08:00 13.02.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

СПРАВАЗДАЧНЫ ДАКЛАД ЦРК БСДП XХІ З’ЕЗДУ ПАРТЫІ

Цэнтральная Рэвізійная Камісія ў справаздачным дакладзе лічыць патрэбным звярнуць увагу на некалькі хранічных праблем у партыйным жыцці. (на фота старшыня ЦРК Анатоль Сідарэвіч).

1.

Першая праблема — гэта ўлік сябраў партыі. У 2019 годзе ЦРК прадставіла ХІХ з’езду партыі праект змяненняў і дапаўненняў у Статут БСДП. З’езд вырашыў, у прыватнасці, што цяпер арганізацыйныя структуры будуць весці толькі спісы сябраў партыі. Заявы-анкеты на ўступленне ў БСДП, рэкамендацыі на прыём у партыю, выпіскі з пратаколаў пасяджэнняў кампетэнтных партыйных органаў, якія прымаюць рашэнні аб прыёме ў партыю, разам з уліковымі карткамі і фотаздымкамі перадаюцца ў апарат Цэнтральнага Камітэта.

Гэтая і іншыя статутныя навелы прадыктавалі неабходнасць перагляду асобных нормаў у Палажэнні аб парадку прыёму ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), уліку сябраў БСДП, спынення сяброўства ў партыі і выдачы партыйных пасведчанняў. Распрацаваны ў справаздачны перыяд Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіяй праект змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю быў прыняты Цэнтральным Камітэтам партыі.

Змяненні і дапаўненні ў Статут і ў Інструкцыю дазволілі пазбягаць такой сітуацыі, калі ўліковая картка на сябра партыі маецца, а дакумента, які б сведчыў, што ён сапраўды прыняты ў партыю, няма. Гэта тычыцца тых, чыё сяброўства партыі было нядбайна аформлена да ХІХ з’езду БСДП.

З другога боку пры пераглядзе спісаў сябраў партыі, якія стаяць на ўліку ў абласных арганізацыях, выявілася, што на некаторых асоб, занесеных у гэтыя спісы, няма ўліковых картак. І гэтыя асобы, чыё сяброўства ў партыі дакументальна не пацверджана, удзельнічаюць у працы сходаў арганізацыйных структур, З’езду партыі. Таму ЦРК прапануе запісаць у рэзалюцыю ХХІ з’езду такі пункт: абласным партыйным арганізацыям у трохмесячны тэрмін упарадкаваць ўліковыя дакументы на сябраў партыі, якія прыняты ў яе шэрагі да ХІХ з’езду БСДП.

Калі такая пастанова будзе прынята і выканана, калі апарат ЦК будзе прымаць дакументы на новапрынятых сябраў БСДП ў адпаведнасці са Статутам і Інструкцыяй, тады праблема ўліку сябраў БСДП будзе часткова вырашана.

Праблему можна было б вырашыць цалкам, калі б старшыні арганізацыйных структур выконвалі свой статутны абавязак і своечасова інфармавалі аб змяненнях у спісах сябраў партыі. А то бывае, што сябар партыі памёр, а інфармацыя пра гэта ў апарат партыі паступае са спазненнем.

Каб паўней вырашыць праблему ўліку сябраў партыі, ЦРК прапануе запісаць у рэзалюцыю З’езду такія пункты:

Апарату Цэнтральнага Камітэта БСДП патрабаваць верыфікаваныя спісы абласных і Мінскай гарадской арганізацый да 15 лютага кожнага года.

Пры такім алгарытме старшыні гарадскіх і раённых арганізацыйных структур БСДП павінны перадаць звесткі аб колькасным і асабовым складзе аргструктур старшыням абласных і Мінскай гарадской партыйных арганізацый да 15 лютага.

Да 15 лютага старшыні абласных і Мінскай гарадской арганізацый павінны верыфікаваць звесткі аб сябрах партыі, якія пражываюць у гарадах і раёнах, дзе няма зарэгістраваных (пастаўленых на ўлік) арганізацыйных структур БСДП.

Не пазней як 15 лютага звесткі б колькасным і асабовым складзе абласных і Мінскай гарадской арганізацый павінны быць перададзены ў апарат Цэнтральнага Камітэта партыі.

Апарат ЦК БСДП самастойна верыфікуе звесткі аб сябрах партыі, якія пражываюць у Гомельскай вобласці.

Варта было б аднавіць верыфікацыю сяброўства ў партыі і шляхам агульнай рассылкі віншаванняў да Новага года, як гэта пару разоў практыкавалася раней.

2.

Другая праблема — гэта выкананне параграфа 4.10 Статута БСДП. Гэты параграф на 100 працэнтаў адпавядае заканадаўчай норме, паводле якой арганізацыйныя структуры ў 10-дзённы тэрмін пасля справаздачна-выбарчых сходаў і канферэнцый, калі ў складзе выбарных органаў адбыліся хоць якія змяненні, накіроўваюць у галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама пратаколы сходаў і канферэнцый, а таксама звесткі аб сябрах выбарных органаў арганізацыйных структур. І нават калі змяненні ў кіруючых органах не адбыліся, пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў і канферэнцый усё роўна трэба накіроўваць у апарат ЦК, каб кіраўніцтва партыі і ЦРК мелі ўпэўненасць, што не парушаецца Статут партыі, а таксама мелі звесткі пра актыў БСДП. Акрамя таго, такія матэрыялы падлягаюць захаванню ў партыйным архіве.

У нас у партыі ёсць людзі, старшыні арганізацый, для якіх закон не закон і статут не статут. Асабліва складаная і трывожная сітуацыя склалася ў Уздзенскай раённай арганізацыі, пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў якой, а таксама штогадовыя даклады ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінскага аблвыканкама не паступалі прынамсі тры гады. Два гады не паступалі пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў Маладзечанскай раённай арганізацыі. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінскага аблвыканкама мела ўсе падставы паставіць пытанне аб ліквідацыі гэтых арганізацый. Цэнтральная Рэвізійная Камісія рэкамендавала Прэзідыуму партыі разгледзець пытанне ў Уздзенскай і Маладзечанскай арганізацыях на сваім пасяджэнні. Далей у пастанове ЦРК было запісана: калі да 1 лістапада 2021 г. сітуацыя ў гэтых арганізацыях не выправіцца, г. зн. калі там не будуць праведзены справаздачна-выбарчыя сходы, рэкамендаваць Цэнтральнаму Камітэту партыі запатрабаваць ад сябраў Маладзечанскай і Уздзенскай арганізацый пацвердзіць сваё сяброўства ў БСДП на працягу вызначанага тэрміну (абз. 9 п. 3.7 Статута БСДП).

Сход у Маладзечанскай арганізацыі адбыўся, становішча выправілася. На сходзе Уздзенскай арганізацыі не было кворуму: з 14 сябраў арганізацыі на ім прысутнічала восем чалавек, і кворум нібыта быў, але сяброўства ў БСДП трох прысутных на сходзе дакументальна не пацвярджалася. ЦК БСДП прыняў пастанову аб перарэгістрацыі сябраў Уздзенскай раённай арганізацыі. Усім ім былі высланыя адпаведныя бланкі. На працягу аднаго месяца (з 28 верасня па 28 кастрычніка 2021 г.) сваё сяброўства ў партыі пацвердзілі тры грамадзяніны, якія пражываюць у Уздзенскім раёне. Цяпер перад Мінскім абласным камітэтам БСДП стаіць задача выправіць сітуацыю ў Уздзенскай раённай арганізацыі.

Мінскаму ж гарадскому камітэту БСДП неабходна нарэшце правесці арганізацыйны сход суполкі “Нававіленская” Цэнтральнага раёна г. Мінска, бо таксама можа паўстаць пытанне аб яе ліквідацыі.

Ёсць праблема і з Верхнядзвінскай раённай арганізацыяй, якая ўжо каторы год не бярэ ўдзел у жыцці Віцебскай абласной арганізацыі.

Тут трэба зрабіць адну агаворку. Цэнтральная Рэвізійная камісія прапаноўвала прыняць на ХІХ з’ездзе БСДП Этычны кодэкс партыі. Яго папярэдні праект 16 снежня 2018 г. абмяркоўваўся на партыйнай канферэнцыі, аднак З’езд не стаў разглядаць гэты праект. Між тым у многіх сацыял-дэмакратычных, сацыялістычных і рабочых партыях падобныя дакументы маюцца. І да парушальнікаў партыйнай дысцыпліны ў гэтых дакументах прадугледжаны шэраг мер уздзеяння. Адна з іх — забарона сябру партыі пэўны час займаць выбарныя пасады.

Цэнтральная Рэвізійная Камісія дала Прэзідыуму БСДП і апарату Цэнтральнага Камітэта такія рэкамендацыі:

устанавіць за правіла, што пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў (канферэнцый), якія дастаўляюцца ў апарат ЦК у электроннай версіі, па магчымасці павінны быць ў фармаце фотавыявы;

копіі пратаколаў і выпіскі з пратаколаў, перасланыя ў апарат ЦК у фармаце тэкставага файла, павінны быць засведчаныя подпісам старшыні адпаведнай абласной арганізацыі або яго намесніка і змацаваныя пячаткай арганізацыі або, калі яе няма, пячаткай партыі;

апарату ЦК БСДП на пачатку кожнага года складаць графікі правядзення справаздачна-выбарчых сходаў (канферэнцый) арганізацыйных структур;

устанавіць правіла: калі юрыдычны адрас арганізацыйнай структуры знаходзіцца ў офісным памяшканні, дакументацыя гэтых структур не можа захоўвацца дома ў іх старшыняў;

калі месца пастаяннага пражывання старшыні арганізацыйнай структуры і партыйны офіс знаходзяцца ў розных населеных пунктах, старшыня структуры мае права захоўваць партыйную дакументацыю, з якой ён працуе, у сябе дома часова;

у сувязі з тым, што юрыдычныя адрасы Мінскай абласной арганізацыі, суполак і раённых арганізацый Брэста, раённых арганізацый Віцебска, Гродна, Магілёва і Мінска знаходзяцца цяпер у офісных памяшканнях, трэба, каб дакументацыя кожнай з гэтых арганізацыйных структур вялася асобна ў адпаведнасці з наменклатурай спраў.

Цэнтральная Рэвізійная Камісія спадзяецца, што да 24 лютага г. г.у справах партыі будуць мецца пратаколы праведзеных справаздачна-выбарчых сходаў і канферэнцый усіх арганізацыйных структур БСДП за апошнія12 месяцаў.

Неабходна выпрацаваць адзіныя патрабаванні да партыйнай дакументацыі, у прыватнасці да пратаколаў. І вельмі пажадана правесці вучобу старшыняў арганізацыйных структур у пытаннях справаводства.

3.

Трэцяя, але не менш важная, праблема — партыйныя складкі.

Дванаццаць рублёў, якія вось ужо каторы год сябру партыі трэба выплаціць, — не такая і вялікая сума: 1 рубель на месяц. У сувязі са змяненнямі ў Статуце ЦРК распрацавала праект Інструкцыі аб парадку збору штогадовай партыйнай складкі. Але адна справа Статут і Інструкцыя, а другая — выкананне Статута і Інструкцыі.

Каб навесці нейкі парадак з партыйнымі складкамі, трэба ўвесці тое, што можна назваць “правілам Трусава”. Ужо даўнавата адзін з заснавальнікаў нашай партыі Алег Трусаў прапанаваў увесці такую норму: у кожнага самавылучэнца на выбарную партыйную пасаду, у кожнага вылучанага кандыдата перад адкрытым галасаваннем або перад уключэннем яго кандыдатуры ў бюлетэнь для таемнага галасавання пытацца, ці выплаціў ён штогадовую складку; самавылучэнцаў і кандыдатаў, якія не пацвердзілі сваё сяброўства ў БСДП шляхам выплаты штогадовай партыйнай складкі, на пасады не выбіраць. І добра было б, калі б гэтае правіла было ўжыта ўжо на ХХІ з’ездзе БСДП.

4.

ЦРК даводзілася ў 2020 і 2021 гг. разглядаць і звароты. Першы з іх быў не задаволены як неабгрунтаваны: у звароце не было ўказана, якія канкрэтныя палажэнні Праграмы і параграфы Статута БСДП былі парушаныя выбарнай асобай. Скаржніку гэта прапаноўвалася зрабіць, аднак ён гэтага не зарабіў.

Другі зварот датычыў методыкі вызначэння квоты дэлегатаў на З’езд. У нашай партыі ўстанавіўся такі парадак: у дзень прыняцця пастановы аб правядзенні З’езду ўстанаўліваецца норма прадстаўніцтва і вызначаюцца квоты, гэта значыць лік дэлегатаў, якіх мае права накіраваць на З’езд кожная абласная арганізацыя. Скаржнік абвясціў такую норму недэмакратычнай, бо, маўляў, паміж днём прыняцця пастановы і днём правядзення З’езду колькасць сябраў абласной арганізацыі можа вырасці і такім чынам квота можа павялічыцца.

Гэтае пытанне адносіцца да кампетэнцыі або З’езду, які можа прыняць адпаведную пастанову, або ЦК, які мае права тлумачыць Статут партыі.

5.

За справаздачны перыяд Брэсцкая абласная арганізацыя займела новае памяшканне для партыйнай працы,на партыйным офісе ў Мінску “прапісаны” Мінская абласная арганізацыя і суполка “Нававіленская” Цэнтральнага раёна г. Мінска, свой офіс займелі Пінская гарадская арганізацыя і сацыял-дэмакраты Гомеля і Гомельскай вобласці. Набыццё шафаў для офіса ў Мінску дазволіла ўпарадкаваць партыйную дакументацыю ў адпаведнасці з наменклатурай спраў.

Партыйных дакументаў на офісе ў Мінску назапасілася столькі, што паўстала пытанне аб іх архівацыі. ЦРК распрацавала праект Палажэння аб партыйным архіве. Ён быў адпраўлены на ўзгадненне з Нацыянальным архівам, але там, пэўна, палічылі, што ў нашай партыі разгалінаваны апарат і прапанавалі свой варыянт. Трэба спадзявацца, што Прэзідыум БСДП возьме за аснову праект Палажэння, які распрацавала ЦРК. Тады можна будзе архіваваць значную частку дакументаў, якія знаходзяцца на мінскім офісе.

Вельмі пажадана, каб пра архіваванне партыйных дакументаў паклапаціліся абласныя арганізацыі.

І апошняе. Па стану на 1 студзеня 2022 года БСДП мае амаль усе нарматыўныя дакументы, прадугледжаныя законам аб палітычных партыях і партыйным Статутам, акрамя Фінансава-гаспадарчага рэгламенту і Палажэння аб партыйных групах у мясцовых саветах. Першы дакумент нельга прыняць, бо няма закона аб фінансаванні партый, другі няма патрэбы прымаць, бо ў мясцовых саветах няма дэпутатаў. Тыя ж дакументы, якія маюцца, пажадана надрукаваць у адмысловым зборніку. На думку ЦРК, у такі зборнік трэба ўключыць Выбарчы рэгламент партыі, Палажэнне аб фракцыях, Палажэнне аб камісіях і рабочых групах партыі, Рэгламент рабочай групы “Жанчыны БСДП”, Інструкцыю аб парадку прыёму ў партыю, спынення сяброўства ў партыі, уліку сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і выдачы партыйных пасведчанняў.

Некаторыя таварышы хочуць, каб у партыйныя арганізацыі былі высланыя Палажэнне аб сцягу БСДП, Палажэнне аб эмблеме БСДП і афіцыйныя каляровыя эскізы партыйных сцяга і эмблемы. Наколькі вядома, апарат ЦК іх жаданні задавальняе.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме