10:01 01.01.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
СПРОБА НАПІСАЦЬ ПРА ТАВАРЫША. Міхалу Патрэбу – 70
Калі б я мог, дык прымусіў бы Міхала Патрэбу пісаць успаміны пра Горадзенскі педагагічны інстытут, пра тое, як ён стаў універсітэтам, якія рэктары і дэканы былі ў ім, якая прафесура, якая атмасфера і ва ўніверсітэце, і ў горадзе. Апавядаючы пра універсітэт і горад, Міхал расказаў бы нам, як да пачатку 1990-х, да развалу камуністычнага рэжыму ў Горадні склалася моцнае і даволі шырокае кола дэмакратычна настроеных грамадзян розных прафесіяў і званняў. Само сабою, у сваіх успамінах Міхал не мог бы абмінуць, абысці ўвагай постаць прафесара Горадзенскага ўніверсітэта Міхася Ткачова.
Менавіта з вуснаў Міхася Аляксандравіча Ткачова я пачуў гэтыя імя і прозвішча – Міхал Патрэба. Тое было на Устаноўчым з’ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады 2 сакавіка 1991 года ў Доме літаратара ў Менску.
Патрэба... Непаўторнае прозвішча. Мабыць, больш нідзе ў Беларусі не сустракаецца – толькі там, дзе бярэ свой пачатак рэчка Зальвянка – у Свіслацкім раёне.
Апавядаючы аб родным кутку, Міхал мог бы расказаць нам (ды не так нам, людзям пажылым, а моладзі) пра дзве праўды, якія спазнавалі дзеці паваенных гадоў: праўду школьную, якую падносілі ім настаўнікі, і праўду, якую яны чулі з вуснаў бацькоў, сваякоў і суседзяў. І хоць старэйшыя казалі не ўсю праўду (баяліся, каб дзеці дзеля сваёй неразумнасці, нявопытнасці не ўдалі іх), Міхал Патрэба засвоіў пачутае з вуснаў старэйшых землякоў.
Падросшы, тыя, што не верылі савецкай школе, казённай прапагандзе, шукалі адказу на пытанні ў “варожых галасах”. Міхалу ж адкрываўся яшчэ адзін канал. Надзелены лінгвістычнымі здольнасцямі, ён стаў вывучаць германістыку. Карл Маркс меў рацыю, калі пісаў, што замежная мова – зброя ў жыццёвай барацьбе (eine fremde Sprache ist eine Waffe im Kampf des Lebens). Замежная мова адкрывала шмат чаго з таго, што “простаму савецкаму чалавеку” было недаступнае. Нават у гэдээраўскіх газетах можна было сустрэць інфармацыю, якую хавалі ад савецкіх грамадзян.
І вось, выкладчык нямецкай мовы ў Горадзенскім універсітэце Міхал Патрэба сустракаецца з гісторыкам Міхасём Ткачовым...
Не, Міхале, ты абавязкова павінен пра гэта напісаць – пра сустрэчы, гутаркі, спрэчкі з Міхасём Ткачовым. І пра тое, як паўставала знакамітая горадзенская “Паходня”. І пра тое, як ты вырашыў ехаць на Устаноўчы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. І хто з табою паехаў яшчэ.
Пішы пра гэта і пра тое, як у Горадні была створана вялікая арганізацыя сацыял-дэмакратаў. І як гэтую арганізацыю руйнавалі, хацелі на яе месцы стварыць іншую структуру, якая б задавальняла асабістыя амбіцыі пэўнай асобы. Пра гэта я што-колечы напісаў у каментарах да партыйных дакументаў, калі здаваў іх у Нацыянальны архіў. З дакументаў відаць, як гэтую арганізацыю разбуралі, але з іх не вынікае, хто быў дырыжорам гэтай акцыі і якія жарсці ім кіравалі.
Тых людзей – дырыжора і выканаўцаў яго волі – ужо няма ў нашай партыі, а Горадзенская арганізацыя, хоць яна і панесла немалыя страты, засталася. І гэта дае падставу для аптымізму.
Твае ўспаміны, Міхале, былі б павучальныя для моладзі, якая ідзе ў палітыку. А я скажу моладзі, што Міхал Патрэба не мае магутнага голасу, што ён жартаўлівы. Лінгвіст, ён любіць смакаваць слова. Бывае, пазвоніць і пытае: як табе вось гэтае слова? Які б сінонім ты яму назваў? А як табе вось гэты выраз?
Агітую я Міхала пісаць успаміны, бо ведаю, што пісаць ён умее. Памятаю, як 2000-м ён уручыў мне даволі саліднае выданне “Ніколі болей...” Гэта ўспаміны людзей, якія шмат зведалі і перажылі за саветамі. Міхал з Алесем Храмцэвічам быў рэдактарам гэтага выдання. Зборнік адметны і тым, што сярод яго выдаўцоў пазначана і Горадзенская арганізацыя сацыял-дэмакратаў. (У дужках адзначу: нашы гарадзенскія таварышы ўжо даўно нічога не выпускалі, не друкавалі, а некалі ж маглі.)
Памятаю я і выдадзеную “самапальнай” брашурай працу Міхала ў нацыянальным пытанні, якую варт было б перавыдаць. А калі рыхтаваўся зборнік “Дэкларацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу” (2006), досвед германіста Патрэбы быў вельмі запатрабаваны. Міхал цалкам пераклаў з нямецкае мовы Франкфурцкую дэкларацыю, а з англійскае – Стакгольмскую. Як на маё разуменне, гэта самыя поўныя і адэкватныя пераклады праграмна-тэарэтычных дакументаў Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу на ўсходнеславянскія мовы.
Неўзабаве будзе ўжо год як не бачыў Міхала. 16 сакавіка мінулага года на XV з’ездзе партыі ён, шматгадовы сябар Цэнтральнага Камітэта, а апошнія два гады – Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі, адмовіўся ад працы ў выбарных органах БСДП. І таму ёсць тлумачэнне. Вось ужо каторы год Міхал, абкладзены кнігамі, карпее над вялікім нямецка-беларускім слоўнікам. Працуе і дома, і на дачы, дзе пад пільным наглядам Валянціны Віктараўны, Міхалавай жонкі, ад ранняе вясны да позняе восені цвітуць кветкі. І назвоньвае мне Міхал таму, што шукае адэкватны пераклад пэўных нямецкіх словаў ці выразаў і хоча пачуць думку людзей, якія таксама любяць смакаваць слова.
Ад усяе душы жадаючы ўбачыць Міхалаў слоўнік у выглядзе ёмістай кнігі, я ўсё ж спадзяюся, што ён аднаго часу сядзе пісаць гісторыю або пра гісторыю дэмакратычнага руху ў Горадні. Але перш-наперш я зычу Міхалу моцнага здароўя і творчага настрою.
Анатоль Сідарэвіч.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме