08:01 22.12.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

І.СЯРЭДЗІЧ: “НАРОДНАЯ ВОЛЯ” ВЫДАВАЛАСЯ, ВЫДАЕЦЦА І БУДЗЕ ВЫДАВАЦЦА

Міністэрства інфармацыі прызнала абгрунтаваным папярэджаньне, вынесенае незалежнай газэце “Народная воля”. Адпаведны ліст за подпісам міністра Алега Праляскоўскага рэдакцыя атрымала ў адказ на свой зварот перагледзіць папярэджаньне. Адначасна былі вынесеныя папярэджаньні газэтам “Наша ніва”, “Комсомольская правда” в Белоруссии” і “Ва-банк”. Гэтыя пакараньні таксама засталіся дзейснымі.

Папярэджаньні чатыром незалежным выданьням Міністэрства інфармацыі вынесла паводле розных артыкулаў закону аб СМІ 14- 17 лістапада.

“Наша ніва” была папярэджаная за артыкул “Замоўчваньне грыпу выклікала эпідэмію панікі”. Гэтак спагнаньне па-ранейшаму застаецца ў сіле, паведаміў Свабодзе шэф-рэдактар выданьня

“Мы палічылі гэтае папярэджаньне надуманым, неабгрунтаваным і аргумэнтавана гэта давялі ў лісьце на адрас Міністэрства інфармацыі. Адказу пакуль не было ніякага”.

“Комсомольскую правду” в Белоруссии” папярэдзілі за артыкул “Мая дачка памірае, а лекаў у бальніцы няма”, які быў надрукаваны падчас эпідэміі грыпу. У рэдакцыі паведамілі, што пакараньне аспрэчваць не спрабавалі ў адрозьненьне ад газэты “Ва-банкъ”, для якой такая спроба сталася бязвыніковай. Аднак гэнэральная дырэктарка ЗАТ «Белкп-ПРЕСС» Галіна Малішэўская папрасіла на чапаць гэтую тэму і адмовілася ад камэнтароў.

“Народная воля” атрымала папярэджаньне за артыкул “…Не мешай другим отстаивать свободу”, прысьвечаны тэме выбараў. Тады міністэрствам інфармацыі кіраваў Уладзімір Русакевіч. Цяперашні міністар толькі падтрымаў свайго папярэдніка, і вось як гэта пракамэнтаваў выдавец газэты

“Гэты адказ менавіта пра ўсё і сьведчыць: ня можа быць паразуменьня з чалавекам, які гэтак не прафэсійна падыходзіць да такіх складаных праблемаў, як адносіны паміж СМІ і тым жа міністэрствам. А ведаючы, якія ў нас суды, мы вырашылі, што няма ніякага сэнсу туды зьвяртацца. Няхай хоць дзесяць папярэджаньняў шлюць цягам заўтрашняга дня, а газэта выдавалася, выдаецца і будзе выдавацца”.

У Міністэрстве інфармацыі па-ранейшаму адмаўляюцца камэнтаваць вынесеныя папярэджаньні. Вось што сказаў начальнік адзьдзелу рэгістрацыі Віктар Гурэцкі:

“Калі ласка, усе пытаньні ў пісьмовым выглядзе. Я больш вам….. Да пабачэньня”.

 Паводле дзейнага заканадаўства, 21 сьнежня скончыўся тэрмін, калі рэдакцыі газэтаў маглі зьвяртацца ў суд, каб абскардзіць рашэньне Міністэрства інфармацыі. Аднак спрачацца зь дзяржаваю могуць сабе дазволіць ня многія выданьні, кажа юрыст грамадзкай арганізацыі Беларуская асацыяцыя журналістаў Андрэй Бастунец:

“Тут справа нават ня ў тым, згодныя мы ці не з папярэджаньнем міністэрства інфармацыі. Тут пытаньне, наколькі гэта можна абскардзіць на судовым узроўні, а не на узроўні ліставаньня зь міністэрствам. Дзяржаўная пошліна за падобныя пазовы складае 20 базавых велічыняў, на сёньня гэта 700 тысяч рублёў. Ня вельмі спадзеючыся на беларускую судовую сыстэму, ці кожная рэдакцыя можа выкласьці такія грошы, каб зьвярнуцца ў суд? І гэта вялікае пытаньне і да беларускай судовай сыстэмы і да тых органаў, якія падобныя памеры пошлінаў вызначаюць”.

 У 2007 годзе паводле пазову тагачаснага кіраўніка галоўнага ідэалягічнага упраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнага урону, суд прыняў рашэньне спагнаць на яго карысьць 25 мільёнаў рублёў з “Народнай волі” і 2 мільёны – з журналісткі газэты Марыны Коктыш. Нагодай для пазову стаў артыкул “Уладзімер Холад па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА”, які быў прысьвечаны затрыманьню за хабарніцтва аднаго з высокіх чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Галіна Абакунчык http://www.svaboda.org/

 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме