12:47 11.03.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Шаўчук: Зрабіць крок да любові складаней, чым перамагчы ў вайне
Пасля канцэрта, вітаючы журналістаў у грымёрцы «Мінск-Арэны», Юрый Шаўчук шчыра ўсміхнецца: «Для мяне сёння свята было. Мы вельмі радыя і шчаслівыя, што мы ў Беларусі».
«Дый гэта ж было бачна па маёй мордзе — «чувак тащился»! — рассмяецца ён і дадасць, маючы на ўвазе выступ «ДДТ»: — Сёння была прыгожая і абсалютная любоў з нашага боку, а з ваша боку яна была выдатная. І вялікі вам дзякуй. Любоў — гэта вельмі важна ў любыя часы».
У «ДДТ» новы склад. Юрый Шаўчук цяпер у «ДДТ», як сам жартуе, нібыта Кашчэй Несмяротны. Побач з ім на сцэне музыкі, значна маладзейшыя за яго. «Тое, што побач са мной моладзь, — гэта вялікі гонар, — зазначыць ён, — бо не з усімі бывае моладзь, не з усімі».
Адна з тых маладых музыкаў — Алена Раманава. Не ўпершыню за 35-гадовую гісторыю гурта Шаўчук запрашае на карабель «ДДТ» жанчын, аднак упершыню дзяўчына не толькі саліруе ў асобных нумарах, але і выступае бэк-вакалам праз усю амаль трохгадзінную праграму. Адсюль шмат у чым новы твар гурта і ў нечым іншы, сапраўды празрысты саўнд. Дый таго вымагае і праграма, складзеная пераважна з песень двух апошніх альбомаў «Иначе» і «Прозрачный» і перамешаная з праверанымі часам хітамі. Праграма, якую смела можна запісаць у адзін шэраг з лепшымі канцэптуальнымі, эпічнымі працамі «ДДТ» 1990-х: «Чёрный пёс Петербург», «Это всё», «Мир номер ноль».
Шаўчук прыязджае ў Мінск больш за чвэрць стагоддзя. Ці ўзгадваецца яму самому нешта, апроч канцэртаў? Вядома, скажа ён, прыгадваюцца гэтаксама і людзі, напрыклад, гурты «Naka» і «Тройца». Ці выбітны паэт Веньямін Блажэнны. Узгадае і гутаркі з удавой Васіля Быкава Ірынай Міхайлаўнай. Дадасць, што любімы яго мастак — Марк Шагал. І распавядзе пра адно сяброўства: «У мяне ў Гомелі ёсць выдатныя старыя сябры — Іван Афанасьеў і яго бацька Мікалай Мікалаевіч. Гэта выбітныя ваенныя гісторыкі (Іван Афанасьеў — загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Апошнім часам распрацоўвае тэмы, якія знаходзяцца на мяжы гісторыі і літаратуры. — С. Ш.). Я таксама ім дапамагаю — яны цяпер рыхтуюць кнігу пра Вялікую Айчынную вайну. Яны, увогуле, «капаюць» вельмі сур’ёзна ў архівах, напрыклад, знайшлі ўзнагародныя майго бацькі — франтавыя загады на ордэны і медалі. Такі выдатны падарунак мне зрабілі!..»
А калі ўбачыць той нумар часопіса «Дзеяслоў», дзе ёсць і ягоныя песні ў перакладзе Вольгі Гронскай на беларускую мову, Шаўчук, запытаўшыся пра якасць перакладаў («Ці прафесійныя?»), не выключыць, што наступным разам праспявае і па-беларуску: «Запраста! Чаму не?»
Ён не змяніўся. Рубіцца за праўду і за чалавека ў самім чалавеку — ранейшы яго непахісны прынцып. Мусіць, таму падчас канцэрта ён неаднойчы скажа пра тое, што цяпер ва ўсіх баліць, — пра падзеі ва Украіне: «Хлусіць не будзем — цяжкія часы перажываем. Няхай жыве мір на Украіне!» І самая жорсткая яго фраза: «Тыя, хто ўчыніў вайну паміж двума братнімі народамі, — проста казлы. Міра Беларусі і Украіне!» Зрэшты, пра гэта ён гаварыў напярэдадні падчас прэс-канферэнцыі:
— Цяжкія часы, найцяжэйшыя, проста жудасныя. Таму мы дужа шмат ездзім і іграем, гаворым з людзьмі пра чалавечнасць і пра чалавека. Пра тое, што зрабіць крок да любові складаней, чым перамагчы ў вайне… Шмат якія нашы песні сацыяльнай, грамадзянскай накіраванасці, на жаль, актуальныя дасюль, хоць гэтага, мабыць, не хацелася б. Хацелася б добрых адносінаў паміж людзьмі. Мы вельмі перажываем — адсюль і песні… Я цяпер думаю пра тое, як пакласці сваё сэрца на шалі, з аднаго боку якіх мір, з другога — вайна… Мы не спім па начах, як і ўсе, пакутуем, страшэнна пакутуем… Я не чакаў, што з усіх шчылін павыпаўзаюць гэтыя рабяты, якія прагнуць вайны, гэтыя чарнасоценцы, маргіналы… У Расіі цяпер проста жудасна ўсё, і вельмі многа зла, занадта многа… З іншага боку, гэта вялікі досвед — такія перажыванні. Думаю, цяпер мастацтва рване, бо няма іншага выйсця — ні ў рок-н-рола, ні ў паэзіі, ні ў тэатра…
— А не думаеце выступіць у Кіеве?
— Мы праехалі ад Львова да Луганску яшчэ да падзей на Майдане. І паўсюль мы крычалі: «Украіна і Расія — браты і сёстры!» І ўсе нам крычалі: «Ура! Браты і сёстры!» І паўсюль я гаварыў: «Некаторыя палітыкі свараць нас, але мы ім не здадзімся!» І паўсюль было ў адказ: «Не здадзімся!» А потым — ба-бах і такі жах пачаўся!.. І вось сядзіш і думаеш: а ці здольнае мастацтва хоць на нешта ўплываць? Напрыклад, на чалавека, які проста прагне забіваць?.. Гэтае шэкспіраўскае пытанне магутна стаіць перад табой: а ці патрэбна ўвогуле тое мастацтва? Але потым разумееш, што патрэбнае, канешне. І трэба рабіць тое, што павінен. І гаварыць пра мір кожнаму, і рубіцца за кожнага. Рубіцца проста за чалавека.
— Недзе год таму былі забаронены канцэрты «ДДТ» у Расіі. Не баіцеся паўтору забароны?
— Нічога не баімся. Пакуль нас не пускаюць некаторыя губернатары-вар’яты ў пэўныя рэгіёны, але мы працуем. Гэта нават не праца — за кожны канцэрт мы рубімся напоўніцу. Гэта вельмі важна для нас… Нас ужо забаранялі, мы столькі перажылі ўсяго — сто разоў нас забаранялі і дазвалялі! Я па-філасофску да гэтага стаўлюся і не мяняю сваёй думкі ў адносінах ні да чаго. Праўда, мабыць, імкнуся быць менш радыкальным і быць больш уважлівым, бо чалавека словам можна і параніць, і забіць. Я цяпер больш патрабавальна да сябе самога стаўлюся. Гэта не значыць, што я нечага баюся — не, вядома…
Ужо пасля канцэрта, маючы на ўвазе тое, што Шаўчуком гаварылася раней, запытваюся пра галоўную паразу ў яго жыцці, аднак ён пачуе ў пытанні іншае.
— У расійскага крытыка Уладзіміра Огнева ёсць такі запіс: «Напалеону сказалі, што ў яго рак унутры. Ён запярэчыў: «Унутры ў мяне Ватэрлоа». Ад чаго мы паміраем? Вядома, Напалеон меў рацыю. Толькі Ватэрлоа ў кожнага сваё». Дык вось тваё, Юра, Ватэрлоа ў чым?
— Я ніколі не буду Напалеонам. Ніколі. Я проста ніколі не змагу — я гэта даўно зразумеў — паслаць простага чалавека на смерць. Я проста пазбаўлены гэтай самаўпэўненасці. Я ніколі не змагу сказаць хлопцу (а я быў на многіх войнах): «Давай, Вася, ідзі сканай, сука, за радзіму». Я не змагу. Лепш сам пайду і сканаю… Напалеон — гэта амбіцыйны карлік з добрымі мазгамі, але… Мне напалеоны ніколі не падабаліся. Ніколі, стары. Роля асобы ў гісторыі — рэч вялікая, але я крыху іначай цяпер стаў да ўсяго ставіцца…
Я быў у Афганістане — гэта быў унікальны для мяне досвед. Я хадзіў там адзін без зброі і зайшоў у кінатэатр — раней ён называўся «Расія», цяпер «духі» зрабілі з яго чайхану, усю ў дыванах. У велізарнай зале, дзе некалі паказвалі кіно, сядзяць барадачы — калі яны ўбачылі славянскую рожу, усе сто чалавек адразу на мяне! Я ім: «Hello!.. Рабяты, мір, сяброўства, Расія, ура!..»
А потым скачаш па камянях, дзе была 40-я армія, бо нічога не размініравана, і таму вельмі шмат афганцаў, асабліва маладых людзей, у якіх адарваныя канечнасці. І яшчэ шмат дзяцей і жанчын з карычневымі далонькамі — яны мак збіралі. Гэта проста вар’яцтва! І ты там скачаш…
А пасля я патрапіў у пустэчу… Памятаеце, «Апафеоз вайны» Верашчагіна — гэтыя чарапы? Гэтак жа ляжаць і рускія каскі — тысячы касак да самага далягляду! І чамусьці фашыстоўскія каскі часоў гітлераўскай арміі. Чаму? Высветлілася, што ГДР «сплавіла» ў Афганістан усё фашыстоўскую амуніцыю для афганскіх войск, якія ваявалі супраць «духаў» за рускіх. І ўсе яны хадзілі ў фашыстоўскіх касках і нямецкай форме. Гэта не паказвалі па тэлебачанні. І адразу ўзнікаюць асацыяцыі і дзіўныя метафары. І думаеш: ну, і што мы выйгралі? Каго перакавалі?..
Мы прыехалі ў палац Аміна, з мяне здымаюць акуляры: «Башыш?» Я кажу: «Гэта вам не падыдзе». Яны: «Давай гарэлку, сала!» І яны пілі з намі гарэлку і жэрлі сала — мусульмане, абсалютныя душманы! І мы, пасябраваўшы з імі, гулялі па палацы Аміна, які некалі бралі нашы слаўныя ГРУ і дзе на сценах крывёю мат-перамат… І цішыня, ветрык, кавыль матляецца… А вакол Кабула сцяна Аляксандра Македонскага — ён таксама не здолеў перамагчы, толькі сцяна засталася. І думаеш: нафіг гэтая вайна? Дзеля прагрэсу, як кажуць разумнікі? Першы быў Геракліт, які сказаў: мір ёсць вайна… Яна ўвогуле не патрэбная!.. І калі глядзіш на гэта ўсё, дык узгадваеш, вядома, «Маленькага прынца» Сэнт-Экзюперы — вось гэтыя дзіўна тонкія рэчы пра вайну і мір. Свет — не такі, не палітычны, ён зусім іншага роду… І вось цяпер гэтая вайна, яна проста разарвала мяне, не буду хлусіць. Сёння мы пра гэта гаварылі. Гэта самае галоўнае, бо ўсё мінае, толькі любоў застаецца. А болей няма за што трымацца, бо больш нічога не існуе…
…Калі калегі-журналісты пайшлі, і мы засталіся ўдваіх, Шаўчук пытаўся і пра новую праграму, і пра тое, як было ўспрынята тое, што ён казаў паміж песнямі — пра Украіну, Беларусь і Расію, гэта значыць пра вайну і мір. Яму гэта не проста баліць — яго гэта сапраўды разрывае, і таму яму дужа важна, проста жыццёва неабходна, каб яго пачулі. І каб ведалі, што найгалоўным сваім прынцыпам ён не здраджвае і па сёння. Зрэшты, пра гэта ў яго песнях. Шаўчук сам пра гэта скажа, калі застанемся сам-насам. І я — нават не здагадваючыся яшчэ, чаго ж ён ад мяне чакае, — з радасцю пацверджу, што ён, Юрый Шаўчук, не здрадзіў анікому і нічому — ні сваім песням, ні сваёй-нашай маладосці. «Ты не змяніўся», — скажу яму. Па-мойму, ён быў шчаслівы пачутым. Ці з якой яшчэ прычыны свяціўся тады?.. Зрэшты, і я ж быў абсалютна шчыры з ім.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме