20:15 17.02.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
СВАБОДА НЕ «СВОБОДА»
Усё пачынаецца з каштоўнасьцяў, на якіх мы стаім, і з задач, якія ставім. У тых, хто далучае сябе да дэмакратычнай часткі нашага грамадзтва, з гэтым самая вялікая праблема.
Мала таго, што ў іх часьцяком няма ня тое, што агульных, а ніякіх каштоўнасьцяў і задач, дык яны яшчэ й ахвотна вядуцца на фальш, хлусьню й падман. Што й паказалі гэтыя выбары – ад згоды на рэгістрацыю з яўна не набранымі ста тысячамі да пакаяльных выступаў і сьмешных «падпісак аб неразгалошваньні», дадзеных ці то ад страху перад турмою, ці то дзеля камфортнага адфутбольваньня журналістаў. Але гэта ўсё наступствы. Пачынаецца ўсё, паўтаруся, з каштоўнасьцяў і задач.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ СВАБОДЫ
Расейскі аналітык Леанід Радзіхоўскі нядаўна акрэсьліў нашу сытуацыю вельмі ляканічна. Ён разважаў, чаму ў Балтыі дэмакратыя ўсталявалася, а ў нас не. Бо там ідэя свабоды і нацыянальная ідэя супалі. У нас яны таксама супалі ў канцы 1980-х, з чаго вынікла незалежнасьць. І заўсёды, калі яны супадаюць, грамадзтва кансалідуецца, а краіна атрымлівае нейкі гістарычны бонус. Толькі пасьля яны ў нас разышліся. Як казаў паэт, «і разышліся берагі, як дзьве матуліны нагі». Вось дзе мы апынуліся.
Што такое ідэя свабоды, мы сабе ўяўляем – вольныя выбары, вольнае слова, вольны сход. Што такое нацыянальная ідэя, таксама збольшага ясна. Яе як арытмэтыку сфармулявалі нашаніўцы сто гадоў таму. А дзьвюх арытмэтык, як вядома, не бывае. Маркер нацыянальнай ідэі – мова. Такім чынам, калі дзьве ідэі спалучаюцца (што адбылося ў Балтыі й развалілася ў нас), усё свабодалюбнае ў гэтай краіне гаворыць на адной, сваёй мове. Тым больш, калі ўлада гаворыць на мове суседняй краіны і праводзіць палітыку русіфікацыі.
Калі дзьве ідэі спалучаюцца, у нас зьяўляюцца агульныя каштоўнасьці і агульныя задачы.
Тое, што ўсе «альтэрнатыўныя кандыдаты» ўключалі ў свае выступы кавалкі па-расейску ці толькі па-расейску й выступалі, -- таксама ж фальш, хлусьня і падман. Яны скажуць, што не хацелі палохаць публіку жупелам нацыяналізму? Асабіста я за жыцьцё ня бачыў ніводнага беларуса, якога мог бы назваць нацыяналістам. Дурняў шмат бачыў, а нацыяналіста ніводнага. Яны скажуць, што нехта б іх па-беларуску не зразумеў? А той нехта ім так крытычна патрэбны, што дзеля яго можна ўсю сваю кампанію ператварыць у фарс? Яны скажуць, не яны, а мае калегі, дэмакратычныя журналісты, што пішуць па-расейску дзеля шырэйшае аўдыторыі? Па-першае, гэта ня факт, ёсьць прыклад «Свабоды» Гермянчука, якая зь пераходам на расейскую згубіла свой вялізны наклад. Па-другое, нават калі й так, ці тая шырэйшая аўдыторыя вам так крытычна патрэбная, каб ператварыць сваё прадпрыемства ў фарс?
Д'ЯБЛАВЫ РОЖКІ БІЛІНГВІЗМУ
Усё тое ж пытаньне каштоўнасьцяў і задач. Білінгвізм не кансалідуе апазыцыю, а роўна наадварот, разбурае яе. Хіба шаснаццаці гадоў мала, каб пераканацца ў гэтым? У самім слове «білінгвізм» закладзены раскол. У васьмідзесяці адсотках дзейнага кіраўніка закладзена слова «білінгвізм». Дый сам дзейны кіраўнік, які гаворыць адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах – хіба гэта не ўвасоблены білінгвізм? Мазаічны. Пры тым, што ўсе ведаюць, што ніякіх роўных правоў для расейшчыны і беларушчыны, што прапісаныя ў Канстытуцыі, няма. Зноў фальш, хлусьня і падман, зь якога ўсё больш выразна вытыркаюцца ці то амонаўскія дубінкі ці то рожкі. Мова нам ад Бога дадзеная, а гэта – самі ведаеце, ад каго.
У часе выбараў давялося столькі пачуць убаюквальных словаў, зьвернутых да публікі на тэму мовы: мы, крый божа, ня будзем скасоўваць дзяржаўнасьць расейскай мовы, мы ні за што на сьвеце ня будзем прымушаць вучыць беларушчыну і гаварыць на ёй. Яшчэ не дадумаліся сказаць, што ўвядуць забарону на ўсё беларускае. Магчыма, на наступных выбарах дасьпеюць і да гэтага.
Білінгвізм уводзіць у псыхалягічны ступар. Спытайцеся ў журналістаў апазыцыйных СМІ, чаму яны друкуюць матэрыялы па-расейску? Я сто разоў пытаўся і ні разу не пачуў пераканаўчага адказу. Кажуць пра аўдыторыю, а я то бачу, што проста ім так зручней – і пісаць, і кадры набіраць. Зноў фальш, хлусьня і падман.
Толькі ж пытаньне не стаіць ані пра аўдыторыю, ані пра прымус, ані пра «незваротнасьць» білінгвізму. Пытаньне стаіць пра зьмену сыстэмы, дзеля чаго трэба скансалідаваць сто тысяч беларусаў не ў бязродны натоўп, а ў рэальную грамадзкую сілу. Увесь народ, уся «аўдыторыя» для гэтага й не патрэбная, і ніколі ва ўсім гэтым удзельнічаць ня будзе.
Ня бойцеся! Нічога ад вашых іміджаў і ад вашых накладаў не адваліцца, калі вы будзеце пісаць і гаварыць толькі па-беларуску. Прынамсі, да зьмены сыстэмы.
Калі дыктатура лясьне і ў краіне будзе ўведзеная рэальная выбарчая сыстэма, тады калі ласка – кажыце й пішыце па-расейску, уступайце ў якія-небудзь расейскія партыі ці хоць у казачыя швадроны, ня ведаць беларушчыны – ваша законнае права. Але сёньняшні білінгвізм дэмакратаў працуе толькі на далейшую дэградацыю грамадзтва і, адпаведна, нязьменнасьць аўтарытарнае ўлады.
Сяргей Дубавец
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |