10:30 03.07.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Штучнае свята

Прыдуманае Аляксандрам Лукашэнкам і яго прыхільнікамі свята 3 ліпеня адзначаецца сёлета з вялікай пампезнасцю. Да незалежнасці Беларусі гэтае свята не мае аніякага дачынення. Часткова дзень 3 ліпеня ( 1944 г.) адзначаны ў гістарычным календары як дзень, калі часткі Чырвонай арміі былога СССР увайшлі ў Мінск. Бой за Мінск працягваўся некалькі дзён, таму няма дастатковых падстаў казаць, што менавіта 3 ліпеня сталіца Беларусі была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.Тым не менш, нягледзячы на гістарычныя несуразнасці, аўтарытарны рэжым А.Лукашэнкі зрабіў 3 ліпеня галоўным дзяржаўным святам. Вядома, што гэткая штучнасць і несуразнасць скончыцца разам з крахам аўтарытарнага рэжыму. Гэта непазбежна, як наступленне дня і ночы, жыцця і смерці.

Але на свой век Аляксандру Лукашэнку гэтага штучнага свята хапіла, каб пакрасавацца перад шматлікай публікай у адмысловым мундзіры ці то маршала, ці то генералісімуса. Дый адчуць сябе галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Беларусі. Але ж падаецца, што гэтыя ўзброеныя сілы здадуць Беларусь, калі пуцінская Расія вырашыць, што настала пара пашырыць межы Расіі на Захад. Раней, да ўкраінскіх падзей, такія развагі палічылі б абсурдам. Цяпер жа яны ўвесь час будуць прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы, пагражаючы пераўтварыцца ў рэальнасць.Увесь палітычны курс А.Лукашэнкі прывёў Беларусь да мяжы, за якой адбываецца выраджэнне нацыі, нацыянальнай мовы і культуры. Наступствам гэтай палітыкі можа стаць страта незалежнасці Беларусі. Тое, што Беларусь дагэтуль застаецца фармальна незалежнай дзяржавай ёсць вынікам страху расійскага палітэсу перад асобай Аляксандра Лукашэнкі. Яго інтэграцыйныя гульні з “саюзам Беларусі і Расіі” ледзь не прывялі да захопу крамлёўскага трону напрыканцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя. І каб не пільнасць А.Чубайса і яго экспертаў – інтэграцыйная гульня з “саюзнай дзяржавай” магла атрымаць праваое канстытуцыйнае афармленне з непрадказальнымі наступствамі.Як бы там ні было, але 20 год гуляць на імперскіх пачуццях расійскай палітычнай эліты і жыць за кошт расійскіх субсідый і крэдытаў, не рэфармуючы эканоміку – гэта па-за межамі звычайнага ўспрыняцця. Трэба паспрабаваць высветліць канчатковую мэту такой шчодрасці расійскай улады ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Падаецца, што такой канчатковай мэтай з’яўляецца ўсталяванне на Беларусі атмасферы так званага “рускага міру”, русіфікацыя беларусаў і інкарпарацыя гэтай “выпадковай” з расійскага пункту гледзішча “квазі-дзяржавы” у склад Расіі. Інакш гэта проста не растлумачыць.

Але жыццё ідзе наперад. Беларусь як дзяржава, яе народ і ягоная мова пакуль існуе. Расія, падобна на тое, пацерпіць паразу ва Украіне. А гэта дае надзею, што і Беларусь, нягледзячы на пастаянную пагрозу з усходу, захавае сваю незалежнасць. І тады беларускі народ будзе на дзяржаўным узроўні святкаваць сваё сапраўнае, гістарычнае свята Незалежнасці – 25 сакавіка—Дзень, калі ў 1918-м годзе была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.


Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме