12:30 04.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Што можна дазволіць сабе на сённяшнюю пенсію?
Тут і цяпер" даведвалася ў вядомых і не вельмі людзей, што сабой уяўляе сённяшняя пенсія для большасці беларусаў.
У Беларусі з 1 мая павялічыліся памеры ўсіх відаў пенсій, надбавак, павышэнняў, таксама выраслі даплаты да пенсій пенсіянераў ва ўзросце 75 гадоў і старэй, якія не працуюць, паведамляе БелТА.
З улікам новай велічыні БПМ памер даплаты да пенсій пенсіянераў, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў і не працуюць, з мая складае 139,3 тыс. беларускіх рублёў; тых, што дасягнулі ўзросту 80 гадоў, — 185,8 тыс.
Увогуле сярэдняя пенсія па ўзросце, павялічыцца на 16,9% да 1млн 467,5 тыс. рублёў. На 1 красавіка атрымальнікамі пенсій розных відаў у органах па працы, занятасці і сацабароне з'яўляліся 2 млн 485,3 тыс. чалавек.
Аляксандр Сасноў, былы міністр працы:
"Якая эканоміка, такая і пенсія"
— Жыць на гэтую пенсію немагчыма, але існаваць можна. А што тычыцца яе памеру... Якая эканоміка, такая і пенсія. Я сабе шмат чаго не дазваляю: не магу дазволіць, напрыклад, зрабіць рамонт у кватэры, адсвяткаваць юбілей. Грошы ёсць толькі на існаванне. Шмат чаго з адзення застаецца ад дзяцей, яго і даношваю. Пра лекі ўвогуле не кажу: многія з іх проста немагчыма набыць без дапамогі дзяцей. А так мне яшчэ пашанцавала са здароўем.
Валянцін Акудовіч, філосаф:
"Паняволенне жабрацтвам – самае страшнае"
— Тут і казаць не трэба, што ў горадзе гэтай пенсіі не хапае для існавання больш-менш цывілізаванага чалавека. Я проста на пенсію яшчэ і не жыў. Хоць я яе і атрымліваю, усё роўна шукаю падпрацоўку і з жахам думаю пра тое, што гэтая праца будзе гады ў рады. Нават не ўяўляю, як псіхалагічна перабудуюся на гэтыя грошы. Зразумела, што іх хапае толькі на тое, каб не памерці. Але на паўнавартаснае жыццё іх адназначна не стае. Ці правільна гэта? Канечне, правільна. Калі людзі, працуючы ў правінцыі, атрымліваюць паўтара мільёна (а калі два з паловай, дык гэта ўжо вельмі добра), то якой можа быць пенсія?! Іншая рэч, што ўся наша сістэма заробкаў і пенсій бясспрэчна арыентуецца на мінулае. Не на сучаснасць, не на бліжэйшую будучыню, а на савецкае мінулае, калі асноўная маса насельніцтва жыла ў паўжабрацкім стане, які не даваў паміраць, але не дазваляў і станавіцца асобай. Тут нават прасочваецца палітычная задума — не даваць людзям багацець. Заможны, упэўнены ў сабе чалавек больш вольна ставіцца да таго, што робіцца ў краіне. А калі ты паняволены жабрацтвам, а гэта самае страшнае паняволенне, то пра якую палітычную волю можна казаць? Уласна, і наш палітычны лад, і лёс нашай дэмакратыі залежаць у першую чаргу ад таго, ці зможам мы, насуперак уладам, набыць не толькі маёмасць, але і фінансавую самадастатковасць, для таго каб "людзьмі звацца". Гэта не значыць, што мы абавязкова пойдзем на барыкады, але стасункі грамадства і ўлады будуць ужо іншымі.
Ганна Гучок (в.Ляўкі, Старадарожскі раён):
"Мы ў раі зараз жывём"
— Вы, маладыя, не ўяўляеце, як нам пашанцавала! Мы ў раі жывём, калі параўноўваць з нашымі дзядамі. Гэта ж ні араць не трэба, каб хлеба здабыць, ні ткаць, каб якую кашулю справіць, ні карову трымаць, каб малака напіцца. Нічога рабіць не будзеш, а табе яшчэ грошай бясплатна дадуць! Ідзі ў краму і купляй, што хочаш: хлеб, віно. Ды ў якія часы такое дзіва было? Толькі пры Лукашэнку, дай Бог яму здароўя!
Леанід Заіка, эканаміст:
"Гэта сродак для паступовага памірання"
— Разлікі паказваюць наступнае: на ўтрыманне бяздомнага сабакі выдаткоўваюць 20 тысяч рублёў у дзень, прафесар філасофіі атрымлівае 40 тысяч рублёў у дзень. Значыць, адзін прафесар роўны двум сабакам. Гэта ўнікальныя суадносіны, якія зараз маюць месца ў Беларусі. А тое, што вяскоўцы задаволены, сведчыць толькі пра іх вельмі вузкі жыццёвы кругагляд — яны не ўяўляюць, як жывуць суседзі. Напрыклад, у суседняй Украіне пенсія прафесара складае 700 долараў, а ў нас роўная кошту прадуктаў на дзень для двух бяздомных сабак. Але сабака кілаграм 30 важыць, прафесар жа — усе 70. Сабака жыве ў будцы, а ў прафесара кватэра павінна быць. Гэта ганьба для краіны! Пенсіі, якія разлічаны такім чынам, — гэта сродак для паступовага памірання. Да шасьцідзесяці пяці гадоў дажываюць толькі 48 працэнтаў мужчын, І што прэм'ер-міністру ці міністру працы да тых няшчасных пенсіянераў?.. Таму беларуская норма жыцця — два сабакі.
Андрэй Плясанаў, мастак і музыка:
"На тры гадзіны пенсіі хапае лёгка"
— Шмат чаго магу: купіць гарэлкі, некалькі боханаў хлеба. Ды да фіга чаго магу! Магу купіць зубную пасту, ажно тры цюбікі. Ну і мяса пару кілаграм. Вельмі добрая пенсія! На тры гадзіны яе хапае лёгка. Калі б я не працаваў, то з голаду б не памёр: хадзіў бы часцей у госці — кілішак гарэлкі ў таго, кілішак — у другога. Вытрымаў бы. І потым, у нас жа людзі нармальныя. У пераходзе можна спяваць — грошай дадуць. Можна пражыць. Вось калі б я плаціў за паліва, гарачую ваду і жыллёва-камунальныя паслугі так, як у Еўропе, то тады б быў гамон — я б з голаду памёр сто працэнтаў. А так нам яшчэ пашанцавала: пенсія маленькая, але затраты на камунальныя паслугі таксама малыя.
Апытанне праводзіў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме