтых законапраектаў было 16. Калі тэксты перадаваліся ў сакратарыят ВС на раздрукоўку, нехта з дэпутатаў павінен быў завізаваць іх сваім подпісам, гэта была простая фармальнасьць, але тое, што пад прапановамі на верасьнёўскую 1991 года сэсію  аб стварэньні ўласнага войска і аб прыняцьці Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і Гэрбу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў стаіць подпіс менавіта Галіны Сямдзянавай, якая ўнесла ў Авальную залю нацыянальны сьцяг, сёньня мне бачыцца сымбалічным.  

Пасьля дасягненьня Незалежнасьці Галіна займалася праблемамі стварэньня беларускага войска – фактычна, насуперак генэралітэту, які бачыў сябе пад маскоўскім Генштабам, і міністру абароны, які звольніў з войска сотні беларускіх патрыётаў. Неяк у тыя гады  адзін генэрал у мяне запытаўся – ну і каго вы, БНФ,  маеце ў міністры абароны, калі прыйдзеце да ўлады, няўжо Сямдзянаву? Генэрал ня мог паверыць, што ў дэмакратычных краінах  жанчыны займаюць гэтую пасаду. Бясспрэчна, што Сямдзянава была б ідэальным міністрам абароны.  Ды сталася інакш, і цяпер генэралы аддаюць гонар не жанчыне, а  сямігадоваму хлапчуку.

Вясной і летам 1992 года Галіна Сямдзянава езьдзіла па вобласьцях і раёнах, дамагаючыся ад чыноўнікаў выкананьня працэдураў Закону аб рэфэрэндуме – калі б тады была прынятая ініцыятыва БНФ аб датэрміновых выбарах, гісторыя Беларусі, перакананы, пайшла б іншым шляхам.

11 красавіка 1995 года, калі мы, 19 дэпутатаў БНФ , абвясьцілі галадоўку супраць зьнявагі нацыянальных дзяржаўных сымбаляў і беларускай мовы, мы, добра ведаючы, які чалавек сядзіць ззаду нас  за прэзыдэнцкай трыбунай, і варыянт удзелу ў галадоўцы жанчыны, зразумела, быў выключаны.  Але менавіта праз Галіну мы трымалі сувязь з даверанымі асобамі ў тую ноч.

Галіна Сямдзянава ўзначальвала Беларускую асацыяцыю вайскоўцаў “Вяртаньне” і працавала ў Камісіі па экалёгіі ВС Беларусі.  Шкада, што ўратаваўшы больш чатыры тысячы вайскоўцаў (а вяртаньне іх у Беларусь з месцаў, якія былі “гарачымі кропкамі” ці патэнцыйна маглі імі стаць інакш чым ратаваньнем не назавеш), і невядома колькі тысяч жыхароў Беларусі (дэпутатам тады ўдавалася дамагацца і перасяленьня з забруджаных чарнобылем раёнаў, і выкананьня экалягічных нарматываў) – Галіна не ўратавалася сама ад хваробы, якая косіць усё больш людзей ў Беларусі і зусім ня старога веку.

Мы, яе калегі і сябры, будзем заўсёды памятаць Галіну Сямдзянаву, а надыдзе час – ўспомніць пра яе і Беларусь.
  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме