22:30 20.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Сацыяльныя, эканамічныя і палітыка-ідэалагічныя чыннікі дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»

Перад падпісаннем дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» у краіне, паводле афіцыйных звестак, на 1 сакавіка 2015 года налічвалася 35,9 тысяч афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, што складала 0,8% агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва.


Тым часам дзяржава магла забяспечыць працоўнымі месцамі толькі 26,5 тысяч чалавек, альбо 72% афіцыйна беспрацоўных. Год назад свабодных вакансій было 52,5 тысячы.


Аднак мы ведаем, што рэальна без працы засталася значна большая колькасць грамадзян. Людзі не рэгіструюцца ў мясцовых цэнтрах занятасці насельніцтва, бо гэтыя цэнтры занятасці могуць прапанаваць у пераважнай большасці непрыстыжную і нізкааплатную працу. Таму людзі ў пошуку працы амаль выключна разлічваюць на сябе.


Са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта вынікае што на канец 2014 года колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва краіны складала 4 509 тысяч чалавек. На 1 студзеня 2015 года колькасць грамадзян Беларусі складала 9 481 тысячу чалавек, з іх 1,6 мільёнаў грамадзян былі ніжэй працаздольнага ўзросту, а 2,3 мільёны чалавек – вышэй. Атрымліваецца, што на 1 студзеня 2015 года ў працаздольным узросце знаходзілася 5581 тыс. чалавек. Атрамліваецца, што ў нас 1 млн. 072 тыс. эканамічна не актыўных, але працаздольных грамадзян.


Тое, што ў краіне ўзровень беспрацоўя значна вышэйшы за намінальны, засведчыў і перапіс насельніцтва 2009 года. Тады беспрацоўнымі сябе назвалі амаль 300 тысяч чалавек.


Такім чынам, у нашай краіне каля 1 мільёна чалавек з’яўляюцца беспрацоўнымі, большасць з якіх вымушана шукаць лепшыя заробкі за мяжой і ў першую чаргу ў Расіі. Паводле расійскай міграцыйнай службы, на 2 снежня 2013 года ў гэтай краіне зарэгістраваліся 389 149 грамадзян Беларусі. А колькі не зарэгістраваліся і не аформілі належным чынам працоўныя адносіны?


Тым часам Расія перажывае рукатворны крызіс. Ён тлумачыцца тым, што расійская ўлада не зрабіла належных высноў з крызісу 2009 года і нічога не правяла эканамічныя рэформы. Сітуацыю значна ўскладнілі анэксія Крыма, ваенныя дзеянні ва Украіне і санкцыі дэмакратычных краін свету. Гэта вядзе да зніжэння рэальных заробкаў і пагаршэння спраў на рынку працы. Беларускія гастарбайтары паступова пачалі вяртацца ў Беларусь і займаць тыя вакансіі, на якія б у іншыя часы нават не звярнулі ўвагі.


Замест таго, каб ствараць новыя працоўныя месцы, якіх патрэбна Беларусі каля мільёна, улада вырашыла стварыць працоўны лагер для беспрацоўных і абавязаць кожнага беспрацоўнага выплачваць збор у памеры 3,6 мільёны рублёў у год. Тыя ж, хто не плаціць гэты збор – будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці або да арышту, падчас якога будуць адпрацоўваць на грамадскіх працах. Фактычна Беларусь стала першай краінай у свеце, якая ўвяла падатак на пражыванне грамадзян у сваёй краіне.

2. Эканамічныя аспекты. Колькі можна зарабіць на дармаедах?


Для чысціні эксперыменту прапаную ўзяць 1 млн. працаздольных і не занятых беларусаў.


1млн.*232 дол. США=232 млн. Дол. ЗША. Такая сума “збору з дармаедаў” у год. Аднак ці ўсе грамадзяне збіраюцца яго плаціць?


Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне 500 тысяч дармаедаў і на іх адпаведна можна зарабіць 116 млн дол. ЗША.


Ва ўрадзе разлічваюць, што падатак на дармаедаў будуць плаціць да 125 тысяч чалавек. На гэтай колькасці грамадзян атрымаецца заробіць усяго 29 млн. дол. ЗША.


Тым часам вядома, што на дадзены момант згаданы часовы збор добраахвотназаплацілаўсяго некалькі соцень чалавек.


Ці думаў хто, дзе будуць утрымлівацца арыштанты, якія не заплацілі “збор на дармаедаў”? І якой працай можна іх забяспечыць у дэпрэсіўных сельскіх раёнах, з якіх і быў самы моцны адток працаздольных людзей?

3. Палітыка-ідэалагічныя аспекты. Як зрабіць беларусаў прыгоннымі?


Кіраўніцтва Беларусі на працягу апошніх двух дзясяцігоддзяў сістэматычна парушае правы сваіх грамадзян, нягледзячы Канстытуцыю і на раней падпісаныя міжнародныя дакументы, у прыватнасці міжнародныя пакты аб эканамічных і сацыяльных, грамадзянскіх і палітычных правах.


Ва ўсіх дэмакратычных краінах свету ўрад клапоціцца аб сваіх грамадзянах – ствараюцца новыя працоўныя месцы, а беспрацоўным выплачваецца прыстойная грашовая дапамога, дастатковая для дастойнага жыцця. У недэмакратычных краінах улада парушае правы грамадзян і ўсялякім чынам спрабуе абмежаваць не толькі іх свабоду, аднак і зрабіць людзей падкантрольнымі ўладзе, гэткімі вінцікамі вялікага механізму.


З'яўленне ідэалогіі беларускай дзяржавы супала з шэрагам антыканстытуцыйных дэкрэтаў і законаў, якія супярэчаць як Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, так і міжнародным дакументам, якія былі падпісаны нашай краінай раней.


26 ліпеня 1999 года пабачыў свет дэкрэт №29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканальванню працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны», мэтай якога было ўвядзенне кантрактнай сістэмы найму. Амаль усе рабочыя пачалі пераходзіць на кантракты. Паводле гэтага рашэння, усе людзі аддаваліся на ласку свайго начальства: заключаць кантракт альбо не – цяпер вырашае наймальнік. Грамадзяне фактычна аказаліся перад выбарам – бараніць свае правы і страціць працу альбо сядзець моўчкі і змірыцца з існуючым станам рэчаў.


У 2006 годзе выйшаў дэкрэт “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў няшчасных сем’ях”. Гэты Дэкрэт абавязваў працаўладковаўць нядбайных бацькоў з аплатай з іх заробкаў выдаткаў на ўтрыманне дзяцей дзяржавай. Некаторыя гадамі вымушаны працаваць і не атрымліваць за сваю працу ні капейкі, пакуль не будуць выплачаны ўсе налічаныя дзяржавай сумы. Вырвацца з путаў гэтага закона і вярнуць сабе права быць бацькам ці маці з’яўляецца амаль немагчымым. Такія прэцэдэнты ў краіне адзінкавыя.


У 2010 годзе быў прыняты закон “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) і ўмовах знаходжання ў іх”. Гэты закон-рудымент цягнецца шлейфам з часоў БССР. Грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі, падчас свайго знаходжання ў ЛПП мусяць аплачваць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей дзяржавай і працаваць за капейкі. Сюды дадайце закон аб псіхіятрычнай дапамозе.


У 2012 годзе пабачыў свет дэкрэт №9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”, які меў на ўвазе стварэнне феадальна-прыгонніцкіх умоваў працы на ўсіх дрэваапрацоўчых прадпрыемствах краіны, дзе адбывалася мадэрнізацыя вытворчасці. Рабочыя былі аддадзены на волю наймальніка ў пытаннях спанення працоўных кантрактаў. Гэтая мера была накіравана на тое, каб стрымаць цякучку працоўных кадраў, бо людзі не жадалі працаваць за капейкі.


2 красавіка 2015 года з’явіўся, бадай, самы скандальны і самы нашумелы дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які закрануў істотную частку беларускага грамадства.


Асобна хочацца адзначыць жыццё беларусаў у сельскай мясцовасці. Людзі трапляюць туды як па размеркаванні, так і з уласнай ініцыятывы, аднак і першыя, і другія адразу трапляюць у пастку безвыходнасці. Першыя, бо мусяць адпрацаваць за капейкі два гады, а другія – бо атрымліваючы капейкі за сваю працу, яшчэ мусяць выплачваць крэдыты за дамы-развалюхі, якія ім далі для пражывання. Разрыў у даходах паміж вёскай і горадам застаецца дагэтуль істотным.


Як мы бачым, пачынаючы з 1999 года дзяржава пачала наступ на правы і свабоды грамадзян, адвольна пачала вырашаць, каго трэба лячыць, а каго не, у каго трэба забраць дзяцей, а каму іх вярнуць, каму абмежаваць права на звальненне, а каго звольніць, каго залічыць у дармаеды, а каго пакінуць у ліку працоўных грамадзян, каму падпісаць працоўны кантракт, а каму яго не прадоўжыць.

Высновы

1. Дэкрэт №3 падлягае ў лепшым выпадку адмене, у горшым – істотнай карэктыроўцы. Дэкрэт не мусіць распаўсюджвацца на беспрацоўных грамадзян, а быць накіраваны выключна на тое, каб спагнаць падаткі з неафіцыйна працуючых беларусаў, аднак пры гэтым забяспечыўшы іх сацыяльнымі гарантыямі.


2. Неабходна прыняць закон аб фрылансе, то бок аб дыстанцыйным спосабе выканання працы, пераважна ў хатніх умовах. Фрылансер, а гэта журналіст, копірайтар, дызайнер, праграміст і г.д., мусіць заканадаўча быць прапісаным. Гэты чалавек мусіць плаціць падатак, а таксама мець сацыяльныя гарантыі, а па дасягненні пенсійнага ўзросту атрымліваць пенсію.


3. Неабходна пазбегнуць двайнога падаткаабкладання грамадзян, якія працуюць менш за 183 працоўныя дні ў краінах Мытнага саюза. Для гэтага ўраду Беларусі неабходна пачаць перамовы аб аплаце падаткаў грамадзянаў па месцу іх прапіскі.


4. Дэкрэт №3 нагадвае указ аб змаганні з п'янствам у СССР, які не даў свайго належнага выніку і быў правалены. Калі дзяржава пачне садзіць людзей за тое, што яны жывуць у краіне і не працуюць, то гутарка можа ісці ўжо пра новую катэгорыю людзей, чые правы абмяжоўваюцца. Назавем іх палітдармаедамі.

Намеснік старшыні БСДП, магістр палітычных навук

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме