11:01 23.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ШТО ДАЗВОЛЕНА БЫКУ – НЕ ДАЗВОЛЕНА ЮПІТЭРУ
Звычайны “змагар” мае права на слабасць, а кандыдат у прэзідэнты ў беларускіх умовах – не. Перафразаваўшы вядомую лацінскую прыказку, “што дазволена быку – не дазволена Юпітэру”.
Прэзідэнцкія выбары, якія нядаўна адбыліся ў Беларусі, відавочна ўвойдуць у гісторыю. Шмат да чаго з таго, што рабілася падчас іх, можна дадаць прыслоўе “ўпершыню”. Упершыню было так шмат кандыдатаў, упершыню дэманстранты “штурмавалі” ўрадавы будынак, упершыню ў той жа самы дзень Плошча была так гвалтоўна разагнаная АМАПам. На жаль, да гэтых самых “упершыню” можна аднесці і яшчэ адну прыкрую з’яву – з’яўленне на другую ж раніцу пасля галасавання і Плошчы ў эфіры беларускіх афіцыйных тэлеканалаў некаторых былых кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі з пакаяннымі словамі і асабістым адхрышчваннем ад таго, што рабілася ў цэнтры Мінска ўвечары 19 снежня.
Адносна двух з чатырох кандыдатаў, якія наважыліся на такі крок, наўрад ці хто калі і меў нейкія ілюзіі. Дзмітрый Ус і асабліва Віктар Цярэшчанка ад самага пачатку разглядаліся як тыя кандыдаты, якім падчас дадзеных выбараў адводзілася роля, падобная той, што на двух папярэдніх адыгрываў сумнавядомы Сяргей Гайдукевіч. Таму іхныя выступленні мала для каго сталі сенсацыяй, чаго не скажаш пра афіцыйную заяву Яраслава Раманчука ды інтэрв’ю Беларускаму тэлебачанню Рыгора Кастусёва. Усе дадзеныя выступленні, а асабліва Раманчука і Кастусёва, якія перад гэтым самі заклікалі народ выйсці на Плошчу (а Кастусёў на ёй нават некалькі разоў выступіў з палкімі прамовамі), сур’ёзна ўзбагацілі прапагандысцкі арсенал беларускіх прыкарытных журналістаў і на працягу ўсяго дня шматразова “смакаваліся” ўсімі дзяржаўнымі тэлеканаламі.
Заява Яраслава Раманчука была настолькі гнюснай і паводле формы, і паводле зместу, што выклікала ў дэмакратычна настроенай супольнасці спачатку шок, а пасля справядлівае ўсеагульнае абурэнне. На гэтым фоне інтэрв’ю Кастусёва выглядала нібыта ўжо больш прымальным, бо ён абвінавачваў у неадпаведным, на ягоную думку, развіцці падзеяў на Плошчы не нейкіх канкрэтных асобаў з ліку апазіцыйных лідэраў, а абстрактныя “прамаскоўскія сілы”. Дзеля таго Кастусёў фактычна “выйшаў сухім з вады” і працягвае сваю палітычную дзейнасць у шэрагах апазіцыі далей, нібыта нічога і не адбылося. З пад увагі дэмакратычнай грамадскасці неяк выпаў той факт, што спадар Кастусёў разам з трыма іншымі кандыдатамі фактычна купіў сабе асабістую свабоду коштам аказання БТ прапагандысцкіх паслуг, у той час як пяць іншых кандыдатаў, якія на гэта не пайшлі (сярод якіх прынамсі пакуль што знаходзіцца і Алесь Міхалевіч, які да арганізацыі Плошчы спрычыніўся куды менш за Кастусёва), знаходзяцца за кратамі.
Рыгор Кастусёў, праўда, у той жа самы дзень даў тлумачэнне сваёй пазіцыі. Маўляў, я гэтае інтэрв’ю сапраўды даў, але ж “бэтэшнікі” ўсё ў ім сказілі, і таму ў эфір пайшло не зусім тое, што я хацеў сказаць. Як ні дзіўна, але гэтае тлумачэнне было ахвотна прынята. Многія з апазіцыйных лідараў і простых актывістаў дзеля захавання “чысціні мундзіра” палічылі за лепшае замест “Ганьба Кастусёву!” ці “Ганьба БНФ, які вылучае такіх кандыдатаў!” выгукнуць звыклае “Ганьба БТ!”, лічачы сітуацыю на гэтым вычарпанаю. Але ж з цяжкасцю верыцца, каб гэткі сталы чалавек з немалым жыццёвым досведам і з высокім статусам у апазіцыйнай палітыцы мог ад самага пачатку сур’ёзна разлічваць на тое, што афіцыёзныя тэлевізіёншчыкі будуць рабіць з дадзеным ім інтэрв’ю штосьці іншае ад таго, што яны ў рэшце рэшт зрабілі. Як таксама наўрад ці адэкватнаму чалавеку можна было не разумець таго, што дадзенае інтэрв’ю з асуджэннем арганізатараў Плошчы (якімі б словамі гэтае асуджэнне не выказвалася) немінуча стане адным з “цвікоў” паслявыбарчай “бэтэшнай” антыапазіцыйнай прапаганды.
Хтосьці скажа: а ці варта так ужо асуджаць Кастусёва, хіба чыста па-чалавечы ягонай пазіцыі нельга зразумець? Ну, з’явілася ў чалавека магчымасць вылузнуцца з пасткі, пры гэтым выблытаўся ён з сітуацыі больш-менш дастойна, бо відавочных палітычных даносаў і абразаў, як у Раманчука, у ягоным інтэрв’ю не было. Хто гарантуе, што і самі сённяшнія крытыкі гэтак жа ў падобнай сітуацыі не зрабілі б?
Магчыма, што і зрабілі б. Усе мы людзі, Кастусёў з Раманчуком таксама, і нішто чалавечае ім, як аказалася, не чужое. Але пры ацэнцы паслявыбарчых паводзінаў гэтых двух грамадзян нельга выкарыстоўваць тыя ж самыя катэгорыі, што і пры ацэнцы дзейнасці ў аналагічнай сітуацыі шараговых апазіцыянераў. Не трэба ані на хвіліну забывацца пра іхны статус – што яны былі кандыдатамі ў прэзідэнты, г. зн. людзьмі, якія кінулі адкрыты выклік дзейснаму кіраўніку краіны. Для кожнага ж чалавека, які непасрэдна ўдзельнічаў у беларускім палітычным жыцці ў апошнія 15 гадоў, ці прынамсі ўважліва за ім сачыў, не з’яўляецца ніякай таямніцай тое, што людзі, якія тым ці іншым чынам перайшлі (ці спрабавалі перайсці) дарогу нязменнаму вось ужо шмат гадоў кіраўніку краіны, не маюць абсалютна ніякай гарантыі ўласнай бяспекі.
Той, хто узнамерыўся на нейкі час займець статус кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, мусіць быць гатовы да таго, што за гэта давядзецца заплаціць вялікую цану, у тым ліку, магчыма, і пакласці гады асабістага жыцця, праведзенага за кратамі. Менавіта так у свой час і адбылося з Міхаілам Чыгіром, Міхаілам Марынічам ці Аляксандрам Казуліным, якія, як бы да іх не ставіцца, годна вытрымалі ўсе выпрабаванні, што выпалі на іхную долю, і не ўпалі на калені перад уладамі. Калі ж хто маральна не гатовы пры пэўным збегу абставінаў паўтарыць іхны шлях – то няма чаго тады і лезці ў “лідары нацыі”, сілком ніхто да гэтага пакуль што не змушае. Калі ж ужо хто палез – то мусіць у выпадку паразы (якая пакуль што заўсёды была куды больш верагодная, чым перамога) піць да дна прыгатаваны горкі келіх, робячы гэта годна і дастойна. Звычайны “змагар” мае права на слабасць, а кандыдат у прэзідэнты ў беларускіх умовах – не. Перафразаваўшы вядомую лацінскую прыказку, “што дазволена быку – не дазволена Юпітэру”.
Як бы ні прыкідваўся спадар Кастусёў недасведчаным наіўным прасцяком, гэта ніяк не зменіць таго, што, ратуючы самога сябе, ён падчас апошняга разгрому апазіцыі відавочна згуляў на баку ўлады, і гэты факт мусіць быць належным чынам ацэнены дэмакратычнай грамадскасцю. Асабіста ў мяне з гэтага часу любая палітычная ці грамадская арганізацыя, у кіраўніцтве якой будзе знаходзіцца спадар Кастусёў, не будзе выклікаць даверу. Бо няма ніякай гарантыі, што той, хто праявіў слабасць і здрадзіў адзін раз, не зробіць гэтак сама ў падобнай сітуацыі і другі.
Алесь Юркавец 22 сьнежня 2010
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |