20:30 01.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

СТАГНАЦЫЯ І ПАЎРАСПАД (МЕРКАВАННЕ АнатолЯ СідарэвічА)

Калі на сайце “Нашае Нівы” з’явіўся анонс прэс-канферэнцыі, якую меліся 29 чэрвеня правесці шэсць суб’ектаў, як яны самі сябе адрэкамендавалі, мяне ўразілі каменты наведнікаў сайту: амаль ніводнага станоўчага. Калі ж з’явілася справаздача з прэс-канферэнцыі, рэакцыя наведнікаў была тая ж самая.

Я разумею хвалю гэтых кплівых і прост здзеклівых каментароў. “Тытульная апазіцыя” ў глыбокім крызісе. І ў значнай меры не ўлада, а яна сама сябе загнала ў стан стагнацыі і паўраспаду.  

Асобным дзеячам яшчэ давядзецца адмывацца за тое, што яны перад выбарамі заключылі фактычны саюз з уладаю. Ані блізка не сабраўшы 100 тысяч подпісаў, яны ўчынілі блеф, а ўлада падтрымала іхнюю хлусню і абвясціла іх кандыдатамі на пасаду прэзідэнта. У якіх катэгорыях мусіць ацэньваць нармальны чалавек гэты саюз? У якіх катэгорыях нармальны чалавек павінен ацэньваць адмову гэтых людзей зняць свае кандыдатуры напярэдадні выбараў? Ці яны спадзяюцца на наша бяспамяцтва?

Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі яшчэ доўга давядзецца адмывацца за палітычнага даносчыка Ляўковіча, Аб’яднанай грамадзянскай партыі – за Раманчука і за блеф з “запрашэннем” Раманчука на пасаду віцэ-прэм’ера, Партыі БНФ – за Кастусёва і за тое, што легла пад Мілінкевіча, а Партыі “Справядлівы Свет” – і за сваю генетыку, і за тое, што да апошняга падтрымлівала і падкормлівала Ляўковіча. Пра Мілінкевіча і пра тую шкоду, якую ён учыніў дэмакратычным сілам, я ўжо стаміўся пісаць.

“Тытульнай апазіцыі” яшчэ доўга давядзецца адмывацца за тое, што пасля 19 снежня дзеля захавання пасведчанняў аб рэгістрацыі партый яна схавалася ў бульбу.

Я быў на прэс-канферэнцыі 29 чэрвеня. І калі Лябедзька заявіў, што вось яны, шэсць суб’ектаў, вырашылі аб’яднацца, у мяне ледзь не сарвалася з языка: каторы раз вы аб’ядноўваецеся, Анатоль Уладзіміравіч? І вакол чаго аб’ядноўваецеся? Вакол каштоўнасцяў? Ці тут нейкі іншы інтарэс?

Зрэшты, тыя, хто прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, – народ цёрты, ведаюць што да чаго.    

І здаецца, ніхто з прысутных не зразумеў, што ж гэтыя шэсць суб’ектаў стварылі: пагадненне, платформу, аб’яднанне? Гучалі ўсе гэтыя словы. Я, напрыклад, не зразумеў, жывая ці ўжо адышла ў нябыт такая структура, як Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Бо калі спадар Лябедзька спрабаваў патлумачыць, чаму сярод суб’ектаў няма БСДП, дык паведаміў публіцы, што “гэты дакумент” будзе яшчэ вынесены на Каардынацыйную Раду. Каардынацыйную Раду дэмсілаў? Ці Нацыянальную каардынацыйную раду дэмакратычнай апазіцыі?

Як вядома, аб стварэнні Нацыянальнай каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазіцыі было абвешчана ў апублікаванай у студзені Дэкларацыі прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь (гл. нумар “Народнай Волі” за 14–17 студзеня). Яе падпісалі: Аляксандр Ярашук (Беларускі кангрэс дэмпрафсаюзаў), Станіслаў Шушкевіч (БСДГ), Мечаслаў Грыб (БСДП), Сяргей Калякін (Партыя левых), Станіслаў Багданкевіч (АГП), Андрэй Дзмітрыеў (“Гавары праўду!”), Аляксандр Мілінкевіч (“За Свабоду”), Віктар Івашкевіч (“Еўрапейская Беларусь”), Мікола Дземідзенка (“Малады фронт”), Алена Яськова (аргкамітэт Партыі жанчын), Сяргей Кулініч (аргкамітэт Народнай Грамады), Аляксей Янукевіч (БНФ), Аляксандр Бухвостаў (аргкамітэт Партыі працы), Дзяніс Садоўскі (аргкамітэт БХД), Уладзімір Навасяд (аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу), Уладзімір Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі), Аляксандр Казулін (кандыдат на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе).

У той паперы, якую так і гэтак пераварочваў у сваіх руках спадар Калякін, але копію якой так і не раздалі ўсім удзельнікам прэс-канферэнцыі, здаецца, няма нічога прынцыпова новага ў параўнанні з мэтамі і задачамі, абвешчанымі ў студзеньскай Дэкларацыі. Абсалютна нічога новага!

Навошта ж шасці суб’ектам спатрэбілася сепаравацца ад астатніх? Тут або нейкая надта хітрая палітыка, або проста імкненне захаваць добрую міну пры кепскай гульні. А вынік кепскай гульні ў тым, што тытульная апазіцыя разгубілася перад тварам ініцыятывы “нізоў”. Правадыры (ці людзі, якія лічаць сябе правадырамі дэмпартыяў і рухаў) адкінутыя на другі і нават трэці план, страцілі ўплыў на рух супраціву. Ім цяпер конча трэба паказаць, што яны яшчэ нешта ўмеюць і могуць. Нічога лепшага, як паўтарыць азбучныя ісціны, яны не змаглі. 

Мае рацыю (ці ўсё ж айцец Канстанцін Бандарук?), калі піша: лепш яны памаўчалі б.

Анатоль Сідарэвіч.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме