12:15 07.08.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Што стаіць за адкрытым падлікам галасоў?
Аналітыка "Права выбару-2018": Што стаіць за адкрытым падлікам галасоў?
Разбіралася прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2018”.
Юрыдычныя аспекты адкрытасці і галоснасці
Артыкул 13 Выбарчага Кодэкса (Галоснасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндума, адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі, дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў) гарантуе нам галоснасць і адкрытасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.
Гэта азначае, што прынцыпы адкрытасці і галоснасці дзейнічаюць на ўсіх этапах арганізацыі выбараў без выключэння.
Дадзены артыкул Выбарчага Кодэкса таксама рэгламентуе правы назіральнікаў, якія вельмі часта з'яўляюцца альтарнатыўнай крыніцай інфармацыі аб арганізацыі і правядзенні выбараў на ўсіх этапах, у тым ліку пад час падліку галасоў.
З усіх акрэсленых правоў назіральнікаў, якія рэгламентуюцца дадзеным артыкулам, найбольш цікавыя два, якія датычныя падліку галасоў:
1) назіральнік мае права знаходзіца ў дзень галасавання ў памяшканні для галасавання з моманту пламбіравання альбо апячатвання скрынь для галасавання да сканчэння падвядзення вынікаў галасавання;
2) прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцу знаходжання грамадзян, правядзенні паўторнага падліку галасоў грамадзян.
Гэтыя пункты артыкула дазваляюць назіральнікам сачыць за тым, як ідзе падлік галасоў, аднак далёка не гарантуюць, што яны будуць бачыць змест бюлетэняў, у якую стопку яны кладуцца і як агучваюцца вынікі галасавання.
Нягледзячы на тое, што артыкул 13 Выбарчага Кодэкса гаворыць пра галоснасць і адкрытасць пры падліку галасоў акурат галоснасці і адкрытасці ў правапрымяняльнай практыцы правядзення выбараў і не хапае. Сведчаннем гэтага з'яўляецца больш за 50 назіральнікаў кампаніі «Права выбару», якія былі выдалены з выбарчых участкаў у час парламенцкай кампаніі 2016 года пад час падліку галасоў.
У мінулым годзе Цэнтрвыбаркам выдаў «Зборнік метадычных матэрыялаў для ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання», дзе ў п.9.1 «Устанаўленне вынікаў галасавання» прывёў схему, як члены ўчастковых выбарчых камісій павінны былі арганізаваць падлік галасоў.
Паводле гэтых рэкамендацый здымалася блакіроўка з аднаго бока стала, што давала лепшы агляд для назіральнікаў, аднак нефармальна было вызначана правіла, што назіральнікі не павінны знаходзіцца бліжэй за тры метры да стала, дзе адбываецца падлік галасоў. У адваротным выпадку іх абвінавачвалі ва ўмяшальніцтве ў працу камісіі, папярэджвалі аб выдаленні з участка, альбо выдалялі.
Такім чынам метадычка па падліку галасоў падзяліла выбарчыя ўчасткі на два тыпы – тыя, што адпавядалі рэкамендацыям прапісаным у ёй і тыя, што праводзілі выбары «па-старынцы» – сталы закрываліся членамі ўчастковай выбарчай камісіі з усіх бакоў, назіральнікі знаходзіліся на адлегласці ад 3 да 10 метраў.
У любым выпадку, нягледзячы на дэкарацыйнае паляпшэнне ўмоваў для назіральнікаў, пераважная большасць з іх заявілі, што не бачылі за каго стаяць галачкі ў бюлетэнях і ў якія стосы гэтыя бюлетэні раскладаліся.
Агалошванне падліку галасоў выбаршчыкаў
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў адзначае, што акрамя таго, што ёсць праблемы з немагчымасцю назіраць за зместам бюлетэняў ёсць яшчэ і праблема з агалошваннем падліку галасоў выбаршчыкаў.
На фота Алесь Сілкоў- За гады практыкі члены ўчастковых камісій выпрацавалі адно залатое правіла – быць глухімі і нямымі, прычым не на словах, а на дзеяннях. Схема падліку галасоў выглядае наступным чынам: члены камісіі закрываюць сабой тры альбо чатыры бакі стала, на якія высыпаны бюлетэні і робяць, альбо імітуюць падлік галасоў. У гэты момант 2-3 члены сочаць за тым, каб назіральнікі не набліжаліся да стала. Робіцца ўсё гэта ў поўнай цішыні - у голас не агучваюцца ніякія лічбы. Калі праца зроблена і бюлетэні раскладзены па стосах за розных кандыдатаў старшыня камісіі ці сакратар падыходзяць да кожнага члена камісіі і запісваюць на паперку іх вынікі. Пасля гэтыя звесткі суміруюцца старшынёй і ўпісваюцца ў пратакол, які вывешваецца для назіральнікаў, - гаворыць Алесь Сілкоў.
Са словаў нацыянальнага каардынатара складаецца ўражанне, што большасць членаў участковых камісій вераць у тое, што сумленна падлічылі бюлетэні і выканалі сваю працу ў адпаведнасці з законам і рэкамендацыямі ЦВК, аднак галоўнымі генератарамі лічбаў з'яўляюцца старшыня і сакратар выбарчай камісіі. Калі ж згенераваныя імі лічбы не патрапілі ў патрэбнае поле выбаркі, то праз тэлефон гэтыя лічбы карэктуюць ужо члены акруговай камісіі.
Назіральнік у гэтай сітуацыі можа толькі зафіксаваць, што не бачыў змест бюлетэняў і не чуў агучвання ў голас вынікаў галасавання ў працэсе падліку галасоў. Зацвярджэнне пратаколу з вынікамі галасавання ў гэтых умовах носіць выключна цэрыманіяльны характар.
Як зрабіць працэс падліку галасоў сапраўды адкрытым і галосным?
Кампанія назірання «Права выбару» ужо неаднаразова накіроўвала свае прапановы ў Цэнтрвыбаркам з мэтай зрабіць працэс падліку галасоў больш адкрытым і галосным, аднак прапановы так і не былі ўлічаныя.
Метадыст-аналітык «Права выбару-2018» Леў Марголін адзначае, што дзеля гэтага не трэба нават мяняць закон, а дастаткова змяніць права-прымяняльную практыку і растлумачыць кожнаму старшыні і члену ўчастковай выбарчай камісіі, што адкрыты і галосны падлік галасоў азначае даць магчымасць кожнаму назіральніку знаходзіцца на той адлегласці ад стала, якая бы дазваляла бачыць змест бюлетэня і стос у які ён кладзецца.
На фота Леў Марголін- Акрамя нашага Выбарчага Кодэкса ёсць падпісаны Рэспублікай Беларусь агульны дакумент у межах СНД, які рэгламентуе пытанні правядзення выбараў. Гэты дакумент выконваецца большасцю краін СНД, у тым ліку Расіяй і Казахстанам, якія не з’яўляюцца прыкладам дэмакратыі і ўзорам пры правядзенні выбараў. Калі ж няма галоснага і празрыстага падліку галасоў, то выбары губляюць свой сэнс. Гэта азначае, што ўвогуле можна нічога не падлічваць, - гаворыць Леў Марголін.
Для таго, каб мець маральнае права называць выбары выбарамі патрэбны галосны і адкрыты падлік галасоў. І каб ён такі быў метадыст-аналітык “Права выбару-2018” лічыць, што не трэба ўсім членам камісіі лічыць бюлетэні. Дастаткова, каб усе члены камісіі расклалі бюлетэні па стосах і затым перадавалі іх аднаму чалавеку, які б лічыў бюлетэні, агучваў звесткі ў голас па кожнаму са стосаў і паказваў усім членам камісіі, што там няма ніякіх памылак і ў гэты момант усе члены выбарчай камісіі і назіральнікі маглі бы яго кантраляваць.
-Працэс падліку галасоў, які адбываецца ў нас прыдуманы менавіта для таго, каб было лягчэй рабіць фальсіфікацыі. Гэты працэс прыдуманы таксама для таго, каб людзі, якія робяць гэтыя фальсіфікацыі, мелі маральнае права сказаць, што яны зрабілі ўсё, што ім сказалі, падлічылі сумленна і ні ў якіх фальсіфікацыях не ўдзельнічалі, бо канчатковыя звесткі робіць старшыня і сакратар камісіі, - гаворыць Леў Марголін.
Таксама пры падліку галасоў варта ўлічваць і псіхалагічныя моманты. Члены камісій дзеляць бюлетэні паміж сабой для таго, каб хутчэй палічыць бюлетэні і не сядзець на ўчастку да самой раніцы.
Але ж падчас іх працы варта думаць пра будучыню нашай краіны, бо выбіраем мы не загадчыка складу, ці дырэктара, а дэпутатаў і Прэзідэнта, і тут варта разумець, што ад падліку залежыць, як з вамі мы будзем жыць заўтра і дзеля гэтага варта ахвяраваць некалькімі дадатковымі гадзінамі.
У нас працэс падліку галасоў на выбарчым участку з колькасцю 2000-3000 выбарчыкаў у сярэднім займае каля гадзіны. У дэмакратычных краінах на выбарчых участках з такой жа колькасцю выбаршчыкаў ён цягнецца да самой раніцы.
Менавіта адсутнасць адкрытага і галоснага падліку бюлетэняў з 1994 года не дазваляе міжнароднай супольнасці прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі, а гэта ўжо страчаная будучыня для беларусаў, згублены магчымасці і зламаныя лёсы грамадзян.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме