10:45 08.12.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сапсаваны некралог
На 75-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы сканаў былы старшыня Цэнтрвыбаркама і галоўны аўтар лукашэнкавай канстытуцыі, доктар юрыдычных навук, прафесар Аляксандр Абрамовіч.Навіна аб ягонай смерці выклікала ў мяне супярэчлівыя пачуцці. Пра нябожчыкаў трэба пісаць або добра, або нічога, акрамя праўды.Ужо нябожчык Аляксандр Абрамовіч заслугоўвае таго, каб пра яго згадалі пасля смерці. Бо ягоны лёс і жыццёвыя арыенціры, на жаль, з'яўляюцца характэрнымі для многіх беларусаў з ліку навукоўцаў і дзяржаўных службоўцаў, якія здрадзілі самім сабе, сваім перакананням і свядома пайшлі на службу рэжыму Лукашэнкі.Ён быў цікавым выкладчыкам.Пад час маёй вучобы на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар і загадчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч некаторы час быў маім навуковым кіраўніком у справе напісання дыпломнай працы, прысвечанай Беларускай Народнай Рэспубліцы.Але я нават не паспеў узяць у прафесара А. Абрамовіча аніводнае кансультацыі. Бо пасля пераразмеркавання нагрузкі на згадай кафедры Аляксандр Абрамовіч накіраваў мяне да прафесара Язэпа Юхо -- легендарнай асобы ў гісторыі Белдзяржуніверсітэта і ўвогуле, у найноўшай гісторыі Беларусі.А што тычыцца прафесара А.Абрамовіча, дык мушу прызнаць, што ён быў цікавым выкладчыкам. Нават зараз, амаль праз трыццаць гадоў, прыгадваюцца ў памяці некаторыя ягоныя лекцыі. Напрыклад, тая лекцыя, дзе ён тлумачыў нам, студэнтам, сэнс і змест юрыдычнага паняцця "справядлівасці".Фрагменты той лекцыі, дзе прафесар Абрамовіч згадваў пра паняцце "эгалітарнай справядліваці"( г.зн. справядлівасці для большасці), а таксама тое, як гэтае паняцце суадносіцца з іншымі катэгорыямі права, чаму яно спараджала і спараджае супярэчнасці, новыя тэорыі, у тым ліку рэвалюцыйнага і радыкальнага кшталту і г.д.-- такія вось моманты адбіліся ў маёй памяці. А гэта і ёсць, мабыць, сведчаннем высокай кваліфікацыі прафесара Абрамовіча як выкладчыка і як навукоўца.А яшчэ згадваецца, як прафесар Абрамовіч сувора адчытваў мяне, студэнта першага курса юрфака БДУ яшчэ ў 1989г. За тое, што я ў нейкім сваім дакладзе паўсюль ўжываў у адносінах да беларускага народа слова "генацыд", маючы на ўвазе рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў 30-50-х гадах ХХ стагоддзя . Прафесар Абрамовіч тады мне тлумачыў, што сталінскія рэпрэсіі юрыдычна ня ёсць генацыд, бо ня мелі сваёй мэтаю татальнае знішчэнне ўсяго беларускага народа.Сквапнасць як генетычная рыса характару.Так сталася, што пасля сканчэння БДУ у 1993г. як выпускніка-выдатніка мяне загадчыца новастворанай кафедры міжнароднага права Людміла Васільеўна Паўлава рэкамендавала дэканату юрфака і рэктарату БДУ прыняць па кантракту ў якасці выкладчыка-асістэнта на яе кафедру.На той момант(ліпень, 1993г.) у мяне ўжо быў трохмесячны вопыт пераддыпломнай практыкі-стажыроўкі ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, выдання на беларускай мове прэс-рэлізаў для дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой, рэдагавання на беларускай мове першых міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь, удзел ў арганізацыі саміту кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў СНД у 1993г. і г.д.Вышэйпазначаныя фактары, выдатная характарыстыка з Міністэрства замежных спраў, якую напісаў кіраўнік тагачаснага ўпраўлення інфармацыі МЗС Мікалай Бузо, а таксама амаль бездакорнае валоданне беларускай мовай зрабілі сваю справу. Пасля субяседавання ў рэктараце БДУ 2 жніўня 1993г. са мной быў падпісаны кантракт, і я быў прыняты на працу ў якасці выкладчыка кафедры міжнароднага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.Такім чынам і прафесар Аляксандр Абрамовіч, і прафесар Язэп Юхо, і іншыя шаноўныя прафесары і дацэнты Белдзяржуніверсітэта сталі ўжо маімі калегамі, хоць і працавалі мы на розных кафедрах. Я вельмі ганарыўся тым, што стаў на той момант, мабыць, самым маладым выкладчыкам у галоўнай навучальнай установе Рэспублікі Беларусь.Наколькі цікавым, настолькі ж супярэчлівым і сквапным быў прафесар Абрамовіч. На сквапнасць, якая часам пераўтвараецца ў жлобства, хварэе шмат людзей. На маю думку, ў выпадку з прафесарам А.Абрамовічам гэтая рыса характару згуляла, мабыць, вырашальную і, без перабольшвання, трагічную ролю ў ягоным жыццёвым лёсе.У 1995-м годзе пасля выбараў у Вярхоўны Савет 13-га склікання і першага лукашэнкаўскага рэферэндума Аляксандр Абрамовіч пакінуў пасаду Старшыні Цэнтрвыбаркама і перайшоў на службу да А.Лукашэнкі, заняўшы пасаду намесніка кіраўніка ягонай адміністрацыі. На кафедры міжнароднага права БДУ, дзе я працаваў выкладчыкам і ўжо на той момант быў абраны самым маладым дэпутатам Вярхоўнага Савета, гэткую навіну ўспрынялі з вялікай насцярогай.Прыгадваецца сітуацыя, калі прафесар Юрый Пятровіч Броўка пасля рабочага пасяджэння кафедры заявіў, што сыход вопытнага юрыста Абрамовіча на працу да Лукашэнкі -- вельмі дрэнны знак. Усе выкладчыкі кафедры, якіх было ўсяго чатыры чалавекі, уключна са мной і загадчыцай кафедры Паўлавай Людмілай Васільеўнай, моўчкі з гэтым пагадзіліся.Потым да нас на кафедру зайшла жанчына сталага веку, якая працавала на іншай кафедры метадыстам, а менавіта -- на кафедры тэорыі дзяржавы і права пад кіраўніцтвам прафесара Абрамовіча Аляксандра Міхайлавіча. І распавяла гісторыю аб тым, як яна ледзь не сунула ў кішэню свайму загадчыку кафедры Абрамовічу пяць тысячаў беларускіх рублёў(гэта на той момант недзе каля трох даляраў ЗША).Гэта здарылася ля вакенца-касы бугалтэрыі, дзе стаяла чарга: у той дзень выкладчыкам і супрацоўнікам юрыдычнага факультэта БДУ выдавалі "палучку". Прафесар Абрамовіч якраз стаяў у чарзе. Перад ім стаяла згаданая вышэй пажылая жанчына, якая працавала метадысткай на ягонай кафедры.Заробак у прафесараў і выкладчыкаў ВНУ у тыя часы, калі я працаваў( 1993--1996гг.), сапраўды быў мізэрны. Ён складаў у сярэднім недзе каля 30$ у эквіваленце, а ў метадыстаў, сакратароў ды і ншага персаналу -- яшчэ менш.Таму кожны выкладчык, каб неяк выжыць, імкнуўся падпрацоўваць у іншых месцах. І той жа прафесар Абрамовіч не быў выключэннем, бо меў неблагую прыбаўку да свайго ўніверсітэцкага заробку. Нагадаю, што з 1992г. Аляксандр Абрамовіч апроч сваёй асноўнай працы -- загадчыка кафедры БДУ, працаваў яшчэ і Старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.І вось уявіце: метадысту з кафедры прафесара Абрамовіча -- жанчыне сталага веку са значна меншым у параўнанні з прафесарскім заробкам, захацелася сунуць у кішэню прафесару пяць тысячаў яшчэ тых беларускіх рублёў-зайчыкаў. Ну, каб той нарэшце, перастаў бурчэць і скуліць аб жабрацкім заробку прафесара ўніверсітэта.Прага да як мага большай колькасці грошай, увогуле, не самая лепшая рыса характару ў хомасапіенса (г.зн. чалавека разумнага). А калі такая прага яшчэ спалучаецца і з нейкай генетычнай сквапнасцю -- дык яна здольная перакрэсліць ўсю біяграфію некалі паважанага чалавека.Здрада самому сабе.Прафесар Аляксандр Абрамовіч, каб падзарабіць сабе і сваім дзецям на заможнае жыццё, здрадзіў не толькі маладой беларускай дэмакратыі, якая ў тыя гады толькі нараджалася, але й самому сабе. І ў 1995-м пайшоў ва ўслужэнне новаабранаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку -- малаадукаванаму, але ганарыстаму й хамавітаму старшыні саўгаса "Гарадзец" Шклоўскага раёна. Абрамовіч не толькі напісаў для Лукашэнкі "канстытуцыю", але й потым служыў намеснікам кіраўніка ягонай адміністрацыі, застаючыся адначасова выкладчыкам на кафедры ў БДУ.А незадоўга да афіцыйнага сыходу на пенсію А.Абрамовіч яшчэ некалькі гадоў лічыўся намеснікам старшыні так званага "Савета Рэспублікі". Менавіта лічыўся, бо гэты пацешны і недарэчны "Савет Рэспублікі", трэцюю частку "членаў" якога прызначае прэзідэнт -- прыдумка прафесара Абрамовіча ў "канстытуцыі для Лукашэнкі". Мабыць, на той выпадак і прыдумаў прафесар Абрамовіч гэтую "верхнюю палату" для аж двухпалатнага лукашэнкаўскага парламента, каб у ёй самому пасядзець на пенсіі, нічога не рабіць і атрымліваць за гэта неблагую прыбаўку да пенсіі. Па-сутнасці фіктыўная пасада віцэ-спікера лукашэнкавага "сената" для Аляксандра Абрамовіча была важкім дадаткам да ягонай зусім немалой пенсіі. А яшчэ, як мне распавядалі, топ-чыноўнікі Лукашэнкі, у іх ліку і Аляксандр Абрамовіч, ў капэртах атрымлівалі(і, мабыць, атрымліваюць дагэтуль?) розныя неблагія прыбаўкі да чыноўніцкага заробку.У апошнія гады свайго жыцця Абрамовіч вельмі пакутаваў фізічна ад хваробы, ледзь хадзіў з кіёчкам, а потым і зусім злёг.Па сведчанню майго прыяцеля, ўсе апошнія гады жыцця Аляксандра Абрамовіча не пакідалі не толькі фізічныя, але й маральныя пакуты. Яму было млосна і журботна ад таго, што з ім часам не здароўкаліся і абыходзілі стараной тыя, хто некалі яго паважаў. І што сярод студэнцкай моладзі БДУ ягонае імя было далёка не ў пашане.Мой даўні прыяцель распавядаў, што Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч аднойчы шчыра яму прызнаўся: ў шляхетным родзе Абрамовічаў было шмат кан'юнктуршчыкаў, якія клаліся пад любую ўладу. І што яму як прадстаўніку шляхетнага беларускага роду Абрамовічаў хацелася служыць не любой уладзе, а менавіта беларускай. Ды вось неяк не атрымалася...У "Драздах" Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч, кажуць, жытло сабе не прыдбаў. Але нехта з ягоных дзяцей там усё ж пабудаваўся.Хвіліны былой пашаны і трыумфу.У біяграфіі Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча былі хвіліны пашаны, амаль трыумфу. У 1993 годзе ён як Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі быў запрошаны ў якасці ганаровага госця на трэці З'езд Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне".Форум грамадскага руху БНФ "Адраджэньне" праходзіў тады ў вялікай залі Купалаўскага тэатру. Пішу гэтыя радкі -- і перад вачыма паўстае карціна перапоўненай залі Купалаўскага тэатру, сцэна і сцены якога ўпрыгожаны дзяржаўнымі бела-чырвонымі сцягамі, дзяржаўным гербам "Пагоня", вялікай расцяжкай з надпісам чырвонымі літарамі на белым фоне "Трэці З'езд Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"...Калі ў залу ўвайшоў Аляксандр Абрамовіч, вядоўца З'езду (здаецца, ім быў Уладзімір Анцулевіч) з Прэзідыуму на сцэне Купалаўскага тэатру ўрачыста абвясціў, што на З'езд у якасці ганаровага госця завітаў Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Аляксандр Абрамовіч. І запрасіў Аляксандра Міхайлавіча на трыбуну для прывітальнага слова.Перапоўненая зала Купалаўскага тэатру стоячы, некалькі хвілінаў бурнымі воплескамі вітала ганаровага госця, Старшыню Цэнтрвыбаркама Беларусі, прафесара Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча. Бурныя воплескі суправаджалі ўвесь ягоны шлях да трыбуны. Аўтар гэтых радкоў назіраў за гэтай падзеяй з балкона Купалаўскага тэатра. Бурныя авацыі, бел-чырвона-белыя сцягі і "Пагоні" па ўсёй залі тэатра: дэлегаты Форуму Беларускага Народнага Фронта памяталі мужную, непахісную пазіцыю Аляксандра Абрамовіча наконт права беларускага народа праз рэферэндум дамагацца пазачарговага пераабрання найвышэйшага прадстаўнічага органа улады -- Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.Аляксандр Абрамовіч тады, у 1993-м, коратка, з трыбуны З'езду на сцэне Купалаўскага тэатру прывітаў усіх прысутных на беларускай мове. І пажадаў плённай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.Ціхі сыход у нябыт.Каб не прыход да ўлады ў 1994-м Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандр Абрамовіч мог увайсці ў найноўшую гісторыю Беларусі паважанаю асобаю, сапраўдным беларускім дзяржаўным дзеячом. Але ж так не сталася.На жаль, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Ва ўмоўным ладзе можа быць хіба што толькі гістарычны аналіз магчымага развіцця падзеяў. І ён паказвае, што ў 1995 годзе ў Аляксандра Абрамовіча быў выбар: 1)заставацца самім сабою, захоўваючы свае маральныя прынцыпы і арыенціры; 2) спакусіцца на пернікі ад квазі-беларускай улады Аляксандра Лукашэнкі.Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч выбраў другое.Чым і сапсаваў сапсаваў сабе некралог.І запляміў сваё імя і месца ў найноўшай беларускай гісторыі, якое пры іншым развіцці падзеяў магло быць пачэсным.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме