09:46 03.04.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сцэнары прэзыдэнцкіх выбараў: новыя чыньнікі
Праводзячы нараду па праблемах разьвіцьця навукі, Лукашэнка нечакана загаварыў пра прэзыдэнцкія выбары: «Хутка нам экзамэн здаваць перад беларускім народам. Больш сур’ёзныя будуць выбары, чым у мясцовыя Саветы дэпутатаў... Да гэтага часу супакоіцца сытуацыя ва Ўкраіне, і нас будуць спрабаваць на зуб. Мы павінны выстаяць».
Як кажуць, у каго што баліць. Як усім вядома, у дзейнага беларускага кіраўніка баліць заўсёды адзін і той жа зуб — ягоная ўлада. І ён пра гэта думае ў любы час дня і ночы, якая б тэма ні абмяркоўвалася.
Дасюль у кіроўнай каманды Беларусі быў зразумелы сцэнар правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Паколькі эканамічная сытуацыя цяжкая, рэсурсаў для подкупу выбаршчыкаў няшмат, то трэба 2014 год перажыць спакойна, безь вялікай дэвальвацыі, нейкіх эканамічных забурэньняў, але і бяз росту заробкаў. За гэты час дамовіцца з Расеяй, каб зь 1 студзеня 2015 году мыта за экспарт нафтапрадуктаў заставалася ў беларускім бюджэце. Гаворка ідзе пра суму ў 3-4 млрд даляраў. Лукашэнка выстаўляе ўмову, што не падпіша дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (плянуецца падпісаць да 1 траўня гэтага году), пакуль Пуцін не пагодзіцца вырашыць пытаньне пра нафтавае мыта ў беларускім варыянце. Прэзыдэнт Расеі папярэднюю згоду даў. Гэтых грошай, паводле меркаваньняў кіраўніцтва Беларусі, павінна хапіць для падвышэньня заробкаў і пэнсій у 2015 годзе. Каб нагнаць патрэбны ўзровень, трэба некалькі месяцаў. Таму выбары, паводле гэтай лёгікі, павінны адбыцца не раней за другую палову 2015 году. Вось Ярмошына у адзначыла, што лепшы час — гэта лістапад. Мусіць, гэтая дата і прадугледжаная папярэднім сцэнарам.
Але ўкраінскі крызіс зблытаў усе карты. Па-першае, ці захоча цяпер Расея аддаваць нафтавыя мыты ў беларускі бюджэт? Бо пасьля крымскай анэксіі мы маем справу з новым Пуціным. Больш жорсткім, рашучым і нахабным.
Да таго ж у Расеі ад абстрактных палітычных абяцаньняў перайшлі да канкрэтных падлікаў. І высьветлілася, што гандаль з Казахстанам і Беларусьсю без тарыфных абмежаваньняў вядзе да бюджэтных стратаў РФ каля 30 млрд даляраў штогод. Намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў кажа, што ў такім выпадку расейскім нафтавым кампаніям будзе ўвогуле нявыгадна экспартаваць нафту з РФ. Гэта будуць рабіць іх трэйдэрскія «дочкі» ў Казахстане і Беларусі.
Па-другое, зьявіўся новы нечаканы чыньнік, які гуляе на руку Лукашэнку. Яго можна назваць «фактарам Майдану». Украінскі крызіс выклікаў у беларускім грамадзтве страх хаосу, забурэньняў, распаду дзяржавы, запыт на стабільнасьць, моцную ўладу і цьвёрдую руку. То бок, пры ацэнцы дзеяньняў палітычных суб’ектаў і найперш дзейнай улады эканамічны чыньнік адыходзіць на другі плян. Украінскі крызіс актуалізаваў выхад на першае месца ў шкале прыярытэтаў людзей пытаньне бясьпекі. (Дарэчы, Лукашэнка гэта хутка зразумеў, таму цяпер шмат кажа пра абарону, паехаў на Баранавіцкі авіярамонтны завод, зьбіраецца наведаць Барысаўскі танкарамонтны завод).
Хачу нагадаць, што ў нечым падобная сытуацыя была ў Беларусі ў 1990-я гады. Тады таксама эканамічны чыньнік пры ацэнцы ўладаў ня быў галоўным. Дзейнічаў фактар харызмы Лукашэнкі, ён разглядаўся як выратавальнік ад хаосу, які ўзьнік пасьля распаду СССР.
Потым, з 2000-х гадоў падтрымка Лукашэнкі грамадзтвам стала насіць рацыянальны характар і моцна залежала ад ягонай здольнасьці забясьпечыць рост дабрабыту. Сацыёлягі фіксавалі жорсткую залежнасьць рэйтынгу прэзыдэнта ад росту заробкаў, узроўню цэнаў і іншых сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.
І вось цяпер адбываецца ў пэўным сэнсе вяртаньне ў 1990-я гады. Іншае пытаньне, наколькі доўгатэрміновы гэты новы трэнд. Цалкам магчыма, што калі сытуацыя вакол Украіны супакоіцца, напружанасьць паміж Расеяй і Захадам пойдзе на спад, страх хаосу зьнікне, то эканамічнае пытаньне зноў выйдзе на першы плян.
У практычным сэнсе гэта азначае, што Лукашэнку трэба было б правесьці прэзыдэнцкія выбары як мага хутчэй. То бок, каваць жалеза, пакуль яно гарачае. Можа, нават і ў гэтым годзе. Вось у згаданым інтэрвію Ярмошынай сайту naviny.by ёсьць цікавая фраза:
«Правядзеньне выбараў прэзыдэнта можа зрушвацца на больш раньні тэрмін, як заўгодна. Закон у гэтым пляне не прадугледжвае нейкіх абмежаваньняў».
Зразумела, адмыслоўцы ў галіне канстытуцыйнага права сказалі б, што гэта ня так, што такія выбары называюцца датэрміновымі, а яны магчымыя толькі калі дзейны прэзыдэнт падае ў адстаўку ці па нейкіх прычынах ня можа выконваць свае абавязкі. Але хто ж іх будзе пытаць. Галоўны ж юрыст у Беларусі, вядома, Лідзія Ярмошына. У 2006 годзе прэзыдэнцкія выбары таксама правялі на чатыры месяцы раней за тэрмін, і народу растлумачылі, што ўсё правільна.
Таму Лукашэнка цяпер думае цяжкую думу.
Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме