16:00 04.04.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Што здарылася з «Беларускай энцыкляпэдыяй»?
Беларуская энцыкляпэдычная школа ў свой час славілася на ўвесь Савецкі Саюз. Пераймаць досьвед беларусаў ехалі з блізкага і далёкага замежжа. Чаму ж сёньняшняя прадукцыя выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» выклікае так шмат нараканьняў? І чаму ў найноўшым энцыкляпэдычным даведніку не знайшлося месца для народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі?
Госьцяй «Вольнай студыі» — былая загадчыца адной з рэдакцый «БелЭн» Тамара Кароткая.
— Спадарыня Тамара, у мінулай «Вольнай студыі» прафэсар з Горадні Іван Лепешаў расказваў, як цэнзураваўся ў «Беларускай энцыкляпэдыі» ягоны слоўнік. Раней нічога падобнага не адбывалася. Што сталася з калісьці слаўным выдавецтвам?
— У мяне такое ўражаньне, што ў цяперашніх складаных умовах «Беларуская энцыкляпэдыя» імкнецца проста выжыць. Цікавыя даведачныя выданьні, якія былі б створаныя сучаснай гэнэрацыяй энцыкляпэдыстаў, мне цяжка нават назваць. Сёньняшняя энцыкляпэдычная прадукцыя, якую я магла б адзначыць, — эта шматтомныя «Гарады і вёскі Беларусі». Але ж гэта прадукт досыць даўні, гэта напрацоўкі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру дваццацігадовай даўнасьці. А сёньняшняя візытоўка «Беларускай энцыкляпэдыі» — гэта пераважна камэрцыйныя, хуткасьпечаныя і разьлічаныя на хуткую рэалізацю выданьні. Тут можна назваць альбом малюнкаў Струкава, альбом Радзівілаўскіх партрэтаў ХVIII-XIX стагодзьдзяў, фотаальбом «Белавеская пушча». Усё гэта не энцыкляпэдычныя, а чыста мастацкія выданьні, якімі ў нас заўсёды займалася выдавецтва «Беларусь».
— Вы працавалі ў «Беларускай энцыкляпэдыі» пры трох кіраўніках — Івану Шамякіне, Міхасю Ткачове і Барысу Сачанку. Хто зь іх найбольш адпавядаў займанай пасадзе?
— Кожны зь іх адпавядаў патрэбам свайго часу. Шамякін быў у выдавецтве «вясельным генэралам». Ён выконваў больш прадстаўнічыя функцыі, што для савецкага часу было нармальна. Сапраўды зоркавым часам для энцыкляпэдыі быў той пэрыяд, калі яе ўзначальваў гісторык Міхась Ткачоў. У гэтай асобе якраз спалучаліся тыя якасьці, якія патрэбныя для кіраўніка падобнага выдавецтва, — найперш глыбокія веды, Ткачоў быў доктарам гістарычных навук, да таго ж, ён меў досьвед працы ў энцыкляпэдыі, бо да свайго прызначэньня працаваў загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі. На жаль, ткачоўскі перыяд быў вельмі кароткі, менш за год. Што тычыцца Барыса Сачанкі, то я лічу яго фігурай пераходнага пляну, хоць, безумоўна, гэты чалавек быў патрыётам і досыць шмат зрабіў.
— «Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва», «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі», энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае», энцыкляпэдыя «Архэалёгія і нумізматыка Беларусі», энцыкляпэдыя «Беларуская мова», энцыкляпэдыя «Тэатральная Беларусь»... Гэта, як кажуць, справы дзён, даўно мінулых. А што з сёньняшняй прадукцыі «БелЭн» вы бераце ў рукі з задавальненьнем?
— Спробы выданьня сур’ёзнай даведачнай літаратуры ў «БелЭн» усё ж ёсьць. Але толькі спробы. Нядаўна я з вялікай надзеяй узяла ў рукі кнігу, якую даўно чакала, — гэта «Вялікі беларускі энцыкляпэдычны слоўнік» (на расейскай мове). Думала — пагартаю, набуду, прыйду дадому, буду вывучаць і ціха радавацца. На жаль, гэтага не адбылося. Ёсьць пэўныя крытэры, паводле якіх выдавецкі работнік вельмі хутка бачыць хібы. Прывяду такія прыклады. Адгортваю слоўнік наўздагад, чытаю артыкул «дзеепрыметнік». Значыць, павінна быць і «дзеепрыслоўе». Знаходжу. Калі ёсьць «дзеепрыметнік» і «дзеепрыслоўе», павінны ж быць «дзеяслоў» і «прыслоўе». А іх у слоўніку — няма. Значыць, парушана сыстэма падачы і адбору матэрыялу. Гартаю слоўнік далей — ёсьць артыкул пра Ілью Мурамца, героя расейскага быліннага эпасу, але няма — пра Зінаіду Бандарэнку! Зразумела, каб увайсьці ў такі слоўнік, трэба мець пэўныя дзяржаўныя ўзнагароды і званьні. Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, і па фармальных паказчыках яна проста мусіла быць у тым слоўніку! А яе там няма. Мітычны Мурамец ёсьць, а рэальнай Бандарэнкі няма!
— Выпадак, аналягічны таму, пра які расказваў прафэсар Лепешаў, — калі пачынае дзейнічаць забарона на імёны. Нешта падобнае мела месца, калі прыканцы мінулага году выходзіла пэрсанальная энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч». Там таксама шмат каго няма — найперш з прадстаўнікоў беларускай дыяспары. А як вы ацэньваеце гэтае выданьне?
— Я вельмі ўважліва яго прачытала. На жаль, тут было ня проста зьдзіўленьне, тут было і расчараваньне, і шмат іншых нэгатыўных эмоцый. Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» не адпавядае тым крытэрам, якія прад’яўляюцца да літаратурнай энцыкляпэдыі. Найперш, у ёй адсутнічае сыстэма паказальнікаў, а гэта компас у моры інфармацыі. Прывяду такі прыклад. Усе мы ведаем, кім была для паэта Нюта Гапановіч — ня проста стрыечная сястра, але і муза-натхніцелька, яго глыбокая сымпатыя. Дык вось, марна шукаць Нюту Гапановіч на літару «Г». Артыкул пра яе пачынаецца зь літары «С» — яна ў даведніку фігуруе як Сільваноўская — па мужу... Падобнае выданьне павінна мець артыкулы літаральна пра ўсе тэксты творцы. І тут мы бачым наступны сур’ёзны хіб энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» — адсутнасьць асобных артыкулаў пра публіцыстычныя творы паэта, выяўленыя ў апошнія дзесяцігодзьдзі і надрукаваныя ў расейскім пэрыядычным друку. Дзіўна, што ў энцыкляпэдыю ня трапіў і артыкул пра знакаміты інтымны дзёньнік Багдановіча, пра які ў свой час шмат гаварылася і пісалася. У энцыкляпэдыі адсутнічаюць і многія пэрсаналіі, якія ўплывалі на Багдановіча, якія шмат зрабілі для папулярызацыі яго творчасьці. Той жа Васіль Фёдаравіч Мачульскі — сакратар літаратурнай камісіі Інбелкульту, чый агляд багдановічаўскіх рукапісаў і матэрыялаў біяграфіі стаў асновай багдановічазнаўства. Няма ў энцыкляпэдыі і артыкула пра Язэпа Дылу, які вельмі шмат зрабіў для вяртаньня архіваў паэта ў Беларусь. Ня трапіла туды і Апалёнія Савёнак — аўтарка ўспамінаў пра Багдановіча. Абышлі ўвагай складальнікі энцыкляпэдыі многіх кампазытараў, якія звярталіся да творчасьці Багдановіча. Гэта Шчаглоў-Куліковіч, Помазаў, Паплаўскі, Самохін, Ларыса Сімаковіч... Самая ж вялікая недарэчнасьць энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» — гэта адсутнасьць у ёй артыкула пра Веру Іванаўну Мікуту. Я зь ёю шмат працавала ў музэі Багдановіча, і магу сказаць, што яна многае адшукала і наладзіла стасункі са сваякамі яраслаўскага акружэнья Багдановіча, якія перадалі музэю сотні ўнікальных матэрыялаў. Мікуту тут можна параўнаць хіба з вядомай дасьледчыцай Нінай Ватацы. Нездарма Яўген Міклашэўскі прысьвяціў сваю кнігу «Каханьне і сьмерць, альбо Лёс Максіма Багдановіча» менавіта Веры Іванаўне. І вось такой асобы ў энцыкляпэдыі — няма.
— Выдаўцы, відаць, стараліся пасьпець да 120-годзьдзя паэта. Ды і рабілася энцыкляпэдыя, як мне гаварылі яе аўтары, на грамадзкіх пачатках.
— Наўрад ці гэта можа служыць апраўданьнем. Энцыкляпэдыя належыць да таго віду даведачных выданьняў, якія, як правіла, не перавыдаюцца. Гэта значыць, гэтая кніга — на вякі. Таму трэба думаць ад пачатку, як яе ўкласьці, як зрабіць так, каб яна як мага даўжэй была актуальнай, патрэбнай, каб зь ёй можна было працаваць і праз трыццаць, і праз пяцьдзясят гадоў.
— Ці ёсьць у вас надзея, што ў агляднай будучыні беларуская энцыкляпэдычная школа адродзіцца?
— Надзея ў чалавеку павінна быць заўсёды. Іншая справа, што пэрспэктывы гэтых пазытыўных зьменаў на сёньняшні час мне бачацца вельмі цьмянымі. Але, калі верыць працэсам эвалюцыйнага разьвіцьця, то гэты час абавязкова настане.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |